Знакомьтесь: Галина Оксютчик!

Мая сустрэча з Галінай Канстанцінаўнай Аксютчык была прымеркавана да ўзнагароджвання яе медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені. Аднак яна аказалася такой цікавай жанчынай, што давялося выйсці далёка за рамкі яе сённяшніх абавязкаў галоўнага інспектара аддзела кадраў і прафесійнай падрыхтоўкі Ашмянскай мытні.


Дзяцінства

Галіна ў сям'і была малодшай. Калі дзяўчынцы споўніўся год і дзевяць месяцаў, памерла яе матуля. Бацька ў сям'і застаўся галоўным здабытчыкам – ён працаваў на машынна-трактарнай станцыі і на тыдзень выязджаў з дому. Усе абавязкі па выхаванні малышкі ляглі на плечы старэйшай сястры, якой на той час было ўсяго 16. Родныя забілі трывогу – дзецям патрэбна была маці. Толькі бацька спачатку нікога не хацеў бачыць…

– Пра тое, што мяне выхоўвае не родная маці, я даведалася ў падлеткавым узросце. Аднойчы мая класная пацікавілася, як я называю сваю мачаху. Я не паверыла пачутаму і пабегла да мамы, – расказвае Галіна Канстанцінаўна. – Тая зніякавела і не знайшла, што сказаць. Мама адразу ж патэлефанавала маёй старэйшай сястры – тая і расказала мне гісторыю маіх бацькоў.

– Мы былі вельмі дружныя, – працягвае Галіна Канстанцінаўна. – Потым у бацькоў нарадзілася сумеснае дзіця – наша сястра. І дзякуючы нашай маме Любові Іосіфаўне сям'я яшчэ больш аб'ядналася. Сёння я з любоўю ўспамінаю і маму, і тату, я вельмі ўдзячна ім за шчаслівае дзяцінства і бацькоўскія ўрокі. Яны зрабілі для нас усё: выгадавалі, далі адукацыю і навучылі цаніць сямейныя каштоўнасці.


Выбар прафесіі

З дзяцінства Галіна захаплялася спортам. Два разы на тыдзень яна з Далгінава, невялічкай вёсачкі на Уздзеншчыне, за 14 кіламетраў ездзіла на трэніроўкі ў спартыўную школу ў горад – займалася лёгкай атлетыкай, не раз «брала» прызавыя месцы ў раёне, вобласці і нават у рэспубліцы. І здавалася, што яе будучыня ўжо прадвызначана – усе верылі, што дзяўчына паступіць ва ўніверсітэт і там будзе займацца спортам.

Толькі патаемна Галіна марыла зусім пра другое – і аднойчы сваімі планамі падзялілася са старэйшай сястрой. У сваіх марах яна вучылася ў тэатральна-мастацкім інстытуце на рэжысёра тэлебачання. Але свавольнік-лёс вырашыў выпрабаваць дзяўчыну на цвёрдасць: звычайныя экзамены Галіна, паколькі ў школе вучылася добра, здала, а вось з профільным, хаця і з ім дзяўчына справілася нядрэнна, узніклі праблемы.

– У той год набіралі 15 чалавек, і мне, у якой не было ніякага вопыту, прапанавалі выбраць другую спецыяльнасць, – расказвае Галіна Канстанцінаўна. – Я пакрыўдзілася. Аднак адзін з педагогаў параіў мне паступіць у культпрасветвучылішча ў Гродна, а праз год зноў штурмаваць Тэатральна-мастацкі інстытут.

У культпрасветвучылішча Галіну Канстанцінаўну прынялі без уступных экзаменаў. Праўда, правучыцца яна там збіралася толькі год, аднак… Год вучобы праляцеў даволі хутка – але дзяўчына вырашыла нічога не мяняць.

– Мне падабалася ў Гродна. Вучоба, выступленні, удзел у спектаклях – час бег хутка і не заўважна, – расказвае Галіна Канстанцінаўна.

На размеркаванні дзяўчына папрасіла накіраваць яе куды-небудзь бліжэй да Мінска. Прапанавалі Астравец…


Астравец

Астравец сустрэў маладога спецыяліста 7 студзеня 1974 года мокрым снегам.

– Першую ноч я правяла ў гасцініцы ў слязах, – успамінае Галіна Канстанцінаўна. – Той Астравец вельмі адрозніваўся ад сённяшняга прыгожага, чыстага горада. Але ў раённай культуры мяне прынялі цёпла – і я зразумела, што ўсё будзе добра.

Праўда, надоўга заставацца ў Астраўцы дзяўчына не збіралася. «Адпрацую два гады – і вярнуся дадому, на Міншчыну», – была ўпэўнена яна.

– Заўсёды здавалася, што менавіта там людзі больш прагрэсіўныя, на справе аказалася наадварот, – разважае Галіна Канстанцінаўна. – Прыязджаючы дамоў, часта расказвала маме пра мясцовую гаворку – зусім не падобную да той, на якой размаўлялі на Міншчыне, і сама не заўважыла, як стала ўжываць «астравецкія» слоўцы, – і стала мясцовай.

14 гадоў адпрацавала Галіна Канстанцінаўна ў аддзеле культуры. Ад сваёй мары атрымаць вышэйшую адукацыю яна так і не адмовілася. Паступіла ў Тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысёра народнага тэатра, а закончыла ўжо Інстытут культуры.

У дзяўчыны, якая з першых гадоў вучобы марыла дарыць людзям добры настрой і свята, усё так і атрымалася. Менавіта ў Астраўцы Галіна Канстанцінаўна знайшла сябе – і стала тут патрэбнай людзям.

– Была магчымасць пераехаць, і нават у Мінск, але ўжо тады я не ўяўляла свайго жыцця без Астраўца. А што ўжо казаць цяпер – я люблю тут кожны вугалок! Асабліва змяніўся Астравец у апошняе дзесяцігоддзе – стаў сапраўдным еўрапейскім горадам, у якім утульна і прыгожа!

Менавіта Галіна Канстанцінаўна стаяла ў вытокаў стварэння на Астравеччыне народнага тэатра. Колькі было пастаўлена п'ес – цяпер цяжка ўзгадаць. Адно дакладна: усе яны былі вельмі розныя і жадаючых іх паглядзець было шмат, таму пастаноўкі Астравецкага народнага тэатра з поспехам праходзілі не толькі ў нашым раёне.

Так атрымалася, што тэатр толькі пачаў станавіцца на крыло, як Галіна Канстанцінаўна пайшла ў дэкрэтны адпачынак. З аднаго боку – маленькае дзіця, з другога – кіраўніцтва аддзела культуры просіць не пакідаць рэпетыцыі. Дзіцяці – чатыры месяцы, муж вучыцца ў Ровенскім інстытуце… Здаецца, безвыходная сітуацыя, а Галіна Канстанцінаўна на ўсё знаходзіць час – у тым ліку і на рэпетыцыі п'есы Федэрыка Гарсія Лоркі «Дом Бернарды Альбы». Менавіта гэтая пастаноўка і репетыцыі, стварэнне дэкарацый да яе і сёння жывуць у памяці жанчыны.

– Гады ідуць – усё змяняецца. Змянілася і сённяшняя культура – вырасла выканальніцкае майстэрства нашых вакалістаў і калектываў, – дзеліцца тым, што і сёння яе хвалюе, Галіна  Канстанцінаўна. – Я ў захапленні ад спектаклю, які паставілі нашы самадзейныя артысты па п'есе Ніны Рыбік. Упэўнена, што раўнадушным да гэтай пастаноўкі ніхто не застаецца.

Дзеці бачылі адданасць маці любімай рабоце, напэўна, таму яны і самі з задавальненнем удзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах, канцэртах, сустрэчах, якія ў тыя гады арганізоўваў раённы аддзел культуры.

– Дачка не раз удзельнічала ў пастаноўках нашага тэатра, цудоўна танцавала, – успамінае Галіна Канстанцінаўна. – Сын добра дэкламаваў вершы, праўда, рабіў гэта без энтузіязму – у яго былі іншыя інтарэсы.

А вось Галіна Канстанцінаўна не ўяўляла свайго жыцця без культуры. Хаця той момант, калі яна вырашыла радыкальна змяніць сферу дзейнасці, усё ж наступіў.

– Культура адымала ў мяне тое, што было вельмі дорага, – маю сям'ю. І таму, калі мне прапанавалі працу ў

ЗАГСе, я вырашыла туды пайсці.

На працягу двух гадоў Галіна Канстанцінаўна вяла шлюбныя цырымоніі, рэгістравала шлюбы і нараджэнне дзяцей – як і раней, дарыла радасць людзям. У гэты ж час яна вяла перадачы на раённым радыё. Затым быў райкам партыі, дзе Галіна Канстанцінаўна загадвала агульным аддзелам, – менавіта тут яна і навучылася весці кадравую работу.


Мытня

Калі ў Астраўцы пачалося фарміраванне мытных органаў, менавіта Галіне Канстанцінаўне Аксютчык прапанавалі ўзначаліць аддзел кадраў Астравецкай мытні. І сёння жанчына працягвае працаваць галоўным інспектарам аддзела кадраў і прафесійнай падрыхтоўкі толькі ўжо Ашмянскай мытні.

Галіна Канстанцінаўна амаль усіх работнікаў, якія сёння працуюць у Ашмянскай мытні, – а іх больш за 600, – ведае па імені і імені па бацьку.

– Я люблю сваю работу, люблю дапамагаць людзям. Праўда, бываюць моманты, калі даводзіцца аб'яўляць дысцыплінарнае спагнанне: хаця гэта было і не маё рашэнне – такую вестку прыношу менавіта я.

– Праца мытніка – а сёння тут працуюць юрысты, эканамісты, праграмісты, інжынеры – складаная. Але чалавек усяму можа навучыцца. Галоўнае – хацець гэтага. Спачатку чалавек праходзіць выпрабавальны тэрмін, за ім назначаецца настаўнік, які дапамагае, падказвае, вучыць, – працягвае Галіна Канстанцінаўна. – Мытнікі павінны трымаць у галаве вялікую колькасць нарматыўных дакументаў. Інакш нельга – памылкі сёння не даруюцца.

Галіна Канстанцінаўна заўсёды адказна ставілася да ўсяго, за што бралася. Цяпер жа, пасля ўзнагароджвання медалём «За бездакорную службу», упэўнена жанчына, памылкі ўвогуле недаравальныя.


Сям'я

Як і раней, нягледзячы на занятасць, жанчына знаходзіць час на сваю сям'ю. Сёння Галіну Канстанцінаўну радуюць не толькі муж, з якім яна пражыла 41 год, дзеці Наталля і Мікалай, якія з'яўляюцца гонарам бацькоў, але і іх прадаўжэнне – унукі Ягор, Фёдар, Уладзімір і Іван.

– З будучым мужам я пазнаёмілася на вясковых танцах. Я прыехала дамоў на канікулы, а Віктар працаваў у навукова-даследчым інстытуце ў Мінску і прыехаў да нас на геадэзічныя здымкі, – усміхаецца Галіна Канстанцінаўна. – Банальная сустрэча, падчас якой нашы погляды сустрэліся… Усё лета мы сустракаліся, а потым раз'ехаліся па розных гарадах і сувязі падтрымлівалі з дапамогай пісем.

А праз два гады маладыя справілі вяселле.

– Мой тата, які прайшоў усю вайну, а потым сваё жыццё прысвяціў працы ў калгасе, запісаў нас на рэгістрацыю на 1 мая. Маме, канешне, не зусім імпанавала гэта дата, але рашэнне было прынята, – усміхаецца Галіна Канстанцінаўна. – З таго часу ўжо прайшоў 41 год. І ўсё склалася найлепшым чынам. І для мяне, і для мужа на першым месцы заўсёды былі сям'я і дзеці – наша прадаўжэнне.

– У Наташы часам з'яўлялася жаданне звязаць сваё жыццё з творчасцю, а вось дзядуля хацеў, каб яна стала ўрачом, – працягвае Галіна Канстанцінаўна. – Яна старанна вывучала біялогію і хімію, а потым неяк агаломшыла, што ўрачом быць не хоча, і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, стала хімікам-біёлагам. Сённяшняя яе прафесія – а працуе яна таксама ў Ашмянскай мытні – цалкам звязана з атрыманай спецыяльнасцю. І мне здаецца, што гэта ёй падабаецца.

А Мікалай закончыў школу з залатым медалём. Такім жа выдатнікам ён быў і падчас вучобы ва ўніверсітэце – стаў стыпендыятам прэзідэнцкага фонду. Ды і ўніверсітэт Мікалай закончыў з чырвоным дыпломам, а потым адвучыўся ў магістратуры і аспірантуры. І сёння, як і старэйшая сястра, радуе бацькоў сваімі поспехамі.

– Мне двойчы пашанцавала ў жыцці. Пасля таго як я засталася без маці – а для дзяцей гэта неперадаваемы боль, – у мяне з'явілася другая мама, якую мы любілі, як родную, якая аб'яднала нашу сям'ю. А потым мне пашанцавала яшчэ раз: для маёй свекрыві Веры Фамінічны Аксютчык, якая выхавала трох сыноў, я стала дачкой. Гэта была вельмі мудрая жанчына, і яна многаму мяне навучыла – за гэта я ёй вельмі ўдзячна. Атрымліваецца, жыццё склалася найлепшым чынам.

І сёння Галіна Канстанцінаўна такая ж адказная, актыўная і ініцыятыўная, як і 41 год назад, калі яна прыехала ў Астравец маладым спецыялістам. Здаецца, за той час нічога не змянілася: яна гэтак жа любіць чытаць і падарожнічаць, глядзець спектаклі, фільмы, канцэрты і не ўяўляе свайго жыцця без любімай сям'і і любімай работы.


----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.