Знакомьтесь: выдумщица и оптимистка Ядвига Трумпакаис!
З Ядвігай Іосіфаўнай Трумпакаіс мы знаёмыя амаль чвэрць веку. Яе праца на пасадзе загадчыцы маленькага сельскага клуба-бібліятэкі ў аддаленай, схаванай за лясамі вёсцы Караняты як найлепш ілюстравала выслоўе “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца”. У акуратным дворыку, аточаным высокімі дрэвамі, у гасцінных клубных сценах, дзе было неяк пасвойску, па-хатняму ўтульна, збіралася не толькі нешматлікая ўжо вясковая моладзь, але і сталыя людзі, і пажылыя. Кніжку ўзяць, газеты пагартаць, проста пагутарыць аб надзённым. А якія там ладзіліся спектаклі, вечарыны, святы вёскі! Сустрэчу “Будзь здароў, зямляк”, на якую з’ехаліся ўраджэнцы Каранят ледзь не з усяго тады яшчэ вялікага Саюза, успаміналі потым доўга. А задумала іх сабраць пад засенню родных ліп ды бяроз Ядвіга Іосіфаўна. Адшукала адрасы, напісала лісты-запрашэнні. Бліжэйшым тэлефанавала…
Уласна кажучы, рэха гэтага свята і абумовіла наша знаёмства. Помніцца, мы прагаварылі добрых паўдня, пакуль не забрала мяне рэдакцыйная машына.
Тады ўжо апаноўвала маю суразмоўцу маркота: моладзі ў вёсцы амаль не засталося. Параз’язджаліся хто куды – у Вільнюс, Мінск, Гродна – на вучобу або працу. Іншых гарады не вабілі, але жыць з камфортам хацелася, таму перабіраліся ў Падольцы, цэнтр аднайменнага саўгаса, дзе будавалася сучаснае жыллё. “З кім я працаваць буду? – бедавала Ядвіга Іосіфаўна. – На пенсію адправяць, клуб зачыняць, ды і бібліятэку наўрад ці пакінуць – чытачоў жа з кожным годам меншае”…
Ды здолела Ядвіга Іосіфаўна адстаяць свой клуб. Падтрымалі яе ў аддзеле культуры, у Падольскім сельвыканкаме, тагачасны старшыня якога Віктар Антонавіч Закудоўскі вельмі цаніў загадчыцу клуба за актыўную жыццёвую пазіцыю, стараннасць, няўрымслівасць. Любіў ён з жонкай Клаўдзіяй Уладзіміраўнай бываць на тутэйшых вясковых святах.
Выйшаўшы на пенсію, Ядвіга Іосіфаўна яшчэ дзесяць гадоў тут працавала. Згуртавала людзей шаноўнага ўзросту: успаміналі даўніну, народныя рамёствы, ладзілі фальклорныя канцэрты, пасядзелкі. Першыя памочніцы – сяброўкі ад гадоў юнацкіх Ядвіга Усцінаўна Цэйка, Галіна Іванаўна Тубіс, Анастасія Іванаўна Пільвінская, дзве Сабіны Кірэйка – Пятроўна і Францаўна.
Пазней, калі ўтрымліваць клуб стала зусім нерэнтабельна, у яго памяшканні адкрыўся дом сацыяльных паслуг, якім загадвала Ядвіга Іосіфаўна. Усё жыццё пражыла яна ў Каранятах, ведала патрэбы аднавяскоўцаў і старалася дапамагчы. Бог надзяліў яе дарам лячыць жывёлу, і Іосіфаўна часцяком ратавала вяскоўцам іх кароў ды свіней. Нікому ў помачы не адмаўляла.
Па характары Іосіфаўна – весялуха, выдумшчыца, аптымістка. Яе прыгожы голас з гадамі не змяніўся. А ліха на долю жанчыны хапіла… Першы муж памёр, калі дзеці – дзве дачкі і сын – былі яшчэ падлеткамі. Выгадавала, да самастойнага жыцця падрыхтавала. Навучыла ўсяму, што ўмее сама. Гаспадыня Іосіфаўна слынная. І ў хаце, і ў двары, і ў полі – усюды парадак. Упраўлялася ўсё ў пару зрабіць.Ва ўзнагароду за шчырасць душы і працавітасць, за ўменне жыць дзеля іншых Бог паслаў Ядвізе Іосіфаўне ў спадарожнікі добрага чалавека, удаўца, і яна ў другі раз выйшла замуж. Дзеці прынялі яго з павагай. Бярнард Раманавіч быў з Літвы, і сям’я пачала жыць “на два дамы”: з вясны да позняй восені – у Каранятах, а на зіму перабіраліся ў Немянчыне. Там ужо асталяваліся дочкі Аня і Людміла – замуж павыходзілі, унукаў нараджалі, Адслужыўшы ў войску, да іх перебраўся і сын Алег, які таксама неўзабаве ажаніўся. І дачка мужа ад першага шлюбу жыла непадалёк. Сэрцы Трумпакаісаў былі спакойныя. Марылі яны пражыць разам свой век, адну на дваіх песню дапець. Але… Захварэў Раманавіч і адышоў у лепшы свет. Ядвіга Іосіфаўна аўдавела ў другі раз.
…Неўпрыкмет праляцелі гады. Сярод родных людзей – дзяцей і ўнукаў, а зараз ужо і праўнукаў – у клопатах пра іх дажыла Іосіфаўна да свайго 75-гадовага юбілею. Спачатку ў коле вялікай сваёй сям’і справіла, а потым – з даўнімі сябрамі ў Каранятах. А як жа інакш?
…Кожную вясну, ледзьве сыдзе снег, маці просіць адвезці яе ў Караняты. Дзеці разумеюць: пярэчыць – дарэмна, прыцяжэнне роднай хаты мацнейшае, не адолець. І – закруцілася кола вясковых гаспадарчых работ: ускапаць немалы агарод, пасадзіць грады, бульбу, разбіць кветнік, усё лета палоць, ураджай збіраць, парадкаваць, каб потым забраць нарыхтоўкі з сабой у горад… А яшчэ курачак выгадаваць, бо як гэта – не мець у гаспадарцы нават птушкі?Так у турботах лета за летам і прабягае. У роднай хаце, сярод дарагіх сэрцу людзей.
--------------------------------------
Таіса Сямёнава.
