Знакомьтесь: преданный своей работе Иван Пукшто!

%d0%b2%d0%be%d0%b4%d0%b8%d1%82%d0%b5%d0%bb%d1%8c-%d0%bf%d1%83%d0%ba%d1%88%d1%82%d0%beНяпраўда, што людзей, якія любяць сваю работу, не так і шмат! Гэты стэрэатып з лёгкасцю разбураецца, калі бачыш, як гараць вочы тых, хто не лічыць хвіліны, каб у гадзіну “ікс” сарвацца з месца і, бразнуўшы дзвярыма, забыцца пра існаванне такога паняцця, як работа; тых, хто не звяртае ўвагі на складаныя ўмовы і адпаведнасць колькасці купюр у кашальку выкананай справе; тых, хто не адзін дзясятак гадоў прысвяціў сваёй прафесіі і да гэтага часу лічыць яе самай лепшай і самай неабходнай. 

З такіх адданых сваёй справе – вадзіцель ДРБУ-159 Іван Мар'янавіч Пукшта.

На дарозе да самастойнасці


Чалавек, які вырас у вёсцы, не можа быць гультаём і няўмекам, бо ўсё навокал прывучае яго да працы, выхоўвае і загартоўвае. У выніку гаспадарлівасць і ўменне сумленна працаваць – так, нібы ўсё робіш для сябе, – накладвае адбітак і на далейшае жыццё.

Ваня Пукшта рана навучыўся спраўляцца з любой работай па гаспадарцы: спачатку яго маленькім, але моцным рукам скарыўся конь, якім хлопчык умела “руліў”, дапамагаючы бацьку капаць бульбу ці заворваць поле, рыхтуючы яго да зімовай спячкі. Потым ён  атрымаў правы трактарыста. А пазней “адкрыў” катэгорыю на кіраванне аўтамабілем.

Старэйшы з трох братоў, Ваня больш за ўсіх цягнуўся да тэхнікі, і ў далейшым гэта “вылілася” ў яго прафесійны выбар.

У транспартную роту вучэбнай дывізіі, якая базіравалася ў Пячах пад Барысавам, хлопец трапіў з кабіны трактара  калгаса “Рассвет” суседняга раёна.  І там два гады аддаваў доўг Радзіме, седзячы за рулём аўтамабіля колеру хакі.

Пасля службы Ваня вярнуўся ў калгас. Але працы не было, а “боўтацца” без справы ён не ўмеў. Прыйшлося ў горад ехаць: так хлопец стаў працаваць у Смаргоні.

У гэты час Іван пазнаёміўся з Валянцінай: дзяўчына працавала ў Вільнюсе, але жыла ў Беларусі. Пазнаёміліся на танцах  – і праз пяць месяцаў ажаніліся.

Пасля вяселля маладыя пера-браліся ў Астравец, дзе жыла стрыечная сястра Вані, – галоўным у выбары месца жыхарства стала пытанне жылля.

У Астравецкай “меліярацыі” Івану Мар'янавічу зноў жа пра-панавалі работу вадзіцеля. Праз паўгода маладая сям'я атрымала двухпакаёвую кватэру. У Пукштаў нарадзіліся дзве дачкі – Алеся і Гражына, якія ўжо таксама стварылі сем'і і паспелі парадаваць бацькоў унукам і трыма ўнучкамі.

Доўгі прыпынак


Але дарога лёсу, па якой за рулём то адной, то другой машыны калясіў Іван Мар'янавіч, з прыпынку “Меліярацыя” прывяла мужчыну да станцыі “Аўтапарк №4”, дзе якраз патрэбны былі вадзіцелі на “самазвалы”. Ды і зарплату тут абяцалі вышэйшую – а гэта мела не апошняе значэнне. За дзесяць гадоў працы ў аўтапарку мужчына перавёз на сваім “жалезным кані”  сотні тон гравію, скалясіў не адну тысячу кіламетраў…

Толькі не ўсё ў жыцці ідзе па накатанай дарозе – здараюцца і крутыя павароты, і глыбокія выбоіны. Такая аднойчы парушыла нала-джанае жыццё Івана Мар'янавіча:  ён трапіў пад скарачэнне штату і застаўся без работы.

Але хто шукае, той абавязкова знойдзе: Іван Мар'янавіч уладкаваўся вадзіцелем спачатку да індывідуальнага прадпры-мальніка і  дзесяць гадоў свайго жыцця аддаў працы вадзіцелем-дальнабойшчыкам.

Ды нялёгкі гэта хлеб, бо ў дарозе можа здарыцца рознае. І добра, калі знойдзецца той, хто дапаможа адрамантаваць вялікую “фуру”, – нават самаму вопытнаму вадзіцелю ў дарозе аднаму з паломкай справіцца цяжка, а бывае і немагчыма. Летняя спёка, калі плавіцца асфальт, а па скронях цячэ салёны гарачы пот, што траскучыя маразы і галалёдзіца ці пясчана-снежная “каша”, з якой вялікі, гружаны дарагім таварам шматтоннік можа выкінуць у кювет,  – праз усё гэта давялося прайсці вадзіцелю. А ў хаце мужчыну з рэйса чакалі каханая жонка і дзве прыгажуні дачкі…

Лепш працаваць за меншую зарплату, але дома – так вырашыў Іван Мар'янавіч і ў 2000 годзе прыйшоў на працу ў ДРБУ-159.

Няма для вас работы, – сказалі мне, калі я прыйшоў пацікавіцца вакансіяй, – успамінае мужчына. Як няма? – пытаюся. – Вунь МАЗ пад плотам стаіць – яго адрамантаваць можна… Сам адрамантаваў – з таго часу і працую.

Старанне і  прафесіяналізм Івана Мар'янавіча былі заўважаны – сёння ён “круціць баранку” новага МАЗа – прычым ужо не першага. А рабіць гэта нялёгка, асабліва калі прыходзіцца перавозіць буйнагабарытную тэхніку, – даўжыня аўтавоза больш за 20 метраў. Нават выехаць з варот тэхдвара аўтамабілем такой даўжыні пад сілу толькі сапраўднаму майстру.

Здараецца, адпрацаваўшы дзень у кар'еры на вывазцы гравію, Іван Мар'янавіч перачапляе “хвост” свайго МАЗа і адпраўляецца ў ноч, каб у патрэбны час на патрэбнае месца даставіць трактар ці экскаватар.

%d0%b2%d0%be%d0%b4%d0%b8%d1%82%d0%b5%d0%bb%d1%8c-%d0%bf%d1%83%d0%ba%d1%88%d1%82%d0%be1На волі


Свой вольны час, якога не так і шмат, Іван Мар'янавіч праводзіць у вёсцы, дзе ў спадчыну жонцы засталася хата з вялікім, у сорак сотак, зямельным участкам. Год за годам у пятніцу Пукшты выязджаюць на радзіму Валянціны, каб прыглядзець за агародам, дзе радуюць вока роўненькія радочкі буракоў і морквы, схадзіць у лес па грыбы, сабраць саспелыя агрэст ці парэчку, выкапаць бульбу, апрацаваць соткі – словам,   вярнуцца да вытокаў і адчуць сябе сапраўднымі гаспадарамі зямлі.

У выхадныя дні Іван Мар'янавіч перасаджваецца за руль асабістага аўтамабіля. Усё яго жыццё – доўгая, але цікавая дарога, якую ён бачыць праз тоўстае аўтамабільнае шкло і па якой ідзе-едзе без сумненняў і разважанняў аб тым, ці правільна выбраў свой шлях. Усё склалася так, як павінна было быць. І пацвярджэнне гэтаму – не толькі дзіцячая любоў да тэхнікі, якая засталася назаўсёды, але і той факт, што яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.