Юности в шинелях посвящается...
1
Наша жыццё ідзе па кругу: кожны год мы сустракаем Новы год, адзначаем традыцыйныя святы і збіраем гасцей за сталом у дзень нараджэння…І з году ў год напярэдадні 23 лютага нашы мужы, браты, бацькі і дзяды – праўда, тыя, хто прайшоў “школу сапраўднага мужчыны”, – успамінаюць гады свайго салдацкага жыцця – для многіх вельмі далёкія, але ад гэтага яшчэ больш цікавыя і дарагія…
Эдмонт НАРКОВІЧ, вадзіцель аўтапарка №4:– Прызвалі мяне ў рады Савецкай Арміі ў маі 1975 года. З Ашмянскага ваенкамата аўтобусам адправілі ў Гродна, дзе мы прабылі двое сутак. Потым пасадзілі на поезд, а куды едзем – не сказалі. Апынуліся ў Вільнюсе, а адтуль нас перакінулі ў г.Тапа Эстонскай ССР, дзе была вучэбная часць інжынерна-сапёрных войскаў. Тут прабыў пяць з паловай месяцаў і з вучэбкі выйшаў механікам-вадзіцелем цяжкіх цягачоў.
Часць была вялікая – каля 3 500 чалавек, шмат было прызыўнікоў з нашага рэгіёна. Служылася добра. Адно што пастаянна не хапала яды – з'ядалі ўсё да апошняй крошкі.
Восенню нас спыталі, дзе б мы хацелі служыць. Канешне, усе прасіліся бліжэй да дому. Аднак мяне накіравалі ў Ленінградскую ваенную акругу – толькі і гэта быў “перавалачны пункт”. Двое сутак чакання – і невядомасць. Сталі выдаваць сухпайкі. Нехта сказаў: даюць адзін паёк на суткі – значыць, служыць будзеш блізка, калі два – будзь гатоў да далёкай дарогі. Мне выдалі тры… З глузду можна было з'ехаць: куды ж так доўга будзем ехаць? На Новую Зямлю?
Зноў поезд, некалькі чалавек на адной полцы і нават у багажным аддзяленні. Канечны пункт – г.Кандалакша Мурманскай вобласці. Раніцай на крытай грузавой машыне нас зноў некуды павезлі.
Шосты асобны інжынерна-сапёрны батальён акружнога падпарадкавання – месца прыбыцця, дзе і прадоўжыліся мае салдацкія будні ў якасці механіка-вадзіцеля бульдозерна-артылерыйскага мадэрнізаванага цягача.
Служыць падабалася. Кармілі як на забой, “дзедаўшчыны” не было, афіцэры і прапаршчыкі адносіліся да нас добра. У самаволку ці хадзілі? Не. Куды было ісці – вакол адны сопкі. Але прыгожа як за палярным кругам! Ночы там доўгія, дні кароткія. Калі падлічылі, колькі часу мы там правялі, аказалася, што ўсяго дзве ночы і адзін дзень – праўда, палярныя, што адпавядае дзвюм нашым зімам і лету.
Маладыя мы тады былі, моцныя, здаровыя і вясёлыя, таму гады службы і сапраўды праляцелі для мяне як адзін дзень.
Іван Іванавіч ЯНКОВІЧ, в. Больнікі, на заслужаным адпачынку:– Служыць я пайшоў у 1963 годзе. Спачатку гэта была сяржанцкая школа ў Пячах, потым мяне адправілі ў Бабруйск. Так я стаў танкістам, а калі дакладней – механікам-вадзіцелем танкавых войскаў. Цікава было, хоць і боязна спачатку, бо што мы, вясковыя хлопцы, да гэтага бачылі? А тут такое!..
Аднойчы, памятаю, сабралі нас, “маладых”, і павезлі на вучэбна-танкавы палігон. Страху колькі нацярпеліся! Танкі ідуць, самалёты над галавой ляцяць, кругом страляюць…
І макет танка “тапілі”, і нас у ім таксама. Гэта былі вучэнні. Салдаты залазяць у макет танка, закрываюць люк... Вакол машыны ўсё запаўняецца вадой, а ты ў процівагазе. І баявы мы “тапілі”: 6-метровая труба з вады тарчыць, а танк па дну ідзе.
А потым і за мной танк замацавалі – Т-55!
Тэорыю старанна вучылі. Усё сакрэтна было, нават дапаможнікі і канспекты за подпісам выдавалі: пачытаў у чытальні – адразу аддай. Даслужыўся я да танкіста 1-га класа. Зарплату тады неблагую плацілі – 35 рублёў.
Тры гады адслужыў у арміі – як кажуць, “ад званка да званка”. У адпачынак адзін раз дамоў прыязджаў. Дэмабілізаваўся і вярнуўся на радзіму – туды, дзе ўсё і ўсіх ведаў, дзе каханая чакала.
Дзмітрый ЗАМАРА, вадзіцель СВК «Гудагай»:– Доўг Радзіме, вялікаму і магутнаму Саюзу, я аддаваў з 1987 па 1989-ты ў Венгрыі. На той час гэта была адна з дзвюх так званых паўднёвых груп войск. Другая група была ў Афганістане, таму, калі маці даведалася, што я трапіў у паўднёвую групу, вельмі спалохалася і доўга плакала. Да таго ж сярод прызыўнікоў я быў адзіным астраўчанінам, якому так “пашчасціла”.
Ды і сам я хваляваўся: куды пашлюць, дакладна не ведаў. І толькі ў Мінску на аэрадроме, дзе мы тры гадзіны, выстраіўшыся ў шарэнгу, чакалі самалёт, нам сказалі: ”Адкуль першы самалёт прыляціць – туды і адправіцеся”. Першым прыляцеў з Венгрыі…
Служыў я ў г. Секешфехервар у асобнай верталётнай баявой эскадрыллі – быў вадзіцелем ЗІЛ-131. Народу было шмат, толькі сяржантаў 45 чалавек і 350 афіцэраў і прапаршчыкаў. Да нас “на адпачынак” прыляталі “афганцы”.
Часта ў лётчыкаў былі начныя палёты, таму мне прыходзілася спаць у машыне – я прывозіў іх на аэрадром і чакаў, пакуль закончацца вылеты.
Плацілі нам добра – па 180 форэнтаў, 18 рублёў на нашыя. А на радзіме салдаты мелі толькі па 10. Нам бясплатна давалі цыгарэты, запалкі і цукар.
У звальненне адпускалі толькі ў суправаджэнні афіцэра: па гораду маглі пагуляць, у музей схадзіць, і касцёлы там прыгожыя.
На возера Балатон хадзілі. Двойчы нават на “дзікім” пляжы пабывалі. Першы раз, памятаю, увесь час у вадзе па пояс прастаялі…
У водпуск дахаты не прыязджаў. Дэмабілізаваўся – бацькі нічога на ведалі. Маці ў той дзень была на дзяжурстве, а бацька ўжо выходзіў праз вароты. Шмат гасцінцаў ім прывёз. Так, бацька ўбачыў сярод рознакаляровых жавальных гумак пачку “імпартовых” цыгарэт, выцягнуў адну і паспрабаваў падкурыць. Але нічога ў яго не атрымалася. Раззлаваны, накінуўся на мяне, не зважаючы, што ўсе вакол не могуць стрымаць смеху: цыгарэты ж таксама аказаліся гумкамі.
Для сястры шампунь прывёз – які, калі сястра памыла ім галаву, цудоўным вобразам “ператварыўся” ў мус. І касеты магнітафонныя ў маім вялікім чамадане былі – іх тады ў нас “днём з агнём” было не знайсці…
--------------------------------------------
Запісала Вольга ХАЦЯНОВІЧ.
