Фуры прыпыніліся на Астравеччыне
Рамонт дарожнага пакрыцця на аўтадарожным пункце пропуску “Мядзінінкай” (Літоўская Рэспубліка) выклікаў нябачаную раней у нашым раёне чаргу з вялікагрузных аўтамабіляў, што рухаліся ў бок дзяржаўнай мяжы з Літвой.
Яшчэ ў чацвер яна дасягнула Вароны, а ўжо вечарам у нядзелю апошні ў чарзе аўтамабіль прыпаркаваўся ля дарожнага знака, які абазначае пачатак вёскі Газа. Сумны прагноз аб тым, што чарга можа дасягнуць Міхалішак, так і не спраўдзіўся. За нядзельную ноч ланцужок значна пасунуўся да мяжы.
Нечаканы форс-мажор не адзначыўся вялікімі інцыдэнтамі. Па звестках непасрэдных удзельнікаў, з-за грузавікоў, якія выстраіліся ў чарзе, не змаглі раз’ехацца дзве легкавушкі. Абышлося дробнымі пашкоджаннямі абодвух аўто.
Затое нечаканы прыбытак атрымалі мясцовыя жыхары, якія скарысталіся магчымасцю рэалізаваць лішкі прадукцыі са сваіх прысядзібных участкаў.
Асобныя ачагі несанкцыяніраваных звалак ля дарог былі аператыўна ліквідаваны дарожнымі службамі.
У 7 гадзін раніцы мінулага дня пункт пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог) аднавіў работу ў нармальным рэжыме.
Эдуард Іванаў.