Знакомьтесь: Наталья Сенють!

Наталля Уладзіміраўна Сянюць нарадзілася ў 1976 годзе ў вёсцы Газа. Закончыла з адзнакай Гозскую базавую школу і Полацкі педагагічны каледж, затым Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “настаўніца пачатковых класаў”.

Працавала ў Варнянскай сярэдняй школе і гімназіі №1. Апошнія сем гадоў узначальвала Астравецкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – менавіта пад яе кіраўніцтвам гэтая навучальная ўстанова стала лепшай установай Гродзенскай вобласці і атрымала статус “Брэнд года”.

У 2010 годзе Наталля Уладзіміраўна закончыла Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі  па спецыяльнасці “практычная псіхалогія”.

З 2012 года з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яд-нання  “Белая Русь”.

23 ліпеня бягучага года Наталля Уладзіміраўна прызначана начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.


Пра сябе


– Я – апантаны чалавек ва ўсіх адносінах. Калі пачынаю  нейкую справу, то даводжу яе да канца.

З творчасцю звязана з самага дзяцінства. У доме не было ніводнай паперкі, на якой я б што-небудзь не намалявала. Канешне, выдатным мастаком я не стала, але ўменне маляваць не раз дамагала  ў жыцці. Пазней асвоіла акардэон.

Вучылася я ў невялікай школе – Гозскай. У класе былі чатыры вучні: тры хлопчыкі і я – адзіная дзяўчынка. Таму даводзілася ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах. Актыўнай я была з самага дзяцінства. Іншым часам у адной пастаноўцы выконвала адразу па тры ролі.

А яшчэ я вельмі любіла падарожнічаць. Калгас імя Чапаева, які шэфстваваў над Гозскай школай,  часта вазіў нас на экскурсіі. Мы пабывалі ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Кіеве і іншых гарадах былога Савецкага Саюза.

Прафесію настаўніцы пачатковых класаў я выбрала невыпадкова: яшчэ вучаніцай даводзілася праводзіць урокі ў малодшых класах. Менавіта тады я зразумела, што  з дзеткамі  можна і спяваць, і маляваць, і тварыць, і падарожнічаць. Галоўнае – любіць іх і разумець.

Праца ў школе, а затым – у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі  дала многае. Я прайшла добрую школу ў аддзеле адукацыі і многаму тут навучылася: кіраванне калектывам, атрыманне ўстановай юрыдычнага статуса, правядзенне рамонтных работ, арганізацыя мерапрыемстваў, удзел у конкурсах. Спадзяюся, усё гэта мне дапаможа ў рабоце на новай пасадзе.


Пра культуру


– Некалькі месяцаў назад мне давялося змяніць сферу дзейнасці. І ў школе, і ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі зай-малася творчасцю, і тут, у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі працягваю гэта рабіць. І ўпэўнена, што менавіта  ідэалогія, культура, моладзь з’яўляюцца  тымі накірункамі, якімі прасякнуты ўсе сферы дзейнасці. І ад таго, якія мы, у многім залежыць і выгляд раёна.

Сёння ў раёне размешчана больш за 40 культурных падраздзяленняў. Я вельмі рада, што ў культуры  шмат таленавітых людзей, у якіх гараць вочы, якія адчуваюць сябе шчаслівымі таму, што ў іх ёсць любімая работа. Для любога чалавека вельмі важна ведаць, што ён, яго праца  патрэбны людзям.

Хаця ў культуры сёння вельмі шмат праблем: недахоп кадраў, рамонт будынкаў, арганізацыя мерапрыемстваў, неабходнасць зарабляць грошы. Але я ўпэўнена: калі будзе каманда захопленых, творчых, працавітых людзей, мы будзем на дастойным  узроўні. У нас з’явяцца  новыя ўзорныя і народныя  калектывы, будуць перамогі ў аглядах і конкурсах, мы пабудуем прыгожы маладзёжны цэнтр, у якім зможа адпачываць моладзь і ажыццявім шэраг іншых цікавых спраў і мерапрыемстваў.

У сваім жыцці я кіруюся  галоўным прынцыпам: калі чалавек хоча працаваць, то я ствару ўсе ўмовы для гэтага. І наадварот: калі чалавек не хоча працаваць – значыць,  мы пойдзем рознымі дарогамі. Магчыма, ён знойдзе сябе ў іншай сферы.

Асноўная наша праблема – гэта кадры. Год назад у працэсе рэарганізацыі дзяржапарату ў райвыканкаме замест трох аддзелаў застаўся адзін, які курыруе пытанні ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі. Людзей стала менш, а работы,  наадварот,  пабольшала. Але я ўпэўнена, што мы справімся – і першыя крокі да поспеху ўжо зроблены.

Канешне, за два  месяцы работы складана сабраць каманду, але касцяк ёсць. Прыемна бачыць, што людзі  жадаюць  працаваць. Я ўдзячна за падтрымку, якую мне аказвае старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, яго намеснікі,  старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук.

Намі праведзена шэраг цікавых мерапрыемстваў, асноўнае з якіх – раённыя “Дажынкі”. Сёння святочныя мерапрыемствы амаль штотыдзень праходзяць ва ўсіх вёсках. І гэта добра.


Пра захаванне народнай культуры


– Самая важная задача культуры – захаванне таго, што нам дасталося ад мінулых пакаленняў. Гэта ўсё: музейныя экспанаты, архітэктура, фальклор, традыцыі. На жаль, сёння ў нас няма музея, аднак яго работнікі – іх сёння двое – старанна  працуюць: шукаюць экспанты, афармляюць іх –  іх праца і неабыякавасць  таксама вядуць да стварэння музея. Пакуль што ўсё ўпіраецца ў будынак. Але ён абавязкова знойдзецца. І гэта будзе годнае месца, дзе мы зможам прадэманстраваць усё, чым багата наша Астравеччына.

Ужо  сёння нам ёсць  чым ганарыцца. Гэта ўзорныя і народныя калектывы, філіял музея ў Баранях і выставачныя экспазіцыі ў сельскіх Дамах культуры. А колькі старадаўніх экспанатаў сабрана ў Бабраўніцкай сельскай бібліятэцы! І ўсё гэта зроблена рукамі адной жанчыны – бібліятэкара Сафіі Іосіфаўны Комар. А якія мерапрыемствы яна праводзіць сумесна з мясцовымі жыхарамі! Менавіта на энтузіязме такіх людзей і трымаецца сёння культура – вялікімі заработнымі платамі мы пахваліцца, на жаль,  не можам. Наша асноўнае багацце – творчыя, ініцыятыўныя, таленавітыя людзі.


Пра моладзь


– Моладзь – наша будучыня. Таленавітых маладых людзей шмат у нашым раёне. Мы іх бачым і стараемся стварыць умовы для развіцця іх здольнасцей. І таму ў нас абавязкова будуць і маладзёжныя групы, і маладзёжныя калектывы. Наш аддзел  цесна супрацоўнічае з раённым камітэтам грамадскага аб’яднання БРСМ –  разам мы рэалізуем некалькі праектаў: дзейнасць студатрадаў, ушанаванне маладых спецыялістаў, спартыўныя спаборніцтвы – усё гэта робіцца дзеля нашай моладзі.


Пра планы


– Мы абавязкова будзем працягваць арганізоўваць культурныя мерапрыемствы, якія ўжо склаліся ў раёне, – творчыя праекты “Зорны дождж”, канцэрты да прафесійных і каляндарных святаў,  выступленні зорак беларускай эстрады, інтэлектуальныя праекты  “Што? Дзе? Калі?” і “Брэйн-рынг”, якія праводзяцца пры падтрымцы “Астравецкай праўды”,  і шэраг іншых.

Бліжэйшыя планы звязаны з устаноўкай памятнай дошкі Іосіфу Гашкевічу, цікавымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да Дня маці, з выступленнем групы “Карусель”, канцэртам эстраднага выканаўцы Дзмітрыя Калдуна, правядзеннем лазернага шоу, а таксама з рамонтнымі работамі, якія сёння пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта  вядуцца ў многіх нашых установах,  – і тут не ўсё так проста. Але я веру, што мы зможам усё пераадолець і выйсці на новы ўзровень.

Я захапляюся і ганаруся  нашымі людзьмі: нягледзячы на графік работы –  а даводзіцца працаваць і ў выхадныя дні, і да позняй ночы, –  ніхто не скардзіцца. Менавіта на такіх людзях і трымаецца культура.


Пра «Белую Русь»


– Дзейнасць рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” вельмі блізкая да дзейнасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.  Але гэта асобная арганізацыя са сваім статутам, справаздачамі і планамі, якія  чырвонай ніткай  праходзяць праз усю нашу сістэму.

Мне вельмі прыемна аргані-зоўваць мерапрыемствы і акцыі, накіраваныя на падтрымку розных слаёў насельніцтва, дапамагаць людзям, рабіць іх  шчаслівымі… Гэта, канешне, забірае  шмат часу, але прыносіць агульную карысць і задавальненне ўсім неабыякавым людзям, якія ўваходзяць у склад нашай раённай арганізацыі. Галоўнае, каб гэта было па патрабаванню душы, тады і атрымлівац-ца ўсё будзе так, як трэба.


Пра дом і сям'ю


– Безумоўна, на першым месцы ў мяне стаіць  сям’я: мой сын Артур, які вучыцца на ІІ курсе факультэта менеджменту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, мае маці, бацька і сястра – самыя дарагія і блізкія людзі, якія мяне падтрымаюць у любы момант, прымуць такой, якая я ёсць.

А калі ўсе дамашнія справы зроблены, я стараюся ўзнавіць у памяці рабочы дзень – раскласці яго “па палічках” і  прааналізаваць. Менавіта дома, у спакойнай абстаноўцы, часта прыходзяць цікавыя рашэнні,  здавалася б,  невырашальнай  праблемы. Я ўпэўнена, што паспяховы не той чалавек, які працуе 24 гадзіны ў суткі, а той, хто працуе галавой. Менавіта дома я стараюся знайсці  час, каб прапусціць усё праз сябе.


Пра захапленні


– Канешне, крыжыкам я не вышываю… Але я люблю ўсё прыгожае. Люблю падарожнічаць і  фатаграфаваць. На жаль, цяпер гэта атрымліваецца не так часта. А яшчэ,  калі ў мяне надараецца вольная хвіліна, я сустракаюся са сваімі сябрамі, якіх у мяне шмат, – гэта добры адпачынак для душы.


Пра прафесійнае свята


– Па прызванні  я – настаўнік. І  сёлета мяне таксама павін-шавалі з Днём настаўніка. Было  прыемна.

Але сёння і сэрцам,  і душой я належу культуры. І гэтае свята я буду адзначаць са сваім калектывам. І няхай на нашай зямлі квітнеюць таленты, творчасць і мастацтва! І няхай яны заўсёды знаходзяць прызнанне і ўдзячнасць у сваіх паклоннікаў.


Пра Дошку гонару


– Было прыемна, што мой партрэт будзе занесены на раённую Дошку гонару: нас заўважылі, ацанілі нашу работу. Гавару “нас”, таму што гэта заслуга  ўсяго калектыву цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, які я на той час узначальвала. І, напэўна, правільней было б размясціць замест майго партрэта фотаздымак усяго калектыву цэнтра творчасці, бо толькі сумеснай працай мы змаглі заваяваць статус  “Брэнд года”.

Занясенне на Дошку гонару – гэта вельмі важная падзея. І канешне, яна стымулюе да стараннай працы і руху  наперад.


Бліц-апытанне

– Якія станоўчыя якасці ў чалавеку вы найбольш цэніце?

– Шчырасць, адкрытасць, дабрыня.

– А якія чалавечыя заганы не церпіце?

– Непрыстойнасць, махлярства, безадказнасць.

– Ці верыце вы ў сяброўства?

– Веру. Прычым нават паміж мужчынам і жанчынай.

– Які момант у сваім жыцці вы лічыце самым радасным?

– Нараджэнне сына.

– А самым нешчаслі-вым?

– Самае вялікае няшчасце –  гэта страта блізкіх людзей.

– Якія святы для вас найбольш дарагія?

– Дні нараджэнні майго сына, маці, бацькі і сястры.

– А якія адзначаць не любіце?

– Свята – гэта заўсёды радасць і  магчымасць лішні раз сустрэцца з блізкімі людзьмі і сяб-рамі. Таму нелюбімых святаў у мяне няма.

– Галоўны чалавек у вашым жыцці?

– Сын.

– Галоўнае месца на зямлі?

– Родны Астравец. Некалі я марыла жыць у Мінску – вялікім, прыгожым горадзе, поўным магчымасцей. Сёння разумею, што,  апроч Астраўца,  мне нічога не трэба. Гэта мая радзіма.

– Якую кнігу, на ваш погляд, трэба прачытаць кожнаму?

– Маёй настольнай кнігай з’яўляецца кніга Дэйла Карнегі “Як набыць  сяброў…”. Дзякуючы ёй, я многаму навучылася, некаторымі парадамі карыстаюся і сёння. Напрыклад, “калі жыццё прынесла табе лімон, зрабі з яго ліманад”. І сёння  я не баюся цяжкасцей, яны мяне загартоўваюць. Ці “прадбачыць – значыць кіраваць” – любую справу, я стараюся пралічыць ад пачатку да канца.

– Прадоўжыце фразу: “Хай заўсёды будзе…”

– Мір на зямлі, здаровыя і шчаслівыя людзі.


----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.