Знакомьтесь: влюблённая в цветы Анна Житкович!
Ізноў вясна на белым свеце… І зноў аматарам кветак не церпіцца выйсці на вуліцу і акунуцца ў кветкавую прыгажосць. Першацветы ўжо саступілі месца нарцысам, цюльпанам, гіяцынтам, а наперадзе – цвіценне півоняў, лілейнікаў, ірысаў, лілей.– Люблю вясну. Асабліва май, – любіць паўтараць мая знаёмая. – З самай раніцы заварваю кубачак кавы і абыходжу свае кветкавыя ўладанні.
І тады здаецца, толькі працягні руку – і ў ёй апынуцца прыгожыя вясеннія кветкі, якія немагчыма не любіць. А таму мы з вамі прадаўжаем заходзіць у госці да кветкаводаў, якія жывуць у нашым раёне.
Такім чынам, давайце пазнаёмімся:
Імя і прозвішча: Ганна Жытковіч
Месца жыхарства: п. Гудагай
Сям’я: муж Аляксей, дочкі Інга і Дар’я
Хобі: кветкі і падарожжы
Работа: загадчыца архіва Ашмянскай мытні.
Аня вырасла ў абдымках прыроды. Дом размяшчаўся на ўзлеску, і дзяўчыне з дзяцінства падабалася зеляніна велічных дрэў, простыя лясныя кветкі і іх сціплая прыгажосць, якую не кожны можа заўважыць.– Вакол – лес, прыгожая прырода, таямнічасць… Праўда, кветнікаў у цяперашнім разуменні гэтага слова каля нашага дома не было. Зразумела, раслі вялікія кусты вяргінь, былі астры, рамонкі – звычайныя вясковыя кветкі, якія вырошчвалі ля кожнага дома, – успамінае Аня. – Затое быў вялікі агарод, дзе расла розная агародніна. Сям’я была немалая, ды і гаспадарка вялікая – таму вырошчвалі ўсё сваё.
З дзяцінства Ганна марыла пра ўласны дом, пра тое, як яна яго будзе абжываць і добраўпарадкаваць. І свавольнік-лёс, нібы падслухаўшы яе мары, вырашыў іх ажыццявіць. З будучым мужам Аляксеем яны знаёмы з дзяцінства – вучыліся ў адным класе.– Пасля вяселля сталі жыць у сям’і мужа. Яго маці, Ванда Іосіфаўна, – вялікі аматар кветак, у яе іх – вялікае мноства. Свякроў добра разбіраецца ў правілах дызайну, ведае, дзе і як лепш пасадзіць кветку ці куст. Праўда, тады ў нас падрасталі Інга і Даша, таму часу на кветкі і адпаведна на перайманне кветкавага вопыту ў мяне не хапала: усю сябе я прысвячала дачушкам.
А ў 1999 годзе маладая сям’я пераехала ва ўласны дом. Тады ж у доме з’явіліся і першыя кветкі.
– Калі мы перасяляліся, свякроў падарыла нам так званае “грашовае дрэва” – таўсцянку, расказвае Аня. – Відаць, ёй у нашым доме спадабалася, таму што праз некаторы час яна зацвіла. Вы б бачылі гэты цуд! Многія згаджаліся верыць у гэта толькі пасля таго, як на свае вочы бачылі гэтыя маленькія белыя кветачкі, якія радавалі ўсю сям’ю.
Сёння дом Жытковічаў упрыгожваюць ужо “ўнукі” і “праўнукі” першай таўсцянкі.
У хуткім часе да “грашовага дрэва” дадаліся і іншыя пакаёвыя расліны – вялікая юка і фікус Бенджаміна, нізкарослая пальма хамедарэя і сансевіерыя, ценелюбівая аспідзістра і шыфлера, велізарны, вышынёй з метр, спацыфілум і мноства архідэй.
– З гэтымі “каралевамі” выйшла гісторыя, – расказвае Ганна. – Напачатку, калі мода на архідэі толькі зараджалася, я не звярнула на іх увагі. А потым мы адпачывалі ў Паланзе. І архідэі, якія прываблівалі незвычайнасцю колераў і кветак, так захапілі мяне, што я вырашыла і для свайго пакаёвага кветніка набыць адну.
Так у доме пасялілася першая прыгажуня. Відаць, кветцы тут спадабалася – і яна аддзячыла гаспадыню буйным цвіценнем, якое працягвалася не адзін месяц. Пасля першай архідэі з’явілася другая, трэцяя, чацвёртая яе сяброўкі з рознакаляровымі кветкамі-матылькамі.
– Мае адносіны да архідэй прайшлі некалькі стадый: поўнае непрыняцце, потым – нешта ў іх ёсць, а пазней – гэту хачу і тую таксама, – усміхаецца гаспадыня.
– Сёння гэтыя кветкі заваявалі часцінку майго сэрца. Яны такія розныя, непадобныя адна да другой і вельмі любяць увагу – раніцай і вечарам я абыходжу іх, гавару ласкавыя словы. А яшчэ я ўпэўнілася, што неабавязкова набываць дарагія экзэмпляры ў буйной квецені – можна купіць і перацвіўшыя, забяспечыць ім неабходны догляд і праз нейкі час любавацца іх цвіценнем.
Аднак большую частку сэрца гаспадыні займаюць прыгажуны з прысядзібнага кветніка – ім яна прысвячае ўвесь свой вольны час.
– Спачатку каля дома быў агарод, на якім мы вырошчвалі бульбу, капусту, агуркі, моркву, буракі, цыбулю… Расло ўсё як на дражджах, – расказвае Аня.– Калісьці на месцы нашага ўчастка быў школьны агарод – глеба тут нядрэнная, – далучаецца да размовы Аляксей, муж Ані. – У школьныя гады даводзілася праводзіць на ім шмат часу. А ў ваенныя гады, як сведчаць старажылы, побач размяшчаўся лагер для ваеннапалонных – і пацвярджэнне таму – рэшткі калючага дроту, якія знаходзім на нашым участку.
Праўда, цяпер памеры агарода зменшыліся – яго месца заняў газон, які ўпрыгожыў тэрыторыю перад домам. А потым часткі газона сталі адваёўваць дэкаратыўныя дрэўцы, з’явілася вялікая прыгажуня-“горка”.
– Захацелася разбавіць зялёнае “пакрывала” – вырашылі разбіць на ім горку. Заказалі машыну торфу, прывезлі каменне – і ўзяліся за справу, – дэманструе Аня адно з упрыгожванняў свайго ўчастку.А калі горка была гатова, справа стала за пасадачным матэрыялам. Першымі яе насельнікамі зноў сталі кветкі свекрыві, якая шчодра падзялілася сваімі “гадаванцамі” з нявесткай. Далей – больш. Кветкамі жанчына абменьвалася са знаёмымі, прывозіла іх з розных паездак і падарожжаў – і новыя расліны пачалі засяляць новыя тэрыторыі.
– Наступным этапам стала стварэнне невялікага стаўка, абкладзенага каменнямі. На дапамогу прыйшоў муж, на чые плечы і рукі лягла асноўная праца. З часам і ставок мы засялілі кветкамі – вадзянымі лілеямі. Аднойчы вярнуліся з адпачынку і я стала “абследаваць” сваю сядзібу. Якім жа было здзіўленне, калі ўбачыла, што ўвесь вадаём пакрыты квітнеючымі лілеямі – іх было ажно трыццаць! Такую прыгажосць складана апісаць словамі – трэба бачыць на свае вочы, – шчасліва ўсміхаецца Ганна.
Сёння ўчастак сям’і Жытковіч упрыгожваюць самыя розныя расліны, якія радуюць рознаквеццем і зелянінай з ранняй вясны да позняй восені.– Вось гэтая хоста зацвіце толькі ў жніўні – вы б бачылі яе прыгожыя кветачкі. А гэты лілейнік пахне кавай, – праводзіць экскурсію па кветніку Аня і расказвае пра сваіх гадаванцаў. – Усё, што тут зроблена, – для сябе. Мы жывём на ўлонні прыроды і хочацца быць у гармоніі з ёй. Пабудавалі альтанку – Аляксей з дзяцінства любіць працаваць з дрэвам, бо яго дзядулі – прафесійныя столяры, – раніцай і вечарам у добрае надвор’е любім бавіць час тут.
На ўчастку пануе прыгажосць і гармонія, – але гаспадарам усё роўна штораз хочацца нешта змяніць. Сёлета яны ўзяліся за пабудову аднаго з модных трэндаў ландшафтнага дызайну – габіёна: незвычайнай клумбы з драцяной сеткі і камянёў.
– Так атрымліваецца, што большасць ідэй па добраўпарадкаванні мы прывезлі з-за мяжы, – дзеліцца гаспадыня. – Яшчэ адным захапленнем нашай сям’і з’яўляюцца падарожжы, і часта падчас наведвання іншых краін удаецца падгледзець штосьці прыгожае і потым “укараніць” гэта на сваім участку. А таксама з кожнай паездкі мы прывозім штосьці незвычайнае – напрыклад, расліны, якіх у Астраўцы няма.
Кожны член сям’і Жытковіч – індывідуальнасць і творчая асоба. З мамай Аняй і татам Аляксеем усё зразумела – але і дзяўчаты Інга і Даша – таксама творчыя натуры. Даша з дзяцінства захапляецца коньмі, яны – любімы сюжэт для малявання. Дзяўчына – навучэнка Гродзенскага гуманітарнага каледжа, і яе будучая прафесія поўнасцю звязана з творчасцю. Інга працуе ў банкаўскай сферы, але тым не менш таксама любіць ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі.
– А вось кветкі для нашых дзяўчат часцей за ўсё проста прыгожы фон для фотаздымкаў, – смяецца мама. – Канешне, пры неабходнасці яны дапамагаюць прыводзіць усё да ладу, часам нават выказваюць ідэі па добраўпарадкаванні, але “не фанацеюць” ад кветак, як я.Хоць, магчыма, гэта пакуль. А потым нехта падорыць ім кветку – і ўсё закруціцца, як некалі ў самой Ані.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Жытковіч.
