"Жизнь нужно принимать такой, какая она есть"

На пытанні нашай традыцыйнай рубрыкі “Я – жанчына!” адказвае намеснік дырэктара гімназіі №1 Хрысціна Браніславаўна Гіруць.
Запрашаючы ў гасцёўню “Астравецкай праўды” Хрысціну Браніславаўну Гіруць і рыхтуючыся да размовы, я вырашыла прымяніць, як мне падалося, цікавую форму інтэрв’ю: “пяць па пяць”, мяркуючы задаць сваёй гераіні пяць пытанняў на розныя тэмы – і прапанаваць знайсці на кожнае з іх пяць адказаў…
Але, як гэта часта бывае, змест нашай размовы “не лёг” у пракрустава ложа зададзенай формы: ён аказаўся шмат шырэйшым, глыбейшым і цікавейшым, чым мае журналісцкія прыдумкі. І ў выніку атрымалася пяць па пяць, і яшчэ пяць – “у нагрузку”.
Прапаную нашым чытачам нашу размову ў такім (ці амаль такім) выглядзе, як яе занатаваў дыктафон.

– Хрысціна Браніславаўна, якія пяць якасцей, на вашу думку, вызначаюць жанчыну?


– Дабрыня…
Хаця не, найперш, мусіць, усё ж – розум, а ўжо потым – дабрыня. Што б там ні гаварылі, але я пераканана, што жанчына павінна быць разумнай. А дабрыня – бо перамагае, на маю думку, не столькі прыгажосць, колькі дабрыня.
Яшчэ – цярпенне, бо па жыцці жанчыне, як правіла, даводзіцца вельмі шмат трываць, і вельмі важна, каб яна ўмела спакойна і ўраўнаважана глядзець на рэчы, тады прасцей вырашаюцца ўсе пытанні.
І ўменне прабачыць. З гадамі я прыйшла да высновы, што гэта неабходна жанчыне, раней была больш катэгарычная.
Нешта ў мяне пяць якасцей не набіраецца… Прыгажосць? Чамусьці я не лічу гэта асноўнай жаночай вартасцю… Шчырасць? Ну, гэта павінна быць уласціва ўсім людзям, а не толькі жанчынам… Можа, хопіць і чатырох?


– Якія пяць рэчаў абавязкова павінны быць у жаночай сумачцы?


– Ой, гэтае пытанне, мусіць, не да мяне… І, калі ласка, не трэба прасіць паказаць маю сумачку… Там можна знайсці ўсё, што заўгодна – акрамя таго, што, на думку многіх, павінна быць. Не, памада, люстэрка і расчоска там, вядома, ёсць. І парасон – ён са мной заўсёды, бо лічу, што, калі жанчына будзе выглядаць мокрай курыцай, то гэта нікуды не варта. Але, акрамя гэтых, чыста жаночых рэчаў, яшчэ – ключы, нажніцы, запалкі, бо часам зусім нечакана трэба заехаць на могілкі і запаліць свечку: знаёмыя ведаюць, што запалкі ў мяне ёсць заўсёды. Нейкіх пару балтоў – сама не ведаю, як яны туды трапілі, але выкінуць шкада, можа, спатрэбяцца калі… І мноства іншых рэчаў, якіх у жаночай сумачцы, напэўна, быць не павінна. Але ў мяне яны ёсць…
А яшчэ Марыя Іванаўна Пяткевіч некалі казала, што ў жаночай сумачцы абавязкова павінна быць касметыка – нават калі яна ёй не карыстаецца. Бо розныя здараюцца выпадкі…


– Як вы лічыце, за якія пяць якасцей жанчына можа пакахаць мужчыну?


– Вось тут я на першае месца паставіла б шчырасць. Мне, на шчасце, ад бацькі перадалася ў спадчыну адна асаблівасць характару: я няшчырых людзей адчуваю, што называецца, “на дух”. Яшчэ з маладосці: калі да мяне заляцаўся нейкі ва ўсіх адносінах станоўчы хлопец, а я адчувала яго няшчырасць, то не магла сустракацца з ім нават “на ўсякі выпадак, паглядзім, што далей будзе”. Я такіх людзей проста баюся і стараюся іх пазбягаць.
Яшчэ – за дабрыню. За розум. За клопат – аб жанчыне і яе дзецях… За адказнасць.


– А кажуць жа, што жанчыны ў мужчынах любяць перш за ўсё змесціва іх кашалька?


– Я пра гэта нават не падумала… Можа, для каго гэта і мае значэнне, розныя ж людзі ёсць…


– А знешнія дадзеныя, прафесіяналізм?


– Можа, я ненармальны чалавек, але для мяне прыгажосць – ні жаночая, ні мужчынская – не маюць значэння. Прафесіяналізм? Ну, за гэта мужчыну павінны цаніць на працы – а мне што за справа? Як дадатак да асноўных якасцей – можа, і добра, але ў асноўныя прыярытэты я б гэта не запісвала. Канешне, мужчына павінен умець выконваць хатнюю работу. Нават калі ён па нейкай прычыне не прызвычаіўся яе рабіць у маладосці, то, адчуваючы адказнасць за сваю сям’ю і клапоцячыся пра яе дабрабыт, павінен навучыцца ў дарослым жыцці. Я – жанчына, і то змагла, а мужчыну сам Бог загадаў!


– Вы можаце назваць пяць жанчын, якія для вас з’яўляюцца прыкладам у жыцці, аказалі найбольшыўплыў на фарміраванне вас як асобы?


– Найперш, вядома, мама, Леанарда Браніславаўна. Ёй цяжка жылося, асаблівага дастатку ў сям’і не было, жылі вельмі сціпла, але яна лічыла, што я павінна вучыцца – і толькі дзякуючы маме я атрымала адукацыю. Мама мяне заўсёды і ва ўсім падтрымлівала.
Затым – мая першая настаўніца, Раіса Дзмітрыеўна. Мне падабаліся яе прынцыповасць і строгасць. Я пайшла ў першы клас, калі мне не споўнілася і шасці гадоў. У мяне спачатку нічога не атрымлівалася, аднойчы я за адзін урок атрымала адразу пяць “двоек”. Але ўрокі Раісы Дзмітрыеўны я пранесла праз усё жыццё. Ведаеце, я да гэтага часу памятаю яе рукі. Калі б мне сёння паказалі шмат рук, я б адразу, без запінкі пазнала яе.
Яшчэ адзін чалавек, які аказаў вялікі ўплыў на мяне, – гэта Марыя Іванаўна Пяткевіч, жонка майго роднага дзядзькі. Мы шмат гаварылі з ёй на самыя розныя тэмы, як кажуць, “за жыццё”. Яна была па-сапраўднаму мудрай жанчынай. Умела вывесці на размову, расказвала пра людзей, нейкія падзеі – і я затым пракручвала, аналізавала прапанаваную ёй сітуацыю і думала: а як бы я паводзіла сябе ў тым ці іншым выпадку? І паступова пачынала па-новаму глядзець на нейкія рэчы ці сітуацыі, якія да таго здаваліся абсалютна адназначнымі. Дзякуючы ёй я многаму навучылася і многае зразумела.
У прафесійным плане вялізны вопыт я атрымала спачатку ад Юліі Васільеўны Тумкевіч – менавіта яна рабіла з мяне настаўніцу пачатковых класаў, калі я толькі прыйшла на працу: адказвала на мае бясконцыя пытанні, раіла, падказвала – словам, вучыла.
А калі мяне прызначылі намеснікам дырэктара, то проста велізарнейшы уплыў на маё развіццё зрабіла Марыя Якаўлеўна Строк. Мы сядзелі ў адным кабінеце, і я ўвесь час распытвала ў яе аб усім. Саромелася назаляць, дакучаць – і ўсё роўна пыталася. І не толькі па працы. Марыя Якаўлеўна – цудоўнай душы чалавек, я ёй вельмі ўдзячна за дапамогу і падтрымку ў самыя складаныя моманты жыцця. У мяне неяк быў выпадак: адзначалася дваццаць гадоў выпуску нашай групы ў Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы. Я вельмі хацела паехаць на сустрэчу, пабачыць сваіх аднагрупнікаў, але ў мяне не было за што. Тады вучыліся абодва сыны, я – адна… Марыя Якаўлеўна, убачыўшы мой стан, дастала грошы і сказала: “Хочаш, то едзь! Бо потым усё жыццё будзеш шкадаваць. А грошы аддасі, калі зможаш…” І гэта адзін, але далёка не адзіны прыклад. Вось такі гэта чалавек.
Ведаеце, неяк так Бог даў, што мне ў жыцці сустракаліся пераважна добрыя людзі. І ў самыя цяжкія моманты, калі апаноўваў адчай, заўсёды побач былі тыя, хто ўмеў падтрымаць, у каго было чаму павучыцца…
А яшчэ адной такой жанчынай можна лічыць гераіню маёй любімай кнігі. Разумныя людзі лічаць гэтую кнігу пустой, “чытвом”, а гераіню некаторыя называюць класічнай сцервай. Мне ж яе прыклад дапамог выстаяць і не зламацца ў самыя цяжкія моманты жыцця. Я маю на ўвазе кнігу “Знесеныя ветрам” Маргарэт Мітчэл і яе гераіню Скарлет О’Хара. З гэтай кнігі я чэрпала сілу, калі было невыносна цяжка. Я ўжо даўно яе не чытала – не ўзнікала такой патрэбы. А за тыя гады перачытала мо разоў дзесяць.
Тады мы з сынамі – аднаму няпоўных чатырнаццаць, другому няпоўных адзінаццаць – перайшлі ў сваю хату. Яна была не тое што недабудавана – зроблена, па сутнасці, толькі напалову. І трэба было дом дабудоўваць, дзяцей гадаваць… Грошай не было – адна мая настаўніцкая зарплата, сіл – таксама: я – жанчына, ды двое хлапчукоў-падлеткаў. Часам апаноўваў адчай. І тады я брала ў рукі “Знесеных ветрам”. Напачатку чытала і перачытвала ўсю кнігу. А потым я ўжо нават ведала, на якой старонцы мне трэба раскрыць кнігу – толькі тыя месцы, дзе ў Скарлет пачынаюцца жыццёвыя выпрабаванні, пасля якіх любая слабая жанчына, напэўна, зламалася б. А яна выстаяла і выратавала – сябе, сваю сям’ю, сваю зямлю. І пасля таго ў мяне зноў, невядома адкуль, браліся сілы, якіх ужо, здавалася, не было, каб жыць, працаваць…


– Якія пяць рэчаў, на вашу думку, нельга дараваць ніколі і нікому – нават з улікам сказаных вамі напачатку слоў аб тым, што жанчыне павінна быць уласціва ўменне прабачаць?


– Здраду – гэта адназначна. Прычым здраду не толькі і не столькі ў фізічным сэнсе гэтага слова – гэта, мне здаецца, з улікам пэўных абставін можна зразумець і прабачыць. Але ёсць здрада больш значная – чалавеку, яго існасці. І гэтага дараваць не тое што нельга – немагчыма. Ва ўсякім выпадку, для мяне.
А яшчэ тую якасць – не магу падабраць слова, каб даць ёй дакладнае азначэнне – калі чалавек выварочваецца, як вуж, не грэбуючы нікім і нічым. Слізкі, праціўны, гатовы ў нейкую хвіліну, калі яму выгадна, схіліць галаву, як авечка – але ў наступную, калі адчуе, што яму нішто не пагражае, падыме ды ўкусіць за самае балючае… Змяя, адным словам… Такіх людзей я не выношу – нават не магу перадаць, да якой ступені…
Яшчэ я злых людзей баюся – але ж злосць, напэўна, можна прабачыць? У людзей жа розныя сітуацыі ў жыцці здараюцца…
Няшчырасць, фальш – але гэта ўсё можна аднесці і да характарыстыкі чалавека-змяі, пра якога я гаварыла раней.
П’яніцам дараваць не магу. Зараз п’янства сталі лічыць хваробай – хітры такі ход прыдумалі: маўляў, раз ты не спачуваеш хвораму, то, значыць, ты дрэнны чалавек. А хворых трэба шкадаваць, лячыць, дапамагаць. Але я лічу, што п’янства – гэта перш за ўсё безадказнасць: у адносінах да сябе і сваіх блізкіх. І так лічылася заўсёды. Калі гэта хвароба, то хворы павінен лячыцца, так? А калі ён сам шукае гэтую хваробу, ды яшчэ ператварае ў пакуту жыццё тых, хто побач – які ж ён хворы? Ён – злачынца!
І гультайства…
А ўвогуле, я за сваё жыццё прыйшла да высновы, што мужчын Бог стварыў не надта благімі – проста яны духам слабейшыя, стрыжня ў іх не хапае. Пагэтаму яны і ламаюцца хутчэй, чым жанчыны.


– Цікавае меркаванне… А як жа з тым класічным выразам, што жанчыны – гэта слабы пол, а мужчыны – моцны?


– Мне здаецца, што ў сённяшнім жыцці ўсё перавярнулася, у тым ліку і гэта. Жанчыны ў большасці сваёй ужо даўно мацнейшыя за мужчын – духам сваім, унутранай сілай...
Але калі ў каго ёсць за кім пабыць слабай – то толькі парадавацца можна за такую жанчыну. І параіць: карыстайцеся такой магчымасцю! І дай бог, каб вам ніколі ў жыцці не давялося станавіцца моцнай і грузіць на сябе ўвесь воз жыццёвых клопатаў.


– Вашы пяць запаветных жаданняў?


– Ой, у мяне яно толькі адно. Яму ўжо шмат гадоў. Сябры ведаюць пра яго і неаднойчы казалі: запішы! Бо ўсім вядома: калі я нешта запішу, то абавязкова потым зраблю, такая асаблівасць майго характару. Я ўжо потым не магу проста так гэта выкінуць з галавы ці забыцца. Я складу план і буду паэтапна яго ажыццяўляць…
Мая мара – круіз па Міжземным моры. Я не люблю адпачываць, валяючыся на пляжы ці плёскаючыся ў моры. А калі вось так: некалькі дзён у Італіі, затым – у Іспаніі, Грэцыі, Егіпце, Алжыры… Увесь час -- новыя ўражанні, новыя адчуванні… Вось пра гэта я мару. У гэтым годзе яшчэ не запішу, а вось калі-небудзь потым…


– Жаночае шчасце – у чым яно?


– Каб было ўсё: добрая сям’я, на працы ўсё ў парадку, каб блізкія былі здаровыя…
Я не лічу, што шчасце жанчын – выключна ў дзецях, і жыць трэба толькі іх поспехамі і няўдачамі. Яно, як і ўвогуле яе жыццё, павінна быць рознапланавым, хай у ім будзе ўсё! І нават пэўныя праблемы – але толькі такія, што можна вырашыць. Зрэшты, такія і праблемамі называць не варта. Не разумею тых, хто бясконца скардзіцца: ах, як цяжка жыць, ах, колькі ў мяне праблем… Ну што гэта за праблема, калі праз тыдзень, месяц ці год вы пра яе і не ўспомніце? Канешне, з’явяцца іншыя – але і яны з цягам часу знікнуць.
Хаця, канешне, шчасце дзяцей – гэта адзін з асноўных складальнікаў жаночага шчасця. Мне здаецца, што не можа быць маці шчаслівай, калі нешта не ладзіцца ў яе дзяцей. І добра, калі дзеці гета разумеюць і адчуваюць.
Ведаеце, старэйшы сын, калі вучыўся на першым курсе ваеннай акадэміі, прысвяціў мне такі верш:


Отчего тяжело на душе?
Потому что не нужен уже
никому, кроме мамы одной.
Той, которой не нужен покой.
Той, которая ночью не спит,
когда сын в карауле стоит,
Прижимая к груди автомат
И от холода прячась в бушлат.
В темноту напряжённо глядит.
А она пред распятьем стоит
И в холодную тёмную ночь
Просит Господа сыну помочь.
Моя добрая , нежная мать,
Ещё долго не будешь ты спать.
И сегодня, родная, прими,
Мой сыновий поклон до земли.


– Калі б была такая чароўная магчымасць, ці змянілі б нешта ў сваім жыцці?


– Нават не ведаю…
Магчыма, хацелася б, хоць крышку, таксама пабыць слабай жанчынай. Каб побач было надзейнае мужчынскае плячо. Каб не трэба было самой думаць пра тое, што паваліўся плот ці як зрабіць рамонт у хаце…
А з іншага боку – я вельмі не люблю людзей, якія ўвесь час скардзяцца, расказваюць, як ім цяжка – паслухаеш, дык цяжэй, чым усяму свету… Я не наракаю на лёс і не шкадую аб тым лёсавызначальным рашэнні, якое некалі прыняла ў жыцці. Хоць далося яно мне не проста, і не ўсе мяне тады зразумелі, многія, нават самыя родныя, лічылі, што трэба трываць, несці свой крыж да канца. Я не схацела і не змагла – і не шкадую аб гэтым. А зрэшты, адкуль я ведаю: можа, тыя выпрабаванні, што выпалі мне – гэта расплата за нейкія ўчынкі, мае ці маіх родзічаў?
Жыццё трэба ўспрымаць такім, якое яно ёсць. І радавацца яму – у любым выпадку. Як ўмела гэта рабіць Скарлет О’Хара.


---------------------------------
Гутарыла Ніна РЫБІК.