Знакомьтесь: Павел Жолнерович – человек с ограниченными физическими возможностями – и с неограниченными силой духа, воли и интеллекта!

Жолнерович…Аднаму Бог дае ўсё: сілы, здароўе, розум, прыгажосць? – а ён гэта не цэніць, транжырыць з мэтанакіраванай упартасцю, вартай лепшага прымянення – нібы збіраецца жыць вечна і спадзяецца, што заўсёды паспее “перапісаць” свае запэцканыя гады “на чыставік”.
А іншы, па розных прычынах абмежаваны ў фізічных магчымасцях, перамагаючы боль, адчай, пакуту, змагаецца за кожны дзень і гадзіну жыцця – і пры гэтым імкнецца быць карысным – сабе і іншым…
Калі гляджу на гэта, то ўвесь час думаю: каго з іх можна аднесці да катэгорыі інвалідаў?..

Бяда


Калі раптоўна, у росквіце гадоў, памёр муж – знікла апора, на якой трымалася ўся іх сям’я, і Ірына Аляксееўна Жалняровіч засталася адна з двума дзецьмі на руках, ёй здавалася, што такі бязлітасны ўдар лёсу яна вытрымаць проста не здолее, што большага болю, большай бяды не бывае… Ну не можа ж птушка ляцець з адным крылом?!
Але ніколі не гавары “ніколі”…
Паціху боль, які рваў абцугамі сэрца, – не знік, не, але схаваўся ў дальні куток душы. Яны навучыліся жыць утраіх, як адно цэлае: маці, дачка, сын… Ужо закончыла ўніверсітэт і паступіла ў аспірантуру разумніца-
Наташка. Ужо закончыў школу і марыў пра студэнцкі білет і жыццё ў сталіцы Паша. Здавалася, усё горшае засталося ў мінулым, а наперадзе чакае хай сабе не бесклапотнае, але шчаслівае жыццё яе дзяцей – а значыць, і яе, маці…
Іх так цяжка выбудаваны сямейны спакой і надзея, іх мары і планы абрынуліся ў адзін момант. У той дзень і час у адным месцы, здаецца, сышлося ўсё горшае, што магло адбыцца: трагічны збег абставінаў, авантурызм і жаданне юнай дзяўчыны паспрабаваць нешта новае, злачынная безадказнасць дарослых, непрафесіяналізм тых, хто спрабаваў аказаць першую дапамогу і даставіць траўміраванага юнака ў бальніцу… Па колькасці зробленых недаравальных і нават злачынных памылак за адзінку часу гэты выпадак мог бы, напэўна, стаць рэкордным.
А вынікам гэтага сумнага рэкорду стала тое, што, калі Паўла Жалняровіча з пераломам пазваночніка прывезлі ў Рэспубліканскі інстытут траўматалогіі, урачы, якія тут жа зрабілі яму аперацыю – першую з шэрагу незлічонай колькасці наступных, у адказ на пытанне, якое нямым патокам болю лілося са спакутаваных вачэй маці, развялі рукамі: няма ніякай гарантыі, што ваш сын будзе жыць…
Пра тое, што хлопец зможа хадзіць, ніхто і гаворкі не вёў…

Барацьба


Ад такога прысуду, напэўна, рукі апусціліся б у кожнага. І ў Ірыны Аляксееўны яны апускаліся неаднойчы. І моманты адчаю здараліся – сёння яна ўжо можа прызнацца ў гэтым.
Але тады – не, не магла. Нават сабе. А ўжо дзецям – тым больш. Паша будзе жыць і будзе хадзіць – так яна вырашыла. І яна, маці, зробіць для гэтага ўсё, што ад яе залежыць…
Паўгода яна знаходзілася разам з сынам у шпіталі: прыехала сюды ў чэрвені ў басаножках і лёгкай блузцы – і ў снежні ў тым жа вярнулася дахаты ў Альхоўку. Як, за што яны выжывалі – уявіць цяжка. Працу Ірыне Аляксееўне давялося пакінуць. Паўлу пенсію па інваліднасці прызначылі не адразу. Жылі на Наташыну аспіранцкую стыпендыю. Дзяўчына парывалася кінуць вучобу і пайсці на працу, ды маці не дазволіла: выкараскаемся неяк... Выкараскаліся!
Траўма не зачапіла рукі, не паўплывала на галаўны мозг – гэта ўжо было вялікім шчасцем! Нерухомымі заставаліся ногі – хлопец не адчуваў іх. І маці штодня, па некалькі разоў на дзень, не шкадуючы ні сябе, ні сына (а мо наадварот, шкадуючы яго? Розныя людзі розны сэнс укладваюць у слова “шкадаваць”…) рабіла з ім гімнастыку: размінала кожны пальчык, кожную мышцу: яны не павінны атрафіравацца, ім трэба памятаць, што яны ўмеюць і для чаго прызначаны. Пашы ўдалося сагнуць нагу ў калене, прыўзняць яе на адзін пальчык – перамога! Праз некалькі дзён – ужо на два: дасягненне! А вось ужо ён прыўзняў калена на цэлую далонь – рэкорд! Здаровым людзям, якія лёгка ўзлятаюць па прыступках на пяты паверх, ганяюць мяч і садзяцца на шпагат, цяжка ўявіць, якую радасць, якую надзею можа ўсяліць кожная такая перамога…
Яны перамаглі ў гэтым бязлітасным – не на жыццё, а на смерць! – змаганні з хваробай. Паша не проста выжыў: ён падняўся з ложка! Спачатку перасеў у інваліднае крэсла, а затым і ўстаў на ногі. Ён стаў хадзіць! Цяжка, пакутліва, з рознымі дапаможнымі прыстасаваннямі – але хадзіць! І яны вярнуліся дамоў…

Дапамажы сабе сам...


Выпіска з бальніцы ў многіх асацыіруецца з перамогай над хваробай.
На жаль, у большасці выпадкаў гэта азначае толькі пераход барацьбы на іншы ўзровень. У псіхалагічным плане найчасцей – на больш складаны. Бо ў бальніцы кожны са сваёй бядой: у каго яна большая, чым у цябе, у каго – меншая, але ўсе там – з адной “тусоўкі”.
А ў свеце здаровых “не такім, як усе” няўтульна, ніякавата, няёмка… Трэба нанова прывыкаць да гэтага свету, які яшчэ нядаўна быў тваім, а зараз стаў чужым, часам – варожым. Трэба вучыцца жыць у ім, будаваць з ім узаемаадносіны… “Сацыялізацыя ў грамадстве чалавека з абмежаванымі магчымасцямі” – здаецца, такімі афіцыйнымі словамі вучоныя бюракраты назвалі пакуты чалавека, жыццё якога раптам сціснулася да памераў кватэры, а то і пакоя, ад няведання, чым сябе заняць, ад дэфіцыту стасункаў, неразумення “сытымі” “галодных”, балючых стрэмак у душы ад няўважлівасці, фармалізму, абыякавасці тых, хто па абавязку ці па сумленню быў павінен ці мог бы дапамагчы…
Ірына Аляксееўна і дома не шкадавала сына – лічыла, што не гэта яму патрэбна, а максімальная пасільная занятасць. Усю хатнюю работу, якую Паша мог зрабіць, – ён выконваў. У інвалідным крэсле прыбіраў і пыласосіў кватэру, мыў посуд, гатаваў…
Але гэтага было недастаткова. І ўзнікла ідэя адкрыць сваю справу.
Тады, напачатку 2000-ых, папулярнасць камп’ютарных віртуальных гульняў у дзяцей і моладзі ўсё ўзрастала, а пахваліцца ўласным “кампом” мог далёка не кожны. І Павел Жалняровіч пры падтрымцы тагачаснага дырэктара кардоннай фабрыкі “Альхоўка” Яўгенія Іванавіча Варановіча набыў некалькі “разумных машын” і адкрыў у мясцовым Доме культуры камп’ютарны клуб. А па сумяшчальніцтву яго папрасілі “круціць кіно” – папрацаваць кінамеханікам: чаму б і не?
Так у хлопца з’явілася працоўная кніжка – яшчэ адна яго перамога і дасягненне, каштоўнасць якой цяжка ўявіць здаровым людзям. Многія з іх, непараўнальна здаравейшыя, жывуць па прынцыпу: дзе б ні працаваць – толькі б не працаваць…
Але неўзабаве папулярнасць падобных клубаў пайшла на спад: практычна ў кожным доме з’явіўся персанальны камп’ютар, а то і не адзін; у інтэрнэце зараз сядзяць усе, ад малодшых школьнікаў да глыбокіх пенсіянераў. Справу давялося закрыць. І пытанне: чым заняцца? – у чарговы раз паўстала перад Паўлам ва ўсёй сваёй вастрыні.
На сямейным савеце было вырашана: трэба вучыцца, атрымліваць адукацыю і спецыяльнасць…

Вучоба


Павел прызнаецца, што зараз ужо амаль не памятае, куды збіраўся паступаць тады, як атрымаў атэстат і развітваўся з дзяцінствам – гэта было так даўно, у мінулым жыцці… Здаецца, што ў тэхналагічны, як старэйшая сястра: Наташа заўсёды была прыкладам для пераймання.
Зараз жа ўніверсітэт выбіраў па прынцыпу “што бліжэй да вакзала”: усе перамяшчэнні на грамадскім транспарце для яго задача вырашальная, але складаная… Выбар выпаў на адзін з найбольш складаных факультэтаў Белдзяржуніверсітэта – фізічны.
Павел паступіў. Не на дыстанцыйную і нават не на завочную форму навучання – на стацыянар. Вучыўся нароўні з усімі – паблажак не даваў сабе перш за ўсё ён сам, але і іншыя іх яму не дазвалялі. Наадварот, часам здавалася, што некаторыя выкладчыкі спецыяльна яго выпрабоўваюць, калі не сказаць здзекуюцца. Напрыклад, абагнаўшы на лесвіцы хлопца, які, абапіраючыся на дзве палкі, з цяжкасцю падымаўся на патрэбны паверх, і зачыніўшы дзверы ў аўдыторыю перад самым яго носам, выкладчык дэманстраваў непахіснасць свайго жалезнага правіла: пасля мяне ў аўдыторыю студэнты не заходзяць!
Не раз Паўлу нагадвалі: “Вы паступілі на тых жа ўмовах, што і ўсе астатнія, – і ў вучобе вам таксама не будзе ніякіх паблажак”. Ён не чакаў і не прасіў паблажак – толькі звычайнага чалавечага разумення таго, што на той шлях, які здаровы студэнт пераадолее за дзве хвіліны, яму патрэбна дваццаць; тое, што нехта зробіць гуляючы, для яго – выпрабаванне на мяжы магчымасцей…
– Нам не патрэбна шкадаванне, спачуванне, – з болем у голасе гаворыць Ірына Аляксееўна. – Адзінае, чаго не хапае не толькі нам, але і ўсім інвалідам, – гэта разумення…
Зрэшты, разуменне – гэта раскоша ўсіх людскіх стасункаў…
Тым не менш, нягледзячы ні на што і насуперак усяму, Павел закончыў універсітэт.
На выпускным вечары дэкан у сваёй заключнай прамове сказаў:
– Вучыцца на фізічным факультэце ўвогуле нялёгка. І ўсім вам было няпроста гэтыя пяць гадоў. І ўсё ж ёсць сярод нас чалавек, якому было непараўнальна цяжэй, чым усім астатнім…
І ўручыў дыпламаванаму фізіку і праграмісту Паўлу Жалняровічу шыкоўны букет руж.
Усе яны – Паша, Ірына Аляксееўна і Наташа – былі ў той момант бязмерна шчаслівыя. Гэта была яшчэ адна іх перамога – адна на ўсіх!

Жыццё


Павел зараз жыве з сястрой у Мінску. Наташа, нягледзячы на мноства выпрабаванняў, якія ёй давялося перажыць разам з маці і братам, закончыла аспірантуру, абараніла дысертацыю. Зараз яна – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, выкладчыца тэхналагічнага універсітэта, шырока вядомы ў галіне хімічнай перапрацоўкі драўніны спецыяліст.
Маці ж, па ўласным прызнанні, жыве на два дамы: то ў Альхоўцы, то з дзецьмі – там, дзе яна ў гэты момант больш патрэбная…
Павел атрымаў не толькі ўніверсітэцкі дыплом, але і вадзіцельскія правы. Сястра дапамагла яму купіць старэнькі аўтамабіль: зараз ён незаменны памочнік маладога чалавека і ўсёй сям’і. Гэта якраз той выпадак, калі машына – не раскоша, а жыццёва неабходны сродак перамяшчэння.
Пасля ўніверсітэта два гады Павел працаваў па размеркаванні ў прыватнай фірме праграмістам. Нядаўна звольніўся і зараз шукае новую работу. Можна не сумнявацца, што знойдзе: ён – чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі – і з неабмежаванай сілай духу, волі, інтэлекту.
Да таго ж у яго два такія магутныя, самаадданыя, любячыя анёлы-ахоўнікі – мама і сястра…

--------------------
Ніна РЫБІК.