Яркими красками цветов и птицами из пластиковых бутылок радует глаз участок Тересы Баницевич
Невялікая вёсачка Тракелі, што размясцілася на ўскрайку Астравецкага раёна, прываблівае сваёй дагледжанасцю. Дамы радуюць вока яркімі фарбамі, а клумбы – мноствам кветак, што цвітуць з ранняй вясны да позняй восені.
Гаспадыня
Адна з такіх сядзіб, якая нібыта перасялілася на вясковую вуліцу з чароўнай казкі, – Баніцэвічаў. Яе гаспадыня Тэрэса Іосіфаўна прыветна сустракае нас на падворку.
Калі жанчына расказвае пра сваё жыццё, час ад часу на яе твары з'яўляюцца слёзы…
– Родам я з Ашмянскага раёна, са Скрысцін, – гаворыць гаспадыня. – З мужам пазнаёміліся ў Талоцішках. Тады падчас вясковых вяселляў – гулялі іх тады дома, рэстаранаў не ведалі – танцавалі на падворку. Мы з сяброўкамі прыйшлі патанцаваць, і хлопцы з Тракеляў прыехалі – вось і пазнаёміліся. Эдзік вывеў мяне ў танец, а потым і ў госці стаў наведвацца…
Было гэта вясной. А ў лютым наступнага года закружыла-загуло вяселле. І новаствораная сям'я перасялілася ў бацькоўскі дом мужа.
– Сям'я была вялікая, – расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – Свякроўка восем дзяцей нарадзіла. Я ў сям'ю адзінаццатай прыйшла. Жылося цяжка… Але трымаліся, з часам хату пабудавалі, машыну купілі, чацвёра дзяцей нарадзілі і выгадавалі.Сёння самая вя-лікая радасць маці – не толькі яе дзеці, але і ўнукі. Пра кожнага з іх – Дзіму, Вераніку, Насцю, Аліну і Ангеліну – жанчына, паказваючы фотаздымкі, можа гаварыць гадзінамі.
– Старэйшы унук, Дзіма, працуе ў міліцыі. Вераніка – вучыцца на суддзю. Насця – цырульнік. Алінка сёлета 11 клас закончыла – цяпер паступае. А самая малодшая, Ангеліна, – у дзявяты перайшла. Люблю, калі да мяне дзеці з унукамі прыязджаюць!
Пасля смерці мужа Эдуарда Браніслававіча Тэрэса Іосіфаўна зусім засумавала.
– Гаспадар быў – адно слова, – пачынае яна расказваць, і вочы засцілаюць слёзы. – Пяцьдзясят гадоў разам пражылі… Восем месяцаў, як Эдзіка няма, а я дагэтуль прывыкнуць не магу…
Каб развеяць матчыну самоту, дзеці стараюцца наведваць яе як мага часцей.
Кветкавы рай
Мы заходзім у дом.
– Кветкі люблю з маладосці, – расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – Раней, праўда, вазоны зусім іншыя былі – пеларгоніі, аліяс – яны амаль у кожным доме стаялі. Цяпер мода на «заморскія» пайшла, – дэманструе жанчына падваконне, якое застаўлена каланхое розных колераў: жоўтыя, чырвоныя, ружовыя, аранжавыя – кветкаводы могуць толькі пазайздросціць іх разнастайнасці.
– А гэтыя архідэі – падарункі дачкі і нявесткі. Часта прывозяць мне невядомыя раней расліны – дужа прыгожыя і квітнеюць доўга, – расказвае гаспадыня.
Даўно «прапісаўся» ў доме фікус, верхавіна якога дастае амаль да столі. Знайшлося тут месца для дэкаратыўных бягоній, юкі, фікуса Бенджаміна і невялікай пальмы Хамедарэі. Вабіць вока вялізнае кашпо з цёмна-зялёнымі лістамі эўхарыса, які вясной радуе жанчыну мноствам прыгожых белых кветак, сплятаюць свае галінкі сінгоніум і цысус, які ў народзе атрымаў назву бярозка.Словам, пакаёвых раслін тут шмат – і для кожнай Тэрэса Іосіфаўна знаходзіць час.
– Кветкі ж таксама догляду патрабуюць. Іх паліць, падкарміць трэба. А часам і добрае слова сказаць, – упэўнена гаспадыня.
Шмат кветак пасялілася і на прысядзібным участку: на змену рознакаляровым касачам прыходзяць велізарныя кветкі-шапкі півоняў і дэкаратыўных макаў. Сярод іх красуюцца лілеі, якія напаў-няюць двор Баніцэвічаў салодкім водарам і роз-нымі колерамі.Другое жыццё пластыку
На падворку сярод кветак паўстаў невялікі драўляны млынок, прымасцілася старая, яшчэ бацькоўская, сячкарня. А за парадкам у двары «назірае» вясёлы прыгажун Мішка, зроблены з шынаў ад аўтамабільных колаў.
Але не толькі гэтым прываблівае двор Баніцэвічаў. Адчуванне казкі ствараецца тут дзякуючы рознакаляровым птушкам – паўліны, папугай, галубы, сава, певень, арол – усіх не пералічыць!– І хто ж стварае такую прыгажосць? – пытаюся ў гаспадыні.
– Сын, – з гонарам адказвае тая.
Анатоль Баніцэвіч нешмат-слоўны, ды і не лічыць, што займаецца чымсьці незвычайным.
– Што тут расказваць? – адварочваецца мужчына, каб не трапіць у аб'ектыў фотаапарата. – Ідэю падгледзеў у інтэрнэце – вырашыў паспрабаваць.
Уся гэтая прыгажосць зроблена са звычайных пластыкавых бутэлек з-пад малака, напіткаў, алею.«Пластыкавая» калекцыя Анатоля Эдуардавіча пачалася з паўліна – менавіта ён першым «прапісаўся» на тэрыторыі бацькоўскага ўчастка.
– Усё, што трэба, – пустыя бутэлькі. Напрыклад, на выраб паўліна іх пайшло каля 60, – расказвае Анатоль. – А яшчэ цярпенне – работа гэта, трэба сказаць, не хуткая. Тыдні тры я над гэтай птушкай карпеў.
Сваю калекцыю Анатоль Баніцэвіч стварае ў вольны час і толькі ў добрым настроі, – тады і атрымліваецца ўсё прыгожа.– Толік з дзяцінства любіў зай-мацца творчасцю, – расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – З пластыліну машынкі ляпіў – добра ў яго атрымлівалася. І насценныя газеты ў школе маляваў – спачатку для свайго класа, а потым і сястры дапамагаў.
– Свякроў мая, Стэфанія, таксама добра малявала, – працягвае жанчына. – Пэўна, гэта ад яе такі талент Анатолю перадаўся.
Мы выходзім у двор, разглядваем кветкі і рукатворных птушак, якія прыцягваюць увагу яркімі колерамі і акуратнасцю вырабу, – і вочы маці свецяцца любоўю – да роднага дома, сваіх дзяцей, сваёй сям'і. Любоўю, якую немагчыма перадаць словамі.Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

