Знакомьтесь: тренер по жизни Игорь Ганулич!

гордость района ГануличЗа кожным поспехам спартсмена, за яго перамогамі і дасягненнямі нябачным ценем стаіць трэнер. Той, хто дапамагаў рабіць першыя крокі ў свет спорту, падтрымліваў падчас няўдач, знаходзіў патрэбныя словы, каб супакоіць, падштурхоўваў да новых вяршынь – і каго сапраўдныя спартсмены будуць памятаць заўсёды.

Многія астравецкія лёгкаатлеты з удзячнасцю ўспамінаюць свайго трэнера Ігара Дзмітрыевіча Гануліча. Сёлета яго партрэт рашэннем райвыканкама быў занесены на раённую Дошку гонару.

Напэўна, у жыцці кожнага чалавека бываюць пераломныя момант, падзеі, здарэнні, якія ўплываюць на ўсё далейшае жыццё. Здараецца, спачатку мы гэтага не заўважаем і ўспрымаем усё як належнае. І часам толькі праз дзесяцігоддзі разумеем, што выбар будучыні быў падсвядомы.

Для звычайнага хлопчыка Ігара з Драгічына такі момант наступіў у 9-гадовым узросце, калі ён прыйшоў запісвацца ў секцыю па вольнай барацьбе.

– Мой бацька ў свой час займаўся боксам, – расказвае Ігар Дзмітрыевіч. – Ён і мяне схіляў прымерыць скураныя пальчаткі і паспрабаваць сілы на рынгу. Мне ж падабалася вольная барацьба. У нашым горадзе нярэдка адбываліся хуліганскія бойкі: вуліца на вуліцу, раён на раён – гэта была рэальнасць таго часу. Старэйшыя хлопцы вучылі нас, малодшых, што заўсёды трэба ўмець пастаяць за сябе, заступіцца за іншых і абараніць гонар сваіх. Аднак якая карысць у пустым маханні кулакамі? Мне хацелася навучыцца прафесійным прыёмам барацьбы, ведаць і ўмець карыстацца тэхнікай бою, таму і вырашыў запісацца ў спартыўную секцыю. Вось толькі ўзнікла дылема паміж бацькоўскай марай і маім жаданнем – у гэтым паядынку перамога была на маім баку: я пайшоў на барацьбу.

Менавіта гэта і паслужыла стартам сяброўства Ігара Гануліча і спорту. Ён і сам не заўважыў, як яго паглынула няўрымслівая віхура трэніровак, спаборніцтваў – і ён пакаштаваў непаўторны смак перамогі. Раённыя турніры, абласныя, рэспубліканскія – хлопец пакараў усё новыя вяршыні. Пасля 8-га класа ён прадоўжыў вучобу ў Бабруйскім спартыўным інтэрнаце – прататып цяперашніх вучылішч алімпійскага рэзерву. Вельмі хутка Ігар зарэкамендаваў сябе здольным спартсменам – і трапіў у нацыянальную зборную Рэспублікі Беларусь. У яе складзе ўдзельнічаў у першынстве СССР сярод спартыўных інтэрнатаў, дзе заняў пятае месца.

– Спаборніцтваў было вельмі шмат, – успамінае трэнер. – Як і медалёў самай рознай пробы з абласных, рэспубліканскіх, міжнародных турніраў. З часам успаміны сціраюцца з памяці, але я ніколі не забуду першую перамогу на першынстве вобласці – вось гэта была радасць! Унутры мяне бурлілі віры эмоцый. Мне было 13 гадоў. Гэта быў мой трыумф! Тады і зразумеў: я – магу!

У трэніроўках і выступленнях непрыкметна прайшлі гады вучобы ў спартыўным інтэрнаце. Пасля яго заканчэння перад юнаком зноў паўстала дылема: куды далей? Ізноў яго жаданне адрознівалася ад бацькоўскага. Ігару хацелася паступаць у ваенны інстытут – модна, прэстыжна, прыгожая форма, а фізічных нагрузак загартаваны трэніроўкамі хлопец не баяўся. Бацькі яго выбар не падтрымалі: быў якраз пачатак 80-х, балючымі чуткамі і цынкавымі трунамі сталі даносіцца водгукі вайны ў Афганістане. Ганулічы раілі сыну не сыходзіць са спартыўнай дарожкі, а рухацца ў гэтым накірунку далей. Да бацькавых довадаў далучыліся ціхія і пранікнёныя ўгаворы маці. На гэты раз паядынак выйгралі бацькі – Ігар Гануліч стаў студэнтам факультэта фізічнай культуры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

– Як праходзілі гады вучобы? – перапытвае Ігар Дзмітрыевіч. – Ды, напэўна, як і зараз: першы год ты працуеш на залікоўку, затым – яна на цябе. Трэніраваліся, выступалі на розных турнірах. Падчас спаборніцтваў аб’ездзілі амаль увесь Савецкі Саюз. Асабліва запомніўся Каўказ – ні з чым не параўнальная прыгажосць.

У кожным узросце свае цікавасці і захапленні – жыццё віравала і імкліва рухала наперад. Універсітэт Ігар Дзмітрыевіч заканчваў ужо жанатым – і пасля размеркавання маладыя людзі паехалі на радзіму жонкі. Так стартаваў астравецкі перыяд жыцця мужчыны.

– Працаваў у Спондаўскай, Гервяцкай, Варнянскай школах. А затым тагачасны дырэктар Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Пятровіч Пятроў прапанаваў перайсці да яго. Я вырашыў паспрабаваць – і ўжо 24 гады тут працую. Праўда, секцыю па вольнай барацьбе так і не адкрылі, давялося перакваліфікавацца ў трэнера па лёгкай атлетыцы. Але я ні аб чым не шкадую, бо, па вялікаму рахунку, няважна, які від спорту выкладаеш, галоўнае – данесці да дзяцей асноўныя правілы і прывіць да яго захапленне.

Гэта ў Ігара Дзмітрыевіча атрымліваецца, і паспяховыя выступленні яго выхаванцаў на розных спаборніцтвах – найлепшае гэтаму пацверджанне. Сярод тых, каго настаўляў, вучыў, у каго ўкладваў сілы педагог, – пераможцы ў вобласці, рэспубліканскія прызёры, а таксама навучэнцы вучылішча алімпійскага рэзерву і інстытута фізічнай культуры, якія вырашылі, як калісьці іх трэнер, звязаць жыццё са спортам.

– У мяне былі два асноўныя настаўнікі ў жыцці, якім буду заўсёды ўдзячны за навуку і парады, – гэта мой бацька Дзмітрый Дзмітрыевіч, які вучыў простым правілам чалавечнасці і жыццёвым мудрасцям, і першы трэнер Мікалай Аляксандравіч Шаўчук, які пазнаёміў са спортам. Для мяне спорт – гэта жыццё, і ўявіць сябе на іншым месцы я не магу. Люблю глядзець спартыўныя перадачы, чытаю спартыўную перыёдыку: я павінен быць у курсе ўсіх спартыўных навін як у краіне, так і свеце. І галоўнае дасягненне – гэта поспехі маіх вучняў: маёй малодшай дачкі Яны, якая пайшла ў спорт з 3-гадоў, Юліі і Аляксея Скварцовых, Максіма Букеля, Аляксандра Нарковіча, Максіма Андралойця і многіх іншых, якія толькі пачынаюць свой шлях да перамог. Гледзячы ў іх радасныя вочы, разумееш, што сілы, намаганні і нервы не былі патрачаны – а значыць, я недарэмна працую і жыву на гэтым свеце.

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.