Знакомьтесь: Дмитрий Домарад!

1
Не скажу, што ў мяне вельмі шмат знаёмых пракурораў, але з тых, каго я ведаю, няма людзей з такім шырокім і разнастайным колам захапленняў і інтарэсаў, як у насменіка пракурора Астравецкага раёна Дзмітрыя Анатольевіча Дамарада. Даўно ўжо хацела пазнаёміцца з ім бліжэй – і пазнаёміць нашых чытачоў. Нарэшце такая нагода надарылася.

Такім чынам, знаёмцеся…

Пракурорамі не нараджаюцца…

– Дзмітрый Анатольевіч, давайце наша знаёмства пачнём з работы. Чаму са ста дарог, якія ляжалі перад вамі пасля заканчэння школы, вы выбралі менавіта юрыспрудэнцыю?

– Не скажу, што гэта была мара дзяцінства. Мара была крыху іншая: я са школьных гадоў цікавіўся гісторыяй, асабліва – гісторыяй ваеннай авіяцыі і хацеў стаць лётчыкам. Але, калі даведаўся, што галоўныя прадметы, якія трэба здаваць пры паступленні ў лётнае вучылішча, – фізіка і матэматыка, зразумеў, што мне “не свеціць”: я – чысты гуманітарый. Так што мара засталася марай, а я, цвяроза прааналізаваўшы, куды рэальна магу паступіць пасля школы без дадатковай падрыхтоўкі, падаў дакументы на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. І паступіў.

– А чаму з многіх напрамкаў юрыдычнай дзейнасці была выбрана менавіта пракуратура?

– Пасля другога курса ў нас была абавязковая практыка, падчас якой студэнтам належала пазнаёміцца са спецыфікай работы розных юрыдычных устаноў: пракуратуры, суда, міліцыі, адвакатуры. Мне найбольш спадабалася пракуратура. Тут – жывая праца. Расследаванне тых жа крымінальных спраў, калі трэба высветліць ісціну, нават калі нехта ўсяляк спрабуе яе схаваць. Акрамя таго – кансультаванне грамадзян па розных пытаннях – гэта тая ж работа адваката, з той толькі розніцай, што адвакат за такія паслугі бярэ грошы, а пракурорскі работнік абавязаны бясплатна растлумачыць грамадзяніну, які прыходзіць з нейкай скаргай на тое, што яго правы парушаны, нормы дзеючага заканадаўства.

Праца ў пракуратуры, як ні ў якой іншай юрыдычнай арганізацыі, дазваляе вывучыць розныя бакі жыцця грамадства і чалавека, бо практычна ўсё рэгламентуецца заканадаўчымі нормамі. Па роду дзейнасці даводзіцца ўнікаць ва ўсё: як вядзецца паляванне на дзікіх жывёл і ажыццяўляецца ўтрыманне могілак, ці дастаткова чыстая вада цячэ з нашых кранаў і як налічваецца заработная плата на тым ці іншым прадпрыемстве...

А самае цікавае ў нашай рабоце – гэта штодзённыя сустрэчы з самымі рознымі людзьмі.

– І што, ужо на другім курсе вы вызначылі, што хочаце быць пракурорам?

– Ды не, крыху пазней.

На трэцім і чацвёртым курсах у нас была навучальная і юрыдычная клініка. Не ўсім, праўда, падабалася ў вольны час бясплатна працаваць, але мне – сама тое, чаго хацелася.

На трэцім курсе мы праводзілі заняткі з вучнямі старэйшых класаў па прававой тэматыцы: тлумачылі нормы права і маралі, розныя аспекты адміністрацыйнага, крымінальнага заканадаўства. Гэта было карысна і для школьнікаў, і для нас, студэнтаў, асабліва ў плане падрыхтоўкі публічных выступленняў. Калі мне, учарашняму вясковаму хлапчуку з малакамплектнага класа, даводзілася працяглы час трымаць увагу трыццаці гарадскіх старшакласнікаў – на першым часе было ніякавата… Але ўрэшце ўсё атрымалася – і гэта стала добрай практыкай.

А на чацвёртым курсе мы пад кіраўніцтвам нашых выкладчыкаў кансультавалі маламаёмных грамадзян. У нас было дзве прыёмныя: ва ўніверсітэце і ў абласной бібліятэцы імя Карскага. За год чатыры-пяць студэнтаў прымалі некалькі соцень чалавек, рыхтавалі для іх кансультацыі па самых розных пытаннях. Гэта таксама была добрая практычная школа.

На пятым курсе я стаў працаваць на грамадскіх пачатках у пракуратуры – і гэта вызначыла маё размеркаванне. Калі прапанавалі пасля заканчэння ўніверсітэта паехаць на працу ў Астравецкую пракуратуру, я не вагаўся. Аб чым, уласна кажучы, ніколі не пашкадаваў.

– Гэта было ваша “першае прышэсце” ў Астравец. Тады вы доўга ў нас не затрымаліся…

– Так, пасля таго, як я адпрацаваў у Астраўцы два гады, мяне перавялі ў Гродна. Гэта звычайная практыка, калі маладому спецыялісту даюць магчымасць папрацаваць у гарадской пракуратуры – там спецыфіка работы іншая, чым у такіх невялікіх гарадках, як Астравец. Але неўзабаве, праз год маёй работы ў Гродна, у Астраўцы з’явілася вакансія намесніка пракурора, і мне прапанавалі вярнуцца “на кругі свае”. Такім чынам, з сярэдзіны 2008 года працую тут. Пасля былі прапановы змяніць месца працы і жыхарства, у тым ліку і на Гродна, але я адмаўляўся. Астравец мне падабаецца: горад, людзі, прырода. Я ўвогуле лічу гэты край сваёй другой радзімай.

– А змяніць род заняткаў жадання не ўзнікала? Паспрабаваць сябе, так бы мовіць, у іншай юрыдычнай іпастасі?

– Мне здаецца, кожны пракурорскі работнік рана ці позна задумваецца пра гэта. І я – не выключэнне. Так, я б хацеў паспрабаваць сябе ў іншай справе – у якасці адваката ці суддзі. Суддзя, які ад імя Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне па той ці іншай справе, – гэта ўвогуле вяршыня кар’еры юрыста. Хоць і адказнасць у яго неверагодная, бо ад кожнага яго рашэння залежыць лёс канкрэтнага чалавека. І я не выключаю магчымасці, што некалі паспрабую сябе і ў іншай якасці.

Выхаванне патрыятызму ў дзяцей і дарослых

– Дзмітрый Анатольевіч, вы адзіны пракурор, якога я ведаю, які ахвотна размаўляе і нават свае артыкулы для “Астравецкай праўды” піша па-беларуску. Адкуль у вас такая любоў і адданасць роднай мове?

– Напэўна, Беларусь – адзіная краіна, дзе гэтае пытанне ўвогуле можа ўзнікнуць…

Я нарадзіўся ў звычайнай сям’і ў вёсцы Краснае – нават не Чырвонае! – Карэліцкага раёна. У сям’і гаварылі, як і звычайна ў вёсцы, на “трасянцы”. Школа ў нас была беларуская. Ва ўніверсітэце на першых курсах частка прадметаў, асабліва звязаных з гісторыяй, выкладалася на беларускай мове, частка – на рускай. Але на старэйшых курсах, калі пачалася спецыялізацыя, руская мова стала асноўнай. Тым не менш да чацвёртага курса я размаўляў на беларускай мове – не ставячы перад сабой нейкай канкрэтнай мэты, а проста таму, што мне гэта падабалася. Дарэчы сказаць, гэта не выклікала да маёй асобы нейкай асаблівай увагі ці цікавасці.

Зараз на працы я карыстаюся ў асноўным рускай мовай, таму што па-руску напісаны ўсе заканадаўчыя акты – а гэта мой “рабочы інструмент”. Але ў вольны час з задавальненнем карыстаюся беларускай мовай – калі, вядома, ёсць з кім на ёй пагутарыць…

– Вы займаецеся фатаграфіяй, цікавіцеся гісторыяй, падарожнічаеце, гуляеце ў інтэлектуальныя гульні… Як размяжоўваеце працу і свае шматлікія і разнастайныя захапленні?

– Калі даволі доўга працуеш на адным месцы і на адной пасадзе, непазбежна з’яўляецца такі цудоўны памочнік у справах, як вопыт: тое, што напачатку было цяжкім і складаным, зараз робіцца хутка і лёгка. Адпаведна, з’яўляецца вольны час. Чалавек я пакуль нежанаты, таму можна не абмяжоўваць сябе тым, як яго правесці.

Захапленне фатаграфіяй пайшло, напэўна, ад мамы. Яна ў свой час закончыла мастацкую школу ў Мінску, працавала фатографам, мастаком-афармляльнікам у калгасе, затым стварыла ў нашай школе ўнікальны, адзін з лепшых у Карэліцкім раёне, краязнаўчы музей: сама збірала экспанаты для яго, афармляла.

І цікавасць да гісторыі, мінулага нашага краю, напэўна, таксама ад яе: я люблю ў выхадны дзень запрасіць сяброў, сесці ў машыну, намеціць маршрут – і паехаць на знаёмства з якім-небудзь адметным храмам, ці палацам, ці проста цікавай мясцінай, каб даведвацца нешта новае, уявіць, як тут жылі людзі некалькі стагоддзяў назад, аб чым думалі, пра што марылі, на што спадзяваліся…

А захапленне інтэлектуальнымі гульнямі пачалося ўжо ў Астраўцы. Уласна кажучы, я яшчэ ў дзяцінстве любіў глядзець “Што? Дзе? Калі?” па тэлевізары, але ўпершыню паспрабаваў сябе ў ролі іграка, калі на адзін з першых астравецкіх турніраў нам з сябрам прапанавалі пагуляць ў зборнай БРСМ. Згулялі мы тады не вельмі ўдала, і на наступную гульню нас не запрасілі. Мяне гэта абурыла, і на чарговы турнір мы з сябрамі стварылі сваю каманду, назвалі яе “Антрацытавае сонца” – і з таго часу ўдзельнічаем ва ўсіх гульнях, з розным поспехам, але з нязменным інтарэсам.

“Платон мне сябар – але ісціна даражэй”

– Я так разумею, што ў Астраўцы ў вас ужо з’явілася акрэсленае кола сяброў…

– Гэта так. Некаторыя з іх, напрыклад, Юрый Карэцкі, – яшчэ са студэнцкіх часоў: мы разам працавалі ў юрыдычнай клініцы, хоць ён вучыўся на год раней. І было вельмі прыемна і радасна сустрэць яго ў Астраўцы. Зараз мы разам гуляем у “Антрацытавым сонцы”, і Юрый Мечыслававіч – адзін з самых адданых ігракоў: ён жыве і працуе ў Смаргоні, і пры гэтым без уважлівай прычыны не прапусціў ніводнай гульні.

Хоць увогуле спецыфіка нашай работы такая, што сябры ў асноўным – з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Але, на жаль, у нашай сферы людзі доўга на адным месцы не затрымліваюцца: толькі з некім знайшоў агульныя інтарэсы – а яго ўжо пераводзяць у іншы горад. З-за гэтага, дарэчы, і каманда нашая так часта абнаўляецца, і гуляем мы нярэдка ў няпоўным складзе…

– Ці здаралася ў вашай практыцы, што чалавек, які прыйшоў у пракуратуру, вам надзвычай сімпатычны – але яго прэтэнзіі ці просьбы, мякка кажучы, беспадстаўныя, неабгрунтаваныя?

– Гэта адвечная праблема супярэчнасці закону і справядлівасці: не заўсёды тое, што законна, – справядліва, і не заўсёды тое, што справядліва, – законна. Але я – работнік пракуратуры, наша асноўная задача – стаяць на варце закону, пагэтаму любую сітуацыю і прэтэнзіі чалавека, якім бы сімпатычным за межамі кабінета ён ні быў мне, я ацэньваю ў першую, другую і трэцюю чаргу з кропкі гледжання закона.

– А калі ўявіць сітуацыю, што нехта з вашых сяброў акажацца на лаве падсудных – як сябе будзеце паводзіць у такім выпадку?

– Такая сітуацыя немагчымая, нават гіпатэтычна! Нам забаронена мець любыя стасункі з людзьмі, якія сталі фігурантамі крымінальнай справы.

Але ўсе мае сябры – вельмі добрыя, прыстойныя людзі, і я ўпэўнены, што мне ніколі не давядзецца выбіраць паміж дружбай і пачуццём абавязку.

Я люблю…

– Што вы чытаеце?

– У дзяцінстве я вельмі любіў Караткевіча. У студэнцкія гады захапіўся Быкавым. Яны вельмі розныя: першы – узнёслы аптыміст, другі – рэаліст да душэўнага болю, але абодва, як ніхто іншы, даюць разуменне жыцця.

Яшчэ я вельмі люблю Антуана дэ Сент-Экзюперы. Пачыналася як, напэўна, і ва ўсіх, з “Маленькага прынца”, затым былі “Планета людзей”, “Ваенны лётчык”, “Начны палёт”. Маё дзіцячае захапленне ваеннай авіяцыяй – у многім адтуль, з твораў Сент-Экзюперы.

– Якія фільмы любіце?

– Пазітыўныя. Добрыя камедыі. Кінастужкі, што прымушаюць задумацца. Баевікі, дэтэктывы, трылеры, фільмы жахаў не гляджу – негатыву мне і на рабоце хапае.

– Якую музыку слухаеце?

– Любую – але добрую: з густам, з сэнсам. Не люблю “папсу”, рэп. Люблю рок, класіку, сучасную беларускую музыку.

– Вы сказалі, што палюбілі Астравеччыну з першай сустрэчы. А што менавіта вам падабаецца? Дзе вы любіце бываць, адпачываць, што паказваеце сваім гасцям?

– Калі я ўпершыню ехаў у Астравец, лічыў, як і большасць, каго накіроўвалі сюды працаваць, што гэта – “свету канец”: ускраіна вобласці і краіны. І толькі тут я даведаўся, што ў мінулым гэта – прыгарад Вільні, сталіцы Вялікага княства Літоўскага, што тут вельмі багатая і цікавая гісторыя. Пасля таго як Алесь Юркойць на працягу чатырох гадзін расказваў мне пра свае родныя Варняны, я літаральна закахаўся ў гэтае мястэчка з цікавай мінуўшчынай, ахутанае легендамі і таямніцамі. І сваіх гасцей вязу перш за ўсё ў Варняны.

Канешне ж, немагчыма не захапляцца Гервяцкім касцёлам і дэндрапаркам каля яго.

Яшчэ мяне вельмі ўразілі Клюшчаны і мясцовыя могілкі, дзе знайшлі свой апошні спачын многія адметныя сыны беларускага народа, сапраўдныя патрыёты свайго краю.

Я быў у шчырым захапленні ад драўлянай царквы старавераў у Стрыпішках і стараверскіх могілак.

Хоць, бадай што, самае маё любімае месца на Астравеччыне – гэта Вілія. Кожны год мы з сябрамі сплаўляемся па ёй – і кожны раз я захапляюся яе прыгажосцю, непаўторнасцю, характарам. І рака, у адрозненне ад, скажам, тых жа храмаў ці палацаў, за мінулыя стагоддзі практычна не змянілася: яна гэтак жа несла свае воды тады, калі не было на свеце не толькі цябе, але і тваіх прадзедаў, калі тут жылі нашы продкі ў каменным ці жалезным веку…

---------------------------------

Гутарыла Ніна Рыбік.