Знакомьтесь: старший инспектор группы кадров Островецкого РОВД Александр Качкан!

Аляксандр Качкан працуе ў раённым аддзеле ўнутраных спраў старшым інспектарам групы кадраў. На першы погляд здаецца, што гэта кабінетная работа з рознымі дакументамі, якая патрабуе ўседлівасці. А Аляксандр толькі ўсміхаецца ў адказ: ды тут бывае так набегаешся за дзень – ніякая фізічная размінка не дакажа.


А што такое фізічная размінка, нагрузка і як яе трэба выконваць, старшы інспектар Качкан ведае не па чутках – за плячамі некалькі гадоў працы настаўнікам фізічнай культуры і трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Варонскай тады яшчэ базавай школе.

– Мне заўсёды падабаўся спорт, з самага дзяцінства, – расказвае Аляксандр. – У школе займаўся лёгкай атлетыкай, у прыватнасці, спартыўнай хадзьбой. Спаборніцтвы? Канешне! Абараняў гонар Падольскай школы, дзе вучыўся, на раённых спаборніцтвах, а затым і наогул гонар Астравеччыны на абласных. Займаў і прызавыя месцы. Ну і як тут можна думаць пра іншыя прафесіі, калі ўвесь час цягне да спорту? Таму пасля 9 класа я паступіў у Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны каледж на настаўніка фізкультуры.

Праўда, з паступленнем у каледж дарогі Аляксандра са спартыўнай хадзьбой разышліся – там займацца гэтым відам лёгкай атлетыкі не было магчымасці. Так на змену хадзьбе прыйшло ўшу. Для недасведчаных тлумачу, што ўшу – гэта назва ўсходніх адзінаборстваў, якая пераводзіцца як “баявое майстэрства”. З ушу Аляксандр таксама пасябраваў хутка – выступаў на розных спаборніцтвах за Нясвіжскі каледж і неўзабаве атрымаў першы разрад. Найвышэйшы вынік – сярэбраны прызёр Мінскай вобласці. Аднак гады вучобы праляцелі хутка, і Саша сам не заўважыў, як са студэнта перакваліфікаваўся ў маладога спецыяліста.

– Дарэчы, са статусам студэнта я развітаўся ненадоўга – у той жа год паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. А працаваць накіравалі ў Варонскую школу. Мне там падабалася: я вучыў дзяцей усяму, што ўмеў сам, быў трэнерам па лёгкай атлетыцы – мы ездзілі на розныя спаборніцтвы і нярэдка вярталіся з добрымі вынікамі. Двое маіх вучняў пайшлі вучыцца ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Спорт – гэта цікава, карысна і здорава!

А пасля пачалася рэарганізацыя базавай школы ў пачатковую. Вядома, прапаноўвалі месца працы, але…

На той час у хлопца ўжо выспела ідэя паспрабаваць сябе ў іншым рэчышчы. Яшчэ падчас вучобы ў каледжы яны з сябрам падумвалі пайсці ў міліцыю, аднак тады ўмовы былі некалькі іншымі, таму планы так і засталіся планамі.

– Ну а чаму б і не? – падумаў хлопец. – Не атрымалася з першага разу, будзем штурмаваць з другога. Даведаўся ўсе патрабаванні – і паехаў у райаддзел. Словам, усё атрымалася. Калі праходзіў падрыхтоўку ў Мінску, паралельна яшчэ і сесію ва ўніверсітэце здаваў. Калі ёсць жаданне, усё і ўсюды можна паспець зрабіць.

У міліцыі Аляксандр Качкан пачынаў дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання. А затым…

– Прызнаюся шчыра: ніколі нават уявіць не мог, што траплю ў групу кадраў, – дзеліцца мужчына. – А тут якраз вакансія з’явілася, і мне прапанавалі пастажыравацца. Ужо больш двух гадоў тут працую.

Хоць Аляксандр і змяніў кардынальна месца працы, але са спортам не развітаўся. Актыўны ўдзельнік розных спаборніцтваў, зараз ён абараняе гонар астравецкай міліцыі на спартыўных турнірах, дзе нярэдка займае прызавыя месцы.


--------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.