Знакомьтесь: Эмилия Комар!

7
Зямля хавае ў сваіх сутарэннях тысячы скарбаў, якія яшчэ праляжаць, напэўна, некалькі стагоддзяў. Але самыя каштоўныя – “таленты”, якія людзі не аддалі зямлі.
Евангелле ад Мацвея расказвае аб трох рабах, якія па-рознаму распарадзіліся сваімі “талентамі” (у той час – грашовая адзінка). Адзін раб пусціў 5 талентаў у работу – і атрымаў яшчэ 5 манет. Таксама зрабіў і чалавек, які атрымаў ад гаспадара два таленты.
Толькі апошні закапаў сваю адзіную манету ў зямлю… З таго часу і з’явіўся афарызм: “Закапаць талент у зямлю”…
Нам хочацца пазнаёміць вас з тымі жыхарамі нашага раёна, якія развіваюць і прымнажаюць свае таленты. “Таленавіты” свет нашага краю багаты не толькі на вядомых і масцітых майстроў – пэндзля, слова, справы, але і на пачынаючых творцаў, якія знаходзяцца толькі ў пачатку сваёй дарогі.


Эмілію Плятэр называюць беларускай Жаннай Д’Арк. У жылах вядомай паўстанкі цякла шляхетная кроў, але яна думала толькі пра Айчыну.
Эміліі – і Плятэр, і Комар –падобныя між сабой любоўю да сваёй зямлі, невымернай цягай да беларускага жыццёвага ўкладу і моцным, бы загартаваным “агнём, вадой і меднымі трубамі”, характарам.
Кожная з іх у свой час зачытвалася гістарычнымі раманамі і апавяданнямі пра герояў. Першая захаплялася верхавой яздой і займалася фехтаваннем, другая літаральна “дыхае” адзінаборствамі. Яны абедзве прыйшлі ў гэты свет 13 чысла, і, нягледзячы на тое, што іх размяжоўваюць амаль два стагоддзі, застаюцца сапраўднымі дачкамі сваёй зямлі – мужнымі, адданымі, харызматычнымі.
Пагаварыць з Эміліяй Плятэр у нас, на жаль, няма магчымасці: вучоныя яшчэ не прыдумалі “машыну часу”. А вось з яе юнай цёзкай – без праблем!

Кароткая даведка

Сфера дзейнасці:
*студэнтка 3-га курса факультэта гісторыі, камунікацыі, і турызму, спецыяльнасць “Журналістыка”;
*супрацоўнік Цэнтра па сувязя з грамадскасцю ГрДУ;
*вядучая ўніверсітэцкіх, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемстваў;
*карэспандэнт выпускаў “Навіны ГрДУ”;
*аўтар артыкулаў у моладзевым часопісе “LO_oK” і газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.

Сфера інтарэсаў:
літаратура, спорт, вандроўкі (у тым ліку і аўтаспынам).
Сфера дасягненняў:
*пераможца студэнцкага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа, у намінацыі “Проза” (2011);
*пераможца рэгіянальнага і прызёр фінальнага тураў міжнароднага конкурсу аратарскага майстэрства “Цыцэроній-2012”;
*лідар конкурсу “Кірмаш праектаў”(2013);
*пераможца ўніверсітэцкай вясенняй спартакіяды ў эстафеце па бегу; прызёр універсітэцкай вясенняй спартакіяды ў эстафеце па плаванні.


– Эмілія, на вашу думку, ці ёсць падабенства паміж вамі і Эміліяй Плятэр?

– Плятэр лічаць героем у Беларусі, Польшчы і Літве, яе імя занітавана ў стагоддзях. І я шчыра захапляюся гэтай асобай. (Задумалася) Магчыма, мы падобныя характарамі: няўрымслівыя, цвёрдыя як духам, так і фізічна.

– Вы мясцовая, і вашы артыкулы неаднаразова друкаваліся на старонках “Астравецкай праўды”, пагэтаму некаторым жыхарам нашага краю крыху вядома ваша прозвішча. І ўсё ж, як бы вы прадставіліся і што б пра сябе расказалі нашым чытачам?

– Так, я з мясцовых, а дакладней – бабраўніцкая (усміхаецца). Вучылася ў Варнянскай школе, там і пачала пісаць. Творы, лірычныя замалёўкі, невялікія журналісцкія артыкулы, якія дасылала ў “Астравецкую праўду”, – і многія з іх пабачылі свет на старонках газеты.
Прафесійнае самавызначэнне ў мяне было не з лёгкіх. Я, яшчэ старшакласніца, стаяла на раздарожжы: мяне вабіла журналістыка і цягнулі магнетызмам мужчынскія прафесіі – напрыклад, выратавальніка. Але на ўяўных вагах урэшце перавесіла журналістыка. Я з лёгкасцю паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Журналістыка”. Зараз, дарэчы, там і працую. Акрамя вучобы і працы, цікаўлюся спортам, гісторыяй, люблю падарожнічаць.

– З чаго пачыналася любоў да падарожжаў?

– Хтосьці сказаў: “Свет – гэта кніга. Той, хто не падарожнічае, – чытае толькі адну старонку.” Мае падарожжы пачаліся тады, калі я пачала шмат чытаць. Аднак яны існавалі не ў рэчаіснасці, а ў маім уяўленні – я спазнавала новыя краіны і землі разам з літаратурнымі героямі.
Цяпер, калі ў мяне ёсць магчымасці – у першую чаргу юнацкі запал і неадольнае жаданне, – я імкнуся максімальна пазнаць свет. Толькі за мінулы год і пачатак гэтага пабывала ва Украіне, Арменіі, Грузіі, Францыі, Германіі, Даніі, Нарвегіі. А летам падчас канікулаў працавала важатай у польскім летніку.
Лічу, што трэба скарыстоўваць магчымасці вывучаць культуру, побыт іншых людзей. Не важна, што гэта – моладзевы абмен, праца, або паездка “ад касцёла”.

– Здаецца, Бунін казаў: “Шчаслівым чалавека робяць тры рэчы: любімая работа, сям’я і магчымасць падарожнічаць.” Калі з першым і апошнім складнікам (паводле Івана Аляксеевіча) зразумела, то пра вашу сям’ю хацелася б даведацца падрабязней.

– Гэта мама, тата, брат і бабуля. Толькі нядаўна я зразумела: усім, што ёсць у маім жыцці, я абавязана менавіта ім. Мае бацькі – ідэал жанчыны і мужчыны. Яны самыя звычайныя людзі, не займаюць высокіх пасад, аднак усё жыццё жывуць па сумленні. Менавіта тата навучыў мяне імкнуцца да дасканаласці, быць моцнай, прамой і незалежна ад сітуацыі не здраджваць сваім прынцыпам. Мама, мяккая і добрая па характары, з дзяцінства прывіла любоў да кніг. Ну а братам я асабліва ганаруся! Ён займаецца спортам, цікавіцца гісторыяй, піша вершы і, канешне, размаўляе па-беларуску!
Дарэчы, калі я была маленькай, тата часта паўтараў словы: “Цяжка вучыцца – лёгка ваяваць!”. Тады я іх слухала і не разумела сэнсу. А зараз стала імі кіравацца. Яны – мой жыццёвы дэвіз.

– А ці тычыцца гэта выслоўе адзінаборстваў, якімі вы захапляецеся? Дарэчы, як у такой “тонкай, звонкай ды празрыстай” з’явілася гэтае не вельмі жаночае захапленне?

– Адзінаборствы і спорт мне падабаліся з дзяцінства. Тата глядзеў фільмы з Брусам Лі – а я збоку. Ён адціскаўся на кулачках ад падлогі, а я сядзела ў яго на спіне.
Памятаю баксёрскую грушу, якую зрабіў тата. І я, кволае дзяўчо, ужо тады спрабавала нанасіць удары. У школе вельмі любіла фізкультуру. А магчымасць займацца адзінаборствамі ў мяне з’явілася толькі тады, калі паступіла ва ўніверсітэт. Я пачала шукаць сябе ў гэтым. Спрабавала айкідо, тэквандо, зараз спынілася на тайскім боксе.
Дзякуючы адзінаборствам, я трэнірую вынослівасць і загартоўваю характар. У зале ты забываеш пра свае праблемы, клопаты і турботы… А пераадольваючы цяжкасці на трэніроўках, вучышся пераадольваць цяжкасці ў жыцці. Як па мне, дык тайскі бокс, як і іншыя адзінаборствы, – гэта яшчэ і прыгожа.

– А вы плануеце сваё жыццё або жывяце кожным днём?

– Тое-сёе, канешне, планую. І гэта, хутчэй, доўгатэрміновыя планы. Але час ад часу люблю іх кардынальна мяняць і рабіць штосьці вар’яцкае. Адначасова з гэтым я імкнуся жыць кожным днём і атрымліваць асалоду менавіта ад гэтага імгнення, павеву ветрыку і ўсмешкі мінака.
Люблю сваю маладосць, цаню свае магчымасці, таму жыву сёння і цяпер!

– У жыцці вы размаўляеце па-беларуску. Звычайна моладзь, якая прыязджае на вучобу ў горад з вёскі, абірае рускую мову, бо на ёй размаўляе большасць людзей. Ці можна казаць пра тое, што ў гэтым плане вы адметная?

– Зараз у маладзёжным асяродку становіцца папулярнай беларуская мова. І гэта цешыць. Аднак калі маладыя людзі (ёсць такія і сярод маіх знаёмых) праз два месяцы вучобы ў горадзе прыязджаюць дамоў і пачынаюць размаўляць “па-рюску”, становіцца прыкра. Я нікога не асуджаю, але… Страшна, што два месяцы змаглі перакрэсліць амаль васямнаццаць гадоў жыцця. Лепш удасканальваць сваё, беларускае, маўленне, і яно стане правільным, літаратурным, чым пераходзіць на чужую мову і размаўляць з памылкамі.
А ў матывах рускамоўнай моладзі складана разабрацца. Магчыма, гэта і боязь, што назавуць “деревней”, ці імкненне падладзіцца пад большасць, ці спрацоўваюць тыя ж стэрэатыпы…
Як па мне, дык наадварот: толькі дзякуючы мове мы становімся адметнымі. Я зразумела гэта не падчас студэнцтва, а яшчэ ў школе, і настаўніцы Ганна Мечыславаўна Пацэль і Аксана Францаўна Юркойць дапамаглі мне ў гэтым – унікальныя жанчыны, асобы і педагогі.

– Вы ўмееце прыгожа размаўляць і разважаць. Менавіта гэта вам дапамагло стаць прызёрам міжнароднага конкурсу аратарскага майстэрства, што праходзіў у Мінску?

– Мяркую, я перамагла не таму, што ўмею прыгожа гаварыць, а таму, што рабіла гэта шчыра і глядзела ў вочы гледачам і членам журы. У жыцці ого як таратору! Не кожны і зразумее. (Усміхаецца) Дарэчы, тэма конкурсу была звязана з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тут грэх было не перамагчы.

– А каб не перамаглі, то і не прымалі б удзел у іншых конкурсах і праектах?

– Я не з той пароды людзей, якія спыняюцца на паўдарозе. І справа нават не ў перамогах (хоць гэта, безумоўна, прыемна!), а ў тым, што ты загартоўваешся, вучышся і ўдасканальваешся.

– Нядаўна вы сталі лідарам “Кірмаша праектаў” ад кампаніі “Будзьма”, які праходзіў у Гродне. Раскажыце падрабязней, што сабой уяўляў гэты “кірмаш” і які “прадукт” вы там прэзентавалі?

– Думаю, не я адна сутыкалася з праблемай, што ў Беларусі нельга купіць адзенне з беларускім арнаментам. Вось пагэтаму і “нарадзіўся” праект “Насіць і несці беларускасць у кожным дні”, асноўная мэта якога – вытворчасць сучаснага моднага адзення з выкарыстаннем традыцыйных матываў і арнаментаў. Мне здаецца, гэта вельмі эфектыўная форма прыцягнення людзей да беларускасці.
Магчыма, гэта нясціпла, аднак я веру ў свой праект, і ён мне падаецца актуальным. Нам, беларусам, трэба вяртаць сваё, жыць сваім і не падладжвацца пад іншых. Мы маем уласную, надзвычай багатую як гісторыю, так і культуру. Вось іх і трэба ўдасканальваць і “рэанімаваць”.
Дарэчы, пасля таго, як пра праект напісалі ў розных СМІ, у мяне пачалі пытацца, дзе, напрыклад, можна набыць сукенку з арнаментам на выпускны баль. Я яшчэ раз пераканалася: людзям гэта таксама цікава.

– Эмілія дома, Эмілія з сябрамі і Эмілія з чужымі людзьмі – гэта адна і тая ж асоба?

– Асоба, канешне, адна – але сябры, бацькі і знаёмыя ведаюць мяне з розных бакоў. Самая сапраўдная я з бацькамі і сябрамі. А са знаёмымі і калегамі ў мяне выключна дзелавыя адносіны. Аднак з усімі я шчырая і не баюся казаць праўду.

– Эмілія, вы ствараеце ўражанне дастаткова сталай асобы, якая мае свой пункт гледжання і сваю сістэму каштоўнасцяў. Скажыце, калі ласка, вы шчаслівая? І калі адказ станоўчы, то падзяліцеся сваім “шчаслівым рэцэптам” з нашымі чытачамі.

– Так, я шчаслівая, без перабольшвання. А формула шчасця вельмі простая, адну з яе складаемых вы ўзгадалі ў самым пачатку нашай размовы. А тым, каму цікава, я ўсё-такі раскрыю яшчэ адзін
Рэцэпт беларускага шчасця –
Цаніць сям’ю
Любіць жыццё
Гаварыць па-беларуску
Займацца спортам
Імкнуцца да самаўдасканальвання і мець унутранную свабоду.


– Дзякуй за гутарку, няхай і надалей ваш фірменны рэцэпт спрацоўвае ў жыцці!

-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота з асабістага архіва Э. КОМАР.