Живёт в Ольховке обычный необычный человек
1
Жыве на свеце звычайны чалавек. А як ён ставіцца да свайго жыцця?Вось тут і пачынаецца незвычайнае…
Мне вельмі хочацца пазнаёміць вас са звычайным чалавекам, нашым земляком Яўгенам Іванавічам Груцам, якога лёс закінуў на Астравеччыну, – і пасёлак Альхоўка стаў прытулкам яго душы.
Нарадзіўся Яўген Іванавіч у Шчучынcкім раёне. Яго маці Любоў Арсенцьеўна пасля вайны працавала настаўніцай, затым дарогі жыцця прывялі яе на завод. Бацька Іван Уладзіміравіч – капітан міліцыі. У сям’і было трое дзетак: Уладзімір, Яўген і Наталля. Менавіта бацькі выхавалі сына як стрыманага, разважлівага і адказнага чалавека. І толькі родным і сябрам шанцуе ўбачыць хітрынку ў яго вачах і ўсмешку, якая хаваецца ў нязменнай барадзе. І нават тыя дзеці, якія пабойваюцца незнаёмых людзей, з задавальненнем ідуць на рукі да гэтага “барадатага дзеда” – а гэта лепшы паказчык чалавечнасці.
…Гэтую невялічкую і такую ладную дзяўчынку Жэня запрымеціў яшчэ ў 8 класе. Хацелася яе, кволую і мілую Раечку, аберагаць і любіць. “Не да любові, – строга сказалі бацькі. – Малыя яшчэ!” З разбітым сэрцам хлопец паехаў “куды вочы глядзяць” – пасля дзевяці класаў, у 1968 годзе, ён апынуўся на Данбасе, у Першамайску. Закончыў вучылішча, атрымаў спецыяльнасць “электраслесар – наладчык аўтаматычных шахтных установак” – і пайшоў працаваць на шахту. Амаль год ён спускаўся на глыбіню. І хто ведае, як склаўся б яго лёс, каб урачы не згледзелі слабае сэрца. Трывожныя званочкі ўжо тады гаварылі аб небяспецы – а можа, сэрца рвалася да каханай, якая чакала дома?
Вярнуўшыся дамоў і сустрэўшыся са сваім каханнем, ён зразумеў, што яно ўвесь гэты час жыло ў яго душы.Справілі вяселле. Нарадзілася дачка Наташка.
Сябар Яўгена Іванавіча ўладкаваўся працаваць на кардонную фабрыку “Альхоўка”, якая перажывала мадэрнізацыю, ён і паклікаў да сябе Груцаў. Яўген Іванавіч прайшоў перападрыхтоўку і пайшоў працаваць на фабрыку.
Гады беглі, дачка расла. Сям’я атрымала кватэру.
…Для ўсіх жыхароў двухпавярховага дома па вуліцы Савецкай была радасць, калі Яўген Іванавіч вяртаўся з рыбалкі і запрашаў на юшку. Тады ўсе – і старыя, і малыя – пачыналі рыхтавацца: хто абіраў бульбу, хто чысціў моркву… А праз гадзіну пад прыгожыя песні і вясёлыя анекдоты ўсе адпачывалі вакол духмянага саганка.
Усё было добра… Але аднойчы вечарам 2004 года суседзяў абляцела навіна: Яўгена Іванавіча забрала хуткая дапамога. Інфаркт…Дзякуючы неўміручай любові Раісы Васільеўны, клопату блізкіх, а найперш – уласнаму жаданню жыць і пазнаваць нешта новае, ён справіўся з хваробай.
Яшчэ калі Яўген Іванавіч ляжаў на бальнічным ложку і па-сапраўднаму ацаніў кошт чалавечага жыцця, ён зразумеў, што неабходна нешта зрабіць, каб зразумелі гэта і іншыя… На паратунак прыйшла паэзія. Жаданне пісаць вершы з’явілася яшчэ ў школе, калі Жэня складаў іх для каханай. Адметна, што гэта жаданне з’яўляецца ў чалавека ў пераломныя моманты жыцця.
Вершы, напісаныя ў бальніцы, прасякнуты трывогай – як і сітуацыя, ў якую трапіў Яўген Іванавіч. Але менавіта яны дапамаглі яму перажыць той цяжкі перыяд.
А пасля вярнулася светлае жаданне – дакрануцца да ўсяго прыгожага, што ёсць у свеце. Доўгія прагулкі па лесе, чыстае сасновае паветра… І зноў ловяцца шчупакі ды ляшчы, зноў пішуцца вясёлыя песенькі ды прыпеўкі. Яўген Іванавіч прачынаецца – і дзякуе лёсу за кожны новы дзень. Ён ніколі не плануе, чым будзе займацца, – гэта залежыць ад настрою, ад таго, што “прыйдзе зверху”.
Кожны пражыты дзень дазваляе Яўгену Іванавічу прыносіць радасць сваёй сям’і. А гэта ён лічыць самым галоўным! Асвоіўшы губны гармонік, балалайку, разам з унучкай ён зараз вучыцца іграць на фортэпіяна. Асвоіў мастацтва карвінгу – і зараз на святы ўпрыгожвае жончыны кулінарныя шэдэўры рукатворнымі кветкамі. Неабходна было зрабіць агароджу – з’явіўся прыгожы, з дэкаратыўнымі элементамі плот, а яшчэ – альтанка, распісныя лавачкі. Каля дома дачкі, які яна будуе непадалёк ад бацькавага, – каваная агароджа: бацькаў падарунак. А на Новы год зрабіў родным яшчэ адзін сюрпрыз: распісаў бутэльку з шампанскім, шклянкі – асвоіў тэхніку “аднаго мазка”. Цяпер марыць, што зімою часу будзе больш – паспрабуе сур’ёзна заняцца жывапісам. А са сцен кватэры ўжо глядзяць цікавыя работы з дрэва.Адкуль бярэ ён натхненне? Можа, ад прыроды?.. Яўген Іванавіч расказвае, што падчас прагулак па лесе яму часта прыходзяць і новыя радкі, і новыя ідэі. У гэты момант ён можа і заспяваць, і пасмяяцца, і прачытаць жонцы новы верш... А ў адказ бярозы ды сосны пасылаюць яму свежыя імпульсы – і нараджаюцца новыя фантазіі. Сёлета, напрыклад, ён ўбачыў у лесе прывабны каменьчык – ну жывы вожык! І ён ужо марыць асвоіць тэхніку роспісу камянёў.
Лёс склаўся так, што дачка пакуль больш жыве ў Маскве. І каб яна не прапусціла ніводнага цікавага імгнення, бацька захапіўся фатаграфіяй. І Наташа бачыць, як сонейка ўстае над Альхоўкай – і як яно хаваецца за верхавінкамі дрэў, як шчэміць свае промні праз маленькую дзірачку на зацягнутым рванымі хмарамі небе… Крывая бярозка, прыгажун-баравічок – здаецца, усё такое звычайнае. А глянеш на здымак – і непрыхаваная асалода трапечацца белым птахам у тваёй душы! Любімы кадр Яўгена Іванавіча – сям’я лебедзяў: Лябёдушка, на плячах якой у цёплым пер’і схавалася малое дзіцятка, і нашашэраны бацька, які ахоўвае сваю сям’ю. Так, гэта звычайна, так павінна быць на свеце – але як цёпла і кранальна...
На пытанне, як бы Яўген Іванавіч змяніў сваё жыццё, калі б гэта было магчыма, атрымала лаканічны адказ: “Жыццё – не магнітафонная стужка, яго адматаць немагчыма”. А вось кім ён хацеў бы стаць – гэтага мужчына не хавае: мастаком альбо музыкантам. Але гэтае жаданне не выключае іншага – быць матэматыкам: да лічбаў таксама можна ставіцца творча.А яшчэ Яўген Іванавіч хацеў бы наведаць горад Пальміру, які стаіць сярод пяскоў Сірыі.
Вельмі балюча мой субяседнік перажывае ўкраінскія падзеі – там пазнаёміўся ён з многімі добрымі людзьмі. І яму складана глядзець на кадры грамадзянскай вайны, што ідзе ў знаёмых яму мясцінах.
Наогул Яўген Іванавіч жадае ўсім людзям быць шчаслівымі – каб менш было злосці, каб людзі чулі і разумелі адзін аднога.
Соберу я все стоны –
И брошу их в омут.
Будьте счастливы, люди!
Пусть все боли утонут.
Соберу я все слезы –
И вылью их в море.
Пусть исчезнут в пучине
Все невзгоды и горе.
И на доброй земле
Пусть ничто не тоскует.
Вам кукушка в бору
Долго-долго кукует.
Мы доўга размаўлялі з Яўгенам Іванавічам на розныя тэмы. І калі я назвала яго незвычайным чалавекам, ён усміхнуўся: “Ну што вы! Я проста стары дзед…” А ў вачах яго свяцілася хітрынка…
------------------------
Ганна УЛАСІК, пас. Альхоўка.
