Знакомьтесь: счастливая семья Шпирёнок!
1
…Яны вельмі розныя. Спакойны, ураўнаважаны, багатырскага целаскладу Віталь: у яго ў вачах заўсёды дрыжыць смяшынка, ён гатовы ўсё перавесці ў жарт. І мініяцюрная, эмацыянальная, імклівая і пры гэтым – вельмі сур’ёзная і “перажывацельная” Аня. Агонь і камень, лёд і полымя… Яны не трымаюцца штохвіліны за рукі (прынамсі, на людзях), не абменьваюцца пацалункамі і салодкімі да фальшу зваротамі “Мілы…”, “Дарагая…”. І разам з тым ёсць у іх самых звычайных узаемаадносінах, поглядах, словах нешта няўлоўнае, што нават старонняму чалавеку з першага погляду гаворыць, што гэта – сям’я: родныя, дарагія, бясконца закаханыя адзін у аднаго дзве палавінкі аднаго цэлага…І тыя, хто не ведае гісторыю сям’і Шпіронак, ніколі не скажа, што яна ўзнікла ў выніку кахання вучня і настаўніцы…
Самае цікавае, што яны ведалі адзін аднаго з маленства: абое – гудагайскія, ды яшчэ і “аптоўскія” дзеці – так у пасёлку называлі тых, чые бацькі працавалі на аптовай базе райспажыўтаварыства. Ведалі, як ведаюць адзін аднаго аднавяскоўцы: прывітанне – бывай! Чатыры гады розніцы ва ўзросце – у дзяцінстве гэта цэлая эпоха! Калі Аня, ужо амаль нявеста, пасля школы ад’язджала вучыцца ў Лідскае педагагічнае вучылішча, Віталік яшчэ пешшу пад валейбольнай сеткай хадзіў…
Ён быў у дзясятым класе, калі на першавераснёўскай лінейцы прадстаўлялі маладых настаўнікаў, што прыехалі працаваць у школу па размеркаванні. І сярод іх – Ганна Віктараўна Лапшэвіч, настаўніца пачатковых класаў…
Класа ёй, праўда, не дасталася. Пачынала працаваць выхавацелем групы падоўжанага дня, “дагрузілі” выяўленчым мастацтвам ды “Чалавекам і светам” – урокі маладая настаўніца вяла ў тым ліку і ў Дзяніса, малодшага брата Віталя. Не раз Дзяніс прыносіў са школы адзнаку за хатняе заданне па маляванні з каментарыем настаўніцы “Віталіку – 5”: усе ў школе ведалі, што Віталь добра малюе, Дзяніс жа вызначаўся іншымі талентамі… І калі Ганне Віктараўне трэба было зрабіць наглядныя дапаможнікі ці дыдактычны матэрыял для сваіх пачаткоўцаў, Віталь быў “заўжды гатовы” прапанаваць сваю дапамогу.
…А потым быў рэйд: Ганне Віктараўне з калегам трэба было ісці на дыскатэку і правяраць, ці няма там вучняў з тых, каму “16 мінус” – такім пасля 22 гадзін нельга было з’яўляцца ў грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых. У калегі здарылася нейкае пільнае “не магу”, і настаўніца, якая сама не намнога адышла ад таго ўзросту, знаходзілася ў стане, блізкім да адчаю: не ісці нельга, і ісці немагчыма – што яна адна зробіць? Выручыў, як заўсёды, верны і адданы сябар Віталік: з такім можна і ў рэйд!
…А затым Віталіку ў вясковай бойцы “намялі бакі” – і ўжо Ганна Віктараўна, не зважаючы ні на што і ні на каго, кінулася абараняць свайго вучня, выручаць яго з бяды.
...Калі прабегла паміж імі тая іскра, якая запальвае ў сэрцы агонь і прымушае яго біцца ва ўнісон з іншым сэрцам – нават калі тое знаходзіцца не побач, а далёка? Што стала ў іх адносінах каталізатарам працэсу, якім, на думку вучоных, і з’яўляецца пэўны ланцужок хімічных і фізічных рэакцый у арганізме чалавека, які людзі называюць каханнем? Хто яго ведае, можа, тыя вучоныя і маюць рацыю – але чаму, скажыце, з соцень, тысяч людзей, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху, толькі адзін – першапачаткова зусім чужы! – становіцца галоўным чалавекам у тваім жыцці, з якім вы думаеце, адчуваеце, успрымаеце свет аднолькава, нібы і сапраўды з’яўляецеся дзвюма рознымі палавінкамі аднаго цэлага…
– Што значыць: калі пачалі сустракацца? – паціскае плячыма Віталь. – Мы кожны дзень сустракаліся – у школе.
– Але пры гэтым я ніколі не дазваляла ні Віталю, ні сабе пераступіць устаноўленыя рамкі: я – настаўніца, ён – вучань, хай сабе і старэйшых класаў. І я заўсёды была для яго Ганнай Віктараўнай! – удакладняе Аня.
– Толькі аднойчы я “пракалоўся”, – усміхаецца Віталь. – Памятаю, Дзяніс прыходзіць са школы і гаворыць: “Мама, наш Віталік ужо зусім расперазаўся: ён настаўніцу Аняй назваў!”
– І я памятаю той выпадак, – уздыхае Аня. – Усе вучні застылі і глядзяць на мяне, чакаюць, якой будзе рэакцыя… Але гэта здарылася толькі аднойчы!
– Мне было вельмі цяжка сябе пераламаць, – прызнаецца яна, тагачасная юная настаўніца, а сёння – шчаслівая, каханая, акружаная клопатам жонка. – Даверыцца сабе, свайму сэрцу. Пераступіць цераз нейкія агульнапрынятыя – невядома, праўда, кім, калі і для чаго прыдуманыя – нормы і правілы: я – старэйшая, я – настаўніца, а ён – вучань: якое можа быць каханне? Тым больш што ўсё гэта адбывалася ў маёй роднай Гудагайскай школе, дзе побач – настаўнікі, што мяне вучылі. І я ж бачу, як яны пачынаюць на мяне глядзець, перашэптвацца за спіной – нездарма кажуць, што агонь, кашаль і каханне ад людзей не схаваеш…
Таму на ўсе адносіны, акрамя чыста сяброўскіх, было накладзена “табу” да таго часу, пакуль Віталь не закончыў школу…
Пасля школы Віталь паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы універсітэт. Вырашыла прадоўжыць вучобу і Аня – і таксама ў Гродне, ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Гэты “студэнцкі” перыяд і стаў пачаткам сур’ёзных адносін: цяпер ужо не было стрымліваючага фактару “настаўніца – вучань”: абое дарослыя, паўналетнія, і розніца ва ўзросце нікога, акрамя іх дваіх, не тычылася…
– Віталь адразу ўзяў мяне пад сваю апеку, – успамінае Аня. – За ўсе гады вучобы не было дня, каб ён не сустрэў мяне з заняткаў, асабліва калі яны заканчваліся вечарам. Вёз у свой інтэрнат, карміў вячэрай, потым праводзіў на кватэру, што я здымала…
Калі Аня закончыла ўніверсітэт – яна, як выпускніца педагагічнага каледжа, займалася па скарочанай праграме, – яны вырашылі пажаніцца. Вяселле прыпала якраз на час зімовай сесіі чацвёртакурсніка Віталя – нягледзячы на такую ўважлівую прычыну, адпусціць яго ці здаць экзамен датэрмінова жаніху не дазволілі. У суботу-нядзелю гуло-спявала іх вяселле – а ў панядзелак будучы аграном Шпіронак ужо стаяў перад легендарным прафесарам Калядой, “як ліст перад травой”. Нічога, здаў – і нават на “дзявятку”! Забіраць Аню з раддома з іх першынцам, дачушкай Дашай, яму таксама давялося падчас сесіі, нарваўшыся на пераздачу экзамена.
...Яны разам ужо восем гадоў. Іх незвычайнае каханне прайшло выпрабаванне на трываласць разлукамі, выпрабаваннямі, радасцямі і цяжкасцямі. Яны пакрысе, па цаглінцы, будуюць сваё сямейнае шчасце. І пры гэтым не вызначаюць, чый уклад у гэтае будаўніцтва больш важкі, грунтоўны: разам, як і абяцалі некалі перад алтаром Гудагайскага касцёла, дзеляць гора і радасць, багацце і нястачу, здароўе і хваробу… Іх сямейнае шчасце цэментуюць дзве дачушкі – Даша і Злата.

…Яны такія розныя. Імпульсіўная, запальчывая, якая бярэ ўсё “блізка да сэрца”, Аня. Спакойны і разважлівы Віталь, які ў вольны час малюе партрэты родных і асабліва натхнёна – Ані, Дашы і Златы. Выдатніца і лідар па жыцці, у якой усё павінна быць на “дзясятку”, Даша; хуткая, імклівая Злата, якая імкнецца быць падобнай на ўсіх адразу – і на тату, і на маму, і на сястру… Але разам яны – СЯМ’Я! Тая самая шчаслівая сям’я, дзе жывуць каханне, павага, гатоўнасць узяць на сябе боль іншага і клопат аб ім.Штрыхi да сямейнага партрэта
– Хто галоўны ў вашай сям’і?
Віталь:
– Дзеці! Хоць мне калі-нікалі хочацца думаць, што ўсё ж – я…
Аня:
– На самой справе ў нас не здараецца такога: я сказаў – значыць, так і будзе! Мы ўмудраемся ўсе пытанні вырашаць разам, параіўшыся і дамовіўшыся.
– Хто звычайна рыхтуе вячэру?
Аня:
– Разам: нешта я раблю, нешта – Віталь.
Віталь:
– Я пасля аперацыі знаходжуся ў незапланаваным і неакрэсленым тэрмінамі адпачынку, і заканамерна, што цяпер гэта мой абавязак.
– А хто мые посуд?
Аня:
– Наш татка!
– Хто чытае дзецям казкі на ноч?
Віталь:
– Гэта ўжо як яны захочуць: калі папросяць, каб мама пачытала, калі – каб тата. А калі ўвогуле заявяць: не трэба нам ніякіх казак, мы спаць будзем!
– На каго падобныя вашы дзеці?
Аня:
– Даша – выліты татка: нават па целаскладу такая ж. Малюе добра, ляпіць вельмі любіць – з пластыліну, з цеста – і ў яе добра атрымліваецца. Дасканаласць – яе “канёк”: ёй трэба ва ўсім быць першай!
Віталь:
– А Злата больш нашу маму нагадвае: такая ж хуткая, імпульсіўная. Хаця мне здаецца, што і на мяне крышку – такога, як я ў класе шостым-сёмым быў… Яна дык дакладна не стане ўрокі ў чарнавік рабіць, каб потым без памарачкі ў чыставік перапісаць…
– Аня, вы адчуваеце, што вы – за мужам?
Аня:
– Так!
Віталь:
– Але яна можа яшчэ і папераду быць! І нават вакол пабегаць – асабліва як з работы, са школы сваёй, прыйдзе. Пакуль супакоіцца… Не, эмоцыі на мяне не выплёсквае – я сам іх вычэрпваю!
– Віталь, а вы адчуваеце за спіной надзейны тыл?
Віталь:
– Вядома!
– Вы шчаслівыя?
У адзін голас:
– Так!
------------------
Ніна РЫБІК.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
