Знакомьтесь: талантливый и романтичный Олег Уласик!

Олег УласикСакавіта-прыгожы голас, рамантычна-лірычны вобраз на сцэне і непаўторная харызма – менавіта такім мы бачым Алега Уласіка падчас яго выступленняў на розных канцэртах. Нядаўна ён пакарыў журы на абласным конкурсе патрыятычнай песні, у якім стаў пераможцам.

А што ўяўляе сабой Алег Уласік за кулісамі, чым жыве і захапляецца – гэта мы і вырашылі высветліць.

– У папулярнага калектыву 80-ых ёсць вядомая песня “Музыка нас звязала”. Крыху перафразую: а што вас звязала з музыкай?

– Напэўна, перш за ўсё бацькі – гэта ад іх мне дастаўся голас і слых. І мама, і тата цудоўна спяваюць. Дарэчы, не толькі яны: бабуля, дзядуля, сястра, цётка... Без перабольшвання: у нашай радні спяваюць усе. Я вырас у сям’і, дзе заўсёды гучала песня. Ну як тут не заспяваць? У дзяцінстве я спяваў усюды і заўсёды. Аднавяскоўцы нават жартавалі: нехта ў лесе спявае ды сам сабе палкай па дрэвах акампаніруе – ну зразумела, Алег Уласік дадому вяртаецца.

– Так разумею, школьнае жыццё было насычаным?

– Не проста насычаным, а меганасычаным (усміхаецца). Пастаянна ўдзельнічаў у конкурсах-мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўню. Памятаю, у 11-м класе адна з настаўніц нават пажартавала: “Ну што, Алег, апошні год вучышся, значыць, трэба цябе выкарыстаць папоўнай”. Так і атрымалася – добра, калі ў тыдзень я раз ці два наведваўся ў школу. Астатнія дні – конкурсы, рэпетыцыі, падрыхтоўкі, трэніроўкі. Я не толькі спяваў, але і ўдзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах і конкурсах малюнкаў.

– Вы яшчэ і малюеце?

– Калі больш дакладна – маляваў. Гэта ў мяне ад мамы, якая і дапамагала ў гэтай справе. Праўда, ні мама, ні я прафесійна не займаліся выяўленчым мастацтвам – самавучкі. Аднак мае малюнкі займалі прызавыя месцы на абласных конкурсах. Зараз я рэдка малюю, хутчэй проста для задавальнення і тое, што сапраўды ўражвае і падабаецца. Убачу які-небудзь прыгожы пейзаж ці выразныя рысы твару – і накідаю па памяці.

– Сярод мноства захапленняў, напэўна, было цяжка выбраць адно для будучай прафесіі?

– Я многім захапляўся, але зусім не дзеля ўзнагарод і паказчыкаў – а проста для задавальнення. Пасля заканчэння школы было тры варыянты: педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, інстытут культуры і інстытут МНС. Схіляўся да апошняга, нават прайшоў неабходныя медкамісіі, аднак у апошні момант параўнаў мінулагоднія балы са сваімі і пабаяўся, што не прайду, – пасля высветлілася, што дарэмна. Паступаць у сярэднюю спецыяльную ўстанову ці наогул губляць год не хацелася, і я пайшоў у педуніверсітэт – паступіў на фізіка-матэматычны факультэт. Правучыўся год і зразумеў, што гэты крок быў памылкай, – і са студэнта ператварыўся ў салдата. Служыў ва ўнутраных войсках, патруляваў горад. Аднак і ў арміі хутка даведаліся, што спяваю, – і пачалося. Пасля дэмабілізацыі прапанавалі застацца па кантракту у духавым аркестры. Я згадзіўся – і два гады быў салістам, займаўся любімай справай. А потым вырашыў, што хопіць з мяне вайсковага жыцця, – і вярнуўся дадому. Спачатку думаў зноў паступаць на  выратавальніка – за столькі часу прывык да формы і пагонаў. Аднак, бачна, наканавана іншае (усміхаецца). Падчас святкавання Дня моладзі наша альхоўскае трыа стала пераможцам у конкурсе народнага выканан-

ня. І літаральна праз некалькі дзён патэлефанавалі і прапанавалі работу ў аддзеле культуры. Ну, думаю, нікуды мне ад гэтага не дзецца – і згадзіўся. Зараз я акампаніятар мясцовага клуба, выступаю на розных мерапрыемствах – і мне падабаецца.

– Якія песні складаюць ваш рэпертуар і ці адрозніваюцца яны ад тых, якія слухаеце для душы?

– Не выконваю песні, якія не падабаюцца. Ды і любімага музычнага накірунку, стылю, групы ці выканаўцы няма, таму я слухаю і спяваю тое, што “зачапіла” і лягло на душу. А жанры могуць быць самымі рознымі – ад беларускай народнай песні да шансона ці рокавай кампазіцыі. Мне важна выканаць песню так, каб не пакінуць гледачоў раўнадушнымі, выклікаць эмоцыі, закрануць струны душы. І калі бачу аддачу – гэта найвышэйшая ўзнагарода.

– Нядаўна вы сталі пераможцам абласнога конкурсу патрыятычнай песні. А які конкурс быў самым запамінаючым?

– Перамога ў абласным конкурсе была для мяне нечаканай і таму вельмі прыемнай. Асабліва калі ветэран вайны, якая знаходзілася ў зале, падзякавала за песню – гэта было вышэй усякіх узнагарод.

А больш запомніўся самы першы абласны конкурс “Маладыя таленты Гродзеншчыны”. Мне было 5 гадоў, і я заняў другое месца. Памятаю, толькі адзін з членаў журы паставіў чацвёрку, астатнія – пяцёркі. Я паварочваюся да мамы і пытаю: “Гэта добра ці дрэнна?” А яна адказала: “Усе лепшае ў цябе яшчэ наперадзе”. Дарэчы, дома і зараз захоўваецца мяккая цацка, якую мне тады падарылі.

– На сцэне вы выступаеце ў розных вобразах: летуценны рамантык, няўрымслівы гаварун, задуменны лірык… А які вы ў паўсядзённым жыцці? Як сябе ахарактарызуеце?

– Які? (Задумваецца) Я не магу доўга усядзець на месцы – пастаянна трэба нешта рабіць, дзесьці выступаць, некаму дапамагаць. А яшчэ? Ды я звычайны хлопец з Альхоўкі, якому падабаецца спяваць.

Тры пытанні не па тэме:


– Самы неверагодны ўчынак, які хацелася б ажыццявіць?

– Я не экстрэмал, але час ад часу хочацца скокнуць на тарзанцы з маста. Цікава, што буду пры гэтым адчуваць.

– Месца, краіна, горад, дзе хочацца пабываць?

– Мне больш цікава не краіна ці яе адметныя мясціны, а людзі, якія там жывуць: што гэта за народ, якія ў іх традыцыі, абрады, асаблівасці.

– Якасць, здольнасць, асаблівасць, якую б хацелася мець?

– Цярпенне! Часам яго не хапае.

Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота Алены СВЕТЛАЙ.