Чарговыя знаходкі пагранічнікаў
За выхадныя і на гэтым тыдні супрацоўнікамі пагранічнай службы былі выяўлены некалькі выпадкаў перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцей.
У пункце пропуску “Катлоўка” 4 лістапада пагранічным нарадам мабільнай групы кінолагаў з дапамогай спецыяльна абучанага сабакі пры аглядзе грузавога аўтамабіля “Сканія” ў кабіне за бакавымі і задняй абшыўкай былі знойдзены 1470 пачак цыгарэт “Св. Георгій” з акцызнай маркай Расійскай Федэрацыі. Папярэдняя сума кошту цыгарэт – 4 мільёны 557 тысяч рублёў, грузавіка – 600 мільёнаў. Да рашэння суда яны канфіскаваны супрацоўнікамі Ашмянскай мытні.
У той жа дзень на ўчастку пагранічнай заставы “Лоша” ў лесе непадалёк ад дзяржаўнай мяжы пагранічнікі знайшлі схованку з 12 скрынкамі (6 000 пачак) цыгарэт “Фэст” вытворчасці і з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь. Была арганізавана засада, аднак асоб, замешаных у супрацьпраўнай дзейнасці, выявіць не ўдалося.
На наступны дзень пагранічнікі літаральна ў гэтым жа месцы знайшлі яшчэ 6 скрынак (3 000 пачак) цыгарэт такой жа маркі. Папярэдні кошт знаходкі – 19 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Цыгарэты перададзены інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкаму раёну.
6 лістапада ў пункце пропуску “Катлоўка” пагранічным нарадам сумесна з інспектарам Ашмянскай мытні пасля праходжання ўсіх відаў кантролю ў салоне легкавога аўтамабіля, які ехаў з Літвы ў Беларусь, былі знойдзены 2 сумкі з жаночым і дзіцячым адзеннем у асартыменце 76 найменняў. Папярэдні кошт тавараў 11 мільёнаў 470 тысяч рублёў. Рэчы канфіскаваны супрацоўнікамі Ашмянскай мытні.
Праз два дні ў пункце пропуску “Гудагай-1” супрацоўнікамі пагранічнай службы пры аглядзе цягніка №6 “Вільнюс – Масква”, які ехаў з Літвы ў Беларусь, у вагоне №3 паміж першым купэ і купэ праваднікоў у міжстолевай схованцы знойдзены два пакеты, у якіх знаходзіліся 10 “нічыйных” мабільных тэлефонаў “HTC JSMK KRIPTOFON CP400”. Папярэдні кошт мабільнікаў – 280 мільёнаў рублёў. Тэлефоны канфіскаваны супрацоўнікамі Ашмянскай мытні.
Прэс-служба Смаргонскай пагранічнай групы.