Знакомьтесь: Тереса Молочко!
У рабочы кабінет Тарэсы Станіславаўны Малочка прыемна ўвайсці. У любую пару года наведвальнікаў тут радуюць кветкі – архідэі, цыкламены, фіялкі… А яшчэ – сама гаспадыня, якая ўсіх сустракае добразычлівай усмешкай.У снежні спаўняецца 30 гадоў, як Тарэса Станіславаўна працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, з іх 21 год – галоўным бухгалтарам.
А пачыналася ўсё яшчэ ў дзяцінстве. Тарэса была пятым дзіцём у шматдзетнай сям’і Баршчэўскіх.
– Жылі мы ў вёсцы Стасюкішкі, непадалёку ад Лошы, – успамінае Тарэса Станіславаўна шчаслівыя моманты дзяцінства, і яе твар свеціцца радасцю. – Сёння ўжо і вёскі гэтай няма, а ўспаміны захаваліся. Бацькі былі працавітыя – і нас выхоўвалі ў працы.
Гаспадарка ў Баршчэўскіх была вялікая, таму ў кожнага з васьмі дзяцей былі свае абавязкі.
– Адныя збіралі бульбу, другія яе абіралі, малодшыя рвалі траву жывёле, а старэйшыя даілі кароў – іх у нас заўсёды было некалькі, – расказвае Тарэса Станіславаўна. – І ўсё атрымлівалася хутка і дружна атрымлівалася.
З дзяцінства Тарэса расла ўседлівай, любіла чытаць. А яшчэ дзяўчынку вабілі лічбы.
– Пра школу засталіся самыя светлыя ўспаміны. Мы вучыліся ў Дайноўскай школе – сёння яна размешчана на тэрыторыі летніка “Ластаўка”, – успамінае Тарэса Станіславаўна. – Чамусьці часта ўспамінаецца, як мы дзяжурылі ў сталовай – дапамагалі школьным паварам гатаваць абеды: бульбу абіралі, сталы накрывалі… А яшчэ ездзілі на спаборніцтвы і на экскурсіі па Беларусі і па суседняй Літве.
Вучыцца дзяўчыне падабалася, веды даваліся лёгка. Ёй не даводзілася гадзінамі карпець над падручнікамі – часам хапала проста ўважліва слухаць настаўніка, каб пераказаць пачутае. Дайноўскую школу дзяўчына закончыла на “выдатна”. І ў Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум на новамодную на той час спецыяльнасць “механізацыя бухгалтарскага ўліку” яе ўзялі без экзаменаў.
– Мне заўсёды падабалася вучыцца. Падчас вучобы ў тэхнікуме нас адправілі на практыку ў Мінск у інфармацыйна-вылічальны цэнтр чыгуначнай дарогі. Велізарныя вылічальныя машыны, якія значна аблягчалі працу бухгалтара, вельмі ўразілі. І так хацелася навучыцца працаваць на іх! – расказвае Тарэса Станіславаўна.
Пасля заканчэння тэхнікума дзяўчына вярнулася на Астравеччыну. Працаваць стала ў цэнтральным статыстычным аддзеле эканамістам па нарыхтоўках.
– Першае працоўнае месца прывіла пачуццё адказнасці за тое, што ты робіш, і дысцыпліну, – усміхаецца Тарэса Станіславаўна. – У статыстыцы дысцыпліна заўсёды стаяла на першым месцы. Трэба здаць справаздачу да 10 гадзін раніцы – значыць, ні адной хвілінай пазней. І спазненне на работу нават на пяць хвілін было недаравальным.
Сёння Тарэса Станіславаўна з удзячнасцю ўспамінае сваіх калег, якія для маладога спецыяліста сталі настаўнікамі ў прафесіі. Адна з такіх – Марыя Міхайлаўна Міхайлоўская, якая не толькі давала каштоўныя ўказанні, але і дапамагала.
Пяць гадоў адпрацавала Тарэса Станіславаўна ў статыстычным аддзеле. А пасля ў маладой сям’і – на той час дзяўчына ўжо паспела пабрацца шлюбам з Леанідам Іванавічам Малочкам – нарадзіўся першынец Дзімка. І ўвесь вольны час маладая мама прысвячала сыну.
– На той час у модзе быў самаробны трыкатаж – і я вязала. Закончыла курсы кройкі і шыцця – радаваць абноўкамі сваіх родных мне вельмі падабалася.
Праўда, надоўга ў дэкрэтным адпачынку Тарэса Станіславаўна не затрымалася – аддзел адукацыі шукаў эканаміста, і жанчына вырашыла змяніць месца працы. Так атрымалася, што аднойчы – і назаўсёды.
– Пасля цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення працаваць у аддзеле адукацыі было лёгка, – расказвае Тарэса Станіславаўна. – Часта даводзілася падмяняць супрацоўнікаў на іншых участках – гэта дало добры вопыт. І з другога дэкрэтнага адпачынку, пасля нараджэння сына Жэні, я прыйшла на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. А праз два гады мяне прызначылі галоўным бухгалтарам.
За трыццаць гадоў працы ў сістэме адукацыі змяняліся кіраўнікі і падначаленыя, падрасталі і зніжаліся заработныя платы – але ў Тарэсы Станіславаўны ніколі не ўзнікала жаданне змяніць месца працы.
– Я заўсёды лічыла, што сапраўдным спецыялістам можна стаць толькі тады, калі будзеш працаваць на адным месцы. Толькі так можна набыць вопыт у сваёй галіне, а потым перадаць яго сваім малодшым калегам, – упэўнена Тарэса Станіславаўна. – Я не магу зразумець “летуноў”, якія гоняцца за больш высокай зарплатай і амаль штомесяц змяняюць месца працы.
Тарэса Станіславаўна з упэўненасцю называе бухгалтэрыю аддзела адукацыі “кузняй кадраў”: менавіта тут многія маладыя спецыялісты набываюць першы вопыт і затым атрымліваюць больш высокія пасады ў іншых арганізацыях і на прадпрыемствах.
– Як некалі ў статыстыцы за мной замацавалі старшага калегу-настаўніка, так і я стараюся за нашымі маладымі супрацоўнікамі замацаваць больш вопытных калег, якія могуць навучыць і падказаць, – дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Тарэса Станіславаўна. – А калі малады спецыяліст і сам імкнецца чамусьці навучыцца, то бачыш, як ён расце проста на вачах. І, канешне, ганарышся такімі супрацоўнікамі.
Нядаўна ў аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама ў родных і знаёмых Тарэсы Станіславаўны Малочка ўзнікла яшчэ адна падстава для гонару: яе партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару.
– Для мяне гэта быў вялікі сюрпрыз. Мушу прызнацца: было прыемна і радасна, хаця і неспадзявана, – усміхаецца Тарэса Станіславаўна. – Я заўсёды ганарылася сваімі бацькамі. Тата Станіслаў Іосіфавіч працаваў трактарыстам, а мама Стэфанія Міхайлаўна была паляводам – яе партрэт не раз быў занесены на Дошку гонару. І мы, дзеці, вельмі радаваліся гэтаму і ганарыліся мамай.
Узрадаваліся за маці і бабулю і ўнукі Насця і Мікіта.
– Я люблю, калі дзеці прыходзяць у госці. Дзіма з сям’ёй жыве ў Астраўцы – і ў бацькоўскі дом наведваецца часцей, чым Жэня, які пасля вучобы застаўся ў Мінску, – расказвае Тарэса Станіславаўна. – Калісьці я здзіўлялася, як усё паспявае мая маці. Калі б мы ні прыехалі – у яе заўсёды было што паставіць на стол. Узнікала адчуванне, што яна чакае нас кожны дзень. А зараз і я заўсёды сустракаю дзяцей накрытым сталом.
І смачны мядовік, які стаў фірменным дэсертам Тарэсы Станіславаўны, заўсёды ў такіх выпадках – у цэнтра стала. Ад матулі перадалася Тарэсе Станіславаўне і любоў да кветак – імі запоўнены пакоі дома, радуюць яны гаспадыню і ў кветніку.
– Увогуле я – чалавек зямлі. Работа ў мяне напружаная. За дзень, вядома ж, стамляешся. Але прыходзіш дадому, апускаеш рукі ў зямлю – і яна адцягвае ўсю негатыўную энергію, здымае стомленнасць і галаўны боль. І вечарам, напрацаваўшыся ў агародзе і кветніку, адчуваеш сябе самай шчаслівай і здаровай.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Вольгі ХАЦЯНОВІЧ.
