Экскурсия литовских аграриев по Островецкому району
Ну, не зусім раўт – хутчэй усё ж экскурсія. Тым больш, што для часткі наведвальнікаў фермы яна пачалася літаральна скрозь слёзы радасці. “З 1986 года не бачыла кароў!” – уздыхала сеньёра ў белых джынсах. “А я – з 1990-га. Прынамсі, такіх прыгожых… Такіх дагледжаных… Яшчэ і чорна-пярэстай пароды…” – падтрымліваў яе сеньёр у бейсбольнай кепцы…
Але давайце пачнём спачатку.
У Вільнюсе ёсць клуб, у які аб’ядналіся былыя работнікі сельскай гаспадаркі, а таксама навукоўцы, што ў свой час працавалі на аграпрамысловы комплекс Літвы. Работнікі – удакладнім адразу – не “ад сахі і сярпа”, а, так бы мовіць, з кіруючага апарату: большасць з іх шмат гадоў адпрацавала на розных пасадах у міністэрстве сельскай гаспадаркі Літоўскай ССР.
“Сеньёры” – так назвалі свой клуб былыя аграрыі. І ў гэтай назве чытаюцца адразу два падтэксты: па-першае, слова “сеньёр” гучыць па-французску высакародна; а па-другое, у многіх мовах яго выкарыстоўваюць у якасці прыстаўкі да прозвішча, каб падкрэсліць старшынства – да прыкладу, Ковач-сеньёр азначае Ковач-старэйшы.
У дзейнасці клуба шмат накірункаў: ад традыцыйнага для падобных аб’яднанняў харавога калектыву да сустрэч з псіхолагамі, юрыстамі, урачамі… А найбольш любімы – падарожжы.
“Сеньёры” паспелі пабываць у Латвіі, Эстоніі, Польшчы… І нарэшце вырашылі адправіцца за межы еўрасаюзаўскага аб’яднання – у Беларусь. А больш канкрэтна – на Астравеччыну. У якасці правадніка яны запрасілі старшыню міжнароднага клуба “Гервечяй” Альфонсаса Аўгуліса, папярэдзіўшы яго, што хочуць не толькі палюбавацца культурна-гістарычнымі славутасцямі нашага краю, але і “хоць адным вочкам” зазірнуць на сельскагаспадарчую “кухню” раёна.
Экскурсія пачалася з наведання райвыканкама – тут гасцей сустрэлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі і яго намеснік, загадчыца аддзела жывёлагадоўлі Марыя Іосіфаўна Бушмовіч. Андрэй Уладзіслававіч расказаў аб жыццядзейнасці і прыярытэтных накірунках развіцця сельскай гаспадаркі Астравеччыны, прывёў асноўныя вытворчыя і эканамічныя паказчыкі, адказаў на шматлікія пытанні гасцей. І кожнаму з “сеньёраў” падарыў на памяць маляўнічы буклет “Астравецкі раён”.
Уласна экскурсія пачалася са знаёмства з Астраўцом – міні-турнэ па маршруце плошча – востраў кахання – з заходам у касцёл Космы і Даміяна выклікала ў гасцей добрае ўражанне. “Якая ў вас чысціня! – захапляліся яны. – Нідзе ні смецінкі. І будынкі прыгожа пафарбаваны… А якія сучасныя скульптуры ў парку!..”
Наступны прыпынак падарожжа – Варняны. Па дарозе скрозь вокны камфартабельнага аўтобуса госці ўважліва разглядваюць прыватныя панадворкі Маляў, слухаюць расповед Алеся Яўгенавіча Юркойця, які ветліва згадзіўся стаць іх гідам, пра белагаловага консула Гашкевіча. Не менш, а можа, і значна больш, іх цікавяць усходы збажыны на палях, жывёлагадоўчыя памяшканні, збожжасушыльныя комплексы, уздым зябліва, уборка кукурузы…
...У чым-у чым, а ў адпаведнасці часу СВК “Варняны” не мае роўных у раёне. І яго сучаснасць – не толькі ў знешнім выглядзе офіснага памяшкання (язык не паварочваецца назваць яго “канторай”) – якая з гаспадарак раёна мае сайт, зроблены лепш, чым варнянскі? У каго самая сучасная прэзентацыя? Каманды яшчэ якога СВК удзельнічаюць у раённым турніры па інтэлектуальных гульнях і арыентаванні на мясцовасці?
Першым, яшчэ на прыступках перад уваходнымі дзвярыма, “Сеньёраў” прывітаў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Часлававіч Вярбовіч: расказаў пра дасягненні ў розных галінах вытворчасці, злёгку падзяліўся планамі, адказаў на пытанні. Пытанняў, дарэчы, было нечакана шмат. Думаецца, калі б госці ведалі, што іх чакае ўнутры будынка, размова атрымалася б напалову карацейшай…
Сюрпрызы пачаліся літаральна з парога, першы з іх – два вялізныя блюды з тостамі, зробленымі з варнянскай мясной прадукцыі, якія да таго ж турыстам прапаноўвала вельмі прыгожая дзяўчына. Цёплы прыём, вядома, парадаваў гасцей. Бачна было, што і будынак, у якім размяшчаецца праўленне СВК “Варняны”, і яго афармленне таксама вельмі спадабаліся, але скупаватыя на эмоцыі прыбалты не спяшаліся выказвацца. Моўчкі яны сустрэлі і пачатак фільма-прэзентацыі аб дзейнасці СВК “Варняны”. Так, прыгожыя каласы, укормленая жывёла, сучасная тэхніка… Стоп! У вашай гаспадарцы яшчэ і пасека ёсць? Колькі дамкоў? Якая якасць мёду? Колькі каштуе кілаграм? І тут жа Марыі Іосіфаўне Бушмовіч, якая разам з Валерыем Вацлававічам Барташэвічам суправаджала гасцей у паездцы па раёне: “Калі ласка, дадайце ў наш маршрут наведванне магазіна СВК…”
Пасля заканчэння прэзентацыі старшыня СВК сціпла запрасіў гасцей на кава-паўзу.
…Два сталы, сервіраваныя рукамі адной з самых дасканалых кулінараў Астравеччыны Галінай Францаўнай Грабоўскай, літаральна ламіліся ад пачастункаў. А калі “Сеньёры” яшчэ і паспрабавалі іх на смак, яны, не згаворваючыся, усталі з-за сталоў і заспявалі падзячную песню – своеасаблівы літоўскі варыянт нашай “Сто лят!” А на развітанне кожны з “сеньёраў”-мужчын палічыў за гонар пацалаваць руку Галіне Францаўне…
“Налёт на магазін” сельскагаспадарчага кааператыва прайшоў па ўсіх правілах – за лічаныя хвіліны варнянскія мёд і тушонка памянялі грамадзянства.
З улікам узросту экскурсантаў, дыяпазон якога ў “Сеньёраў” ад 65-ці да 92-х, было вырашана правесці аўтаэкскурсію па Варнянах. Аднак ля пад’ёмнага мосціка прыстаўка “аўта-” страцілася неяк сама сабой – далей нашы госці падарожнічалі пешшу.
Да Маркунаў турысты замест запланаваных 12.30 пад’ехалі толькі пасля чатырнаццаці гадзін – з масай уражанняў і відавочна стомленыя. Аднак дастаткова было аўтобусу спыніцца ля малочна-таварнага комплексу, як захапленні ўспыхнулі з новай сілай. Людзі, сярэдні ўзрост якіх перавышае 70 гадоў, забыўшыся пра стому, аббегалі (не перабольшваю!) і “спальні” рагуль, і даільную залу, і памяшканне для расцёлаў, і “яслі” для самых маленькіх. “Які рацыён?”, “Што за датчык на нагах у кароў?”, “Які працэнт гальштынскай пароды ў беларускай чорна-пярэстай?” – Марыя Іосіфаўна ледзь паспявала адказваць на пытанні былых спецыялістаў сельскай гаспадаркі, якія, трапіўшы ў родную стыхію, страцілі прыметнік “былыя” і сталі цікаўнымі сапраўды па-маладому……Гэтак жа недаравальна, як, будучы ў Рыме, не пабачыць Святога Айца, наведваючы Астравеччыну, не завітаць у Гервяты. У непаўторны касцёл Святой Тройцы, які, пераваліўшы праз сотню гадоў, знайшоў, падобна, эліксір маладосці – як інакш патлумачыць цуда-метамарфозы, якія з ім адбываюцца? У касцёле захапленне “Сеньёраў” дасягнула апагея. Каб яго зразумець, да прыгажосці і мега-дагледжанасці храма трэба дадаць літоўскую мову, на якой у ім адбываюцца Імшы, і памножыць на традыцыйнае пачуццё патрыятызму, так уласцівае нашым суседзям…
Абед адбыўся ў гервяцкай кавярні-млыне. І праграма экскурсіі (час падыходзіў ужо да адзнакі 17.15) была вычарпана. Так думалі і самі турысты, і суправаджаючыя іх прадстаўнікі раёна. “А цэнтр літоўскай культуры ў Рымдзюнах? – усклікнуў Альфонсас Аўгуліс. – Канешне, калі хочаце пакрыўдзіць “Гервечяй”, можаце не ехаць…” “Сеньёры не хацелі крыўдзіць нікога і паслухмяна пачалі заходзіць у салон свайго транспартнага сродку…
З жанчынай, з якой мне выпала сядзець побач у аўтобусе, мы размаўлялі на розныя тэмы: параўноўвалі ўзровень жыцця і цэны на прадукты, абмяркоўвалі стан сельскай гаспадаркі, размаўлялі пра сучасных маладых людзей, якія не спяшаюцца на палі і фермы… А ў канцы мая спадарожніца прызналася: “Мы шмат падарожнічаем. І ў розных краінах нас прымаюць па-рознаму. Вельмі цёплы прыём нам аказалі польскія аграрнікі. А вось браты-прыбалты паставіліся да нашага візіту абыякава – прыехалі, ну і што?! А ў Беларусь прыехалі – нібы ў госці да родзічаў. Настолькі душэўны прыём! Хоць з іншага боку, 500 гадоў сумеснага існавання ў агульнай краіне пад назвай Вялікае Княства Літоўскае – гэта перадаецца нам ад продкаў на ўзроўні генаў. Пры ўсіх нашых адрозненнях, сапраўдных і штучных, мы па-ранейшаму застаёмся не проста суседзямі – братамі”.
--------------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.

