Знакомьтесь: Владислава Кохановская!
Уладзіслава Багданаўна Каханоўская – сацыяльны работнік больш чым з дваццацігадовым стажам. За гэты час змянілася многае: умовы працы, абставіны, людзі… Аднак ніколі не мянялася галоўнае імкненне жанчыны – дапамагчы і выслухаць людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.Як гэта нярэдка здараецца ў жыцці, Уладзіслава Багданаўна нават не думала, што будзе працаваць сацыяльным работнікам.
У дзяцінстве дзяўчынцы вельмі хацелася стаць падобнай на сваю першую настаўніцу Веру Пятроўну: быць такой жа добрай, уважлівай, клапатлівай, цікавай і ўраўнаважанай. Аднак дзіцячыя мары не збыліся, ды і крутым паваротам капрызлівага лёсу Уладзіслава Багданаўна не супраціўлялася – калі ўсё складваецца менавіта так, значыць, гэтаму і быць. Да таго ж і выбіраць не прыходзілася: другая па старшынству ў сям’і, дзе было шасцёра дзяцей, яна хутка зразумела, што бацькам неабходна дапамога, і ў сямнаццаць гадоў пачала працаваць.
– Мама і тата ніколі не былі супраць, каб я вучылася далей, – успамінае жанчына. – Мы жылі ў вёсцы Гарэцкаўшчына ў Ашмянскім раёне. Пасля заканчэння васьмігадовай мясцовай школы мы з сяброўкай паехалі паступаць у тэхнікум сувязі. Я паспяхова здала экзамены і прайшла, а Галя – не. Ну куды я без яе? Не па-сяброўску гэта! Я, нікому нічога не кажучы, забрала дакументы, а дома сказала, што таксама не паступіла, – і пайшла далей вучыцца ў школу. Праз некаторы час прызналася – бацькі толькі галавой паківалі. А можа, так яно і лепш – ад лёсу ўсё роўна не ўцячэш.
Пакуль Уладзіслава скончыла сярэднюю школу ў Гальшанах, у сям’і ўжо з’явіліся два студэнты – старэйшы брат і сярэдняя сястра. Вырашыўшы, што яе бацькі проста не здолеюць вывучыць, дзяўчына пайшла на “свой хлеб” – на Вільнюскую панчохава-трыкатажную фабрыку “Спарта”, дзе ўжо працавала сяброўка Галя.
– У той час многія нашы ў Вільнюс на працу ўладкоўваліся. Гэта цяпер віза патрэбна і куча дакументаў, а тады – сеў на аўтобус і паехаў. Ад дома недалёка, а плацілі на фабрыцы добра: сабе хапала, яшчэ і бацькам дапамагала. Працаваць было цікава, моладзі было шмат. Як збяромся разам – жарты, гоман, смех. Маладыя былі, кроў бурліла. Ну а затым я сустрэла будучага мужа – і жыццё пайшло па-іншаму сцэнарыю.
Ён жыў у суседняй вёсцы і таксама працаваў у Вільнюсе. Яны ведалі адзін аднаго, але бліжэй пазнаёміліся на вяселлі ў агульных знаёмых: ён быў з боку жаніха, яна – з боку нявесты. І пакуль усё наўкол спявала, танцавала і віравала ў карагодзе, дзесьці ў патаемных куточках дзвюх сэрцаў нарадзілася ўзаемнае пачуццё. І хутка грымнула яшчэ адно вяселле.
– Працаваць мы працягвалі ў Вільнюсе, там жа і жылі. У 1981 годзе я нарадзіла дачушку, яшчэ праз тры гады – сына. Яшчэ да другога дэкрэтнага водпуску ўладкавалася на завод імя 60-годдзя Кастрычніка, які чамусьці ўсе называлі “Пяцёрка”. Там мы збіралі розныя дэталі. У мужа таксама была добрая работа. Так мы і жылі да пачатку 90-ых. Ну а пасля…
Прыйшла перабудова. Незразумелая будучыня палохала і насцярожвала. Большасць людзей хвалявала адно і тое ж пытанне: што рабіць далей?
Каханоўскія вырашылі вяртацца ў Беларусь. Першым “на разведку” паехаў муж – у Ашмянскім раёне працы не было, а вось у Астраўцы яму прапанавалі не толькі месца будаўніка ў МПМК-158, але і жыллё. А што яшчэ трэба для сям’і?! Так для іх сям’і пачаўся астравецкі перыяд жыцця.
– Канешне, працу было нялёгка знайсці. Але я ніякай не цуралася – куды прапаноўвалі, туды і ішла: на падпрацоўку, сезонныя работы, замену адпачынку. Дарэчы, менавіта на падмену сацыяльнага работніка я і прыйшла ў 1994 годзе ў тады яшчэ райсабес. Думала: на некалькі месяцаў, а засталася больш чым на дваццаць гадоў. (Усміхаецца) Напэўна, сам лёс мяне сюды за руку прывёў.
З цеплынёй успамінае Уладзіслава Багданаўна свайгопадапечнага Франца Станіслававіча Дамброўскага-
Дубіцкага – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Здымак 2012 года.
Гэта зараз сацыяльная служба мае штат работнікаў па ўсім раёне. Тады ж усё пачыналася з некалькіх чалавек. Яны працавалі амаль без водпускаў, абслугоўвалі па дзесяць чалавек, аднак штодзень з усмешкай спяшаліся да сваіх дзядуль і бабуль.
– Хлусіць не буду, работа ў нас няпростая, бо ўсе людзі розныя і да кожнага трэба свой падыход знайсці. Пажылым людзям не столькі фізічная, колькі душэўная дапамога патрэбная – каб іх выслухалі, пагаварылі з імі, паспачувалі або парадаваліся. Для іх галоўнае – не адчуваць сябе адзінокімі і быць патрэбнымі. Яны прывыкаюць да нас, а мы – да іх. Так і называем – “мая Андрэеўна, Антонаўна, Іванаўна” – за столькі гадоў становімся роднымі, таму вельмі балюча, калі хтосьці з іх памірае. Ніколі не забыць мне Франца Станіслававіча Дамброўскага-Дубіцкага – які цікавы, добры і вясёлы чалавек быў, колькі мне ўсяго расказваў! Вайну прайшоў – а чалавечнасць не страціў. І заўсёды з усмешкай сустракаў. Бывае, прыйдзеш без настрою – не задаўся дзень з раніцы, – дык Франц Станіслававіч не выпусціць з хаты, пакуль не развесяліць. І ўсё па-добраму, інтэлігентна і шчыра.
А Фёдар Тарасавіч Ільяшэнка! Ды пералічваць можна бясконца. І памяць аб іх застанецца ў маім сэрцы назаўсёды.
Уладзіслава Багданаўна з самага пачатку зарэкамендавала сябе як адказны і добрасумленны работнік. Пацвярджаюць гэта і шматлікія граматы і падзячныя лісты ад раённага і абласнога кіраўніцтва. А сёлета яе партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару.
– Не люблю я гэтага, – дзеліцца Уладзіслава Багданаўна. – Ёсць жа ў нас работнікі куды больш заслужаныя і маладзейшыя. Я проста раблю сваю работу. Ды як я сваіх бабуль і дзядуль пакіну? Самае галоўнае не толькі ў нашай працы, але наогул у жыцці – міласэрнасць, дабрыня, шчырасць і душэўнасць. Трэба адносіцца да людзей так, як бы мы хацелі, каб адносіліся да нас.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
