Вспоминают ветераны островецкого криминального розыска

Яны прысвяцілі крымінальнаму вышуку не адзін год сваёй працы. Шукалі, аналізавалі, расследавалі… Многія з цяперашніх операў называюць іх сваімі настаўнікамі, якія перадалі маладым свой вопыт і жаданне працаваць. Яны – гэта ветэраны крымінальнага вышуку Аляксей Рычардавіч Кірпа і Часлаў Антонавіч Балтрукевіч, з якімі мы бліжэй пазнаёміліся напярэдадні чарговага юбілею ўтварэння крымінальнага вышуку.

– Як і чаму вы трапілі ў крымінальны вышук?


Аляксей Рычардавіч Кірпа: Усё пачалося з арміі. Служыў у Гродне ў каменданцкай роце вадзіцелем аўтамабіля ГАЗ-66. Нас, маладых вайскоўцаў, час ад часу агітавалі ісці пасля арміі ў міліцыю. Вось я і падумаў: а чаму б і не? Там, у Гродне, і залічылі мяне ў рады праваахоўных органаў. Спачатку накіравалі ў Ашмянскі аддзел унутраных спраў. Там я адпрацаваў паўгода міліцыянерам-вадзіцелем. Затым паступіў на стацыянар у Мінскую школу міліцыі, адвучыўся два гады і прыбыў новаспечаным спецыялістам у званні лейтэнанта міліцыі ў Астравецкі аддзел унутраных спраў. Пачынаў участковым інспектарам у Гервяцкім сельсавеце. Як працавалася? Ды нармальна. З людзьмі я ладзіў, яны са мной – таксама. Праз некаторы час перавялі ўчастковым у Варнянскі сельсавет. Словам, у агульным на пасадзе ўчастковага я прабыў дванаццаць гадоў. А ў 1993 годзе прыйшоў у крымінальны вышук. Паўгода папрацаваў “операм”, пасля ўзначаліў аддзяленне.


Часлаў Антонавіч Балтрукевіч: У міліцыю прыйшоў з “ботаў” – з арміі, значыць. Адслужыў у войсках супрацьпаветранай абароны ў Маскве і вярнуўся на радзіму. Трэба было працу шукаць. А ў міліцыі – прэстыжна, работа нармальная, ды і заробак нядрэнны. Уладкаваўся спачатку вадзіцелем, шэсць гадоў калясіў… А затым завочна паступіў у Мінскую школу міліцыі. Ужо пасля першага курса мяне прызначылі ўчастковым інспектарам у Малях. Шчыра кажучы, мне падабалася работа ўчастковага. З людзьмі кантакт я заўсёды знаходзіў, нікога, здаецца, без прычыны не пакрыўдзіў. Словам, працавалася нармальна. Але ў 1994 перайшоў у крымінальны вышук. Зараз за плячыма – дзесяць гадоў стажу старшага опера і яшчэ тры – начальніка аддзялення.


– Ці складана працаваць у крымінальным вышуку? І што для вас значыла работа ў гэтым аддзяленні?


Аляксей Рычардавіч: Хто адпрацаваў некалькі гадоў участковым інспектарам, таму ніякая работа ў праваахоўных органах не страшная. Галоўнае – ведаць і добрасумленна выконваць свае абавязкі. Праца ў крымінальным вышуку мне падабалася. Можа, часам і цяжкавата прыходзілася, але расследаваць справу заўсёды было цікава. Вось дакументацыя, пасяджэнні розныя – гэта надакучала. А быць “операм” – нармальна.


Часлаў Антонавіч: На кожнай рабоце свае складанасці і асаблівасці. Скажу адно: крымінальны вышук – гэта была сапраўды мая работа. Нават уявіць не магу, каб працаваў у іншым месцы. Мне і зараз сняцца сны пра крымінальны вышук.


– Назва “крымінальны вышук” прымушае ўяўленне маляваць розныя крымінальныя сітуацыі, кіношныя даганялкі-перастрэлкі, расследаванні. Ці былі за час вашай опернай дзейнасці справы, якія асабліва запомніліся?


Аляксей Рычардавіч: Ой, шчыра кажучы, шмат гэтых спраў было… Самых розных… Кожная з іх па-свойму чапляла, якая – больш, якая – менш… Вылучыць якую-небудзь адну цяжка.


Часлаў Антонавіч: Хапала спраў сур’ёзных. Мне запомнілася, як неяк у Рымдзюнах малады чалавек заявіў у міліцыю, што прапаў яго брат. Хлопцы разам вучыліся. Аднойчы прапаўшы паехаў дадому раней, а брат прыязджае пасля. Толькі аказалася, што першага брата няма. Малады чалавек забіў трывогу. На месца выехала спецыяльная група, у склад якой уваходзіў і я. Агледзелі месца жыхарства. Я нібы незнарок падняў пакрывала на ложку – а там чырвоная пляміна. І адразу ўсё зразумела стала. Паклікаў маці ў машыну на допыт. І яна вельмі хутка прызналася. Матыў не новы, але ад гэтага не менш жахлівы. Разам выпівалі, пасля хлопец заснуў, а маці яго – сякерай па галаве... За што? Сказала, што “дастаў”, няма сіл больш цярпець. Кожны чалавек – таямніца, поўнасцю разгадаць якую не можа і ён сам. У выніку гэтай справы былі загублены два жыцці...


Як лічыце, ці адрозніваецца ранейшы крымінальны вышук ад сучаснага?


Аляксей Рычардавіч: Ды не сказаў бы. Работа заўсёды была аднолькавай, і заўсёды яе трэба выконваць. Магчыма, крыху змяніліся людзі. Мне здаецца, раней яны больш адкрытыя былі, на кантакт лягчэй ішлі… А работа ў крымінальным вышуку была, ёсць і застанецца…


Часлаў Антонавіч: Час розны, людзі розныя… А работа адна і тая ж… Наогул, я заўсёды лічыў і лічу, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку адрозніваюцца ад іншых праваахоўных органаў: адказнасці больш, ды і наогул, “оперы” – вядучае звяно…


– Што пажадаеце маладым супрацоўнікам крымінальнага вышуку?


Аляксей Рычардавіч: Заставацца чалавекам у любой сітуацыі… Нармальна праца- ваць з людзьмі. Не ганарыцца і памятаць, што вышэй галавы не скокнеш. А то зараз многія хочуць усё і адразу. Трэба акуратнымі быць, спакойнымі ў сваіх учынках, адказнымі.


Часлаў Антонавіч: Поспехаў, сумленнасці, справядлівасці. Ніколі не ўлазіць у справы, за якія будзе сорамна. І ў абсалютна кожным грамадзяніне, што б ён ні зрабіў, перш за ўсё бачыць чалавека.


-------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.