Дружба между школами началась с электронных писем
На Астравеччыне супрацоўніцтва паміж школамі з розных гарадоў ужо даўно не рэдкасць. Не так даўно пагадненне аб супрацоўніцтве заключылі Гудагайская сярэдняя школа і беларуская гімназія імя Францыска Скарыны, якая дзейнічае ў Вільнюсе.Супрацоўніцтва пачалося з электронных пісем. Калі адміністрацыя Вільнюскай беларускамоўнай школы даведалася, што выкладанне ўсіх прадметаў у Гудагайскай школе вядзецца на беларускай мове, адразу ж згадзіліся на прапанову аб супрацоўніцтве. Сустрэчы прадоўжыліся ў віртуальным фармаце – з дапамогай праграмы Skype рабіць гэта стала лягчэй.
А на мінулым тыдні дэлегацыя Гудагайскай школы, у склад якой увайшлі дырэктар школы Ганна Мечыславаўна Капцюг і настаўніца пачатковых класаў гэтай жа школы Ірына Станіславаўна Шукель, адправіліся ў Вільнюс.
– Калі ў нас з’явілася магчымасць завязаць стасункі з беларускай школай у Вільнюсе, узрадаваліся. Лічым, што гэта будзе на карысць і нашым настаўнікам, і вучням. І як толькі атрымалася, накіраваліся ў Вільнюс, – расказвае дырэктар Гудагайскай школы. – Прымалі нас вельмі цёпла. Паказалі школу, дакументацыю, падзяліліся вопытам работы. Мы, у сваю чаргу, расказалі пра навучанне ў беларускамоўных школах у нашай краіне і, прынамсі, у нашым раёне, паабяцалі таксама падзяліцца планаваннем па школьных прадметах.
Дарэчы, з гэтага года беларуская школа імя Францыска Скарыны атрымала новы статус – пасля акрэдытацыі яна стала гімназіяй. Гэта надало ёй новы імпульс развіцця. Сёння педагогі, якія тут працуюць, вялікую ўвагу надаюць папулярызацыі беларускай мовы. Асаблівая ўвага надаецца таксама праектнай дзейнасці, якая развіваецца ў розных накірунках.
Школа невялікая – сёння ў ёй вучыцца 178 дзяцей. І самая вялікая праблема, якая паўстае перад адміністрацыяй школы кожны год – набор новых вучняў. Таму, каб зацікавіць дзяцей і іх бацькоў беларускамоўнай школай, адміністрацыя вялікую ўвагу надае рэкламе сваёй установы. Як бонус для тых, хто падаў дакументы ў беларускую школу, – візавая падтрымка.
Нягледзячы на тое, што ў Вільнюсе пражывае вялікая колькасць карэнных беларусаў, не ўсе жадаюць, каб іх дзеці вучыліся ў беларускамоўнай школе. І праблема нават не ў тым, што яны не хочуць вывучаць родную мову, а ў тым, што класы ў школе невялікія, а групы, якія фарміруюцца для здачы выпускных экзаменаў, павінны быць не менш за 15 чалавек, вось і даводзіцца выпускнікам з беларускамоўнай школы здаваць экзамены ў літоўскамоўных школах. Гэта выклікае цяжкасці – як вынік, ужо сёння многія прадметы ў беларускамоўнай школе выкладаюцца на літоўскай мове.
– Але, як правіла, настаўнікі стараюцца размаўляць па-беларуску. Робяць гэта і дзеці. Прынамсі, тыя, з якімі нам удалося паразмаўляць, рабілі гэта вельмі добра, – дзеліцца ўражаннямі Ганна Мечыславаўна. – Падчас сустрэчы мы дамовіліся аб тым, што будзем дапамагаць настаўнікам літоўскай беларускамоўнай школы з матэрыяламі па беларускай этнаграфіі, а яны дапамогуць нам з цікавымі распрацоўкамі па літоўскай культуры і гісторыі. Спадабалася, што ў школе працуюць апантаныя настаўнікі, яны вельмі зацікаўлены ў сваёй справе і яе выніках. У профільных 11-12 класах у вучняў ёсць права выбару – яны выбіраюць тыя прадметы, якія спатрэбяцца ім пры паступленні. Часта атрымліваецца так, што ў настаўнікаў па тых прадметах, якія вучні не выбралі, няма гадзін, але, нягледзячы на гэта, яны працягваюць працаваць над сваімі праектамі на будучае.
Візіт у беларускамоўную гімназію ў Вільнюсе закончыўся падпісаннем пагаднення аб супрацоўніцтве, якое заключылі дырэктар Гудагайскай СШ Ганна Капцюг і дырэктар Вільнюскай беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны Галіна Сіволава. У хуткім часе, пасля афармлення неабходных дакументаў, літоўская дэлегацыя наведае Гудагайскую школу.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.