Знакомьтесь: боксёр Никита Ромаш!
З Мікітам Ромашам я была знаёма даўно. Праўда, завочна: вагавая катэгорыя 54 кілаграмы, кандыдат у майстры спорту па боксе. Пра поспехі і дасягненні сваіх выхаванцаў, у тым ліку і Мікіты, рэгулярна паведамляе трэнер астравецкіх юных баксёраў Аляксей Зянонавіч Маргуж. І прозвішча Ромаш трывала замацавалася ў маёй свядомасці сярод прызёраў і пераможцаў. Турніры, першынствы, чэмпіянаты – за гэты час хлопец прайшоў шлях ад першага аматарскага паядынка ў астравецкай зале да баёў на рэспубліканскім і нават еўрапейскім рынгах. І ўсё ж пісаць пра поспехі юнага баксёра – гэта адно, і зусім іншае – пазнаёміцца з ім асабіста.Калі хто думае, што баксёры, ды і спартсмены наогул, ужо ў юным узросце выглядаюць гэткімі “качкамі” з грудай мышцаў – мушу расчараваць. Высокі, жвавы, хударлявы, усмешлівы, крыху сарамлівы Мікіта Ромаш на першы погляд нічым не адрозніваецца ад сваіх равеснікаў. Але пасля гутаркі з ім я адзначыла разважлівасць і самастойнасць юнака.
Зараз Мікіта вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы №1 Астраўца. Слухае розную музыку, глядзіць розныя фільмы, не любіць “завісаць” у камп’ютары, але ў разумнай ступені з’яўляецца карыстальнікам сацыяльных сетак. І чацвёрты год займаецца боксам.
У жыцці шмат гісторый, дзе на першы погляд выпадковы, а на самой справе – лёсавызначальны ўчынак людзі рабілі “за кампанію”. Вось і Мікіту ў секцыю па боксе прывёў сябар. З Маркам Маргужам Мікіта сябруе з дзіцячага садка. І хоць вучацца яны ў розных класах, гэта не перашкаджае хлопцам заставацца таварышамі. Менавіта Марк і прапанаваў таварышу пайсці на бокс. Аб гэтым Мікіта задумваўся даўно. Таму ён не стаў прыглядвацца, спрабаваць ці раздумваць, а адразу вырашыў: буду займацца боксам.
– Калі запісаўся ў секцыю, позна паварочваць назад, – усміхаецца Мікіта. – Хоць, калі шчыра, зрабіць гэта мне ніколі не хацелася. Канешне, былі моманты, калі ленаваўся, была спакуса прапусціць трэніроўку, але каб зусім развітацца з боксам – гэта не. Бокс мне спадабаўся адразу. Спачатку проста было цікава, а затым захацелася ўдасканальвацца. Першая перамога? Канешне, памятаю! Гэта было на турніры ў Гродна – там я заваяваў свой першы залаты медаль.
Зараз у Мікіты ўжо цэлая калекцыя ўзнагарод. У кожнага медаля – свая гісторыя, спаборніцтва, сапернікі. Хлопцу пашчасціла выступаць не толькі на спаборніцтвах у Беларусі, але і прадэманстраваць майстэрства ў суседніх краінах – расійскім Сасновым Боры і ўкраінскім Славуцічы. Аднак больш за ўсё астраўчаніну запомніўся ўдзел у першынстве Еўропы ў мінулым годзе – адрэналін і эмоцыі зашкальвалі ад усведамлення значнасці моманту.
Магчыма, зноў парушу нечыя перакананні аб тым, што бокс – жорсткі від спорту, а баксёры – агрэсіўныя і бязлітасныя. Калі бачыш шчырую дружалюбную ўсмешку Мікіты, становіцца няёмка ад свайго пытання.
– Агрэсіўныя баксёры? Ды вы што! Бокс – такі ж від спорту, як скажам, шашкі, толькі са сваімі правіламі. Ёсць сапернік, ёсць пэўныя патрабаванні, прыёмы, балы, пераможца і пераможаны. Сапернік – гэта не вораг, а такі ж спартсмен, як і я. Чаму я павінен яго ненавідзець? Калі я перамог, вядома ж, радуюся, калі саступіў бой – крыху крыўдна. Справа заключаецца ў падрыхтаванасці, памылках, шанцаванні нарэшце, але не ў саперніку, агрэсіі ці злосці. Гэта ўсё выдумкі. Наадварот, заняткі боксам загартоўваюць і дапамагаюць стаць мужным, умець у розных непрыемных выпадках пастаяць за сябе. Хіба гэта дрэнна?
Некаторыя бацькі – найперш, вядома ж, мамы – пачуўшы, што іх сын хоча заняцца боксам, хапаюцца за сэрца: гэта ж сінякі, траўмы, перажыванні – навошта гэта трэба? А вось родныя Мікіты, прызнаецца хлопец, заўсёды падтрымлівалі яго выбар і зараз шчыра радуюцца яго перамогам. Бокс для Мікіты – хобі, якое, думаецца, застанецца з ім назаўсёды. І ў самых смелых марах ён хоча паўдзельнічаць у першынстве свету па боксе. Аднак у будучым хлопец плануе стаць інжынерам. У школе яму падабаюцца матэматыка, біялогія і гісторыя.
А яшчэ Мікіта ўпэўнены, што калі вельмі моцна захацець і старанна працаваць над гэтым – можна дасягнуць многага: на рынгу і ў жыцці.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
