Знакомьтесь: Тамара Котяк!
Працягваючы цыкл публікацый у рамках праекта “Гонар раёна”, у якім мы расказваем чытачам “Астравецкай праўды” пра людзей, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару, мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва Тамарай Аляксандраўнай Кацяк.Жанчына гэтая – нібы жывое ўвасабленне паняцця “парадокс”: Тамара Аляксандраўна – прыгожая, стройная, усмешлівая – з’яўляецца адным з кіраўнікоў, бадай, самай мужчынскай галіны – будаўніцтва.
Зрэшты, гэта не адзінае праяўленне парадаксальнасці ў жыцці і лёсе Тамары Аляксандраўны Кацяк...
Як разбітыя мары становяцца лёсам
– Тамара Аляксандраўна, цяжка нават уявіць, каб дзяўчына з вашай знешнасцю і фігурай марыла стаць будаўніком… Прызнайцеся: сцэну, пэўна, снілі па начах?
– Не ўгадалі…
У мяне мама настаўніца, і я заўсёды марыла стаць педагогам. Калі больш канкрэтна, то выкладчыцай геаграфіі – вельмі падабалася мне “падарожнічаць” па карце свету. Але нездарма кажуць: хочаш рассмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы…
У Брэсцкі педагагічны інстытут я не паступіла – не прайшла па конкурсу. Збіралася ўжо ехаць дахаты. Ды сустрэла сяброў, якія прыехалі ў Брэст падаваць дакументы ў тагачасны інжынерна-будаўнічы інстытут. Яны і прапанавалі: навошта табе год марнаваць, пайшлі з намі за кампанію! І вось уявіце сабе: у педагагічны, пра які марыла і да паступлення ў які рыхтавалася, я не прайшла, а ў інжынерна-будаўнічы – без усялякіх праблем, без падрыхтоўкі – лёгка. Па сённяшнім часе, калі выпускнікі за два-тры гады пачынаюць рыхтавацца да паступлення, наймаюць рэпетытараў, здаюць тэсціраванне, такія “віражы” проста немагчымыя…
Толькі я ўсё роўна марыла, што адвучуся першы курс, забяру дакументы і зноў пайду штурмаваць свой педагагічны. Але да таго часу з’явіліся сябры, і я засталася…
Праўда, на першым часе я мала разумела, кім я стану, “калі вырасту”, у чым будзе заключацца мая работа. Больш-менш гэта стала ясна, калі пасля трэцяга курса пачаліся вытворчыя практыкі: мы ездзілі ў будатрады, вучыліся працаваць: тынкаваць, клеіць шпалеры, нават кладку лажыць… Да таго часу з дзяўчат, якіх падчас паступлення было прыкладна палова, засталіся адзінкі, бо вучыцца было цяжка, гэта не ў педагагічным. Але мне прыроджанае пачуццё адказнасці не дазваляла здавацца. Ды і сорамна было б перад бацькамі – вярнуцца дахаты недавучанай. Так што я старалася.
Заканчвала я ўжо політэхнічны інстытут – падчас нашай вучобы адбылася яго рэарганізацыя – у так званыя “ліхія 90-ыя”. Размеркавання ў нас не было, працу шукалі самі. Я вярнулася дахаты, у Астравецкім праўленні капітальнага будаўніцтва ў тэхнаглядзе якраз была вакантная пасада – там я і стала працаваць. Канешне, спачатку было няпроста: адна справа – вучоба, а зусім іншая – канкрэтная работа, тым больш што вопыту ў мяне не было. Але з цягам часу прыйшло разуменне, што ад мяне патрабуецца. І – радасць ад усведамлення, што вось у гэтым доме, ці клубе, ці ферме ёсць часцінка і тваёй працы. Пачуццё, скажу я вам, неперадавальнае…
Праз нейкі час я не тое што зразумела – адчула, усвядоміла, што будаўніцтва – гэта і ёсць мой лёс і нічым іншым я ўжо не хачу займацца: мне гэта падабаецца, я гэта ўмею, я тут патрэбная, у мяне атрымліваецца…
Так што на лёс, які не спраўдзіў маю дзіцячую мару, я не наракаю – наадварот.
Высокія абцасы і ненарматыўная лексіка…
– Жанчына-кіраўнік – з’ява хоць не вельмі частая, але ўсё ж ужо досыць звыклая. Жанчына-кіраўнік будаўніцтва – гэта яшчэ адзін парадокс. Тым больш з такой знешнасцю, на такіх абцасах і ў такой спадніцы… Як вы самі ацэньваеце: колькі ў вас – ад жанчыны, колькі – ад кіраўніка і колькі – ад будаўніка?
– Ну, наконт рэдкай з’явы я б з вамі паспрачалася… У Гродзенскай вобласці ўжо палова начальнікаў упраўлення капітальнага будаўніцтва – жанчыны.
А што тычыцца знешнасці, то, на маю думку, жанчына павінна заўсёды заставацца жанчынай, незалежна ад таго, дзе і кім яна працуе.
Аднойчы я прыехала на нейкі штаб на ферму ў гумовых ботах – ну ферма ж, будоўля, шкада новых туфляў! І адчувала сябе вельмі ніякавата… Ды яшчэ пару “кампліментаў” з гэтай нагоды мне адважылі. З таго часу гумовікі і рабочая куртка так і ляжаць у гаражы – а я ўсюды і заўсёды, на любую будоўлю, іду ў туфлях на абцасах і ў спадніцы. Я ж сярод мужчын працую – мне трэба заўсёды выглядаць адпаведна. І не буду хлусіць: мне падабаецца чуць кампліменты – сапраўдныя, без двухкосся…
А што тычыцца таго, наколькі я будаўнік, то вы, напэўна, маеце на ўвазе тое, што будоўля без ненарматыўнай лексікі не бывае, так?.. Для мяне гэта доўга было выпрабаваннем… Я ж – дачка настаўніцы і на будоўлі размаўляла адпаведна: “Калі ласка”, “Прабачце”, “Даруйце”… “Ох, не атрымаецца з цябе, Тамара, будаўніка, – усё круціў галавою мой кіраўнік практыкі. – На будоўлі такія культурныя не працуюць.” Толькі я не магла па-іншаму – выхаванне не дазваляла…
Але аднойчы нейкі аб’ект у нас быў у Вароне – нават не памятаю дакладна, які. І рабочыя – ну нічога не робяць. Я і так, і гэтак – як з гуся вада. Тады ўжо не вытрымала і такую тыраду выдала! Сама не здагадвалася, што гэткія словы ведаю. Мне было сорамна – але будаўнікам дайшло: усё зрабілі як мае быць. З таго часу хоць і не часта, але так званую ненарматыўную лексіку ўжываю – калі не працуюць іншыя аргументы. (Ох, уяўляю, што мне будзе, калі мама пачытае, – прабач, матуля). Але гэта – у выключных выпадках!
Увогуле будаўнікам зараз цяжка… Патрабаванні да іх працы павышаныя – і да тэрмінаў будаўніцтва, і да якасці, спецыялістаў не хапае, фінансаванне нестабільнае. Так што спакойнай нашу працу ніяк не назавеш. Асабліва складаным быў 2008 год, калі мы рыхтаваліся да юбілею горада і практычна адбудавалі ўвесь Астравец. Аб’ектаў мноства, на кожным мы – заказчыкі: я часам нават не магла запомніць усіх праекціроўшчыкаў і падрадчыкаў, з якімі даводзілася ў той час працаваць. Тэрміны сціслыя – усё трэба рабіць адначасова і адразу. Фінансаваліся цераз крэдыты, а гэта азначала, што ўвага да выкарыстання кожнай капейкі будзе павышанай. Юрыста ў нас няма – кожны дагавор мы з эканамістам Палінай Аляксееўнай Зімой праглядвалі асабіста. У той год мы забыліся не толькі пра адпачынак, але і пра выхадныя. І не я адна, а ўсе нашы супрацоўнікі.
Затое зараз, калі ідзеш па прыгожым горадзе, неяк не ўзгадваецца, якіх нерваў каштаваў кожны аб’ект: на душы радасна і светла ад таго, што гэта – твой горад і ў нейкай ступені дзякуючы тваёй працы ён стаў крышачку лепшым, прыгажэйшым, больш утульным…
Яшчэ адным такім аб’ектам – вельмі складаным і важным – стаў дзіцячы садок ў першым мікрараёне, які мы здалі напрыканцы мінулага года. Праект быў 2010 года, у многім састарэў, яго трэба было дапрацоўваць, змяняць, а тэрміны таксама сціслыя, фінансаванне нерытмічнае… Даўся ён нам у знакі. Але ж які прыгажун атрымаўся! Радасна і за дзетак, і за іх бацькоў, і за супрацоўнікаў.
А ў якасці кіраўніка я, хоць гэта можа падацца таксама парадаксальным, у пэўнай ступені ажыццявіла сваю дзіцячую мару быць настаўніцай. Пада мной – калектыў, хоць і не вельмі вялікі, але ўсё ж… Да таго ж даводзіцца сустракацца з мноствам людзей – праекціроўшчыкамі, заказчыкамі, падрадчыкамі, рабочымі на аб’екце… І да кожнага трэба знайсці свой падыход. Аднаго – паўшчуваць ці нават на павышаных танах з ім пагаварыць, калі добрага слова не разумее. Іншага пахваліць – ён пасля горы зверне. А трэцяга “пакінуць пасля ўрокаў” і ўсё дакладна яму растлумачыць.
Я, дарэчы, заўважыла, што з мужчынамі-кіраўнікамі працаваць прасцей, чым з жанчынамі-калегамі: яны больш дакладныя, лепш цябе разумеюць. Жанчынам жа хочацца ўсё і адразу, асабліва калі яны не задзейнічаны ў сферы будаўніцтва і дрэнна разумеюць нашу работу: такім здаецца, што будаўнікі знарок марудзяць ці робяць нешта не так, як ім хочацца. А вось падначаленых больш люблю жанчын: яны вельмі адказныя: калі што даручыш – усё зробяць, калі не атрымліваецца – пяць разоў падыдуць параяцца, спытаюць. Мужчыны ж з задавальненнем пралайдачаць, а потым скажуць, што не атрымалася, і сто прычын знойдуць, каб растлумачыць, чаму…
Незамужняя – і шчаслівая?!
– Вы лічыце сябе шчаслівай жанчынай? Калі б была магчымасць вярнуцца ў маладосць, дзяцінства – што б вы змянілі у сваім жыцці, лёсе?
–Так, я шчаслівая. Хоць некаторыя лічаць, што адзінокая жанчына не можа быць шчаслівай, і трымаюцца за мужа абедзвюма рукамі: хай дрэнны – але ж мой, хоць які, але хай будзе. Я не з гэтай пароды.
Так атрымалася, што я два разы была замужам, а зараз адна. І тым не менш не лічу сябе няшчаснай. Я зусім не адзінокая. У мяне ёсць мая мама – гэта мая першая і галоўная сяброўка і дарадчыца. Ёсць сястра, якую я вельмі люблю. Ёсць дачушка, зяць – і хоць яны даволі далёка ад мяне і бачымся мы не так часта, але ж пры сённяшніх сродках сувязі я пастаянна адчуваю іх прысутнасць у сваім паўсядзённым жыцці.
Я ніколі ні за каго не чаплялася. Наадварот: сама з’яўлялася для многіх апорай. І гэта прыемна і радасна: што я магу дапамагчы, падтрымаць блізкіх мне людзей.
Ці хацела б нешта змяніць у сваім лёсе? Бадай што не… Я ўсім задаволена ў сваім жыцці. У мяне было шчаслівае дзяцінства, цудоўныя бацькі, якія мяне любілі і шкадавалі. А цяпер вось ганарацца. Найбольшую радасць і гонар ад таго, што мой партрэт занесены на Дошку гонару, адчувае, напэўна, мая матуля… Хоць навучае заўсёды, каб я нос не задзірала, каб не лічыла сябе вышэй за іншых – каб з табой, кажа, людзі віталіся незалежна ад таго, кім і дзе ты працуеш.
Адзінае, аб чым шкадую… У дзяцінстве я няблага малявала і вельмі хацела гэтаму навучыцца, атрымаць нейкую мастацкую адукацыю – але дзе тады нам, вясковым дзецям, было ажыццявіць гэтае жаданне? Так яно і засталося няспраўджанай марай…
Мне грэх скардзіцца на жыццё. У мяне цудоўная прафесія, без якой я сёння не ўяўляю свайго жыцця. Канешне, яна забірае шмат сіл, і часам мяне пачынае грызці сумленне, што я нешта недадала сваёй дачцэ ў яе дзяцінстве. Але, з іншага боку, калі б я сядзела над ёй дзень і ноч, як і іншыя бацькі, ці вырасла б Анжаліка такой адказнай, працавітай, добрасумленнай? Яна з медалём закончыла школу, паступіла на бюджэт у медыцынскі універсітэт, цяпер паспяхова працуе – не ўпэўнена, што дачка змагла б дабіцца большага, калі б я шчыльна апекавала яе да паўналецця – прыкладаў такіх вялікаўзроставых немаўлят, якіх мамы водзяць за ручку ледзь не да пенсіі, колькі заўгодна.
Аднойчы ў рэстаране, дзе мы адзначалі нейкае свята, да мяне падышоў незнаёмы малады чалавек і стаў дзякаваць – мы былі заказчыкамі чарговага жыллёва-будаўнічага кааператыву, ён нам каштаваў многіх сіл і нерваў, але ў выніку ўсё атрымалася, і людзі засяліліся ў кватэры… І такія моманты – не адзінкавыя. А калі адчуваеш сваю патрэбнасць роднаму гораду, раёну, яго людзям – тады здаецца, што табе па сілах горы звярнуць! Бываюць, канешне, і іншыя сустрэчы, і іншыя словы – і тады хочацца схавацца ў сваю ракавінку і нікому нічога не гаварыць і не даказваць… Але заўтра надыходзіць заўтра – і зноў хочацца жыць і працаваць!
І ўсё ж – жанчына!
– Ведаю, што многія жанчыны не любяць свята 8 Сакавіка. А вы як да яго ставіцеся? І які падарунак для вас – найлепшы?
– А я люблю 8 Сакавіка! І лічу, што ўсё гэта глупства – успаміны пра Клару Цэткін і Розу Люксембург, і тое, што звязана з імі і гэтым святам. Усе даўно забыліся, хто і чаму ўстанавіў гэтае свята. І сёння галоўнае – што яно ёсць, што хоць раз у год жанчыны купаюцца ў кветках, кампліментах, віншаваннях. Калі ідзе па вуліцы незнаёмы мужчына, усміхаецца і віншуе са святам – гэта ж цудоўна! Ну і што, што ён не зусім цвярозы і чаравікі ў яго нечышчаныя – але ж віншуе! Яшчэ больш прыемна, калі віншуюць знаёмыя, калегі, падначаленыя – у такія моманты адчуваеш, што ты не кіраўнік сярэдняга роду, а – жанчына!
З усіх падарункаў для мяне самы лепшы – кветкі. Калі мужчына падорыць самы дарагі падарунак, але пры гэтым палічыць, што купляць кветкі – гэта марная трата грошай, бо ўсё роўна завянуць, – для мяне гэты мужчына перастае існаваць.
З кветак больш за ўсё люблю ружы і архідэі. Ніколі не забуду прыгажосць і водар падоранай мне аднойчы архідэі – тады іх у нас яшчэ не было, я нават не ведала, як за ёй даглядаць. Яна ў мяне стаяла два з паловай месяцы, і я добра памятаю і зараз, якая яна была цудоўная – сапраўдная каралева!
--------------------
Ніна Рыбік.
