Знакомый незнакомец Павел Букель

Прыадкрыць на хвіліну заслону астравецкай сцэны і пранікнуць у яе сутарэнні, каб незаўважна паназіраць за артыстамі, вядучымі, спевакамі і танцорамі… Убачыць іх сапраўднымі, а не ў святле асляпляльных сафітаў, не ў прыгожых сцэнічных касцюмах і «апранутых» усмешках. За адно імгненне прыкмеціць, як артыст цярэбіць у руках лісток са словамі ці, наадварот, спрабуе развесяліць партнёраў па сцэне…

Паўла Букеля, напэўна, ведаюць (калі не па прозвішчы, дык у твар - дакладна!) многія жыхары Астраўца і раёна. Нязменны вядучы святочных мерапрыемстваў, канцэртаў і забаўляльных праграм, “дырыжор” вяселляў, індывідуальны прадпрымальнік – нягледзячы на сваю “медыйнасць”, як мне здаецца, Павел застаецца “цёмным конікам”.Як акцёр прымярае новую маску-ролю з кожным новым спектаклем, так і Павел Букель за сваё жыццё паспрабаваў сябе ў многіх сферах. Зараз Павел Генадзьевіч працуе рэжысёрам і культарганізатарам у раённым Доме культуры.

Пра школу, захапленні і вытокі любові да музыкі

У дзяцінстве Павел нагадваў юлу: ні хвіліны не сядзеў на месцы. Сваю гіперактыўнасць хлопчык з дапамогай бацькоў накіроўваў у карыснае рэчышча: на стадыёне ганяў з сябрамі футбольны мяч, быў выдумшчыкам гульняў, да якіх далучаліся ўсе дзеці ў двары... І кім толькі не хацеў быць!


– У адзін дзень я марыў стаць пісьменнікам, – расказвае Павел Генадзьевіч. – У другі футбалістам. Вось толькі касманаўтам ніколі не хацеў быць. Мне падабалася знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, а перспектыва апынуцца ў цэнтры космасу, дзе няма з кім загаварыць, не прываблівала.


Паўлу складана ўспомніць, калі ён пачаў спяваць. Да адмысловых канцэртаў сына бацькі прывыклі хутка: хлопчык часта і шмат спяваў. А вось па-сапраўднаму вакальны талент непаседы пачаў раскрывацца падчас вучобы ў сярэдняй школе №1. Паша часта прападаў у Аляксандра Альховіка, займаўся музыкай і з Аляксандрам Якіменкам.
Калі з’явіліся сінтэзатары, якія дазвалялі пісаць музыку, – футбол і гульні адышлі на другое месца.


У школьныя гады ў маім жыцці паралельна крочылі тры накірункі. У мяне атрымлівалася пісаць – і некаторы час нават хацеў звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Аднак не хапіла ўседлівасці. Магчыма, на пенсіі займуся стварэннем мемуараў аб тым, як не трэба жыць, – мой суразмоўца смяецца. – Таксама я сябраваў са спортам. У лёгкай атлетыцы мне скараліся доўгія дыстанцыі. Мяне нават запрашалі ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Няглед- зячы на тое, што ў мяне быў першы юнацкі разрад, спорт я кінуў – зразумеў, што гэта не маё. Музыка перамагла ўсе іншыя захапленні – і пра гэта я ніводнага разу ў жыцці не пашкадаваў. Праца ў мяне такая, што я шмат рухаюся, – гэта і ёсць своеасаблівы спорт. Ад журналістыкі, хутчэй, ад пісьменніцтва, у мяне таксама нешта засталося: пішу песні.


Першы раз Павел выйшаў на прафесійную сцэну разам са школьным хорам, у якім саліраваў. У хлопчыка быў звонкі голас і асаблівы тэмбр – настаўнікі нават параўноўвалі юнае дараванне з Раберціна Ларэцці. Павел выконваў “Белавежскую пушчу” з дакладнасцю да арыгінала, нават вышэй. Голас таленавітага хлопчыка хацелі запісаць на пласцінку ў Гродна ці ў Мінску, але тэрміны пастаянна адкладваліся. Падлеткавы ўзрост паставіў у гэтай справе кропку: пачалася ломка голасу, і пра запіс у студыі хлопцу давялося забыць.


– Моцных перажыванняў з гэтай нагоды не было, – успамінае Павел. – Вакал для мяне ўсё роўна заставаўся любімым захапленнем. Праўда, цэлы год я не спяваў. Зараз шкадую, што ў той час не знайшлося людзей, якія б запісалі мой голас. Мне здаецца, што гэта было б шэдэўрам. Аднак трэба дзякаваць Богу, што голас аднавіўся. Цяпер я – ўладальнік тэнару.


Пра вучобу, армію і прафесійную дзейнасць


Адзвінеў апошні званок – і школа засталася за парогам сталення разам з вясёлымі пераменкамі, доўгімі і цягучымі ўрокамі, бесклапотнымі забавамі.
Павел хацеў звязаць жыццё з музыкай і сцэнай, а вось на якой навучальнай установе спыніць свой выбар – нават не ўяўляў. Спачатку хацеў падаваць дакументы ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка – і амаль у апошні дзень перадумаў. Юнак вырашыў штурмаваць Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў імя Цёткі (А. Пашкевіч). І недарэмна! Гэтую ўстанову можна назваць кузняй артыстаў: многія яе выпускнікі зараз ззяюць на небасхіле беларускай эстрады. Першага верасня малады чалавек прыступіў да заняткаў.
...Чатыры гады вучобы ў гэтай установе сталі для Паўла сапраўднай школай жыцця. Вядома, што былі і ўзлёты, і падзенні, аднак менавіта ў студэнцкія часы адбылося прафесійнае станаўленне маладога чалавека.


– Для таго, каб развівацца і не стаяць на месцы, патрэбна дапамога, – расказвае Павел. – Я глядзеў на творчасць сваіх аднакурснікаў, студэнтаў, якія вучыліся на старэйшых курсах, на музычна развітых людзей, – і гэта дало мне штуршок для ўласнага ўдасканальвання. Вялікая школа для артыста ці вакаліста – ўдзел у аглядах, конкурсах і фестывалях, прычым не толькі рэгіянальнага маштабу – хоць і гэта мае немалаважнае значэнне – а на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках. У маім жыцці быў момант, калі зоркавая хвароба крочыла побач. Сядзіш і думаеш: які ты непаўторны і таленавіты... Але калі бачыш людзей, якія валодаюць большым майстэрствам, чым ты, – гэта ахалоджвае пыл і добра матывуе. Ты пачынаеш рухацца, нешта шукаць, не сядзець на месцы. У такіх выпадках трэба разлічваць хутчэй на сябе, чым на іншых.


Павел закончыў вучылішча мастацтваў з чырвоным дыпломам. Пасля шасці месяцаў працы на радзіме, у Астраўцы, малады чалавек пайшоў у армію. Здавалася б, тут павінен пачацца пераломны момант, калі пра музыку давядзецца забыць на паўтара гады і штодзень маршыраваць, выконваць загады...
Паўлу пашчасціла трапіць у пантонны полк, пры якім дзейнічаў вакальна-інстументальны ансамбль “Хваля”. Нягледзячы на тое, што калектыў знаходзіўся на грані распаду, музычна адоранаму салдату ўдалося надаць яму другое дыханне. Калектыў ансамбля за нядзелю развучваў па партыях дванаццаць, а то і чатырнаццаць песень. Вядома, было складана ў такія кароткія тэрміны запомніць словы і музыку, але Паўла гэта не палохала. Ён займаўся любімай справай, і ўсе астатнія нязручнасці заставаліся незаўважанымі. З новым рэпертуарам “Хваля” выступала ў многіхарганізацыях і на прадпрыемствах. Праз чатыры месяцы, калі ансамбль знаходзіўся на піку свайго росквіту, маладога чалавека перавялі ў інжынерны полк. Павел і там не разгубіўся: арганізаваў ансамбль “Захад” і самастойна пісаў песні для яго. Разам з новым калектывам актыўна ўдзельнічаў у фестывалях – спачатку гарадскіх, а пасля рэспубліканскіх і за межамі Беларусі.
Сталіца аддала першае месца галасістым салдатам за песні “Сінявокая краіна мая” і “За Белую Русь”. У Зеленаградзе “заходнікі” ўзялі першае месца сярод 65 калектываў з песнямі “Перамога” і “Я гляджу ў твае вочы”. Хлопцы двойчы выступалі на “Славянскім базары”. Масква, Ніжні Ноўгарад, Твер... Дзе толькі не пабывалі ўдзельнікі армейскага “Захаду”!
Калі Паўлу прапанавалі застацца ў арміі на кантрактнай аснове – ён згадзіўся, і чатыры гады працаваў кіраўніком ансамбля. А калі закончыўся тэрмін кантракту, без згрызот сумлення пакінуў войска і вырашыў паспрабаваць уласныя сілы ў педагогіцы.
У Гродна Павел адкрыў невялікую студыю “Гранд”, дзе рыхтаваў музычна адораных дзяцей.


– Большасці дзяцей падабаліся заняткі. Талент бачны адразу, – дзеліцца ўражаннямі ад працы
ў Гродна Павел Генадзьевіч. – Прыходзілі дзеці без задаткаў і без жадання працаваць і прасілі, каб я зрабіў з іх “зорку”. Працаваць з пасрэднасцямі не хацелася. Лічу, што такім дзецям – калі быць больш дакладным, то іх бацькам – трэба адразу казаць праўду. Можна навучыць спяваць, аднак Божую іскру ні адзін у свеце настаўнік не зможа ўдыхнуць у дзіця.


Пасля «гродзенскага перыяду» ў жыцці Паўла зноў настала астравецкая пара. Падчас працы ў Цэнтры пазашкольнай работы малады чалавек даказваў сам сабе, на што ён варты.Той год выдаўся багатым на перамогі: спачатку першае месца ў рэспубліканскім конкурсе “Дзед Мароз і Снягурка”, затым – другое ў рэспубліцы ў гульнёвай праграме “Стань зоркай”…
З першага разу палічыць дыпломы Паўла наўрад ці ўдалося б – як і накірункі дзейнасці,дзе паспрабаваў сябе малады чалавек. Аднак у іншых сферах адбываецца правал – напэўна, само жыццё вяртае культуры прыналежны ёй талент. З прыватным унітарным прадпрыемствам, якое Павел адкрыў, справы не пайшлі. А вось стаць індывідуальным прадпрымальнікам у якасці вядучага вяселляў і карпаратываў у яго атрымалася.


– Мне падабаецца ствараць для людзей сапраўднае свята і дарыць добрыя эмоцыі. Быць у якасці гледача не атрымліваецца. Прыйсці і не паўдзельнічаць – гэта не па мне, – гаворыць Павел. – Звычайна мы працуем і на выхадных, а калі выпадае свабодная субота ці нядзеля – не магу знайсці сабе месца.


Пра дасягненні, творчасць і беларускую эстраду.
У Паўла цесна пераплецены таленты вакаліста, рэжысёра, акцёра. Ён ведае, як трэба рабіць, – і робіць гэта. Яго вылучае здольнасць да экспромту. Павел з лёгкасцю можа адхіліцца ад сцэнарыя і імправізаваць на сцэне, ён адчувае залу і свайго гледача.


– Нават калі на канцэрты ці выступленні ходзяць адны і тыя ж людзі – кожны раз зала ўспрымае цябе па-рознаму. У кожнага – свая энергетыка. Некаторыя людзі думаюць, што працаваць на сцэне проста: выйшаў, паўсміхаўся, прачытаў ці праспяваў нешта… А зда- раецца ж рознае. У артыста можа перад самым выступленнем сарвацца голас. Застаюцца перажыванні, што не тыя гукааператар ці апаратура, хвалюешся, каб не забыць словы… Мы таксама людзі, а не робаты, – расказвае Павел. – Як па мне, дык лепш працаваць з меншай аўдыторыяй, але з аддачай, чым з вялікай залай – і безвынікова. Любы артыст хоча атрымаць ад сваёй працы, у першую чаргу, задавальненне. А калі ты сам унутрана не задаволены працай, тады ў чым сэнс?


Павел самастойна стварае песні: піша і словы, і музыку. На сайце аўтарскіх выканаўцаў можна адшукаць некалькі трэкаў астравецкага вакаліста. У Паўла, як, напэўна, і ў кожнай таленавітай асобы, здараюцца творчыя крызісы. Калі на рабоце шмат працы, якую трэба зрабіць тэрмінова, часу натворчасць не застаецца. Але нават крызісы часам станоўча ўплываюць на паэта або кампазітара. Зараз у маладога чалавека, так бы мовіць, творчы перапынак: песні не пішуцца. Аднак настане той момант – Павел гэта дакладна ведае – і на свет зноў народзіцца песня, а можа і не адна.


– “Варыцца” ў беларускім шоу-бізнесе мне ніколі не хацелася. Сучасная эстрада цалкам сканцэнтравана на шоу. У першую чаргу артыст павінен мець талент і шмат працаваць над сабой, а прадзюсар зробіць сваю работу. Сувязі можна займець, грошы зарабіць, а рэпертуар купіць.
Я задаволены тым месцам, дзе зараз знаходжуся. І галоўным сваім дасягненнем у жыцці лічу шасцігадовага сына. У Рамана ўжо праяўляюцца музычныя здольнасці – але гэта ўжо зусім другая гісторыя.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.