Жительница Островецкого района Бронислава Станиславовна Савко поделилась своими воспоминаниями
У цуду шмат увасабленняў. Самае любімае для мяне, калі прыязджаеш у незнаёмую вёсачку, заходзіш у двор першай выпадковай хаты, на твой асцярожны стук адчыняюцца рыпучыя дзверы і… І з першых слоў становіцца зразумелым: сустрэча была прадвызначанай. Не здарылася б яна – і цэлы пласт для свету, можа, і нязначнай, але для нас, жыхароў Астравеччыны, мега-важнай мясцовай гісторыі знік бы назаўсёды.Менавіта так адбылося ў Шатэрніках (Гервяцкі сельскі Савет), у маленькай – усяго чатыры жывыя коміны – вёсачцы. Выпадак па імені Лёс, прывёў мяне да Браніславы Станіславаўны Саўко, якой 1-га сакавіка споўнілася роўна 90 гадоў.
У яе хаце шмат цікавага: старая шафа, упрыгожаная разьбой; прыкрытая карункамі бялюткай сурвэткі швейная машына “Зінгер”; лава, без сумнення, зробленая рукамі мясцовага майстра… Але ў мільёны разоў цікавей за ўсе гэтыя рарытэты сама гаспадыня – Браніслава Станіславаўна. І не будзем псаваць яе ўнікальную гаворку літаратурна-арфаграфічнай праўкай – няхай расказвае, як умее.
Браніслава Станіславаўна САЎКО:
– Слабая ўжо з мяне гаспадыня… Печ, вядома, прапалю – не ў холадзе ж сядзець! Сабаку нешта вынесу. Нагу бядак пашкодзіў – накульгвае… Сабе якую бульбіну звару. Абмятуся з раніцы, каб чыста… І ўся мая работа. Кажу ж, слабы з мяне цяпер работнік…
А і то… Нарабілася за жыццё…
Дзед наш моцна благі быў. То паліць хацеў, то так з хаты выганяў… Мама нас пяцёра, як кацянят, у прыполе насіла. Качавалі не горш за цыганоў: то на хутарох жылі, то ў Завелцах, то за рэчкай у засценку… Нарэшце дзед выдзеліў нашаму тату нейкі гектар зямлі – толькі з гектара хіба разжывешся?!
З маленства давялося па людзях ісці: у Субаткевічаў у Попішках пасціла, у Шаблоўскіх ля Рымдзюн (добрыя былі людзі!), у Гедройцяў з Ажулаў, у Свілы з Малюты… Якія там заробкі!? Хто што дасць – тым і радая.
На свілавым выгане, да прыкладу, нашы авечкі і бычок пасліся – такі быў дагавор. Свілы былі бяздзетнымі – мяне шкадавалі, у голадзе не трымалі. Раскулачылі іх, як савет прыйшоў. Свілу ў турму. Хату разабралі – перавезлі ў Чэхі, зрабілі з яе школу. Засталася Свіліха, як стой. У свіранчыку свой век дажывала.
Майго старэйшага брата забралі ў войска ў 1940 годзе. Кажу ж: як савет у першы раз прыйшоў. Пайшоў наш Юзюк і не вярнуўся. На вайне з немцам загінуў. Шукалі мы яго, пісалі, куды толькі людзі падказвалі. Нарэшце з Чырвонага Крыжа прыйшло пісьмо: пагіб Іосіф Мільгевіч падчас дзяжурства. Прамое пападанне бомбы. Ад таго месца, дзе ён быў, засталася адна варонка…
Бачыш партрэт? Юзюк і ёсць! Прыгожы быў. І добры. Мы з сёстрамі кветачак яму на шкло насадзілі – магілкі ж няма… Няхай хоць на шкле кветачкі цвітуць…
А гэта наш Манюсь. Мар’ян Мільгевіч. Яго ў войска забралі ўжо пазней – калі савет у другі раз сюды прыйшоў. Ён служыў у Кранштаце. Таксама загінуў. Разбіліся яны ўтрох… Ці то на машыне, ці то на матоцыку… Які гэта год быў? Да праўды, ужо папутала… Чакай, я ўжо тады замужам была… Бярэменная… Затое нас з сястрой і не ўзялі на пахаванне, бо мы абедзьве былі бярэменныя. А там трэба было праз заліў, праз ваду… 1948-ы? Ці 49-ы? От галава стала – не хоча гады трымаць…
АЭРАДРОМ
За першым саветам тут у нас будавалі базу. Самалётную. Вялізную – як глянуць! Вунь туды ляжала – як ісці на Палестыну. Аж да Маркунь. Ажно да Міхалішак. Тут былі б горад паставіўшы, каб не вайна…
На базе былі зрабіўшы барак. Вялізны. Можа, на тысячу душ. У ім трымалі турэмшчыкаў: і жанчын, і мужчын. Розных.
Дзевачку запомніла. Маладая, гадоў, можа, васямнаццаць. Падстрыжаная на каротка. Мы па ваду ішлі, а яна прылегла адпачыць. Ахраншчык яе стыдзіў: “Ляж акуратней, усё на паказ выставіла…”
– За што сядзіш? – запыталіся мы ў дзяўчыны.
– Дзіця сваё загубіла, – адказала яна.
Турэмшчыкаў ганялі на работы. Яны тут, лічы, усё і будавалі. Ахраншчыкі пільнавалі іх, каб не ўцяклі і каб не гультаілі.
Каменне дастаўлялі мясцовыя людзі. Вазілі вазамі. Пэўна, за гэта ім нешта давалі, але не ведаю, колькі…
Сваіх самалётаў на базе не было. Прыляталі, каб прывезці што патрэбнае. А сваіх не было.
Мяне ўзялі ў сталоўку за афіцыянтку. Саўка, стрыечны брат з Яцын, дапамог – так не ўзялі б. Пашанцавала, што там казаць… Плацілі няшмат, але ж пры ядзе – галоднай не будзеш...
Сталоўка была для салдат і афіцэраў. У вялікай хаце, у Сінкевічавай. Склеп пры хаце быў, яшчэ нейкія пабудовы. Працы шмат, але я прывычная.
А потым прыйшоў немец. І адразу стаў бамбіць аэрадром у Лягаўцах – у нас светла было, так агонь паласаваў... Прыехаў самалёт і на нашу базу – мелі мы страху. Але не бамбіў – пакруціўся і з’ехаў.
Ноччу ахраншчыкі пагналі турэмшчыкаў на ўсход. Да раніцы сышлі і ўсе астатнія. Мы кінуліся ў сталоўку, сталі выносіць і хаваць у кустах каструлі, талеркі, іншы посуд. Пачакаўшы, прыйшлі хлопцы з Маркунь, узламалі склад з вінтоўкамі, пачалі іх разбіраць. Я таксама выцягнула са склада дзве вінтоўкі і схавала іх у ламаччы. Пазней аддала дзядзьку Аўсюкевічу – ён меў сувязь з партызанамі і збіраў для іх зброю. А посуд, калі стала ясна, што савет не вернецца, мы разабралі па хатах. Прынесла сабе дзве каструлі, талерак, вілкаў-лыжкаў розных…
Праз які час прыйшоў немец. Абсеў на нашай базе. Самалётаў нагнаў – безліч! Лямпу паставіў адмысловую, каб лавіць чужыя бамбавозы ў небе. А бомбаў навёз! Уся база была застаўлена. І на кожнай бомбе ядвабны матузок. Немец, канешне, ганяў нашых, але ўсё роўна прабіраліся і зразалі з бомбаў гэтыя матузкі. Жанчыны іх потым распускалі і ткалі шаўковыя настольнікі і ручнікі. Але зразаць гэтыя шнюркі было небяспечна – пяць чалавек разарвала пры гэтых бомбах. Тады напалохаліся і кінулі.
А самалётаў наехала! Больш за сто.
Вакол базы расла добрая трава – немцы дазвалялі нам пасціць сваіх кароў. Пасцілі, а заадно лічылі самалёты, калі яны выляталі. Аднаго разу я налічыла 55, у другі раз – 58. Мужчыны казалі: паехалі Маскву бамбіць. Выляталі дружна, а вярталіся па аднаму. І не ўсе. Калі сем не хапала, а калі – і ўсе дзесяць…
Баяліся немцаў, але да мірных яны нічога не мелі. Нават да такіх, як мы, – у каго родныя з другога боку на вайне ваявалі.
А немец тады спора пайшоў – дапёр савета ажно да Масквы. Там толькі ўпёрліся і ў Маскву яго не пусцілі…
Потым, калі савет забраў Берлін, ён заступіў тут, у нас, у другі раз і ўжо тады застаўся. І сёння сядзіць – куды ж яму дзецца?..
А база яму ўжо стала непатрэбная. І людзі расцягалі ўсё. Нават пліты і каменне – замасцілі сабе панадворкі. Сёння ад базы і знаку няма…
ГАЗЕТА ПРАСІЛА РАСКАЗАЦЬ…
Пра Мішу Камарэнку пісалася ў “Астравецкай праўдзе”. І ў канцы газета прасіла, каб адгукнуліся людзі, каторыя пра яго што ведаюць. Я хацела адгукнуцца, але на мяне накрычалі: “Хочаш, каб галаву адкруцілі – адгукайся”. Я і замоўкла…
А Міша на самалётнай базе працаваў. Не ведаю, кім. Можа, ахраншчыкам… Досыць, што з усімі ён тады не пайшоў – дачакаўся немца. Кажуць, заданне такое меў. Красным разведчыкам быў! Удалы, чорненькі. Стаў Міша памагаць аднаму майстру па сталярцы. Вось гэтую лаву яны мне зрабілі. Але сталярка была для адводу… У давер да немцаў увайшоў і збіраў усё пра самалёты. Потым перадаваў некуды ў Расею...
А на пагляд і не скажаш – хлопец як хлопец. На танцы прыходзіў. І дзяўчыну меў у Яцынах. Галяй звалася…
Як немец сышоў, сільна ў нас бандыты развяліся. Неспакойны час быў: адны ў войску служаць, другія – у бандах. Хто дзе можа, там і зарабляе…
У Маркунях такі Ясьмінт арганізаваў сваю банду. Вінтовак было нацягана яшчэ з базы. Сабраў хлопцаў са Швяйлян. Два сыны Людвіка Мільгевіча, ведаю, далучыліся. Яшчэ колькі чалавек – і ўся табе банда.
Стаў Ясьмінт саветаў вынішчаць. Аднаго разу трох стралкоў зараз застрэліў. Настаўнікаў забівалі. Вынішчалі сем’і, у каторых у партызанах хто быў. Простых людзей рабавалі...
Лавілі яго міліцыянты, стараліся, але злавіць ніяк не маглі. І тады даручылі Мішу ў іхнюю пачку ўступіць. Прыняў яго Ясьмінт, з сабой стаў браць. Пэўна, нейкая аперацыя паміж Мішам і міліцыянтамі была б з часам зарганізавана, але ён не дачакаў. Не вытрымала сэрца, калі Ясьмінт на яго вачах захацеў дзяўчыну знахаліць. У Мар’яна Стафановіча ў хаце гэта было. Паваліў Ясьмінт дзяўчыну на ложак, сам стаў расшпіляцца, тут Міша і не сцярпеў – сцебануў па ім з аўтамата…
Потым Камарэнка засяліўся ў Астраўцы. Жонку меў, сына. Я захадзіла да яго ў хату.
Аднаго разу… У 1946 годзе гэта было… Міша праз мяне пакет нейкі перадаваў у Вільню. Пакет перадала і свае справы залатвіла. А як вярталася назад, села ў вагоне не з таго боку: не ўбачыла вакзал і не пазнала Гудагаі. Ужо цягнік адыходзіць стаў, як я гляджу: Божухна! Гудагаі... Скочыла на хаду. Ледзь не забілася. Зубы сабе павыбівала. Прытомнасць страціла. Людзі нейкія камяні па полі збіралі, убачылі – падабралі мяне…
Дабралася неяк да Астраўца. Пайшла ў ваенкамат – там Іосіпа Саўко з нашай стараны былі на зборы забраўшы. А ён да мяне ўжо даўно ўдаваўся. Даў ён пару рублёў, пайшла да доктара – той пачысціў мне гэмбу. Да хаты не пайшла – нанялася да Бразоўскіх у Міклях. Зарабіла трохі грошай, паехала ў Вільню і паставіла сабе зубы. Да глыбокай старасці стаялі – о, даўней якія майстры былі!
Але што гэта я пра зубы? Трэба ж пра Мішу скончыць…
Пастукаўся аднойчы знаёмы хлопец з Маркунь:
– Броня, Мішу забілі…
– Ах, Божачка! Хто? Як?
Бандыты ясьмінтаўскія падсцераглі Камарэнку недзе між Смаргонямі і Ашмяной. Завалаклі яго ў гумно і забілі…
Сын застаўся. Маня, мая старэйшая сястра, Мішынага сына знала…
“НЕ БЫВАЕ, КАБ ЖЫЗНЯ ЗАНАДТА ГЛАДКАЯ…”
– Ніякага дзявоцтва я не ведала. Работа і работа. Як той вол. І замуж аддалі – як котку. Ніхто асабліва і не спытаўся.
– Ідзі! – сказала мама. – Няма чаго ў дзеўках заседжвацца. Трое вас… Абы аддаць… І не глядзі, што бедны – нажывеш усё, што трэба.
Юзюк Саўко ў мяне быў моцна ўрэзаўшыся. Высокі, здаровы, негаваркі… Мы з сястрой – як агонь былі. І заспяваць, і затанчыць… А ён прыйдзе на вячоркі і стаіць у куце – мяне пільнуе. У кажусе да падлогі – як мядзведзь…
А пра мяне ў вёсцы плёткаў многа хадзіла. І афіцыянткай я ў сталоўцы рабіла. А потым, пры немцах, нанялася ў Варакумшчыну кухаркай. Адзін чалавек арганізаваў там тартак – абрабляў драўніну. Разам з ім працавалі яшчэ дзевяцёра. І мне іх трэ было карміць. Ну і карміла. Па вёсках на кані ездзіла, яйкі купляла…
Час такі быў – галадоўны. Мусіла хоць куды прыткнуцца, каб хоць пару пудоў дахаты прынесці. А людзям здавалася, інакш я зарабляю…
Юзюк мяне любіў – плёткаў не слухаў. Стараўся не слухаць…
Пажаніліся мы 4 лютага 1947 года. Ляглі спаць. Я ў клубок скруцілася – не падлезці. Толькі пад раніцу ён да мяне і дабраўся. “Цэленькая”, – выдыхнуў шчасліва.
Потым, пасля ўсяго, прысеў за маімі плячыма і стаў плакаць. Ажно якраз мая мама заходзіць. Убачыла і збялела:
– Калі малады плача, значыць, маладая вінная…
– Ні ў чым яна, цешча, не вінная, – усхліпвае Юзюк. – Чэсная мая Бронечка. Мяне па іншым гора бярэ… Варажыў я ў цыганкі. “Возьмеш, каго любіш, – сказала. – Але яна рана памрэ”. А як жа я без Бронечкі?..
– От! – адразу павесялела мая мама. – Надумаў! Не дуры сабе галавы…
Жыць мы сталі з Юзюковымі бацькамі. Свякроўка добрая была. Дапамагала з дзецьмі. А яны ў нас сыпанулі: чацвёра за сем гадоў. І ніякіх выгодаў. Я ледзь ногі цягала. Але Юзюк стараўся: ні разочку я да каровы раніцай не ўстала – ён даіў. І свінні на ім. І ўся гаспадарка.
Потым памёр ягоны бацька. І брат майго мужа вырашыў аддзяліцца. Вядома, два каты ў адным ворку не зжываюцца… Аддзёр адзін канец хаты, ганак… “Нічога, – сказаў Юзюк.
– Людзі і ў шалашах жывуць. Дадзім раду.”
І праўда, патроху дабудаваліся. Гэта адразу цяжка было – калі ў калхозах нічога не плацілі. А калі сталі троха даваць, мы ўздыхнулі. Юзюк на ферму пайшоў даглядчыкам. Прадсядацелі яго любілі. Бо як на ферме? Адзін пракраўшыся, другі п’яны… А ў нашага – парадак. Да жывёлы ён – ні бічом, ні каменем. А ўжо да людзей – і казаць няма што.
Не піў Юзюк. І брыдкага слова ў жыцці не прамовіў. Што там казаць, пражыла за ім добра. І дзеці любляныя выраслі. І я не бітая. Штурхануў, праўда, два разы, але тут я сама вінаватая – хвігі яму ў самы нос тыцкала. Паразумнела з часам, навучылася саступаць. Пасля і дачок сваіх навучала: “Калі што не так – адыдзі ўбок. Саступі. Будзь жанчынай”.
Хоць калі так увогуле, дык мне наперадзе даводзілася ісці – Юзюк заспакойны быў, нявёрткі. Але добра ісці, як ведаеш, што за спіной парадак… А я гэта ведала цвёрда.
Першым у нас нарадзіўся Ян. 17 кветня 1949 года. Вывучыўся на юрыста. Шмат гадоў быў начальнікам у АБХС у Вільні. Цяпер на пенсіі. Палкоўнік ён. Ці падпалкоўнік? Не ведаю. Ведаю, што выйшаў на пенсію з камісара паліцыі.
Янусь нам памагаў: прывязе, бывала, і мяска, і да мяска, зробіць што па гаспадарцы... І цяпер памагае.
Марыя нарадзілася ў 1951-ым. Рабіла токарам на заводзе. Два сыны ў іх з мужам. Таксама пра мяне не забываюць – прыязджаюць, як могуць. Сыны вось толькі не жэняцца. Пачну вучыць, дык старэйшы адказвае: “Пазней ажанюся – меней раз развядуся”. От, павучы ты яго! І работа добрая – пастаўшчыком з Расіі робіць. А жаніцца не хоча…
А трэцяму сыночку, Юзючку, не пашанцавала: нарадзіўся калечкам – не меў сілы ў руках і нагах. Янак расстараўся нам самаручны трактар, дык Юзюк навучыўся на ім ездзіць. І саломкі нам прывязе, і забарануе поле. Добры ён быў. Перажыў свайго бацьку толькі на гадок.
Муж памёр у 1997 годзе. Зімой. Пайшоў саломы прынесці. А я абед строіла. Зрабіла ўсё, наліла – няма і няма. Выйшла, гляджу: вяровачка на зямлі рассцелена, а сам ля стогу ляжыць. Нежывы. Трэці інфаркт. Доктар яшчэ пасля другога казаў, што наступны не перажыве…
Пахавалі. А праз гадок забраў Юзюк да сябе сына, названага па ім. І засталася я адна. Качую вось па хаце з кута ў кут. Даўленне во куёчыць і куёчыць. Галава баліць. Дачка прасядзела са мной цэлы тыдзень, учора толькі паехала ў Вільню…
Усе нашыя дзеці жывуць на Літве. Самая малодшая дачка – таксама ў Вільні. Сакратаром камсамольскай арганізацыі была, пакой у абшчазе адной выдзелілі. Трохі з мужам непарадак быў. Быў сышоўшы. “А не бяры ты да галавы, – сказалі ёй мы з бацькам. – Дапаможам. Выгадуем малую. Адна не застанешся.” Палётаў-палётаў і вярнуўся. Дальнябойшчыкам працуе. Дом выбудаваў прыгожы. Ложка з заграніцы прывёз такое, што само раскладваецца і складваецца…
Унучка ўжо ў інстытуце вучыцца. Нядаўна ў гэным інстытуце адкрылі такі ўнівермаг. Яе ўзялі прадаваць. Ужо тры палучкі атрымала. Хлопца мае…
Канешне, нігды не бывае жызня, каб занадта гладкая. Але так хочацца, каб у дзяцей і ўнукаў яна была б гладчэйшая. Каб раўней ім ісці было. Каб не адны. Каб у весялосці. Каб з Богам. Так хочацца, каб ім мякчэй спалася, хоць ты рукі падкладзі...
----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.
