Знакомьтесь: психолог, волонтёр и идеолог Анастасия Бабойть!

Прыветлівая ўсмешка, шчырыя вочы, унутраная гармонія і спакой… Побач з такімі людзьмі адчуваеш сябе камфортна і ўтульна. Псіхолаг, валанцёр, медык, ідэолаг… А яшчэ – рамантык, аматар прыроды, спартсменка… І гэта далёка не ўсе іпастасі, якія суіснуюць у адным чалавеку – Анастасіі Бабойць: яна працуе намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Варняны” і нядаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.



Прафесія

– У дзяцінстве я была летуценніцай, – успамінае дзяўчына. – Любіла марыць, фантазіраваць, уяўляць…

Праўда, мае жаданні – як, напэўна, і ў большасці дзяцей – часта мяняліся: сёння хацела быць актрысай, заўтра – спявачкай, паслязаўтра – прынцэсай. У старэйшых класах паступова, але свядома вырашыла, што хачу стаць псіхолагам. Гэтая прафесія прываблівала сваёй загадкавасцю, таямнічасцю, магчымасцю разбірацца ў незразумелым. Магчыма, свой уклад зрабіла і дзіцячая схільнасць: я не толькі марыла, але і аналізавала, прапускала ўбачанае і адчутае праз сябе. Усё гэта ў выніку і прывяло да псіхалогіі.

– На пятым курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе вучылася, я вырашыла паралельна атрымаць медыцынскую кваліфікацыю па спецыяльнасці “псіхатэрапеўт”. Дадаткова стала валанцёрам. Каля дзесяці чалавек з курса такіх жа добраахвотнікаў, як я аказвалі да- памогу анкалагічна хворым людзям у абласной бальніцы. Было складана. Да гэтага немагчыма прывыкнуць, з гэтым нельга змірыцца. Цяжка, калі сутыкаешся з непаразуменнем і маўчаннем. Дарэчы, часцей за ўсё эмацыйна цяжка было не з захварэўшымі людзьмі, а з іх роднымі. Разгаварыць, параіць, выслухаць, дапамагчы – у гэтым і заключаліся нашы абавязкі. Некаторыя пацыенты прывыклі да нас і пасля часта тэлефанавалі, каб параіцца. Значыць, старанні не былі дарэмнымі.

– Пасля заканчэння ўніверсітэта я вырашыла і далей спалучаць веды па псіхалогіі і медыцыне і ўладкавалася ў Астравецкую раённую бальніцу псіхатэрапеўтам. Мне падабалася мая праца. Прыходзілі людзі, дзяліліся праблемамі… Я пачала практыкаваць музыкатэрапію, рэлаксацыю. Аднак не буду крывіць душой: тое, што задавальняе ў духоўным плане, не заўсёды радуе ў матэрыяльным. Словам, праз год я стала працаваць у СВК “Варняны” намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. Што агульнага паміж псіхалогіяй і ідэалогіяй? (Усміхаецца) Гэта стасункі з людзьмі, а яшчэ – магчымасць парознаму падыходзіць да работы. Канешне, спачатку было няпроста ва ўсім разабрацца, але паступова ўсё стала наладжвацца. Спадзяюся, так будзе і далей.


Захапленні

– Люблю спорт. Калі вучылася ў школе, удзельнічала ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы – раённых і абласных. Ёсць і ўзнагароды. Мяне нават хацелі ў вучылішча алімпійскага рэзерву адправіць. Аднак не склалася… Але са спортам сябрую і зараз – вечарам рэгулярна бегаю.

– Яшчэ вельмі люблю прыроду. Я родам з Ізабелін, а мая бабуля жыве ў Трайгах. Прамая дарога да яе ідзе праз лес – і гэта мой любімы шлях: своеасаблівы родны і непаўторны лясны водар, свежае паветра, адчуванне адзінства і гармоніі. Там вельмі прыгожая і жывая прырода, хараством якой немагчыма не залюбавацца.

– Люблю падарожнічаць. Многа і ўсюды! Люблю незнаёмыя мясціны. Ёсць у гэтым нешта таямнічае і захапляючае.

– А яшчэ люблю сваіх сабак. Муж у мяне – міліцыянер-кінолаг, і ў нас тры аўчаркі: Найс, Вульф і Гера. Яны вельмі разумныя і надзейныя таварышы.


Разуменне шчасця

– Напэўна, у кожнага яно сваё. Я ж лічу, што для гэтага шмат не трэба. Мяне лёгка здзівіць і ўразіць простымі рэчамі. Стараюся радавацца кожнаму дню. Люблю добрых людзей – ад іх свет становіцца лепшым. Люблю сваіх сяброў – а іх нямала. Калі была студэнткай, мы сябравалі кампаніяй з пятнаццаці чалавек. І зараз стараюся падтрымліваць сувязь з кожным з іх. У мяне ёсць мара: калі з’явіцца свой дом, сабраць іх усіх разам. Люблю восень – пару года, калі нарадзілася. Люблю пачытаць добрую кніжку.

Напэўна, шчасце ў тым, каго і што ты любіш. А яшчэ – у гармоніі з сабой, уменні бачыць незвычайнае ў звычайным. А калі чалавек шчаслівы, – значыць, будуць шчаслівымі і яго блізкія.


----------------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.