Как работает пункт пропуска "Котловка"?

Дзень аўтамабіліста і дарожніка з’яўляецца прафесійным святам не толькі вадзіцеляў. Яго адзначаюць і тыя, хто ажыццяўляе кантроль за транспартнай дзейнасцю ў нашай краіне.
Напярэдадні свята мы завіталі ў транспартную інспекцыю аўтадарожнага пункта пропуску “Катлоўка”, каб пагутарыць з начальнікам Аляксандрам Браніслававічам Рэутам і даведацца, як арганізавана кантрольная дзейнасць на мяжы, пазнаёміцца з супрацоўнікамі, пацікавіцца вынікамі работы інспекцыі.


– Аляксандр Браніслававіч, раскажыце, чым займаюцца супрацоўнікі транспартнай інспекцыі? Мяркую, што штат аўтадарожнага пункта пропуску салідны?


– Зусім не. Наш калектыў налічвае 33 чалавекі. А вось пералік ускладзеных на іх функцый і задач сапраўды салідны.






Мы кругласутачна ажыццяўляем аўтамабільны кантроль за міжнароднымі перавозкамі ў пункце пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі інспекцыі першымі пасля пагранічнікаў сустракаюць транспарт пры яго ўездзе ў нашу краіну. Спачатку вызначаюцца яго вагагабарытныя параметры – гэта абавязкова для грузавых машын. Вагавы кантроль прадугледжвае дапушчальныя нагрузкі на восі грузавога аўтамабіля, каб захаваць дарожнае палатно.
Як адбываецца ўзважванне? Пры праходжанні транспартнага сродку праз спецыяльныя вагі камп’ютарная праграма ў лічаныя секунды вызначае сумарную вагу аўтамабіля і нагрузку на восі. Калі вага перавышае ўстаноўленыя нормы, то пасля аплаты выдаецца спецыяльны дазвол, які дае права ездзіць па дарогах нашай краіны.
Акрамя таго, супрацоўнікі інспекцыі забяспечваюць спагнанне збораў за праезд транспарту па аўтадарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь, кантралююць наяўнасць дазволу на праезд па тэрыторыі нашай краіны, выдаюць дазволы беларускім перавозчыкам на праезд па тэрыторыі замежных дзяржаў, правяраюць тахографы – устройствы, якія фіксуюць рэжым работы і адпачынку вадзіцеля і многае іншае.

– Колькі транспартных сродкаў падвяргаецца вашаму кантролю ў суткі?


– Прыкладна 700 аўтамабіляў. Да прыкладу, сёння чарга складае каля 5 кіламетраў – за суткі мы праверым усе гэтыя транспартныя сродкі. Працаваць даводзіцца напружана – але мы спраўляемся.


– Ведаю, што са стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі пералік абавязкаў у вашых работнікаў значна пашырыўся.


– Гэта так. Нагрузка на работнікаў транспартнай інспекцыі ўзрасла ў два разы. Інспектарам зараз трэба ведаць дзве заканадаўчыя базы – нашу і расійскую. Так, выконваючы аперацыі транспартнага кантролю, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, інспектары праводзяць праверку адпаведнасці норм і правіл, устаноўленых заканадаўствам Расійскай Федэрацыі. У прыватнасці, правяраюць у перавозчыкаў, якія едуць у Расію, наяўнасць дазволу на праезд па яе тэрыторыі, а таксама адпаведнасць дакументаў віду перавозкі. Уведзена сістэма інфармацыйнага абмену вынікамі транспартнага кантролю.


– Кажуць, статыстыка – рэч не толькі ўпартая, але і красамоўная…


– Спрачацца не стану, агучу лічбы, якія характарызуюць нашу работу. За дзевяць месяцаў бягучага года нашымі супрацоўнікамі правераны 153 343 транспартныя сродкі, з іх 1 411 аўтобусаў. На пасту вагагабарытнага кантролю ўзважана 53 457 транспартных сродкаў. Зборы за праезд за гэты час склалі больш за 6 мільярдаў рублёў. Выдадзена 1850 дазволаў на суму 109, 8 мільёна беларускіх рублёў. Па выніках праверак за розныя правапарушэнні за дзевяць месяцаў складзена 94 акты, выпісана 665 пастаноў на суму 424 мільёна рублёў.


– Якія “грахі” з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі сярод перавозчыкаў?







– Асноўным парушэннем, выяўленым пры кантролі транспартных сродкаў, з’яўляецца непрытрымліванне вадзіцелямі ўстаноўленага рэжыму працы і адпачынку – 164 выпадкі. Перавозчыкі добра ведаюць, што нельга знаходзіцца за рулём больш за 9 гадзін у суткі, але ўсё роўна парушаюць гэтае правіла – у выніку здараюцца страшныя аварыі. Даводзіцца караць такіх парушальнікаў рублём. Я ўпэўнены, што падобныя меры будуць дысцыплінаваць вадзіцеляў, а значыць, і ўплываць на бяспеку руху на дарогах нашай рэспублікі.
Сустракаюцца і іншыя парушэнні: не вядзенне рэгістрацыйных лістоў – 151 выпадак, парушэнне правіл стаянкі – 100, адсутнасць неабходных дакументаў – 63, парушэнне СТБ – 62, выкідванне смецця – 49, кіраванне транспартным сродкам без дагавору абавязковага страхавання – 36, адсутнасць спецыяльнага дазволу на праезд – 31, адсутнасць міжнароднага сертыфіката тэхагляду – 10, парушэнне правіл перавозкі пасажыраў – 4.

– Ні адно прадпрыемства не можа стабільна развівацца, калі ў гэтым не зацікаўлены калектыў. Ці апраўдвае каманда, якую вы сабралі, вашы спадзяванні?


– Трэба сказаць, што работа на мяжы – вельмі цікавая, але і напружаная. Яна мае на ўвазе






пастаянныя зносіны з людзьмі, а такая работа ніколі не бывае лёгкай, асабліва з вадзіцелямі, якім хочацца як мага хутчэй перасекчы мяжу. А выяўленні парушэнняў выклікаюць яшчэ і шквал негатыўных эмоцый, часта ў адрас інспектараў. Таму супрацоўнікам трэба мець небывалую вытрымку, а таксама быць тактоўнымі і ветлівымі. І яны добрасумленна выконваюць свае абавязкі, не дапускаюць замінак на мяжы. Вынікам сапраўднага прафесіяналізму інспектараў з’яўляюцца тыя выдатныя паказчыкі работы, якіх інспекцыя дасягнула за апошнія гады. І за гэта, канешне, хацелася б падзякаваць усяму нашаму калектыву.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць работнікаў транспартнай інспекцыі пункта пропуску “Катлоўка”, а таксама тых, для каго Дзень аўтамабіліста і дарожніка з’яўляецца прафесійным святам, і пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, упартасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт!

– Дзякуй за гутарку!


------------------------


Вольга ШОЎКУН.