Знаёмцеся: начальнік транспартнай інспекцыі аўтамабільнага пункта пропуску “Катлоўка” Аляксандр Рэут
Аляксандр Браніслававіч Рэут па праву можа лічыць сваім асабістым многія прафесійныя святы. Дзень энергетыка, да прыкладу – быў час, калі паўгода працаваў электраманцёрам у Ашмянскім ПЭСе. Ці Дзень міліцыі – тры гады з’яўляўся начальнікам пункта цэнтралізаванай аховы спецыялізаванага падраздзялення раённага аддзела ўнутраных спраў. Дзень работніка лесу – дрэваапрацоўкай таксама даводзілася займацца. І харчовай прамысловасцю… Цяпер вось, як начальнік транспартнай інспекцыі пункта пропуску “Катлоўка”, прымае віншаванні з прафесійным святам, якое мы адзначалі нядаўна, – Днём аўтамабіліста.
І ўсё ж у калейдаскопе шматлікіх прафесійных свят, якімі багаты наш каляндар, ёсць дзень асабліва дарагі і значны для яго. Можа нават больш, чым уласны дзень нараджэння ці Новы год. Гэта – Дзень ваенна-марскога флоту. Яго і сёння ён адзначае па-асабліваму: штогод у апошнюю нядзелю ліпеня на яго дачы збіраюцца мужчыны сярэдніх гадоў, у статных постацях якіх угадваецца строгая ваенная выпраўка афіцэраў-падводнікаў – у сухапутнай суверэннай Беларусі іх не так мала, як можа здацца недасведчаным, і яны моцна трымаюцца адзін за аднаго і за сваё ваеннае мінулае. У гэты дзень афіцэры – не трэба абражаць іх недарэчным словам “былыя”, былых афіцэраў не бывае! – часова забываюць свае грамадзянскія прафесіі і справы, апранаюць цеснаватыя ўжо ваенныя кіцелі з медалямі і значкамі, якія мала аб чым гавораць чалавеку, далёкаму ад марской службы, але па якіх дасведчаны, як па адкрытай кнізе, прачытае біяграфію ўладальніка. На спецыяльным флагштоку ўздымаецца сцяг ваенна-марскога флоту… Ён сігналізуе: у такія дні гаспадар і яго госці не належаць ні сям’і, ні сённяшняй рабоце, ні нават самім сабе. А толькі – мору, сябрам-саслужыўцам і сваёй юнацкай мары…
НА МОРЫ...
Цікава, адкуль жа ўзнікла ў ашмянскага хлапчука мара пра мора? І як яна магла ажыццявіцца?
— Ну, са мой якраз усё проста: я, як і многія ў гэтым жыцці, пайшоў па слядах бацькі, марскога афіцэра-падводніка. А вось адкуль яна ўзнікла ў яго, беларускага хлопчыка? Па праўдзе кажучы, бацька расказваў, што ў дзяцінстве марыў не пра мора, а пра неба. І не проста марыў – настойліва рыхтаваўся да паступлення ў лётнае вучылішча: старанна вучыўся, займаўся спортам – з’яўляўся майстрам спорту па ручному мячу. Але напярэдадні строгай медыцынскай камісіі яму давялося пераначаваць у спартыўнай зале на халоднай падлозе – і медыцынскія даследаванні нешта там паказалі не так… А можа, проста конкурс быў занадта высокі і трэба было некага адсейваць? У лётчыкі яго не ўзялі – затое прапанавалі ваенна-марскі флот. У Ленінградскае ваенна-марское вучылішча ён паступіў без праблем — так вось з нябесных вышынь абрынуўся ў падводныя глыбіні… А я толькі што нарадзіўся ў Ашмянах. Яшчэ немаўлям бацькі забралі мяне з сабой на Далёкі Усход, дзе служыў бацька – і я разам з імі: спачатку жыў у пасёлку Канюшкова Прыморскага краю, непадалёк ад вострава Пуцяцін, пазней – ва Уладзівастоку, дзе закончыў школу і паступіў у Ціхаакіянскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Макарава.
Дарэчы, Аляксандр Браніслававіч у ажыццяўленні мары ішоў амаль што след у след за бацькам. Ён таксама перш хацеў стаць лётчыкам і нават спрабаваў паступаць у Сувораўскае вучылішча, каб ажыццявіць сваю мару. І таксама на медыцынскай камісіі яго “зрэзалі”, сказалі, што ёсць нейкія праблемы з сэрцам. Бацька на той час знаходзіўся ў аўтаномным плаванні ў Індыйскім акіяне. Калі вярнуўся, павёў сына да лепшых урачоў: што ў яго не так? Спецыялісты праверылі і супакоілі: “З такім сэрцам можна ляцець хоць у космас!” Але час прыёму дакументаў у Сувораўскае ўжо мінуў…
Хоць, зрэшты, лёс марака-падводніка Аляксандру Браніслававічу, напэўна, быў наканаваны самім фактам нараджэння. Ну якую прафесію яшчэ было выбраць хлапчуку, калі ўсё жыццё сям’і, усе справы, размовы, радасці і засмучэнні былі так ці інакш звязаны са службай на флоце? Афіцэрам-паводнікам быў бацька, усе яго сябры-знаёмыя, дзецьмі ваенных – многія аднакласнікі. Самы памятны дзень нараджэння другакласнік Саша разам са сваімі аднакласнікамі адзначаў у кают-кампаніі на бацькавай падводнай лодцы — як сказалі б сённяшнія цінэйджэры, гэта было крута… Бацька ўзяў яго з сабой на лодку, калі з экіпажам сустракаўся адзін з першых касманаўтаў Савецкага Саюза Камароў – ці многія з яго равеснікаў маглі б пахваліцца, што бачылі і чулі касманаўта?.. Першы выхад у мора на падлодцы Саша зрабіў у сёмым класе: сябар бацькі, камандзір вялікай ракетнай лодкі, пераходзіў з Уладзівастока на базу, а затым вяртаўся дамоў на адпачынак і прапанаваў Сашу выйсці з ім у мора – які б хлапчук адмовіўся ад такой прапановы?
Хоць бацька, трэба аддаць яму належнае, з уласцівай яму мудрасцю сыну нічога не загадваў і нават не падштурхоўваў яго да такога выбару, разумеў, што рэакцыя можа быць прама супрацьлеглай. Нават калі ў пераходным узросце Саша на хвалі вальнадумства і самасцвярджэння заявіў, што пойдзе ў прафтэхвучылішча, паціснуў плячыма: “Ну, калі табе гэтага так хочацца… Але май на ўвазе: прафесія – гэта жыццё”.
Падлеткавая гіпертрафіраваная суперсамастойнасць, на шчасце, хутка прайшла. І да моманту заканчэння школы пытання – куды пайсці вучыцца? – перад Аляксандрам не стаяла. Дакументы ён падаў у Ціхаакіянскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча. Паступіў лёгка – зноў жа, як і бацька, добра вучыўся, актыўна займаўся спортам, толькі, у адрозненне ад яго, баскетболам — і таксама выканаў нарматыў майстра спорту.
Дысцыпліна ў вучылішчы, асабліва для першакурснікаў, была суровая. Сёння гэта Аляксандр Браніслававіч успамінае з усмешкай і разуменнем: калі ты збіраешся стаць афіцэрам і патрабаваць бездакорнага выканання дысцыпліны ад салдата ці матроса, то на сваёй скуры павінен зведаць, што гэта такое. А тады было не да ўсмешак… Тым больш, што бацьку перавялі на Балтыйскі флот, і нават у невялікі курсанцкі адпачынак – абняць маці, пагутарыць з бацькам — ён мог выбрацца толькі два разы ў год, і для гэтага трэба было ляцець на самалёце – нятаннае задавальненне. Дэмакратычны цягнік, білеты на якім для курсантаў напалову аплачваліся дзяржавай, не падыходзіў: шлях у дарозе забраў бы ўвесь час адпачынку.
Пасля першага курса ён зрабіў яшчэ адзін крок па бацькавай сцежцы: перавёўся ў тую ж навучальную ўстанову, якую заканчваў старэйшы Рэут — Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча радыёэлектронікі. Пасля Ціхаакіянскага парадкі тут падаліся верхам дэмакратычнасці! Выкладчыцкі склад быў вельмі моцны. І ўвогуле, Ленінградскае вучылішча лічылася элітарным… Пашанцавала! Тым больш, што пытання, ці яго гэта справа, больш не ўзнікала: маракі ўвогуле цвёрда ўпэўнены, што яны на галаву вышэй любога сухапутнага афіцэра, а падводнікі і ў марскім асяроддзі лічыліся своеасаблівай “белай косткай”, абранымі.
Вучылішча Аляксандр Браніслававіч закончыў у 1985 годзе. Служыць яму выпала на Балтыйскім флоце. Вельмі хутка дарос да намесніка камандзіра падводнай лодкі. Усё было добра. Гераічная элітная прафесія. Цікавая справа, дастойная сапраўдных мужчын. Верныя сябры, сярод якіх нямала землякоў – у савецкім падводным флоце служыла нямала выхадцаў з Украіны і Беларусі, у складзе экіпажа яго падлодкі з дзевяці афіцэраў чацвёра былі беларусамі, з некаторымі з іх ён цяпер і падымае ваенна-марскі сцяг на сваёй дачы ў апошнюю нядзелю ліпеня. Надзейны тыл, сям’я, якая заўсёды чакала яго вяртання з паходаў – каханая жонка і дачушка. Не палохала нават пастаянная небяспека, з якой сутыкаюцца падводнікі, хоць за не вельмі працяглы час сваёй службы на лодцы двойчы даводзілася праводзіць саслужыўцаў у апошні шлях. Але каго ў такім узросце, калі поўны сіл і здароўя, палохае смерць, нават калі яна – побач і, здараецца, забірае сяброў? Раз так здарылася – значыць, некаму не пашанцавала, ці можа, вучыўся хлопец дрэнна, як той лейтэнант, што не змог падчас пажару надзець дыхальны апарат і задыхнуўся… На падводным флоце ж усе правілы і інструкцыі напісаны крывёю, я пра гэта ведаю — і са мной такога здарыцца не можа!
…І НА СУШЫ
Так, усё было добра. Ды перабудова, ліхія дзевяностыя асфальтавым катком прайшліся па тым, што здавалася непарушным – і зламалі не адзін лёс, асабліва ў армейскім асяроддзі. Дзясяткі, сотні кадравых афіцэраў, людзей справы і абавязку, у адзін момант сталі непатрэбнымі вялікай краіне, якой некалі прысягалі на вернасць – бо і яе самой не стала. Родная Беларусь паклікала назад, паабяцаўшы, што тут вайскоўцы знойдуць прымяненне сваім ведам і здольнасцям. І землякі адзін за другім сталі хто звальняцца, хто пераводзіцца ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Неўзабаве і Аляксандр Браніслававіч саспеў да такога рашэння. У 1994 годзе ён развітаўся са сваёй падводнай лодкай і вярнуўся ў Беларусь, стаў служыць у Гродне ў радыётэхнічным батальёне.
Але і на радзіме жыццё ўчарашняга афіцэра-падводніка не было ўсыпана абяцанымі ружамі. Тут таксама ішла перабудова з яе няпэўнасцю ва ўсім. Аляксандр Браніслававіч звольніўся з арміі і пачаў адну за другой асвойваць мірныя прафесіі. Працаваў электрыкам, служыў у міліцыі – але зразумеў, што гэта – не яго, і звольніўся, займаўся дрэваапрацоўкай — і яшчэ шмат чым. Калі на пункце пропуску “Каменны Лог” стварылі пункт вага-габарытнага кантролю, прыняў прапанову пайсці працаваць туды інспектарам. А ў 2009 годзе быў прызначаны начальнікам транспартнай інспекцыі аўтамабільнага пункта пропуску “Катлоўка”.
Усюды, дзе яму даводзілася працаваць, Аляксандр Браніслававіч адносіўся да сваіх абавязкаў з уласцівымі яму добрасумленнасцю і творчым падыходам. Стаяць на месцы, не развівацца – не ў яго характары і не з яго прынцыпамі. І таму транспартная інспекцыя пункта пропуску “Катлоўка”, пра якую яшчэ два гады таму мала хто ведаў, сёння выйшла ў лік перадавых у рэспубліцы, а партрэт яе начальніка занесены на Дошку гонару міністэрства. Многія наватарскія ідэі, укаранёныя Рэутам на пункце пропуску “Катлоўка”, бяруцца на ўзбраенне ў іншых падраздзяленнях транспартнай інспекцыі. А некаторыя, нягледзячы на сваё наватарства і відавочную карысць, так і застаюцца “ноу-хау” катлоўскіх транспартнікаў – як, да прыкладу, сумяшчэнне абавязкаў інспектараў, якія праводзяць дагляд легкавых і грузавых аўтамашын. Да гэтага “легкавікі” падчас змены пакутавалі ад нічоганераблення – ад іх усяго толькі і патрабавалася, што праверыць аўтамабільную страхоўку і паставіць адпаведны штамп. А “грузавікі”, якім трэба праверыць аўтамабіль па некалькіх параметрах, у выпадку парушэння скласці пратакол і выпісаць адміністрацыйны штраф – і вядома ж, не словы падзякі за гэта выслухаць, з ног валіліся ад фізічнай і псіхалагічнай нагрузкі… Цяпер загружанасць паміж імі, дзякуючы намаганням начальніка інспекцыі, падзелена пароўну.
Яшчэ адным такім новаўвядзеннем Рэута стала звычайная скрынка для анкет, якая стаіць на пункце пропуску на відным месцы. Самі анкеты, якія дазваляюць прааналізаваць адносіны вадзіцеляў, што перасякаюць мяжу, да работы інспекцыі ў цэлым і кожнага інспектара ў прыватнасці, — таксама яго распрацоўка. Яны ананімныя, іх атрымліваюць вадзіцелі пры афармленні дакументаў. Аналіз адказаў на каверзныя пытанні дазваляе затым начальніку ўбачыць работу сваіх падначаленых і ўсёй сістэмы, так бы мовіць, з другога боку “прылаўка”…
Праўда, не ўсё крытычныя заўвагі, што выказваюць рэспандэнты, можна выправіць у межах аднаго асобна ўзятага пункта пропуску. Да прыкладу, многія вадзіцелі са здзіўленнем зазначаюць, што транспартная інспекцыя – адзіная са структур, што працуюць на граніцы, супрацоўнікі якой не маюць уласнай формы. Гэтае неразуменне падзяляе і Аляксандр Браніслававіч – вось толькі змяніць гэта яму не па сілах. Ён упэўнены, што супрацоўнікі органа, які валодае кантралюючымі, а тым больш – караючымі функцыямі, якімі сёння надзелена транспартная інспекцыя, павінны быць апрануты ў спецыяльную форму, каб вадзіцель адразу мог бачыць, што не “дзяўчына Маша” ці “хлопчык Міша” падыходзіць да яго з нейкімі незразумелымі патрабаваннямі, а афіцыйная асоба, паўнамоцтвы якой падмацаваны заканадаўствам краіны, інтарэсы якой яны прадстаўляюць.
Магчыма, некалі ўсё так і будзе. Транспартная інспекцыя – структура дастаткова маладая, у наступным годзе ёй спаўняецца дзесяць гадоў. І яе паўнамоцтвы ўвесь час пашыраюцца – сёння інспектары маюць права кантраляваць усе транспартныя сродкі, што рухаюцца па дарогах краіны, і не толькі на пагранічных пунктах пропуску. У адпаведнасці з Адміністрацыйным Кодэксам краіны яны могуць складаць пратаколы больш чым па пятнаццаці артыкулах – і трэба зазначыць, што на “Катлоўцы” гэтае права актыўна выкарыстоўваюць. Да прыкладу, тут першымі сталі штрафаваць неахайных вадзіцеляў за засмечванне дарожнага пакрыцця і прыдарожнай тэрыторыі – і дзякуючы гэтаму, парадку на пад’ездах да пункта пропуску “Катлоўка” стала намнога больш. Увогуле ж катлоўскія транспартныя інспектары за мінулы год склалі 64 пратаколы на суму 10,5 мільёна рублёў, а за сёлетні незакончаны год колькасць пратаколаў склала больш чым 300, а ў бюджэт паступіла 130 мільёнаў рублёў. Меры гэтыя, вядома, непапулярныя, але дзякуючы ім вадзіцелі, што перасякаюць граніцу, паступова прывучаюцца да парадку і да выканання законаў нашай краіны.
Так што і ў сухапутным жыцці лёс Аляксандра Браніслававіча Рэута складваецца ўпаўне паспяхова — як, дарэчы сказаць, і ў большасці яго сяброў-саслужыўцаў.
І тым не менш, яму час ад часу начамі сніцца мора і яго падводная лодка – яна цяпер стаіць на прычале ў Калінінградзе, і на яе борце створаны музей. І ён да гэтага часу не здымае элегантны форменны чорны плашч афіцэра-падводніка. А сыну, не збіраючыся, як і яму некалі бацька, навязваць сваё меркаванне наконт будучай прафесіі, ён час ад часу напаўжартам нагадвае: “Ты думай пра здароўе! Яно табе спатрэбіцца, калі збярэшся ў ваеннае вучылішча паступаць”. Употай спадзеючыся, што сын таксама стане ваенным…
Ніна РЫБІК.