Знакомьтесь: Валентин Кулевский!

Працягваючы цыкл публікацый аб людзях, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару, мы прапаноўваем пазнаёміцца з начальнікам перапрацоўчага цэха СВК “Гервяты” Валянцінам Пятровічам Кулеўскім, які на працягу трыццаці сямі гадоў працуе ў гэтай гаспадарцы.

У далёкім 1978 годзе ў якасці маладога спецыяліста ён прыехаў у тагачасны калгас “Радзіма”. Думалася, што часова, а сталася так, што Астравеччына стала другой радзімай Валянціна Пятровіча.

Як сапраўдны мужчына, ён пабудаваў у Гервятах дом, у якім на святы збіраецца вялікая і дружная сям’я, пасадзіў сад і выгадаваў разам з жонкай Ядзяй траіх дзяцей: сыноў Аляксандра і Віктара і дачку Вераніку…

ВЫТОКІ

На Іўеўшчыне ў невялікай вёсцы Эгерды ў сям’і Кулеўскіх нарадзіўся першынец Валянцін. Бацькі працавалі ў калгасе паляводамі. Тата быў майстрам на ўсе рукі – умеў і майстраваць, і рамантаваць, – пагэтаму пэўны час працаваў у будаўнічай брыгадзе. Праз дванаццаць гадоў на свет з’явіўся яшчэ адзін хлопчык – Станіслаў…

Здавалася б, якія клопаты ў дзяцей? Гэта бацькам трэба думаць, чым накарміць, у што апрануць малых. Але вясковыя хлапчукі і дзяўчынкі з маленства прывучаны да работы – у вёсцы кожная сям’я трымала гаспадарку: кароў, свіней, курэй...

– Бацькам даводзілася цяжка працаваць, – успамінае Валянцін Пятровіч. – Раней у калгасе грошай не плацілі: брыгадзір налічваў працадні, за якія ў канцы года атрымлівалі па 5-6 пудоў збожжа. Людзі жылі са сваёй гаспадаркі: можна было, падгадаваўшы, прадаць восенню цяля, а за дзясятак яек атрымаць сем капеек. Калі сям’я вялікая, то на продаж нічога не заставалася. Затое ў кожнай хаце пяклі свой хлеб.

Мы, малыя, дапамагалі бацькам. Працавалі ўсё лета, каб назапасіць на зіму сена, кармоў жывёле. У калгасе на працэнт ад скошанай травы давалі сена: выходзіла прыкладна два вазы. А на карову на зіму трэба было нарыхтаваць шэсць вазоў. Людзі звычайна ноччу касілі іржышча, дзеці днём складвалі яго ў валкі, а калі змяркалася, старэйшыя звозілі траву дадому. Я да гэтага часу не разумею, чаму брыгадзір не дазваляў касіць іржышча, калі яно ўсё роўна заворвалася? Вяскоўцы стараліся ўзяць тую дзялку лёну, дзе больш пустазелля, хоць рваць “траўлівы” лён цяжэй і больш марудна. Затое потым можна было скасіць траву, якая засталася!

У 1964 годзе тата і мама ўпершыню атрымалі зарплату за месяц – 7 і 4 рублі. І гэта была такая радасць!

Валянціну лёгка давалася вучоба ў школе, пагэтаму заставаўся час дапамагчы бацькам і нават падзарабіць. Штолета вясковыя хлапчукі збіралі лекавыя травы, сушылі іх, а пасля здавалі на прыёмныя пункты. У пошуках чырвонагаловікаў і крэпкіх баравікоў разам з сябрамі Валянцін уздоўж і ўпоперак абыходзіў бліжэйшыя лясы. З паўнюткімі кошыкамі грыбоў хлопцы кіраваліся да грыбаварань, якія ў той час працавалі амаль у кожнай вёсцы. А пасля ішлі дзёрці лазу з вербалозу – потым яе здавалі ў нарыхтоўчы пункт – з кары атрымлівалі дубільнае рэчыва для выдзелкі скур. Так за летнія канікулы можна было зарабіць да 40 рублёў і купіць нешта патрэбнае.

– У школе я вучыўся выдатна. Асабліва лёгка даваліся дакладныя навукі – фізіка і матэматыка. Хлопцы з нашай вёскі, якія вучыліся ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, і мяне падгаварылі туды падаваць дакументы, – расказвае Валянцін Пятровіч. – У 1973 годзе пасля заканчэння школы я паступіў у гэты інстытут. Усе на нашым курсе былі вясковымі, вучыцца было весела. І з вучобай праблем не

ўзнікала: сесіі здаваў на адны пяцёркі.

ДРУГАЯ РАДЗІМА

На апошнім курсе перад Валянцінам паўстала дылема: вяртацца на радзіму або ехаць у невядомы Астравецкі раён? Юнак выбраў другі варыянт – у накіраванні на размеркаванне было пазначана: “Калгас “Радзіма”.

Першага кастрычніка Валянцін разам з аднакурснікам Анатолем Чубрыкам прыехалі ў Гервяты. Тагачасны старшыня калгаса Андрэй Андрэевіч Галагаеў вагаўся, каго з сяброў прызначыць галоўным інжынерам, а каго пакінуць у падначаленні сябра. Гэтае пытанне вырашылі адзнакі ў заліковай ведамасці дыпломаў: Валянцін стаў галоўным інжынерам. А праз тры гады сябры памяняліся месцамі.

– Напачатку  80-х гадоў у калгасах хапала грошай, але не ставала дэталяў да сельскагаспадарчай тэхнікі. А сеяць жа трэба! У савецкія часы Прыбалтыка добра забяспечвалася запчасткамі і сельгасмашынамі – выручалі па-суседску. Даводзілася ездзіць за імі ў далёкія і адказныя камандзіроўкі: у эстонскі горад Пярну, у калінінградскі Савецк, у падмаскоўную Кашыру… Тады ж не было мабільных тэлефонаў – на месцы

дамаўляліся наконт тэхнікі, прывозілі запчасткі і трактары.

Памятаю сваю першую камандзіроўку. Праз два месяцы, як я прыехаў на працу, мяне накіравалі ў Харкаў. У новым трактары Т150, які быў на гарантыі, “паляцеў” рухавік… З заданнем я справіўся – і з гэтага часу пытанні па набыцці дэталяў і тэхнікі ляглі на мае плечы. Давялося пакалясіць па свеце ў пошуках патрэбнай тэхнікі. Але і без службовых заданняў давялося пападарожнічаць.

Пабываў у турыстычнай паездцы па Закаўказзі: у Пяцігорску, Баку, Ерэване, Тбілісі. У свой час наведаў знакаміты курорт Баржомі. А найбольш запамінальнае падарожжа – круіз па Міжземным моры: мы ўбачылі Адэсу, Афіны, Мальту, Турцыю…

У 1979 годзе ў калгасе “Радзіма” пачалося будаўніцтва новых майстэрняў. За два гады “выраслі” дом механізатара, павеці і майстэрня.

Пры непасрэдным удзеле Валянціна Пятровіча адбывалася рэарганізацыя цэха па ліццю каляровых металаў і стварэнне мукамольнага цэха. За выручаныя ад продажу станкоў грошы было набыта неабходнае абсталяванне для выпуску пшанічнай мукі і праведзены рамонт памяшканняў. Два млыны прывезлі з Пензы, а значную частку ўсяго абсталявання – шнэкі, транспарцёры, выцяжкі – рабілі сваімі сіламі. Таксама ў мукамольным цэху з’явілася крупарушка, якую таксама зрабілі калгасныя майстры. Гервятцы не памыліліся ў сваёй ініцыятыве: попыт на мясцовую муку быў вялікі.

Праз некаторы час мукамольны і кансервавы цэх аб’ядналі, а Валянціна Пятровіча прызначылі начальнікам.

– Калі я прыйшоў працаваць у кансервавы цэх, забою не было – жывёлу везлі на Ашмянскі мясакамбінат. У Гервяты прывозілі мяса, з якога мы затым рабілі тушонку. У 2006 годзе абсталявалі забойны цэх: зрабілі падвясныя шляхі, набылі спецыяльную пілу, прыстасавалі халадзільнікі, каб вытворчасць была бесперабойнай. Калі на ферме здарыцца якое няшчасце з быком ці з каровай, то зараз жа жывёлу  прывозяць да нас – і свежае мяса ідзе ў перапрацоўку.

РАБОТА

Першую партыю мясных кансерваў мясаперапрацоўчы цэх СВК “Гервяты” выпусціў у 1994 годзе. Зараз у месяц у сярэднім тут вырабляецца каля 30 тысяч бляшанак, а ў студзені гэтага года было выпушчана 44 тысячы бляшанак.

Рэцэптура вядомых і за межамі Астравеччыны кансерваў засталася тая ж: ніякіх штучных дабавак, усё натуральнае – мяса, тлушч, цыбуля, соль і прыправы. Зараз гервятцы выпускаюць чатыры віды кансерваў: “Ялавічына”, “Свініна”, “Каніна”, “Каша пярловая з ялавічынай”.

Мясаперапрацоўчы цэх СВК “Гервяты” пастаўляе ў фірменныя магазіны, акрамя кансерваў яшчэ і паўфабрыкаты.

– Згодна з Тэхнічным рэгламентам Саюзнай дзяржавы, плануем у бліжэйшы час пераабсталяваць вытворчасць, – расказвае начальнік перапрацоўчага цэха. – Калі наша прадукцыя будзе адпавядаць гэтым ветэрынарна-санітарным правілам, мы зможам пашырыць рынкі збыту і пастаўляць прадукцыю ў Расію і Казахстан. Плануем завяршыць рэканструкцыю перадзабойнай базы і пераабсталяваць сталы для нутроўкі, таму што накладка мяса ў бляшанкі па-ранейшаму адбываецца ўручную. У далейшых планах –халадзільнік на 20 тон: гэта дазволіла б прадаваць ялавічыну.

Як адходы могуць прыносіць даход, не па чутках ведаюць у гервяцкім кансервавым цэху. Спецыяльна для адходаў нядаўна быў набыты рэфрыжэратар на 23 тоны. Прыватнае прадпрыемства “Сарыя”, якое спецыялізуецца на вытворчасці мясакостнай мукі, забірае адходы вытворчасці і плаціць за гэта грошы.

Пад кіраўніцтвам Валянціна Пятровіча ў перапрацоўчым цэху працуе 19 чалавек.

– Кіраўнік павінен ведаць, што адбываецца на яго прадпрыемстве або ў арганізацыі. Напрыклад, некалі былы старшыня калгаса Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі знаходзіўся ў канторы не больш гадзіны. Калі будзеш сядзець склаўшы рукі, то, вядома, і людзі не стануць працаваць. На любой вытворчасці павінен быць пільны, а галоўнае – нябачны для падначаленых кантроль. Я заўсёды адзначаю для сябе пэўныя ўпушчэнні і

недапрацоўкі работнікаў. А пры выпадку між іншым скажу аб гэтым чалавеку.

СЯМ'Я

Менавіта ў калгасе “Радзіма” Валянцін Пятровіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ядзяй. Яна крыху раней прыехала ў Гервяты па размеркаванні.

– У калгасе раней амаль усе работнікі былі мясцовыя – бухгалтары, спецыялісты, – успамінае Валянцін Пятровіч. – Ядзю накіравалі працаваць у кантору. Усе бухгалтары гаварылі па-літоўску, і ёй давялося вывучыць літоўскую мову.

Пасля вяселля маладыя жылі ў доме механізатара. У 1984 годзе пабудавалі першыя калгасныя катэджы, і дзесяць сямей, у тым ліку і Кулеўскія, атрымалі жыллё.

Пасля распаду Савецкага Саюза, калі не было ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, Валянцін Пятровіч пачаў будаўніцтва ўласнага дома. На ўсе грошы, якія былі на ашчаднай кніжцы, закупіў будаўнічыя матэрыялы... Праз некаторы час сям’я пераехала ў свой дом.

– Разам з жонкай мы выгадавалі траіх дзяцей. Дарэчы, усе яны закончылі Гервяцкую школу з залатым медалём. Першынец, Аляксандр, пры паступленні ў БДУІР здаваў толькі адзін экзамен, таму што перамог у рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы. Віктар вучыўся ў народна-гаспадарчым інстытуце, а зараз працуе начальнікам аддзела Еўрапейскіх крапежных тэхналогій. Вераніка пасля заканчэння Беларускага

дзяржаўнага ўніверсітэта працуе ў фірме, якая займаецца прасоўваннем сайтаў. А яшчэ я – дзядуля гадавалай унучкі Аляксандры….

На вялікія святы ў бацькоўскім доме збіраюцца ўсе дзеці. І больш нічога не трэба для шчасця – бо побач з табой самыя блізкія і любімыя людзі.

…Поспехі, як вытворчыя, так і жыццёвыя, у большай ступені залежаць не ад наканаванасці лёсу, а ад самога чалавека.

Здавалася б, Валянцін Пятровіч Кулеўскі па-максімуму выканаў праграму сапраўднага мужчыны: для дзяцей і пакуль што адзінай унучкі Аляксандры ён па-ранейшаму застаецца самым лепшым у свеце бацькам і дзядулем, для калег па рабоце – справядлівым і граматным кіраўніком, для сяброў і знаёмых – надзейным таварышам. Але нічога звышнатуральнага мужчына ў гэтым не бачыць: ніякай магічнай формулы простага

чалавечага шчасця не існуе… Валянцін Пятровіч дакладна ведае, што сваім шанцаваннем па жыцці ён абавязаны жонцы Ядзі – разумнай і мудрай жанчыне, сяброўцы і дарадцы. Яны разам гадавалі дзяцей, будавалі дом і садзілі яблыні...


--------------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.