Знакомьтесь: участковый инспектор Александр Кондратович!

милиционер КондратовичСёння ў гасцях нашай традыцыйнай рубрыкі – маёр Аляксандр Іванавіч Кандратовіч, старшы ўчастковы інспектар Астравецкага раённага аддзела ўнутранных спраў.

Працаваць у прававых органах Аляксандр Кандратовіч марыў з дзяцінства. І яго жаданне падтрымалі бацькі. Аднак да сваёй мэты юнак ішоў не спяшаючыся. Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 падаў дакументы ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум – і стаў юрыстам. І толькі потым вырашыў штурмаваць сцены Акадэміі міліцыі.
А вось служба ў аддзеле ўнутраных спраў пачалася з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Праз нейкі час давялося змяніць накірунак дзейнас-ці: Аляксандра Іванавіча перавялі ў пашпартны стол, а яшчэ праз некалькі гадоў – у аддзел аховы правапарадку.
– Менавіта на гэтым месцы я адчуваю сябе патрэбным, – усміхаецца Аляксандр Іванавіч. – З дзяцінства марыў дапамагаць людзям, ратаваць іх ад бяды і з бяды. Працуючы ўчастковым інспектарам, ты можаш дапамагчы чалавеку стаць на шлях выпраўлення.
Сёння пад “апекай” Аляксандра Івана-віча немалая частка Астраўца – мікрараён Валадарскага, некалькі вуліц першага мікрараёна нашага горада і шэраг іншых – і са сваімі абавязкамі, як сцвярджаюць яго калегі, Аляксандр Кандратовіч спраўляецца вельмі добра.
– Канешне, пасля ўзвядзення першага мікрараёна работы прыбавілася, – расказвае старшы ўчасковы інспектар. – Міліцыя ў разуменні людзей – караючы орган. Гэта, канешне, неаспрэчная ісціна, аднак у першую чаргу мы стараемся папярэдзіць правапарушэнне ці злачынства – і толькі потым, калі прафілактычная работа не дапамагла ці не атрымалася прадухіліць бяду, даводзіцца складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях – і такім чынам караць нашых грамадзян.
Нягледзячы на рост насельніцтва горада, колькасць правапарушэнняў на ўчастку Аляксандра Іванавіча знізілася. А гэта значыць, што прафілактычная работа дзейнічае. Аднак не ўсе і не заўсёды з’яўляюцца законапаслухмянымі грамадзянамі, таму складаць пратаколы за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане ці за распіццё спіртных напояў усё ж даводзіцца – 190 з іх на ліку Аляксандра Іванавіча. А некаторыя астраўчане з участка Кандратовіча, для якіх алкаголь стаў лепшым сябрам, сёння знаходзяцца на прымусовым лячэнні ад алкагалізму ў лячэбна-працоўных прафілакторыях. Хочацца спадзявацца, што такія ўрокі жыцця пойдуць ім на карысць – і на радзіму яны вернуцца здаровымі людзьмі.
– Канешне, большасць жыхароў нашага горада, пастаянных і прыезджых, добрапрыстойныя грамадзяне. Аднак, як гавораць, у сям’і не без вырадка, менавіта таму і сітуацыі здараюцца розныя, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Калі прафілактычная работа не прыносіць карысці, даводзіцца прыбягаць да іншых мер.
Сёння супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў падтрымку аказваюць прадстаўнікі райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, члены грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.
– Я вельмі ўдзячны намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама Віктару Збігневічу Свіле, старшыні савета грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Валерыю Рамуальдавічу Шлыковічу, дырэктару Астравецкага лясгаса Рыгору Мечыслававічу Долгаму за падтрымку і дапамогу, якую яны аказваюць у маёй рабоце. Зразумела, што нам не абысціся і без падтрымкі кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў – начальнік міліцыі Уладзімір Іванавіч Квач і яго намеснікі Мікалай Яраслававіч Халецкі, Валерый Аркадзьевіч Супрановіч і Вадзім Мар’янавіч Савіцкі заўсёды ў курсе спраў участковых інспектараў.
Рабочы дзень Аляксандра Іванавіча Кандратовіча ненармаваны – часам працаваць даводзіцца не толькі днём, але і ноччу, выязджаць у рэйды, на выклікі і прафілактычныя мерапрыемствы.
– Вось чаму вельмі важна мець надзейны тыл. І ў гэтым плане мне пашанцавала: дома заўсёды чакаюць любімыя людзі – жонка Аксана і сын Дзмітрый, – дзеліцца асабістым участковы інспектар.
– У дзяцінстве я сур’ёзна захапляўся спортам, хадзіў на секцыі па валейболе і футболе, займаўся вольнай барацьбой, – расказвае пра свае захапленні Аляксандр Іванавіч. – І гэтыя спартыўныя ўрокі, якія мне даў у свой час Іван Іванавіч Бароўка, дапамагалі і падчас вучобы, ды і цяпер аказваюцца не лішнімі. Сёння цікавасць да спорту я стараюся перадаць і свайму сыну. Дзіма таксама наведвае секцыю па баскетболе. Мне хацелася б, каб і ён выбраў прафесію, звязаную з работай у прававых органах.
Зразумела, што на рабоце сумаваць не даводзіцца, але і дома Аляксандр Іванавіч вядзе актыўны лад жыцця. Цяга да чытання, якая бярэ пачатак з дзяцінства, калі ён захапляўся фантастыкай, перарасла ў любоў да кнігі ў цэлым. А летам, калі надаецца вольная часіна, Аляксандр адпраўляецца на рыбалку. Пошум ветру, шолах лісця і роўная гладзь вады – што яшчэ трэба, каб адпачыць?!
Прафесіянал на сваім рабочым месцы, шчаслівы муж і бацька, Аляксандр Іванавіч Кандратовіч упэўнена глядзіць у будучыню. А ўсё таму, што запаветная мара дзяцінства – дапамагаць людзям і ратаваць іх з бяды – ажыццявілася.

----------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.