Знакомьтесь: водитель СПК "Михалишки" Станислав Бернюкевич!

гонар БернюкевичЧым больш паглыбляюся ў нюансы сельскагаспадарчай вытворчасці, якія вывучаю дзякуючы сваім працоўным абавязкам, тым больш пераконваюся, што простыя вясковыя людзі, якія з дня ў дзень дояць кароў, гадуюць цялят і свіней ці засяваюць зярнятамі калгасныя нівы, у сваёй большасці негаваркія. Яны не ўмеюць выхваляцца і ўзвышаць сябе, не прывыклі скардзіцца на лёс – яны зарабляюць кожную капейчыну сваім мазалём.

Такі ж ахвочы да справы, а не да слоў – вадзіцель СВК “Міхалішкі” Станіслаў Леанардавіч Бернюкевіч, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

Вытворчыя паказчыкі – пазалетась падчас уборкі мужчына перавёз больш за 2 тысячы тон зерня – і станоўчыя сведчанні калег выдаюць у Станіславе Леанардавічы шчырага і сумленнага працаўніка.

– Я з мясцовых. Нарадзіўся ў Падваранцах у сям’і калгаснікаў: тата быў перадавым механізатарам, а мама – паляводам. Акрамя мяне, у нашай сям’і гадаваліся яшчэ дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. З маленства да работы прывучаны. А куды дзенешся? – паціскае плячыма Станіслаў Леанардавіч. – Здаўна вядома, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Хто дбае, той і мае. У бацькоў былі дзве каровы, некалькі свіней і поўны панадворак птаства. У калгасе таксама нялёгка даводзілася працаваць, асабліва маме. Гэта зараз амаль усе работы механізаваны, а тады ўсё рукамі рабілі… Але ніколі за сваё жыццё не чуў, каб бацькі скардзіліся ці казалі, што ім цяжка. Нам з братамі і сёстрамі таксама не давалі ленавацца.

Школьныя гады Станіслаў Леанардавіч успамінае без асаблівага імпэту: вучыўся, як і ўсе, па два гады ў адным класе не сядзеў – але і выдатнікам не быў. Пасля заканчэння 10 класа Міхалішкаўскай школы ён вывучыўся на шафёра і са спакойным сумленнем, як і большасць тагачасных юнакоў, пайшоў у армію.

– Мяне прызвалі ў ракетныя войскі. Спачатку Эстонія, пасля Сібір… Вядома, цягнула дадому. Асабліва настальгія мучыла падчас службы ў Чыце: навокал толькі лес і сопкі, – успамінае Станіслаў Леанардавіч. – Мы служылі ў Савецкім Саюзе: куды Радзіма клікала, там і аддавалі ёй доўг. Гэта зараз побач з домам служаць.

Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся на радзіму. Тагачасны старшыня калгаса Міхаіл Ягоравіч Харужык адразу ўзяў пад сваё крыло нявопытнага шафёра, якому даверыў аўтамабіль “Газ 53”, больш вядомы ў народзе як “лятучка”. Праз чатыры гады Станіслаў перасеў за руль калгаснага аўтобуса: падвозіў работнікаў, школьнікаў, абеды... А пасля за вадзіцелем замацавалі ЗіЛ, з цягам часу месца якога заняў сучасны МАЗ.

– На такіх працаўніках і трымаецца зараз сельская гаспадарка, – да размовы далучаецца інжынер па ахове працы Ірына Іосіфаўна Паўлоўская. – Мы са Станіславам даўно разам працуем. Ён талковы работнік і гаспадар. Ля хаты Бернюкевічаў такая прыгажосць вы б бачылі!

Зразумела, што парадку ля дома, стракатых кветак, дагледжаных агарода і гаспадаркі не было б без другой палавінкі Станіслава Леанардавіча – жонкі Тэрэсы, разам з якой яны крочаць па жыцці амаль ужо чвэрць стагоддзя.

Маладая загадчыца Быстрыцкага сельскага клуба адразу спадабалася Станіславу. З год маладыя сустракаліся, а пасля пабраліся шлюбам. Яны туліліся ў бацькоў, пакуль праўленне калгаса не выдзеліла жыллё, якое першапачаткова прызначалася для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Аднак у Міхалішкі так ніхто і не прыехаў, таму домікі аддалі калгаснікам. Разам са Станіславам і Тэрэсай у новым доме пасялілася простае шчасце людское. Неўзабаве нарадзілася дачушка Вікторыя, а праз тры гады – сын Уладзіслаў.

– Не толькі чужыя, але і свае дзеці хутка растуць. Здаецца, толькі ўчора хадзілі ў школу – а зараз ужо працуюць. І сын, і дачка жывуць разам з намі ў Міхалішках, – гаворыць Станіслаў Леанардавіч. – У кожным перыядзе жыцця былі свае асаблівасці. Некаторыя кажуць, што ў калгасе раней было цяжэй працаваць, чым зараз. Іншыя даводзяць адваротнае. А я лічу, што ў любы час рупіцца трэба, тады ўсюды будзе лад і парадак.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.