Как дети из Литвы в белорусском лагере отдыхали
Другі год у раёне пры падтрымцы Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з беларускага боку і краязнаўчага цэнтра “Ускраіны Віленшчыны” з літоўскага боку рэалізуецца сумесны міжнародны краязнаўча-турыстычны праект “Краязнаўства без межаў”.
Сёлета ў рамках гэтага праекта на летні перыяд быў распрацаваны і паспяхова рэалізаваны міні-праект “Народнае сяброўства і братэрства даражэй усякага багацця”. Яго аўтарам стала сацыяльны педагог цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, старшы выхавацель летніка “Вясёлка” Святлана Казіміраўна Куцько. А яго рэалізацыяй заняўся ўвесь педагагічны калектыў аздараўленчага летніка актыву вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх арганізацый “Вясёлка”, які размясціўся на базе Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, сумесна з педагагічным калектывам Вільнюскай сярэдняй школы “Жарос” і пры падтрымцы каардынатара праектнай дзейнасці краязнаўчага цэнтра “Ускраіны Віленшчыны” Людмілы Шмялёвай.
Падчас другой змены аздараўлечага летніка актыву ў Рымдзюнах у ім змаглі адпачыць дзеці з Літоўскай Рэспублікі. Гэта стала магчымым якраз дзякуючы праекту.
Чацвёра дзяцей з Літвы – Павел і Сабіна Шмялёвы, Артур Лукашэвіч і Раймандас Грыгор’евас – правялі побач з беларускімі дзецьмі ў летніку цэлую змену. Яны разам пазнавалі беларускую культуру і гісторыю, развучвалі вершы вядомых беларускіх пісьменнікаў і даведваліся шмат цікавых звестак аб нашай краіне.
У рымдзюнскім летніку былі арганізаваны Дні беларускай культуры, падчас якіх прайшла акцыя “Размаўляем па-беларуску”, актыўны ўдзел у якой прынялі школьнікі з суседняй рэспублікі. Выхаванцы летніка з экскурсіяй наведалі музей этнаграфіі і беларускага фальклору пад адкрытым небам у вёсцы Дудуткі, касцёл Святой Тройцы ў Гервятах, змаглі адпачыць у парку забаў “ДрымЛэнд” у Мінску, паўдзельнічаць у народных абрадах, прысвечаных Купаллю, конкурсе патрыятычнай песні “Я люблю цябе, Беларусь”, пазнаваўча-
пошукавай гульні “Юбілярам прысвячаецца”. І засталіся ў захапленні ад убачанага і пачутага.
А ў другой палове змены былі арганізаваны Дні літоўскай культуры, якія правялі педагогі з Літвы.
Падчас іх таксама прайшло шэраг цікавых, пазнавальных і забаўляльных мерапрыемстваў. Пачаўся дзень Літвы з прэзентацыі праекта “Калі ласка, у Літву”, прадоўжыўся цікавым відэаэкскурсам па гістарычных мясцінах Літвы – беларускія дзеці змаглі пазнаёміцца з самымі знакамітымі мясцінамі суседняй краіны. Выхаванцы летніка разам працавалі над стварэннем цікавых фотакалажаў “Калі людзі памаўчаць – камні пачнуць гаварыць”, “Сяброўства без межаў”, удзельнічалі ў спартыўна-пошукавай гульні “Дзённы горад”, конкурсе авангарднага
мастацтва “Бодзі-арт”. А закончыліся Дні літоўскай культуры пазнавальна-забаўляльнай праграмай “Ад нашых – вашым” і тэматычнай дыскатэкай “Танцы народаў свету”.
Літоўскія рабяты засталіся задаволенымі магчымасцю правесці частку летніх канікулаў у беларускім летніку з беларускімі дзецьмі. Яны нават не дабылі да канца пабыўкі,
падчас якой ездзілі на радзіму, і вярнуліся ў летнік. А пасля адпачынку ў сацыяльных сетках на сваіх старонках вылажылі ўсе фотаздымкі і напісалі каментарый: “Ніколі б не падумаў, што сустрэну самых цікавых у свеце людзей на захадзе Беларусі – у вёсцы Рымдзюны”. Пагадзіцеся, такое прызнанне дарагога варта! Магчыма, наступныя летнія канікулы яны таксама правядуць у Беларусі.
Наперадзе ў куратараў міжнароднага краязнаўча-турыстычнага праекта “Краязнаўства без межаў” яшчэ шмат сустрэч і цікавых планаў, якія, хочацца спадзявацца, абавязкова ажыццявяцца.