Крепкие знания и сила духа помогли Татьяне Карпович стать второй в конкурсе профессионального мастерства среди работников инспекции по налогам и сборам

Дык вось: яна была Таццянай


У адпаведнасці са стэрэатыпам вызначэння людскіх характараў, чалавек, які захапляецца матэматыкай і ў бясстрасных радках лічбаў умее адчуць гармонію, павінен быць сухаватым, скупым на эмоцыі, гэткім напалову камп’ютарам. А Таццяна Карповіч з пароды “паветраных” людзей, з тых тонкіх эмацыйных натур, сэрцы якіх заўсёды адкрыты насустрач прыгажосці. Хаця “каралевай навук” яна захапляецца з таго моманту, як упершыню змагла пералічыць свае, тады яшчэ зусім маленечкія, пальчыкі.
Матэматыка для яе – асобная краіна, лагічная ў сваёй загадкавасці і загадкавая ў сваёй лагічнасці. Напоўненая пытаннямі – як будынкамі. І Божа мой! – якое ні з чым не параўнальнае задавальненне адчыняць дзверы гэтых будынкаў! Хоць часта за імі хаваецца цэлы лабірынт новых, пакуль не адчыненых…


– Маё захапленне матэматыкай, – гаворыць Таццяна, – у многім – ад любімай настаўніцы, ад Аляксандры Іосіфаўны Мацкевіч. Яна так выкладае свой прадмет, што ім нельга не захапіцца. Так што маё рашэнне звязаць сваё жыццё са светам лічбаў не было выпадковым.


Пасля заканчэння гімназіі Таццяна паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны каледж. Практыку праходзіла ў Астраўцы, у падатковай інспекцыі. Ад прыгажуні з сарамлівай ўсмешкай высокага прафесіяналізму ніхто не чакаў. А Таццяна ўзяла і здзівіла вопытных падаткавікоў: сур’ёзным стаўленнем да працоўных абавязкаў, уменнем разважаць, імкненнем да самаўдасканальвання. Здзівіла настолькі, што, калі час практыкі закончыўся, ёй прапанавалі: “Атрымаеш дыплом – міласці просім! Прытрымаем для цябе вакансію”. Праўда, умову ўсё ж паставілі: неабходна атрымаць вышэйшую адукацыю.
Але хіба гэта ўмова?! Таня і сама не збіралася спыняцца на дасягнутым. Вось так і атрымалася, што ў 2009 годзе дзяўчына закончыла каледж, стала працаваць у Астравецкай падатковай інспекцыі і паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на факультэт “Фінансы і крэдыты”, спецыяльнасць “падаткі і падаткаабкладанне”.Дыпломную працу Таццяна пісала на мясцовым матэрыяле – у якасці тэмы яна выбрала для сябе наступную: “Падаткаабкладанне індывідуальных прадпрымальнікаў па Астравецкім раёне”. Балазе, інфармацыі хапала – бяры, абагульняй, рабі вывады…
У 2012 годзе дзяржаўны падатковы інспектар Таццяна Карповіч стала старшым дзяржаўным падатковым інспектарам, а ў 2013-ым – галоўным.
Зараз яна працуе з фізічнымі асобамі. Гэта значыць, з кожным з нас. Налічвае падаткі і сочыць за своечасовасцю іх аплаты. Папярэджвае, напамінае, абзвоньвае даўжнікоў. Да самых злосных неплацельшчыкаў прымяняе штрафныя санкцыі. У адказ прыходзіцца выслухоўваць рознае: ад “ой, вялікі дзякуй, што нагадалі” да “прывыклі людзей абіраць”. Нібы іх грошы Таццяна кладзе ва ўласную кішэню…


– Крыўдна бывае, што тут казаць… – сумна ўсміхаецца дзяўчына. – Спрабую растлумачыць людзям важнасць аплаты падаткаў – на іх жа грунтуецца эканоміка краіны! Кожны з нас карыстаецца бясплатным навучаннем, медыцынскім абслугоўваннем і іншымі сацыяльна важнымі здабыткамі. Так што падаткаплацельшчык плаціць не асабіста мне і нават не падатковай інспекцыі – па сутнасці, ён плаціць сам сабе за магчымасць жыць у бяспецы і камфорце.


Вось так. Не матэматыкай адзінай. Падаткавік павінен быць яшчэ і добрым псіхолагам.
Пра тое, які работнік Таццяна Карповіч, гаворыць ужо той факт, што гонар абараняць Гродзенскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых работнікаў інспекцый Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь даверылі сёлета менавіта ёй.


Другая ў рэспубліцы


Пра тое, як праходзіў конкурс, Таццяна раскажа сама:
– Канешне, мне было страшна. Не за сябе, вядома. Страшна было падвесці цэлую вобласць, не апраўдаць давер. І на падрыхтоўку часу амаль не было. Словам, на конкурс я прыехала, так бы мовіць, уся на нервах…
Першы тур праходзіў непасрэдна ў Міністэрстве. Трэба было ў пісьмовым выглядзе адказаць на 200 пытанняў. Прычым гэта быў не распаўсюджаны сёння тэставы варыянт. На пытанні трэба было даць пашыраныя адказы. Атрымлівалася: старонка на кожнае пытанне.
Пытанні не былі надта складанымі, цяжэй аказалася справіцца з уласным хваляваннем. Члены журы разумелі сітуацыю і стараліся разрадзіць абстаноўку. Сур’ёзныя людзі, супрацоўнікі міністэрства, яны не лічылі для сябе легкаважным пажартаваць з намі або падрабязна растлумачыць нейкія спрэчныя моманты.
Вялікіх цяжкасцей з пытаннямі ў мяне не ўзнікла. Спісаць? Напэўна, можна было б, але ж сорамна. Не толькі перад журы – перад сабой няёмка было б... Не, спадзявацца прыходзілася толькі на веды…
У 12 гадзін мы здалі свае работы. І другая палова дня была прысвечана культурнаму адпачынку: для нас была арганізавана экскурсія па Мінску (“Чырвоны” касцёл, Нацыянальная бібліятэка, плошча Незалежнасці…). А вечарам мы наведалі Тэатр оперы і балета.
Тым жа вечарам нам аб’явілі вынікі першага тура. Да ўдзелу ў наступным этапе дапускаліся толькі тры чалавекі, у іх ліку аказалася і я. Ці трэба расказваць, што заснуць у гэтую ноч мне ўдалося ненадоўга…
Фінал Рэспубліканскага конкурсу адбываўся ў Палацы прафсаюзаў. Спачатку трэба было прадэманстраваць “візітку”, якая складалася з маналогу аб сабе і невялікай відэапрэзентацыі. Не скажу, што выйсці на сцэну запоўненай людзьмі залы вельмі проста. Ногі дрыжэлі, але справіцца з эмоцыямі ўдалося літаральна з першага сказа. Здаецца, усё прайшло нармальна, прынамсі, апладысменты прагучалі дружныя.
Потым пачаўся канцэрт зорак беларускай эстрады. Не варта нават спрабаваць высветліць, хто канкрэтна выходзіў на сцэну, – я не заўважыла. Таму што нам, удзельнікам конкурсу, было не да песень. Нас правялі ў залу, пасадзілі на спецыяльна выдзеленыя месцы і… раздалі канверты з чарговым заданнем.
Прыглушанае святло, гучная музыка – і тонкасці падаткаабкладання… Пытанне не было нейкім завоблачным па сваёй складанасці – адказ на яго я напісала на працягу адной песні. Потым на працягу наступных двух перачытала і падправіла напісанае. Перад чацвёртай песняй журы сабрала лісты з нашымі адказамі…
А ў канцы канцэрта аб’явілі канчатковы вынік: я заняла другое месца. Першае? А хто б адмовіўся?! Хаця і другое пачэсна. Столькі добрых слоў з гэтай нагоды давялося выслухаць. І ад калег па працы, і ад сяброў. Павіншавала мяне нават начальнік Гродзенскай абласной падатковай інспекцыі Лідзія Міхайлаўна Сямашка. Прыемна. А заднім чыслом думаю: і чаго было так хвалявацца?..


Звычайная астраўчанка


Таццяна не любіць звяртаць на сябе ўвагу, выдзяляцца экстравагантным строем або паводзінамі. Яна чалавек вельмі сціплы. І размаўляючы з дзяўчынай, трэба вельмі пастарацца, каб у глыбіні яе прыгожых вачэй пагас агеньчык нейкай прыроджанай сарамлівасці. Які, зрэшты, ніколькі не перашкаджае ёй быць вельмі абаяльнай.


Я такая ж, як усе, – адмахваецца ад кампліментаў Таня. – Звычайная. І захапленні такія ж, як ва ўсіх. Люблю музыку – не нейкі акрэслены стыль, а тую, што па душы і па настроі. Падабаецца адпачываць на прыродзе. Але не на рыбалцы – мой муж, заядлы рыбак, спрабаваў прыстрасціць мяне да гэтага віду адпачынку, але рыбалка падалася мне нуднаватым заняткам. Люблю гатаваць. Прычым рэцэпты чарговай стравы звычайна “выцягваю” з інтэрнэта. Там жа адшукваю навіны або патрэбную інфармацыю. Камп’ютарныя гульні? Не захапляюся. Сацыяльныя сеткі? Таксама. Нашмат больш цікава мне сустракацца з рэальнымі людзьмі. Люблю нешта мяняць у сваім пакоі – часам дастаткова пераставіць на новае месца звычайную тумбачку, каб адчуць, як мяняецца тваё жыццё. Вечарамі, пасля таго, як памыю посуд, люблю ўтульна ўладкавацца на канапе і паглядзець добры фільм. Бачыце, я зусім-зусім звычайная…


Ганна ЧАКУР