Всенародный подвиг во имя мирного неба над головой навеки останется в нашей памяти

З кожным годам ветэранаў вайны застаецца ўсё менш. Але подзвігі ўдзельнікаў Вялікай Айчынай назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Бо менавіта ім мы абавязаны мірным небам над галавой.

На працягу некалькіх гадоў у нашай сям’і жыў дзядуля, які час ад часу расказваў мне пра свой лёс. Сёння яго ўжо няма ў жывых, і я лічу сваім абавязкам расказаць пра яго жыццё – каб помн ілі.
Вёска Пясчанка знаходзіцца ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Менавіта ў гэтай цудоўнай вёсачцы нарадзіўся ў 1925 годзе мой дзед Міхаіл Ігнатавіч Місевіч. Сям’я была вялікая: бацька, маці, дзве цёткі, два браты і сястра. Жылі Місевічы ў невялічкай хатцы ў вельмі прыгожым месцы: вёска стаіць сярод лесу, непадалёк працякае рэчка Шчара. Да слова, на беразе
ракі зараз устаноўлены помнік загінуўшым пры вызваленні Беларусі. Сюды кожны год збіраюцца людзі, каб аддаць даніну памяці загінуўшым за Радзіму.
За былым дзедавым агародам працякае невялікая рэчачка Сіпа. На яе беразе ўстаноўлены помнік партызану-абаронцу. Гэтае месца вяскоўцы лічаць святым, бо пра гісторыю ніколі нельга забываць …
Страшная навіна, што на Беларусь прыйшла вайна, уварвалася ў сем’і нечакана. Дома было радыё, праз якое, надзеўшы навушнікі, бацька даведаўся, што прыйшла бяда. Што будзе з усімі людзьмі і роднай зямлёй, няўжо жыццё ўжо скончана? І па дарозе пайшлі абозы, на конных павозках некуды ехалі і ішлі людзі…
Заставацца ў вёсцы было небяспечна, таму сям’я пакінула свой дом і пайшла ў лес. Выкапалі зямлянку, у якой знаходзіліся дзень і ноч. У лесе з’явіліся партызаны. Да іх падаліся бацька і муж цёткі Вольгі. Голад і холад увесь час крочылі побач. Страх за бацьку, за родную вёску не пакідаў маці і яе дзяцей.
Неўзабаве ў вёсцы з’явіліся немцы. Ніхто з людзей не выходзіў з лесу – баяліся. Немцы палілі хаты, распраўляліся з жыхарамі.
Аднойчы ў лес прыйшоў святар з суседняй вёскі, у якой была царква. Ён прапанаваў людзям вярнуцца з лесу, сказаў, што ніхто не будзе забіты, немцы ўсім даруюць жыццё…
Людзі пачалі выходзіць з лесу, даверыўшыся святару. Шмат фашыстаў пад’ехала ў вёску. Немец, які трымаў у руках нейкую паперу, варожа пазіраў на людзей. Фашыст загадаў людзям стаць у дзве калоны: у адну павінны былі трапіць тыя,хто меў сувязь з партызанамі, у другую – усе астатнія. Немец называў прозвішчы і паказваў, каму куды трэба стаць.У першай калоне набралася каля 180 чалавек. Прагучала каманда – і агонь абрушыўся на гэтых людзей. Некалькі хвілін – і мёртвая грамада ляжала на зямлі. Тут загінула і цётка Вольга са сваёй сямігадовай дачкой. Назаўтра немцы прывезлі з іншых вёсак людзей і загадалі закапаць мёртвых.
…У 1944 годзе прыйшло вызваленне. Дзед Міша, яго бацька і старэйшы брат Іван атрымалі павесткі ў ваенкамат. Калі яны з’віліся ў Масты, навабранцам было загадана пастроіцца ў дзве калоны: у адну – каму да пяцідзесяці гадоў, у другую – старэйшым. Дзед Міша трапіў у калону разам з братам, а іх бацька застаўся адзін. Затым бацьку і старэйшых людзей адпусцілі дадому, а маладых адправілі пешшу ў Ліду. Там яны прабылі двое сутак, прайшлі камісію. Затым іх пагрузілі на машыны і павезлі ва Уладзіміраўскую вобласць. Там вучылі ваеннай справе. Дзеда навучылі валодаць кулямётам, яго брата – гранатамётам. Браты часта сустракаліся. Але праз нейкі час Івана адправілі ў Польшчу, а дзеда Мішу – у Германію. Там і прыйшлося яму “панюхаць пораху”: патрэбна было вызваліць горад ад фашыстаў. Дамы былі шматпавярховыя, снайпер мог схавацца ў любым месцы. Дзед шмат сяброў страціў на нямецкай зямлі. Усе яны былі маладымі, усім хацелася жыць.
9 мая 1945 года прыйшла доўгачаканая перамога. Салдат пастроілі і аб’явілі, што закончылася вайна. Далі святочны абед. Радасці не было межаў. Хацелася хутчэй вярнуцца на Радзіму, пабачыць родных.
Што сталася з Іванам – невядома. Пазней маці атрымала “пахаванку”, у якой гаварылася, што Мармыш Іван (гэта быў сын маці ад першага шлюбу) гераічна загінуў на польскай зямлі. Да сённяшняга дня месца, дзе пахаваны зводны брат дзеда, невядома.
З Германіі дзед Міша і іншыя салдаты вярталіся на конях. З Пінска іх зноў павезлі ў Расію. Там яны доўгі час рыхтавалі лес для загрузкі вагонаў. Працавалася цяжка, але ўжо не было страху за жыццё – гэта была праца на вольнай зямлі, якую ўсім разам патрэбна было падымаць з руін. Міхаіл Ігнатавіч вярнуўся дадому толькі праз 6 гадоў, у 1950 годзе. Гэта была горкая радасць вяртання…
Усяго за гады вайны ў Беларусі было разбурана больш за 9 тысяч вёсак. Цалкам з людзьмі было спалена 627. Некаторыя вёскі так і не адноўлены, не вернуты да жыцця і сёння…
У Беларусі загінуў кожны трэці яе жыхар – 2230 тысяч чалавек. З іх мірнага насельніцтва – каля 1,5 мільёна. Прыкладна 400 тысяч чалавек вывезена ў фашысцкае рабства ў Германію. Разбурана і спалена больш за 1209 гарадоў і раённых цэнтраў, 200 тысяч прамысловых прадпрыемстваў. Амаль сцёрта з зямлі сталіца нашай рэспублікі – горад Мінск… Зруйнаваны ўсе абласныя цэнтры.
Пасля вайны дзед на працягу 35 гадоў працаваў прадаўцом. Спачатку магазін быў размешчаны ў адным пакойчыку дома, затым пабудавалі вялікую краму. Да сваёй справы дзед Міша адносіўся добрасумленна, за сваю працу часта атрымліваў ганаровыя граматы. Пасля таго як ён застаўся адзін, мы забралі яго да сябе. Пяць гадоў жыў дзядуля ў нашай сям’і, у свайго сына. На жаль, сёння яго з намі ўжо няма – засталіся толькі ўспаміны.
Кола жыцця са смерцю аднаго чалавека не замыкаецца. Застаюцца на зямлі жыць яго дзеці, унукі, праўнукі… Жыццё не спыняецца – ідзе наперад. Навошта было нараджацца і жыць майму бацьку, дзеду, прадзеду? Няўжо толькі, каб жыла я? А я – дзеля чаго жыву я?.. Каб расказаць, як да мяне жылі людзі? Ці каб гэтак жа, як пакінулі пасля сябе жыць мяне, я таксама пакінула жыць сваіх дзяцей? Каб зямля не абязлюдзела, каб на ёй заўсёды ў міры і згодзе жылі людзі? За адным пакаленнем будзе новае пакаленне, за ім – яшчэ і яшчэ…
Жыццё прадаўжаецца. І мы – ты, я, ён, яна – у гэтым кругазвароце – толькі адна маленечкая пылінка…Будзем жыць, як нам накавана, як да нас жылі нашы бацькі, дзеды, прадзеды, як завяшчалі жыць усім нам – тым, хто прайшоў, ідзе побач і яшчэ прыйдзе на змену.


----------------------------------------
Аксана Місевіч, в. Варона.