Знакомьтесь: милиционер-водитель Александр Плавский!
З дзяцінства ў Аляксандра Фёдаравіча Плаўскага былі дзве мары: імчаць па бясконцым дарожным серпанціне за рулём вялікай машыны і стаяць на варце закона, насіць прыгожую форму, быць высокім і падцягнутым, як дзядзька, што служыў у міліцыі.Хлопчык марыў… І не ведаў, што гэтыя дзве прафесіі ўжо вялікімі літарамі ўпісаны ў яго кнігу жыцця.
Дзяцінства ў Аляксандра Фёдаравіча асацыіруецца з частымі пераездамі. Хлопчыку было 2 гады, калі бацькі, маладыя спецыялісты-ветурачы, пераехалі са Слонімскага ў Астравецкі раён. Карвэлі, Валэйкуны, Чэхі, Рымдзюны – бацькам давялося працаваць на розных пасадах і ў розных калгасах, адпаведна змянялася і месца жыхарства. Аляксандр закончыў аж тры школы: пачатковую ў Газе, васьмігодку ў Чэхах і сярэднюю ў Варнянах.
Вучыўся хлопец добра, таму бацька, які ведаў смак калгаснага хлеба, раіў паступаць у інстытут. Але цікавіла юнака зусім іншае.
– Ды які там інстытут! – успамінае з усмешкай Аляксандр Фёдаравіч. – Хто ў юнацтве слухае бацькоў? Мы ж з сябрам Валодзькам Вайнілкам, з якім сядзелі за адной партай з 5-га класа, даўно вырашылі, што пойдзем у армію. Тады служба лічылася ганаровай і прэстыжнай! А каб перачакаць год да паўналецця, пайшлі вучыцца ў Вілейскае вучылішча прыборабудавання. Нас прызвалі ў армію з розніцай у пару дзён, толькі Валодзя адправіўся на марфлот, а я – у пагранічнікі.
Служыць Аляксандра Плаўскага накіравалі на мяжу з Кітаем. Ён і зараз без запінкі выгаворвае непрывычныя для славянскай мовы назвы кітайскіх паселішч, каля якіх давялося абараняць Дзяржаўную мяжу.
Армія пакінула яркія і незабыўныя ўспаміны. А яшчэ пазнаёміла-звяла з надзейным і верным сябрам – усходне-еўрапейскай аўчаркай Грандам.
– Мяне спачатку хацелі адправіць у сувязісты, а я папрасіўся ў кінолагі, – расказвае Аляксандр Фёдаравіч. – Праўда, вельмі хутка пашкадаваў аб гэтым: у вучэбцы мы ўвесь час бегалі, бегалі, бегалі. Нават калі сабака сядзеў на месцы, салдат павінен быў бегаць. Цяжка было. Ужо потым, калі мы з Грандам і іншымі пагранічнікамі даганялі парушальніка 17 кіламетраў без перапынку, а дыханне не збівалася, я зразумеў, што трэніроўкі былі недарэмнымі. Гранд быў вельмі разумны, верны і надзейны таварыш. У якіх толькі пераплётах мы з ім не пабывалі. Паўтара года праслужылі разам. Пасля дэмабілізацыі я вельмі хацеў забраць яго з сабой, бо для службы сабака быў ужо старым. Праўда, такія сабакі ў савецкі час вельмі дорага каштавалі, але я знайшоў патрэбныя грошы. Ды толькі не дазволілі забраць сябра з сабой. Шкада…
Вярнуўшыся дадому, Аляксандр Фёдаравіч пайшоў у райаддзел унутраных спраў.
– У савецкія часы прафесія дальнабойшчыка лічылася экзатычнай і ўладкавацца туды было няпроста, – расказвае мужчына. – А міліцыя мяне заўсёды прыцягвала. Памятаю, прыедзе ў госці дзядзька-міліцыянер: высокі, падцягнуты, у прыгожай форме – глядзіш і ўяўляеш сябе на яго месцы. У райаддзеле маю характарыстыку паглядзелі, адобрылі, але сказалі ў Акадэмію МУС паступаць. Ну не, думаю, толькі з арміі вярнуўся і зноў ехаць трэба. А непадалёк ад будынка міліцыі кантора мытні – пайшоў туды і ўладкаваўся на працу.
Ды толькі ад лёсу не ўцячэш: у 1999 годзе Аляксандр Плаўскі прыйшоў на службу ў аб’яднанне “Ахова” пры МУС. Змяніўшы некалькі пасад, стаў міліцыянерам-кінолагам. А калі ў 2008 годзе адкрыўся новы ізалятар часовага ўтрымання, мужчыну перавялі туды. Зараз жа Аляксандр Фёдавіч служыць міліцыянерам-вадзіцелем аўтазака: перавозіць асоб, якія знаходзяцца пад арыштам. Вось так дзве дзіцячыя мары аб’ядналіся – і сталі лёсам.
– Сапраўды, працую “два ў адным” – і міліцыянерам, і вадзіцелем, – усміхаецца Аляксандр Фёдаравіч. – Дзе лепш было служыць? Ды ўсюды па-свойму цікава і ёсць свае нюансы. Раней супрацоўнікаў міліцыі больш паважалі і цанілі. Зараз шмат негатыву, паказваюць фільмы і серыялы, дзе міліцыянераў выстаўляюць у не лепшым выглядзе, а гэта ж усё прыдуманае “кіношнікамі”. А здарыцца штосьці дрэннае – усё роўна ў міліцыю звяртаюцца: “Міленькія, родненькія, дапамажыце!” Служыць у міліцыі мне падабаецца. Калі быў кінолагам, колькі мы з Графам (усходне-еўрапейская аўчарка) спраў дапамаглі раскрыць! У мяне дома цэлая падшыўка ляжыць. І “Астравецкая праўда” колькі разоў пра нас пісала. Праўда, два гады, як няма ўжо Графа…
Аляксандр Фёдаравіч даўно жыве ў Астраўцы, разам з жонкай гадуе двух дзяцей: дачка вучыцца на 5-м курсе ўніверсітэта, падрастае сын-школьнік. А яшчэ з імі жыве кот і вясёлая аўчарка са смачнай мянушкай Барні – назвалі яе так невыпадкова, бо сабака вельмі любіць дзяцей. Ёсць у мужчыны і хобі: у вольны час ён выразае з дрэва і робіць мэблю. Дзень-два – і ў пакоі з’яўляецца арыгінальны столік ці прыгожыя палічкі.
– Яшчэ калі служыў у “Ахове”, у мяне былі добрыя настаўнікі: Франц Казіміравіч Пяткевіч, Віктар Іосіфавіч Памецька і тагачасны начальнік Іван Зігфрыдавіч Віткевіч, якія многаму мяне навучылі. Яны нярэдка паўтаралі, што ў экстрэмальных і складаных сітуацыях важна, каб галава была халоднай, а свядомасць – яснай. А галоўнае правіла: у любой сітуацыі заставацца чалавекам – як на службе, так і ў жыцці.
Марына МАЦКЕВІЧ.
