Всё счастье семьи Янкович заключается в единстве
У сяброў учора было свята – іх сям'я адзначала адзін год сумеснага жыцця. Гэта, як яны лічаць, іх вялікае дасягненне. А потым я сустрэла людзей, якія нават на мае дзесяць “шлюбных” гадоў з любімым чалавекам, адказваюць загадкавай усмешкай – Тэрэса Андрэеўна і Іван Іванавіч Янковічы на днях адзначылі пяцьдзясят гадоў з таго кранальнага і лёсавызначальнага моманту, калі сказалі адзін аднаму “Навекі разам” і пабраліся шлюбам.Тэрэса
Яна з тутэйшых: нарадзілася і вырасла ў Больніках. Хуткая, вясёлая, актыўная, Тэрэса заўсёды знаходзілася ў цэнтры падзей: працавала спачатку ў Карвэльскай хаце-чытальні, потым у Вераб'ёўскай бібліятэцы, была загадчыцай клуба і бібліятэкі ў Ізабеліна, закончыла курсы перакваліфікацыі пры Тэатры оперы і балета ў Мінску, працавала ў раённай і Гудагайскай бібліятэках, а больш за ўсё часу і сіл аддала Варнянскай сельскай бібліятэцы. У 1966 годзе закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Калі пачалі арганізоўвацца парткабінеты, ёй даручылі “заведаваць” парткабінетам калгаса імя Чапаева. Не адно скліканне Тэрэса Андрэеўна была дэпутатам сельскага Савета, старшынёй народнага кантролю. За поспехі ў працы і актыўную жыццёвую пазіцыю неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі раённага і абласнога ўзроўняў. Асабліва запамінальным для жанчыны стаў момант, калі з рук высокапастаўленых асоб яна атрымала ордэн Леніна.
Рэпетыцыі, канцэрты, цікавыя стасункі з рознымі людзьмі, грамадская дзейнасць – Тэрэса Андрэеўна была як рыба ў вадзе.
Іван
Яго радзіма – таксама Астравеччына, а дакладней вёска Відзюны. Як і ўсе, скончыў васьмігодку і паехаў вучыцца ў Ашмяны. Потым была армія: служыў пад Барысавам, затым у Бабруйску і вярнуўся дадому танкістам 1 класа. Атрымаў з цягам часу ўсе вадзіцельскія катэгорыі, таму мог працаваць на любым аўтатранспарце.
Шмат гадоў Іван Іванавіч працаваў у аўтабазе вадзіцелем, а потым, у часы перабудовы, перайшоў у калгас – быў і трактарыстам, і на касілцы працаваў. Адсюль і на заслужаны адпачынак пайшоў. І быў шчаслівым, што яго праца патрэбная людзям.
– Цікавае было наша знаёмства, – успамінае Тэрэса Андрэеўна. – Я першы год працавала ў, як яна раней называлася, Карвэльскай хаце-чытальні. Многа тады ў нас было людзей у бібліятэцы – адны бралі кнігі і часопісы на дом, другія праглядвалі прэсу на месцы. Чыталі шмат. Вось і Іван зачасціў у нашу бібліятэку – нібы газеты чытаць, а сам усё ў мой бок касіўся. А я – маладая, прыгожая – зразумець не магла, чаго гэта ён на мяне так паглядвае. Можа, са мной што не так?
На танцы да нас часта прыязджаў. А як злаваўся, калі са мной другі хлопец танцаваў!
Шлях наш да шлюбу быў доўгі – па сённяшніх мерках, а на той час пяць гадоў – самае тое, каб праверыць пачуцці, каб раз – і назаўсёды.
У армію Іван пайшоў – перапісваліся, вырашылі пажаніцца, калі ён адслужыць. І 5 снежня – тады гэта быў Дзень Канстытуцыі – 1965 года распісаліся, хаця вяселле гулялі пазней – аж у красавіку.
Шмат да мяне хлопцаў заляцалася, а я яго выбрала – да гэтага часу не ведаю чаму. Мабыць, так было прадвызначана лёсам…
Яна – як полымя: хуткая, гарачая, жывая. Ён – зямля: спакойны, надзейны і верны. Можа таму, што яны такія розныя – як кажуць, процілегласці прыцягваюцца, – Янковічы і змаглі разам перажыць усе цяжкасці, якія за пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця не раз выпрабоўвалі на трываласць каханне Тэрэсы Андрэеўны і Івана Іванавіча.
– Паўвека праляцела як адзін дзень, – задуменна гаворыць Іван Іванавіч. – Гляджу на фотаздымкі нашай маладосці – і дзіву даюся: гэта ж толькі ўчора наша вяселле было. А ўжо дзеці дарослыя, унукі ў нас… І Тэрэса мая ўсё такая ж прыгожая…
Яны былі адзін аднаму надзеяй і апорай, дзяліліся набалелым, разам будавалі планы і ў згодзе і паразуменні выхавалі двух сыноў – Аляксандра, які сёння з жонкай і сынам жыве ў Гродне, і Андрэя, які стаў для бацькоў незаменным памочнікам і дарадцам. А маленькі ўнучок Мацвей, які ўсяго некалькі месяцаў назад падарыў бабулі Тэрэсе і дзядулю Івану сваю першую ўсмешку, стаў для юбіляраў яшчэ адным пацвярджэннем таго, што іх сумеснае жыццё было самым галоўным дасягненнем: дом, сям'я, дзеці, унукі – усё тое, што дае чалавеку сэнс жыцця, падтрымлівае і яднае.
– Ведаеце, – неяк таямніча і памужчынску сціпла гаворыць сын Андрэй, – раней да ўзаемных пачуццяў бацькоў я адносіўся спакойна і нават неяк абыякава:ну, пажаніліся – бо кахалі ў маладосці; жывуць у міры і згодзе, бо гадуюць дзяцей, а зараз і ўнукаў; прывыклі адзін да аднаго… Аднак нядаўна, калі маці цяжка захварэла, я ўбачыў у бацькавых вачах слёзы. І зразумеў: яны ўсё яшчэ кахаюць адзін аднаго, і гэта ў іх па-сапраўднаму.
Ніхто не кажа, што было лёгка. У тыя часы, калі “нарадзілася” сям'я Янковіч, увогуле нічога лёгка не давалася. З самага пачатку жылі разам з бацькамі і хоць, як спакон вякоў заведзена было, вялікую хатнюю гаспадарку трымалі, “за грошы” працавалі шмат.
Пакуль Тэрэса Андрэеўна “на раёне” працавала, прыходзілася ёй раненька падымацца – каб бліноў на ўсю сям'ю напячы і на аўтобус паспець. А вечарам дахаты толькі а восьмай гадзіне вярталася – зімой ужо і цёмна.
– Але я спраўлялася, – успамінае Тэрэса Андрэеўна. – Сказалі работу рабіць – рабіла, хоць недасыпала, недаядала. Усякае за гэтыя гады бывала, але што аб сям'і забылася – ад мужа ніводнага слова папроку не чула. Разумеў ён мяне, падтрымліваў.
Хаця і Івану Іванавічу нялёгка прыходзілася: хатняя гаспадарка на плячах мужчыны ляжала, а зарплату малую плацілі – 5 капеек за працадзень. Атрымліваўся мяшок пшаніцы за цэлы год.
Але вера ў тое, што заўтра будзе лягчэй, надзея на свае сілы і жаданне працаваць прынеслі свае вынікі: жыццё наладзілася, выраслі, вывучыліся і пайшлі на свой хлеб дзеці.
– Толькі дзякуючы намаганням і падтрымцы бацькоў і я, і мой брат змаглі ў “ліхія 90-я” атрымаць добрую адукацыю, – упэўнены малодшы сын Андрэй. – Яны і прадуктамі дапамагалі, і грашамі – я нават “мелачоўку” на “адпачыць” меў, чым на той час пахваліцца маглі нямногія. Хаця сям'я наша была з простых – такіх тысячы.
Яны глядзяць адзін на аднаго з пяшчотай. Яна ўсё так жа ціхенька і даверліва кладзе сваю маленькую руку ў напрацаваную далонь мужа.А ён ужо, мабыць, у мільённы за гэтыя пяцьдзясят гадоў раз абдымае хударлявыя плечыкі жонкі – цёпла, упэўнена, з любоў. І гэтыя, нябачныя ўсім і кожнаму, але зразумелыя для тых, хто па-сапраўднаму кахае, “знакі” – найлепшае пацвярджэнне таго, што ў сям'і Тэрэсы Андрэеўны і Івана Іванавіча Янковічаў менавіта каханне – той стымул, які даў ім магчымасць цэлых паўвека быць разам; які дапамог зразумець, што іх шчасце – адно на дваіх і што яно – у іх адзінстве.
Сямейныя запаветы
♥ У нашай радні не было ніводнага выпадку разводу – няправільна гэта, і перад людзьмі сорамна.
♥ Слова бацькоў – закон для дзяцей.
♥ Калі дастатак ёсць – жыць прасцей. Быт “заядае”, таму трэба добра працаваць, каб дастатак быў, – тады і ў сям'і лад будзе.
♥ Паважаць трэба адзін аднаго – не толькі на справах, але і ў думках.
♥ Саступаць у спрэчках – значыць праяўляць мудрасць.
♥ Усё шчасце – у адзінстве.
---------------------------------
Вольга ХАЦЯНОВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва сям'і Янковіч.

