За них всё решила судьба
З ДЫНАСТЫІ КРАЎЦОЎ
Галіна Уладзіславаўна Дамуць, швачка Астравецкага УКПБА, з тых людзей, што не любяць выстаўляць сябе на паказ. Блакітныя праніклівыя вочы выдаюць у жанчыне чалавека спагадлівага і сарамлівага, які ведае кошт кожнага вымаўленага слова і вартасці людскіх стасункаў.Галіна нарадзілася ў вялікай сям’і, дзе, акрамя яе, было яшчэ трое дзяцей. З Валэйкунаў вясковых дзяцей падвозілі ў Міхалішкаўскую школу, дзе малыя засвойвалі правілы граматыкі і табліцу множання. Але маленькую Галечку прыцягвала не вучоба – нягледзячы на тое, што ў школе яна добра вучылася.
Дзяўчынка любіла назіраць за бацькам, які быў адным з лепшых краўцоў на ўсю акругу. З суседніх вёсак да Владуся – так мужчыну клікалі аднавяскоўцы – прыходзілі людзі са сваімі заказамі. Галя, седзячы на цёплай печы, употай назірала за тым, як бацька раскладваў аўчынкі, даставаў свае інструменты і – стаяў у задуменні некаторы час. Сваёй справай Уладзіслаў быў апантаны: днём і ноччу навылёт вымерваў, кроіў, шыў… За суткі мог зрабіць кажух на дарослага чалавека. Жонку і дзяцей апранаў у абноўкі, якія майстраваў уласнымі рукамі, ткаў кросны…
І бацька, і дзед, і хросны дзядзька – усе з Млынкоўскіх займаліся кравецкай справай.
Выбар юнай Галіны, якая скончыла школу, паў на Гродзенскае кааператыўнае вучылішча. На той час дзяўчына чамусьці забылася на прыемны гук працуючай швейнай машынкі і вырашыла стаць прадаўцом.
Пасля заканчэння вучылішча яна адпрацавала год па спецыяльнасці ў сельскім магазіне. У калгасе давялося паспрабаваць і бухгалтарскага хлеба. Але лёс распарадзіўся па-свойму: Галіна вярнулася да вытокаў. Напэўна, швейная справа, якой займаліся з пакалення ў пакаленне мужчыны ў сям’і Млынкоўскіх, сваім магнетызмам прыцягвала і Галіну. У 1984 годзе яна выйшла замуж за свайго аднакласніка і прыйшла працаваць у быткамбінат у цэх масавага пашыву.
Новы калектыў прыняў маладую нявопытную швачку з першых дзён, а Соф’я Багдановіч – швачка, якая была лідарам калектыву – дапамагала Галіне і добрым словам, і прыкладам.
– Добра памятаю свой першы дзень! – расказвае Галіна Уладзіславаўна. – Раней сцяжкі на коўдрах рабілі ўручную, не на машынках. І я да таго скалола пальцы, што на іх было страшна глянуць! Вечарам, вярнуўшыся дадому пасля першага працоўнага дня, казала мужу, што больш не пайду на працу.
Ды, дзякуючы дапамозе “цёці Соні” – так ласкава называлі вопытную вышывальшчыцу маладыя швачкі – Галіна па крысе ўцягнулася ў справу і на працягу амаль трыццаці гадоў застаецца незаменнай швачкай Астравецкага камбіната бытавога абслугоўвання. Калегі па працы ведаюць яе не толькі, як адказнага спецыяліста, але і як добрага чалавека, які заўсёды выслухае і дасць мудрую параду.
Жанчына часта ўспамінае свае першыя крокі ў якасці швачкі, свой парыў кінуць гэтую справу. Пагэтаму, калі ў калектыве з’яўляецца “новенькая”, Галіна Уладзіславаўна з радасцю прыходзіць на дапамогу.
Дзеці выраслі і пакінулі бацькоўскае гняздо. Малодшы сын Яўген працуе будаўніком, старэйшы Андрэй – ваенным музыкантам узорна-паказальнага аркестра Рэспублікі Беларусь у Брэсце. Яны не пайшлі па матчыных слядах… А магчыма ўнучка Верачка, якая нарадзілася зусім нядаўна, працягне дынастыю краўцоў сваёй бабулі.
ПРА ШТО РАСКАЖУЦЬ... АБЦАСЫ?
Першае, на што звяртае сваю ўвагу Алена Уладзіміраўна Кунігель пры знаёмстве з чалавекам – гэта абутак. У выхадныя дні, калі можна прагуляцца па горадзе ці па магазінах, яна неўпрыкмет назірае за людзьмі. Абцасы тых чырвоных туфлікаў, на якіх хутка пабегла чарнявая дзяўчына, самі гавораць за сваю гаспадыню: гордая, наравістая, ведае сабе цану. Стаптаныя чаравікі, якія даўно страцілі ярка-руды колер, выдаюць ссівелую, сціпла апранутую, але акуратную бабульку. Новенькія, бліскучыя лакавыя туфлі дваццаць чацвёртага памеру відавочна муляюць сваёй маленькая гаспадыні…
Алена прывыкла да таго, што працуе не з людзьмі, а з іх абуткам. Жанчына шчаслівая, што не памылілася ў маладосці і выбрала правільны шлях.
Алена Уладзіміраўна Кунігель нарадзілася ў вёсцы Вераб’і. Бегала ў Спондаўскую школу, пасля заканчэння якой прафесійны выбар не вісеў “дамоклавым мячом”. Дзяўчына ведала, што будзе абутніцай, і без асаблівых цяжкасцей паступіла ў Гродзенскае СПТВ №74. З першых практычных заняткаў Алена зразумела, што знайшла справу свайго жыцця. Рамантаваць абутак, ушываць маланкі, мяняць набойкі – дзяўчыне падабалася праца абутніка, і яна з здавальненнем прымалася за новую пару “хворых” чаравікаў.
У 1981 годзе, пасля заканчэння вучобы, дзяўчына ўладкавалася абутніцай у Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання і неўзабаве выйшла замуж. Маладыя не мелі ўласнага жылля – туліліся ў інтэрнаце. Для таго, каб зарабіць грошай на ўласную кватэру, Алена працавала на будаўніцтве і, нават, не пабаяўшыся цяжкасцей, ездзіла на заробкі ў Маскву.
У расійскай сталіцы жанчына працавала на абутковай фабрыцы. У кожным цэху – а іх было шэсць – тысяча чалавек. Для Алены Уладзіміраўны гэта не толькі прафесійны вопыт, але і добрая школа жыцця.
Тэлефанаванні з радзімы – і просьбы кіраўніцтва КБА вярнуцца на працу зрабілі сваё. Жанчына вярнулася ў Астравец – і пра сваё рашэнне не шкадуе. Ёй падабаецца калектыў, яе прафесія. Да кожнага чалавека яна намагаецца знайсці свой падыход – таму што “тэрміновасць” заказаў прымушае нервавацца кліентаў.
Калі запытаць астраўчан, хто такая Алена Уладзіміраўна Кунігель, амаль кожны адкажа, што гэта – абутнік з вялікай літары. Нават з суседняй Літвы прыязджаюць да яе рамантаваць абутак.
Алена Уладзіміраўна напярэдадні свайго прафесійнага свята чакае ў госці дзяцей: сына Аляксандра, дачку Таццяну, якая працуе разам з мамай у камбінаце бытавога абслугоўвання, і прыёмную дачушку Надзею, якая стала для ўсіх роднай, нягледзячы на тое, што прыйшла ў сям’ю ў 14-гадовым узросце.
Два гады таму ёй давялося перажыць вялікае гора: адзін за другім пайшлі з жыцця муж і тата, але Алена змагла справіцца з бядой. Жанчына кожны дзень намагаецца сустракаць людзей усмешкай – і верыць, што час многае лечыць…
Сонечная жанчына, здольная чытаць па абутку характары людзей.
------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.