Знакомьтесь: гордость района Эдуард Ясюкевич!
Нехта ўсё жыццё шукае для сябе лепшае працоўнае месца, выбіраючы графік, умовы працы ці зарплату. А хтосьці, аднойчы вызначыўшыся з прафесіяй, не збочваў з абранага шляху нават у самы складаны і цяжкі час.Сярод такіх – вадзіцель па замене і дастаўцы балонаў ПУ “Смаргоньгаз” Астравецкі раён газазабес-пячэння” Эдуард Станіслававіч Ясюкевіч, фотаздымак якога сёлета занесены на раённую Дошку гонару.
– Эдуард Станіслававіч прыйшоў да нас у сакавіку 1986 года, – успамінае начальнік Астравецкага раёна газазабеспячэння Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч. – Нялёгкія тады былі часы: арганізацыя толькі пачынала сваю актыўную дзейнасць, людзей мала, галоўная праблема – невялікая зарплата. Таму прыходзілі да нас толькі, каб “перабыць” – пакуль лепшую работу не знойдуць. А Эдуард Станіслававіч застаўся.
– Мы працуем перш за ўсё для людзей, – характарызуе свайго падначаленага Марыя Нікадзімаўна, – і Эдуард Станіслававіч гэта добра ра-зумее. Яго паважаюць калегі, ведаюць і любяць тыя, каму ён нясе цяпло і святло – прычым не толькі з дапамогай газу, але і сваімі адносінамі.
Трыццаць гадоў аддаў даўно ўжо стаўшаму родным прадпрыемству Эдуард Станіслававіч Ясюкевіч. І амаль усе гэтыя гады – нейкі час мужчына працаваў слесарам, а потым яго зноў вярнулі на месца вадзіцеля – ён кожны дзень выязджае ў рэйс, каб даставіць нават у самыя аддаленыя вёсачкі і хутары “падарунак цывілізацыі”, без якога мы сёння не ўяўляем свайго жыцця, – звадкаваны газ, “уціснуты” ў герметычны балон.
…У нашым раёне яшчэ нямала вёсак і дамоў, куды не праведзены жоўтыя трубы, дзе гаспадыні разлічваюць дзённую норму газу, каб заказаць “свежы” балон якраз пасля пенсіі або зарплаты, і дзе можна застацца без абеду ці вячэры, калі “газавая” машына па нейкай прычыне не даедзе. Але гэтага не здараецца, супакойвае мяне Эдуард Станіслававіч.
– Выязджаю на раён у восем гадзін раніцы, загрузіўшы машыну поўнымі балонамі, – расказвае мужчына пра свае працоўныя будні. – А вяртаюся, калі развязу ўсе заказы, – бывае, і пасля шасці гадзін вечара. Калі ж здараецца паломка, “на падхопе” іншыя машыны. Так што заказаны балон абавязкова будзе дастаўлены.
Асабліва складана даязджаць на хутары: дарогі дрэнныя або іх увогуле няма – тады прыходзіцца ехаць прама па полі. І, лічы, пашанцавала, калі ўраджай сабралі, а заараць зямлю не паспелі. А калі “засядзеш”, трактара прыходзіцца чакаць не адну гадзіну. Добра, што сёння мабільная сувязь дазваляе папрасіць дапамогі з любога куточка Астравеччыны.
– І ў заліўныя дажджы, і ў час адлігі, калі колы машыны правальваюцца ў гразкую і слізкую “кашу”, людзі чакаюць нашу машыну – і я не магу іх падвесці, – гаворыць вадзіцель.
Адзінай і самай важнай прычынай таго, што Эдуард Станіслававіч не здрадзіў сваёй нялёгкай і адказнай справе, з'яўляецца любоў – да таго, што ён робіць кожны дзень і з дня ў дзень.
– Мне падабаецца мая работа, – прызнаецца Эдуард Ясюкевіч. – У першую чаргу тым, што ў мяне ёсць магчымасць дапамагаць людзям. Я ведаю, што патрэбен – і гэта прыемна.
Ехаць прыходзіцца доўга і марудна: максімальная дазволеная хуткасць машыны з газавымі балонамі – 59 кіламетраў у гадзіну, але вадзіцель не наракае, бо ведае, што яго чакаюць.
Толькі мала замяніць пусты балон поўным: у вёсках жывуць ветлівыя, адкрытыя людзі, якія хочуць словам перакінуцца, нешта новае і добрае пачуць. І Эдуард Станіслававіч слухае, жартуе і дапамагае парадай. Асабліва рады яму бабулі і дзядулі на далёкіх, завеяных снегам ці адрэзаных ад “вялікага свету” воднай перашкодай, якую нечакана наліў восеньскі лівень, хутарах. Нават больш чым газ ім патрэбен чалавек, які даўно “зачапіў” іх душы сваім, вельмі гарачым і адкрытым насустрач усім людзям сэрцам.
Як свае пяць пальцаў Эдуард Станіслававіч ведае ўсе сцежкі-дарожкі нашага раёна, можа з дакладнасцю да некалькіх хвілін сказаць, колькі часу спатрэбіцца, каб памяняць балон у Рымунях ці “крутануцца” на Хацілкі. Дарогі Астравеччыны ён вывучаў яшчэ калі працаваў у кінафікацыі, як яе раней называлі, – развозіў фільмы па сельскіх дамах культуры.
А да гэтага была армія, перад якой Эдзік паспеў пабыць вучнем токара і папрацаваць па гэтай спецыяльнасці ў былым МПМК. Школу закончыў Астравецкую – родам ён з Кавалёў, дзе і сёння ў хаце, якая засталася ад бацькоў, любіць праводзіць вольны час з вернай і надзейнай “другой палавінкай”, якая, як і работа, больш трыццаці гадоў назад раз і назаўсёды стала неад'емнай часткай яго жыцця.
З жонкай Тарэсай Станісла-ваўнай Эдуард Станіслававіч пазнаёміўся ў Астраўцы, хоць, як пасмейваецца мужчына, шмат на раёне было прыгожых дзяўчат.
– Жывём мы ў кватэры, але з задавальненнем выязджаем у Кавалі, – гаворыць мужчына, і вочы яго радасна пабліскваюць. – Цяпер з намі часова жыве дачка Вераніка з унучкай Валерыяй і ўнукам Арсенькам, якому нядаўна споўнілася дзесяць месяцаў. Прыходзіш пасля работы дахаты і абавязкова павінен унучка пагушкаць – толькі рукі паспяваю вымыць.
*Самае галоўнае ў любой прафесіі – адносіны з людзьмі.
*Я люблю нашу маленькую Астравеччыну і ніколі не хацеў жыць у другім месцы.
*Моладзь наша добрая, толькі навучыць яе трэба – а гэта патрабуе цярпення і жадання.
*Дошка гонару – гэта вельмі прыемна, але шчасце – гэта праца, якую любіш.
Вольга ХАЦЯНОВІЧ, фота аўтара.
