Знаёмцеся: прыгожая жанчына, шчаслівая матуля і таленавіты цырульнік Таццяна Лукша






Мама. Прыгожая жанчына. Таленавіты цырульнік. Прыватны прадпрымальнік. Усё гэта – пра Таццяну Лукша, маці чатырох дзяцей і цырульніка прыватнай цырульні “Залатая рыбка”, якую яна адкрыла разам з сяброўкай Аксанай Шадура.
Колькі сустракала гэтую жанчыну – а даводзілася бачыць яе і ў пяць гадзін раніцы, і позна вечарам – столькі захаплялася яе ўменнем сачыць за сабой. Яна заўсёды сустракае людзей з усмешкай на акуратна падфарбаваным твары, з прыгожай прычоскай і ў добрым настроі. “Вядомая справа, – скажуць некаторыя, – яна ж – цырульнік”. “Але ж у яе – сям’я і дзеці,” – парыруюць іншыя.
А на справе менавіта сям’я і любімая работа – галоўныя складаемыя Таццянінага жыцця і шчасця.




Успаміны дзяцінства…

Мама, тата, брат – менавіта з імі звязаны самыя шчаслівыя ўспаміны дзяцінства, якія і цяпер грэюць сэрца. А яшчэ – Смаргонскі раён, Смаргонь, Астравец… Школа, вучоба – і абавязковыя канікулы ў бабулі, інакш канікулы ў дзяцей не лічыліся б адпачынкам.
Больш за ўсё маленькая Таня любіла адпачываць у бабулі – побач поле, прыгожы лес, і дзяўчынка часта ўяўляла сябе маленькай лясной феяй, якая можа выканаць любое жаданне. А побач заўсёды была бабуля – такая добрая, мілая, якая і сёння для Тані застаецца ідэалам жанчыны. Адначасова яна паспявала займацца некалькімі справамі – і ўсё ў яе атрымлівалася добра.
– Мама і тата выхоўвалі нас у строгасці. Не ў тым сэнсе, што нам усё было забаронена. Бацькі нас вельмі любілі, але мы заўсёды знаходзіліся пад іх пільным наглядам. У нас нават быў графік уборкі дома. Але зноў жа – гэта не азначае, што мы пастаянна былі занятыя працай. Заставаўся час і на гульні – усяго было ў меру. А ў выхадныя дні тата абавязкова вёз нас на рэчку ці ў лес. А мама гатавала святочную вячэру. І вечарам уся сям’я збіралася за сталом. Мама з татам ніколі не сварыліся. І мне часам так сорамна становіцца перад дзецьмі, калі я павышаю на іх голас, – расказвае Таццяна.
А мне зусім не верыцца, што гэтая жанчына, на твары якой пастаянна жыве ўсмешка, можа быць строгай і патрабавальнай.
У дзяцінстве Таня марыла стаць доктарам, уяўляла, як яна лечыць людзей, дапамагае ім выратавацца ад цяжкай хваробы… Але мара так і засталася марай. Пасля дзевяці класаў дзяўчына пайшла вучыцца ў Камарова на швачку. “Побач з домам, – сказала маці. – А вучыцца ніколі не позна. Калі гэта сапраўды тваё, вывучышся потым”.



Першае каханне

Але жыццё распарадзілася па-свойму. Таццяна рана выйшла замуж. За такога ж маладога, як і сама, студэнта, які вучыўся на агранома. І хатнія клопаты прымусілі забыцца пра дзіцячую мару.
– Гэта было каханне з першага погляду? – адразу ж узнікла пытанне.
– Прынамсі, мне так здавалася тады. Цяпер я разумею, што тое пачуццё каханнем можна назваць з цяжкасцю. Можна было б зразумець, калі б “абставіны” падціскалі. А то ж не… Чаму так паспяшалася? Не разумею і сама. І цяпер скептычна гляджу на маладых людзей, якія амаль адразу ж пасля школы з галавой “кідаюцца” ў каханне. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, я ўдзячна лёсу, які ў той перыяд майго жыцця падарыў мне дзвюх дачок – Юлю і Насцю.
На той час маладыя жылі ў Гомельскай вобласці. Але на радзіму цягнула, і праз чатыры гады Таня ўгаварыла мужа вярнуцца назад. У Гудагаі яны і ўзяліся за абуладкаванне сямейнага гняздзечка.
Але жыццё не заладзілася – сям’я распалася.



Любімая справа

У дзяцінстве Таццяна вельмі любіла стрыгчы сваіх лялек і рабіць ім прычоскі. Пасля вяселля пачала стрыгчы і мужа, затым – сваіх дзяўчынак. А аднойчы прыйшла суседка з фотаздымкам і папрасіла: “Таня, пастрыжы мяне так, як тут. Не бойся, валасы ў мяне густыя, нават калі нешта не атрымаецца, то ніхто нічога не заўважыць. А валасы ж не зубы – адрастуць”.
І Таня з хваляваннем узяла нажніцы і пачала стрыгчы… Атрымалася нядрэнна. Але паўтарыць той шэдэўр яшчэ раз, магчыма, і не змагла б. І тады яна задумалася: а можа, павучыцца? Нечым жа зарабляць на жыццё трэба! І паехала да брата ў Мінск, каб запісацца на курсы цырульнікаў. Ёй пашанцавала – трапіла да цудоўнага майстра, якая навучыла дзяўчат усяму, што ўмела сама. Тады Таццяна і зразумела, што гэта якраз тое, чаго ёй так не хапала ў жыцці! Хаця ехала на курсы толькі з адной думкай: атрымаць прафесію, каб мець нейкі заробак. А атрымалася – любімая справа, без якой яна цяпер не ўяўляе свайго жыцця.
– Толькі тады я зразумела: калі ёсць мары, іх абавязкова трэба ажыццяўляць. Менавіта пасля заканчэння курсаў цырульніка я пачала адчуваць сябе самадастатковай. Няхай і засталася адна з дзвюма маленькімі дзяўчынкамі на руках. Але ў мяне з’явілася любімая работа, якая не давала мне засумаваць.



Лёсавызначальная сустрэча






А потым Таццяна пазнаёмілася з Алегам. І прыйшло ўсведамленне, што яна ніколі не кахала – і яе таксама ніхто не кахаў. Усё было як упершыню – прыгожа і рамантычна. І галоўнае – пастаянна і надзейна. І Таня, у якой ужо былі дзве дачкі, пры сустрэчах з Алегам зноў адчувала дрыжыкі ў каленях, трымценне сэрца і дзявочую сарамлівасць. Праз нейкі час яны зразумелі, што не могуць і не хочуць жыць паасобку.
У Алега на той час таксама была дачка, якую ён любіў больш за ўсё на свеце. І Таццяна прапанавала, каб яго Насця жыла з імі. Так у сям’і з’явіліся дзве Анастасіі – старэйшая і малодшая.
– Я не магла інакш. Калі любіш чалавека – то любіш усіх, хто блізкі і дарагі яму. Мне хацелася стаць для Насці не толькі цёцяй, як яна спачатку мяне называла, а некім большым. Аднойчы я ёй прапанавала: называй мяне проста Таняй. У душы ж мне, канешне, хацелася стаць для яе мамай… І мы абедзве стараліся. Насці таксама было складана: яна ўжо была дастаткова дарослай дзяўчынкай і ўсё разумела. Але тут яна пайшла ў новую школу, у якой хутка з’явіліся сябры, стала сваёй у новым класе. У яе з’явіліся дзве сястрычкі… Нават метал прыціраецца з цягам часу, а што казаць пра людзей? Я ніколі не прымушала Насцю называць мяне мамай і ніколі не гаварыла Юлі і малодшай Насці называць Алега татам. Лічу, што гэта не самае галоўнае, больш важна, каб адносіны ў сям’і былі чалавечнымі, а стаўленне адзін да аднаго – паважлівае. Але мне было прыемна, калі аднойчы вечарам Юля падышла да Алега і сказала: “Добрай ночы, тата!”. Мяне перапаўняе шчасце, калі Насця прадстаўляе мяне знаёмым, як сваю маму. Я таксама люблю гаварыць: наша старэйшая дачушка Насця…
… Плюс Даша

На той час усё тры дзяўчынкі хадзілі ў школу. А Таццяна з Алегам чакалі чацвёртае дзіця.
– Мне няважна было, хто ў нас народзіцца – хлопчык ці дзяўчынка. Было адно вялікае жаданне, каб дзіцятка было падобна да Алега. У той час я зрабіла яшчэ адно адкрыццё: дзяцей трэба нараджаць у свядомым узросце. Нездарма ж кажуць: усяму свой час. Калі я хадзіла цяжарная, то была задаволена ўсім: домам, дзецьмі, надвор’ем, сваёй сапсаванай фігурай, вялікім жыватом, які рос, здавалася, не па днях, а па гадзінах…
Вось тады і пачалося сапраўднае жыццё. У любові і гармоніі з самой сабой, дзецьмі і мужам. Калі побач заўсёды была надзейная падтрымка, давер, любоў, дапамога.
– Помню, бягу ў школу на бацькоўскі сход. Спачатку да старэйшай Насці, потым – да Юлі, потым – да малодшай Насці. У апошнім класе бацькоў ужо няма, толькі настаўніца сядзіць і мяне чакае. А мяне шчасце аж перапаўняе… Некаторыя гавораць: “Столькі дзяцей… Цяжка?! Пачакайце, вось пойдуць вучыцца…”. Пойдуць – і дзякуй Богу! Гэта ж шчасце, калі дзеці выбіраюць лепшы лёс, чым у бацькоў – паступаюць, вучацца. Дзякуючы старэйшай Насці, я ўжо ведаю, што такое паступленне, вучоба ў Мінску, што такое першае каханне, што такое хваляванне, першыя мацярынскія парады… Няма ж такой навукі – быць мамай. Нарадзіць дзіця, вырасціць – толькі палова справы, а, можа, і меней. Галоўнае – выхаваць, а гэта цяжэй. Перш за ўсё хочацца, каб нашы дзяўчынкі выраслі добрымі людзьмі, выконвалі свае абавязкі, адносіліся да людзей сумленна…
Дзеці ў Таццяны і Алега вельмі розныя. Старэйшая Насця ўжо зусім дарослая. Яна – студэнтка, таленавітая спявачка і будучы культарганізатар. Юля – спакойная і дамашняя дзяўчынка, чымсьці падобная да анёла. Малодшая Насця больш шустрая, ёй даспадобы ўся хатняя работа, а яшчэ яна не ўяўляе свайго жыцця без жывёл і марыць стаць ветэрынарам. У маленькай Дашы сабраліся ў адно ўсе рысы старэйшых дзяцей. Кім толькі яна не марыла стаць за свае сем гадоў! І з Насцяй на сцэне спявала, і на запраўцы працавала, і ва ўніверсітэт паступала… Словам, дзяўчынка – радасць і любіміца ўсёй сям’і.
Увогуле, кожны дзень у гэтай сям’і радасны і шчаслівы па-свойму. Але заўсёды напоўнены любоўю і разуменнем.
– Я строгая мама, але мае дзяўчынкі ніколі на мяне не крыўдзяцца. Прынамсі, ніколі не было такога, каб дзеці сустракалі мяне з работы пытаннем: “А што мы будзем сёння есці?” Наадварот, кожная з іх што-небудзь прыемнае і добрае скажа, нешта прапануюць. І ад гэтага адчуваеш сябе самай шчаслівай. У першую чаргу я, канешне, мама. Але быць толькі мамай немагчыма. Работа – гэта таксама частка майго жыцця. Канешне, хацелася б больш часу праводзіць з сям’ёй. Пакуль што так не атрымліваецца – і добра, што мае любімыя людзі, Алег і дзеці, гэта разумеюць.



Жыць і радавацца






Шмат гадоў Таццяна сядзела дома з дзецьмі. І цяпер яна стараецца нагнаць упушчанае. Яна даўно марыла пра свой салон – і цяпер “Залатая рыбка”, няхай і ў арандаваным памяшканні, няхай і напалову з сяброўкай, але таксама, як і дзеці – адна з дарагіх частак жыцця Таццяны, адзін са складаемых яе шчасця.
А яшчэ Таня вельмі любіць падарожнічаць. Зразумела, паехаць за мяжу ці на мора ўсёй сям’ёй ім складана. Але яны разам кожны год ездзяць на Нарач, падарожнічаюць па родным краі.
– Паглядзіце, якая навокал прыгажосць! Аб’ехаць хаця б наш раён. Колькі тут жыву, а нават і не здагадвалася, што ў нас столькі цудоўных мясцін. Мы ходзім – і не бачым, што адбываецца вакол нас. А як прыемна, калі людзі навакол усміхаюцца, гавораць добрыя словы. Я стараюся жыць па прынцыпу: як бы ні было складана, жыць трэба з усмешкай, ісці па жыцці ўпэўнена і незалежна нават тады, калі цяжка. А яшчэ спадзяюся, што жыццё ў нас наперадзе доўгае і шчаслівае. З любімымі дзецьмі, а потым, спадзяюся, з зяцямі і ўнукамі…
… І тады ў Таццянінага шчасця, як у той шматколернай вясёлкі, з’явяцца новыя фарбы і адценні.

Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ і з сямейнага архіва Т. Лукша.