Есть такая профессия - границу охранять!
Напярэдадні Дня пагранічніка мы завіталі ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай”, каб пазнаёміцца з начальнікам аддзела, маёрам Аляксандрам Вячаслававічам АСТРЭЛІНЫМ, і папрасілі яго адказаць на нашыя пытанні.– Звычайна ў дзяцінстве хлопчыкі мараць стаць ваеннымі. Якая мара была ў вас? І як атрымалася, што вы сталі пагранічнікам?
– Гэта ўсвядомлены выбар. Да яго я ішоў з 7 класа, калі паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Пасля заканчэння пайшоў на пагранічны факультэт Ваеннай акадэміі. Я – не першы з нашай сям’і, хто звязаў жыццё з ваеннай службай. Служылі дзяды і бацька – і на іх расказах пра службу я рос. Сёння я – ваенны ў трэцім пакаленні.
– На ваш погляд, што адрознівае беларускага афіцэра ад цывільнага чалавека?
– Афіцэры ўсвядомлена служаць той прафесіі, той справе, якой вырашылі прысвяціць сваё жыццё. Усе яны ідуць да гэтага доўгі час і, як правіла, не адмаўляюцца ад свайго выбару. Ваенная служба накладвае адбітак на чалавека. Служба ёсць служба – і таму асноўныя якасці ваенных – гэта вернасць, патрабавальнасць да сябе і цвёрдасць. Але мы заўсёды ўнікаем у праблемы нашых падначаленых і пры неабходнасці дапамагаем іх вырашаць.
– Як вы аказаліся ў аддзеле пагранічнай службы “Гудагай”?
– Пасля заканчэння Ваеннай акадэміі мяне размеркавалі ў Смаргонскую пагранічную групу. Служыў тут на розных пасадах. А з 2011 года перавялі ў аддзел пагранічнай службы “Гудагай”. Са студзеня бягучага года – на пасадзе начальніка.
– Ведаю, што жыццё ваенных распісана літаральна па хвілінах. Часта не застаецца вольнага часу. І ўсё ж – як вы адпачываеце ад ваеннай службы?
– Увесь свой вольны час прысвячаю сям’і. Мая жонка Саша цудоўна разумела, з чым я звязаў жыццё, і што гэта – патрэбная справа. І таму за 9 гадоў сумеснага жыцця не было ніводнага выпадку, каб яна мяне не зразумела ці не падтрымала. Нядаўна ў нашай сям’і адбылася прыемная падзея: у нас нарадзіліся блізняты – сын Арсеній і дачка Валерыя. Ім усяго толькі тры месяцы, але я спадзяюся, што сын прадоўжыць сямейную дынастыю і прысвеціць сябе служэнню беларускаму народу і нашай краіне.
– Служыць на мяжы цяжка? З якімі праблемамі сёння сустракаюцца воіны-пагранічнікі?
– У любой прафесіі ёсць плюсы і мінусы. Я лічу, што служыць на мяжы – ганарова і прэстыжна. І ў той жа час гэта накладвае на чалавека пэўныя абавязкі. Тым, хто прыйшоў у органы пагранічнай службы ўсвядомлена, не цяжка. Сёння для ваеннаслужачых створаны ўсе ўмовы, пачынаючы ад новых узораў экіпіроўкі і да бытавых. І на мой погляд, з кожным годам служыць становіцца лягчэй.
– З якімі парушэннямі дзяржаўнай мяжы вы сутыкаліся?
– Асноўныя парушэнні, з якімі мы сутыкаемся на мяжы, – гэта незаконная транзітная міграцыя з афра-азіяцкіх рэгіёнаў. Грамадзяне Грузіі, Сірыі і іншых краін у пошуках лепшага жыцця ідуць на перасячэнне дзяржаўнай мяжы, каб трапіць у Еўропу. Адзін з актуальных накірункаў – кантрабанда цыгарэт. Мы актыўна супрацоўнічаем з усімі зацікаўленымі структурамі нашага раёна – раённым аддзелам унутраных спраў, падатковай інспекцыяй і іншымі, каб папярэдзіць такія выпадкі. Ужо за гэты год на дзяржаўнай мяжы ў нашым накірунку было затрымана 15 мігрантаў і выяўлена 10 выпадкаў перамяшчэння цыгарэт. Толькі за май сумесна з супрацоўнікамі падатковай інспекцыі і аддзела ўнутраных спраў праведзены тры затрыманні. І ў будучым гэтаму таксама будзе ўдзяляцца вялікая ўвага.
– Здаўна вядома, што мяжу ахоўвае ўвесь народ. Наколькі гэты выраз актуальны ў нашы дні? Як пагранічнікі супрацоўнічаюць з мясцовым насельніцтвам?
– Сапраўды, наш лозунг: “Абаронім граніцу разам!”. Мясцовыя жыхары дапамагаюць нам вырашаць задачы па ахове дзяржаўных рубяжоў – у раёне створаны шэсць добраахвотных дружын. Да таго ж дапамогу нам аказваюць прадпрыемствы, якія працуюць непадалёку ад мяжы, – да прыкладу, лясгас.
– Жадаючых служыць на дзяржаўнай мяжы шмат? Ці часта ваеннаслужачыя тэрміновай службы застаюцца служыць па кантракце?
– Жадаючыя ёсць. Але, на жаль, з ліку жыхароў раёна іх няшмат. Многія вырашаюць застацца служыць па кантракце пасля праходжання тэрміновай службы. Так, з новага папаўнення, якое прыбыло на мабільную заставу ў лістападзе мінулага года, ужо чатыры ваеннаслужачыя выказалі жаданне застацца на службу ў Смаргонскай пагранічнай групе. Мы ўскладаем вялікую надзею і на вучняў ваенна-патрыятычнага класа, які ў мінулым годзе адкрыты на базе Гудагайскай сярэдняй школы – мяркую, што там таксама з’явяцца жадаючыя прысвяціць сваё жыццё ахове рубяжоў роднай краіны.
– На слыху праблемы ў пунктах пропуску. І людзям, і транспарту часам даводзіцца стаяць у чарзе не адну гадзіну. У чым праблема? І як можна паскорыць перасячэнне дзяржаўнай мяжы?
– У кожнага пункта пропуску – свая прапускная магутнасць. На тэрыторыі нашага аддзела знаходзіцца аддзяленне пагранічнага кантролю “Катлоўка”. Яно ў напружаныя перыяды – а гэта час адпачынкаў і святочныя дні – ажыццяўляе пропуск звыш нормы. І, як правіла, чэргі з легкавых аўтамабіляў на сённяшні дзень – амаль што рэдкасць. Асноўная праблема – транзіт вялікагрузных аўтамабіляў. У любым выпадку ідзе пераразмеркаванне людзей, і такіх фактаў, каб машыны і людзі стаялі суткамі, мы стараемся не дапускаць.
– А як жывуць сем’і пагранічнікаў? Як вырашаюцца іх бытавыя праблемы?
– На жаль, сказаць, што праблем з жыллём няма, не магу. І ў той жа час мы стараемся забяспечыць ваеннаслужачых службовымі кватэрамі – яны ў нас ёсць. Пагранічнікі маюць магчымасць будаваць кватэры ў жыллёва-будаўнічых кааператывах – у Смаргоні ўжо ёсць некалькі такіх дамоў. І такая палітыка будзе працягвацца.
– Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Пра што марыце вы?
– Без мары няма будучыні. Хацелася б апраўдаць надзеі, якія на нас ускладваюць кіраўніцтва, калегі, ваеннаслужачыя, родныя і блізкія. І, напэўна, у душы кожны ваенны марыць стаць генералам. Да гэтага трэба імкнуцца і помніць, што шлях будзе нялёгкім і доўгім.
– Наша сустрэча праходзіць напярэдадні Дня пагранічніка. Што б вы хацелі пажадаць ваеннаслужачым органаў пагранічнай службы напярэдадні свята?
– Цярпення і разумення. Хочацца, каб жонкі і дзеці разумелі сваіх мужоў, бацькоў, калі яны не могуць удзяляць сям'і належную увагу. І, канешне, дабрабыту і чыстай кантрольна-следавой паласы!
– Дзякуй за гутарку! І – са святам!
_______________
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота Аляксандра ЮШЧУКА.