Астравецкая дэлегацыя ў Вільнюсе
Па існуючай традыцыі падчас Велікодных свят у сталіцы суседняй краіны – горадзе Вільнюсе – праводзяцца дні Гервяцкага краю. Ініцыятарам іх правядзення з’яўляецца міжнародны клуб “Гярвечай”, які зарэгістраваны Гродзенскім аблвыканкамам, і аб’ядноўвае выхадцаў і жыхароў Гервяцкага сельскага Савета. Гэтыя дні з’яўляюцца своеасаблівай творчай справаздачай міжнароднага клуба аб праведзенай за мінулы год рабоце. Для дэлегацыі Астравецкага раёна – а ў гэтым годзе ў яе склад уваходзілі старшыня Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавалька, яго намеснік В.З. Свіла, пробашч касцёла Святой Тройцы ў Гервятах Л.П. Нясцюк, старшыня СВК “Гервяты” А.У. Янчэўскі, старшыня гервяцкай абшчыны літоўцаў С.В. Петрык, начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама С.В. Шэін,– была прадугледжана насычаная праграма. Суправаджалі дэлегацыю кіраўнікі клуба, нашы землякі – старшыня клуба “Гярвечай” Альфонсас Аўгуліс і яго намеснік Марыя Валене.
Першым пунктам праграмы стаў прыём у мэрыі. Зусім нядаўна ў літоўскай сталіцы з’явіўся новы гораданачальнік. Артурас Зуокас – так завуць мэра Вільнюса – вядомы палітык і далёка не навічок на гэтай пасадзе. Два тэрміны ў перыяд з 2000 па 2007 год ён ужо займаў гэты пост. Аб папулярнасці А. Зуокаса гаворыць той факт, што ў выніку галасавання падчас выбараў ён набраў 26 галасоў – у той час. як два яго бліжэйшыя сапернікі разам — толькі 25.
Прыём праходзіў у канферэнц-зале на 22 паверсе высотнага будынка па вуліцы Канстытуцыі. Падчас яго Артурас Зуокас прывітаў гасцей, прадставіў сваіх бліжэйшых калег – намеснікаў і членаў гарадскога савета, зазначыўшы пры гэтым, што апарат мэрыі сфарміраваны яшчэ не поўнасцю: выбары адбыліся зусім нядаўна.
Непадробны інтарэс мэр Вільнюса праявіў да Астравецкага раёна, да таго, як жывуць і працуюць суайчыннікі-літоўцы ў Гервяцкім краі, а таксама – да будучага будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў раёне. Пры гэтым А. Зуокас са шкадаваннем адзначыў, што звесткі, што падаюцца ў сродках масай інфармацыі па гэтай тэме, не заўсёды дакладныя, і выказаў жаданне пабываць у Астраўцы і пазнаёміцца са становішчам спраў на месцы.

Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька ў сваім выступленні расказаў прысутным пра раён, асабліва падкрэсліўшы, што ў нашым краі няма адрозненняў у адносінах да чалавека па нацыянальных прыкметах. Спакон веку беларусы і літоўцы жывуць побач, гадуюць дзяцей і вырошчваюць хлеб, нават прозвішчы часам яны носяць аднолькавыя. А.Д. Кавалька расказаў пра ўвагу і падтрымку, якія аказваюць раённыя ўлады Рымдзюнскаму цэнтру літоўскай культуры. А таксама праінфармаваў аб ходзе падрыхтоўкі да магчымага будаўніцтва ў нашым раёне першай беларускай атамнай электрастанцыі, аб пазітыўных адносінах жыхароў Астравеччыны да гэтага важнага дзяржаўнага праекта і выказаў гатоўнасць прыняць дэлегацыю Вільнюскага самакіравання у Астраўцы і на месцы адказаць на ўсе пытанні, што цікавяць суседзяў.
Альфонсас Аўгуліс, старшыня міжнароднага клуба “Гярвечай”, падзякаваў Астравецкаму раённаму выканаўчаму камітэту і асабіста А.Д. Кавальку за дапамогу, што аказваецца літоўскаму цэнтру і абшчыне, за пастаянную ўвагу да патрэб жыхароў Гервяцкага краю. У ходзе размовы абмяркоўвалася пытанне спрошчанага перасячэння граніцы жыхарамі 50-кіламетровай зоны.
Затым удзельнікі сустрэчы былі запрошаны ў рабочы кабінет мэра, дзе разам з А.Зуокаcам сфатаграфаваліся на памяць на фоне гарадскога сцяга. Тут жа А.Д. Кавалька адказаў на пытанні журналістаў.
Наступным пунктам праграмы знаходжання астравецкай дэлегацыі стала наведванне Пасольства Рэспублікі Беларусь ў Літоўскай Рэспубліцы. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь ў Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы – так дакладна называецца пасада Уладзіміра Несцеравіча Дражына, які неаднаразова наведваў Астравеччыну, – правёў кароткую экскурсію па рэзідэнцыі, расказаў пра гісторыю стварэння дыпламатычнай місіі нашай дзяржавы ў Літве, а таксама – пра гісторыю самога будынка. На завяршэнне сустрэчы У.Н. Дражын уручыў А.Д. Кавальку запрашэнне на сёмы беларуска-літоўскі эканамічны форум, які адбудзецца 12 мая ў Друскенінкаі.
Завяршыўся дзень Гервяцкага краю ў гарадской ратушы. Урачысты вечар адкрыўся тэатралізаваным пралогам: прысутных віталі кароль Жыгімонт і каралева Барбара са сваімі прыдворнымі.Усё дзеянне было аформлена музыкай і танцамі эпохі Рэнесансу, адпаведнымі касцюмамі. На сцэне змянялі адзін аднаго афіцыйныя асобы і артысты. Горача вітаў гасцей з Гервяцкага краю віцэ-мэр Вільнюса А. Адамавічус. З вялікай цікавасцю аўдыторыя без перакладу слухала прывітанне на беларускай мове У.Н. Дражына. Цікавым было выступленне А.Д. Кавалькі. Удзячнымі апладысментамі публіка вітала рымдзюнскую дэлегацыю: дырэктара школы С.В. Лукшэне і яе вучняў, самадзейных артыстаў Арвідаса Кірду з сям’ёй і ўдзельніц з фальклорнага гурта “Жыльвіціс” Марыю Мажэйкене, Марыю Каткоўскую і Вальду Йоч, якія прыбылі непасрэдна ў ратушу.
Візіт астравецкай дэлегацыю ў Вільнюс быў цікавым, інфармацыйна насычаным і, трэба думаць, прынясе далейшы плён у развіцці добрасуседскіх адносін.
Віктар СВІЛА, намеснік старшыні райвыканкама.
Фота Сяргея ШЭІНА.