Воспоминания о лете студентов с Островетчины

1

Дзень становіцца меншы – усё часцей ідуць дажджы.
А калі сонца і грэе, то ўжо не так, як хацелася б. На палях амаль зжата ўсё збожжа, толькі круцёлкі саломы сіратліва ляжаць, але хутка не стане і іх. А ў садах дбайныя гаспадары збіраюць багаты ўраджай яблыкаў. Людзі вяртаюцца з адпачынку з цёплых краін, а птушкі, наадварот, хутка адляцяць у вырай. У паветры ўжо адчуваецца непазбежны надыход восені. А гэта значыць, што студэнты зноў збяруць свае вялікія сумкі і, як тыя птушкі, адляцяць з родных мясцін. Нас ужо чакаюць вялікія і не вельмі гарады, сцены вучэбных устаноў сумуюць без смеху, ды і мы самі хочам хутчэй сустрэцца са сваімі аднагрупнікамі.


Якім было лета 2012 для студэнтаў з Астравецкага раёна? З гэтым пытаннем я звярнулася да некаторых з іх.


Ірміна ЛАСТОЎСКАЯ, студэнтка Еўрапейскага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– Для мяне лета, можна сказаць, пачалося зусім нядаўна: увесь чэрвень і большую палову ліпеня я здавала сесію, таму было не да забаў. А ўвогуле, лічу, што адпачынак для студэнта – гэта самы лепшы час, які трэба правесці з карысцю. Кожнае лета я адкрываю для сябе новыя мясціны. Вось нядаўна наведала старажытную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага – маляўнічы горад Тракай. Тракайскі замак, пабудаваны ў гатычным стылі, здзівіў сваёй прыгажосцю і адначасова ўтульнасцю. Вакол замка застылі, радуючы вока турыстаў, азёры. На іх павольных хвалях можна заўважыць маленькія лодкі з белымі ветразямі. Крыху стаміўшыся пасля вандроўкі па ваколіцах замка, мы зайшлі ў невялічкую кафэшку, дзе з задавальненнем пасмакавалі адну са страў літоўскай кухні – кібінай.
У верасні збіраюся пагасціць некалькі дзён у сяброўкі ў Мінску. А там хутка зноў пакліча вучоба!


Аркадзій КАРЖАНОВІЧ, студэнт Белдзяржуніверсітэта:


– Лета – гэта такая пара, калі ты забываешся, які дзень тыдня за акном і колькі зараз гадзін! Ты вольны рабіць усё, што толькі пажадаеш: спаць колькі хочаш, наведваць розныя мясціны, займацца любімай справай, адным словам, – адпачываць.
Гэтым летам збылася адна з маіх мар – я пабываў у Італіі. Дзве з паловай гадзіны лёту на самалёце – і «прывітанне, Рым!». Як толькі выйшлі з аэрапорта, нас сустрэла невыносная, амаль 40-ка градусная спякота. Маленькія вулачкі, амбіцыёзныя італьянцы, натоўп турыстаў з усіх краін свету, а самае галоўнае – вялікая колькасць розных славутасцей горада – усё гэта я бачу на свае вочы! Ватыкан пакарыў сваёй велічнасцю і духоўнай сілай каталіцкай царквы. Вельмі прыгожы фантан Дэ Трэві, куды я, як і кожны турыст, кінуў манетку, з надзеяй вярнуцца сюды зноў. А разваліны Старога горада і Калізей перанеслі мяне ў іншыя стагоддзі. У сценах Калізея, міжволі прыходзяць думкі пра тое, колькі крыві пралілося на арэне, калі адбываліся баі гладыятараў. Канешне, пабачыў я і сімвал Рыма – ваўчыцу, але яна падалася мне вельмі маленькай. Незлічоная колькасць дарагіх бутыкоў, дзе прадаецца адзенне сусветна вядомых брэндэў, мноства дамоў моды, магазінаў і магазінчыкаў – гэта проста рай для шопінгу.
На жаль, хутка праляцелі мае «рымскія канікулы»! Праз пару дзён я адпраўлюся ў Мінск, па якім крыху сумую.


Аляксей АДАМКОВІЧ, студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта:


– Мой адпачынак быў вельмі разнастайным. Адразу пасля сесіі я добра папрацаваў, каб зарабіць сабе грошы на адпачынак. А ўжо ў пачатку жніўня мы з сябрамі адправіліся на Нарач. Арандавалі невялікі домік амаль каля самога возера. Днём, ратуючыся ад спякоты, плавалі, загаралі, гулялі ў валейбол, а вечарам хадзілі на танцы. Зараз, у апошнія дзянькі лета, езджу на дыскатэку ў Варону, гуляю ў футбол з сябрамі, дапамагаю бацькам.
Сказаць па праўдзе, я адпачыў на ўсе сто! І цяпер з новымі сіламі вазьмуся за вучобу.


Алена РАТКЕВІЧ, студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта:


– Як і для большасці студэнтаў, для мяне лета – гэта не толькі адпачынак, але і праца. Зараз я працую ў МакДональсе. Тут малады, крэатыўны і вясёлы калектыў. Праца складаная, асабліва летам, калі ў кафэ заўсёды шмат людзей. Але тут мне падабаецца, таму што я сама выбіраю, у які час і колькі працаваць. Зарплата залежыць, канешне, ад адпрацаваных гадзін. За добрую працу можна атрымаць прэмію ў выглядзе смачнага марожанага ці кактэйля.


Анжаліка КІТКОЎСКАЯ, студэнтка Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа:


– Гэтае лета для мяне – адна вялікая пілігрымка. Шлях, падчас якога я адпачывала духоўна, перапрашала за грахі, набіралася сіл, удзельнічала ў канференцыях, знаёмілася з новымі людзьмі.
Спачатку ў аранжавых майках з надпісамі «Трымайся Хрыста» мы адправіліся ў пілігрымку «Гудагай-Будслаў». Шлях, які складаў 154 кіламетры, быў вельмі складаным: ішлі па лясах, адольвалі цяжкі ўчастак дарогі, які праходзіў праз балота, нават давялося пераправіцца праз раку Вілію. Але вясёлыя песні, надзейныя сябры, падтрымка ксяндзоў і манахінь, а самае галоўнае – прысутнасць Бога – дапамагло справіцца з цяжкасцямі.
Толькі нядаўна вярнулася дадому. Удзел у другой маёй пілігрымцы да Каралевы Палесся – з Бярозы ў Лагішын па Брэстчыне – пакінуў у сэрцы адметны след. Дарэчы, пілігрымка ў гэтым годзе адзначыла дзясяты юбілей!
У апошні дзень мы ішлі Крыжовым шляхам праз лес і неслі крыж, зроблены з бярозы. Напрыканцы дарогі ўсе ўдзельнікі напісалі свае грахі на паперы і спалілі! Бярозавы крыж паставілі на «Горцы Прабачэння» і падперлі камянямі, якія неслі ўвесь дзень, у знак цяжару грахоў. Увогуле, мы прайшлі больш за 120 кіламетраў – а самаму малодшаму пілігрыму было ўсяго тры гады!


Анастасія БАРШЧЭЎСКАЯ, студэнтка Белдзяржуніверсітэта:


– За тры летнія месяцы паспела многае: пагуляла на вяселлях у сяброўкі і сястры, паспяхова здала сесію, прайшла практыку, наведала горад Слуцк, прымала гасцей з Мінска, прачытала некалькі кніг, на якія раней не хапала часу. Добрым завяршэннем майго адпачынку стане паездка ў Італію – краіну, якая захапляе мяне сваёй багатай гісторыяй, адметнай культурай і цікавымі традыцыямі.


Вось такім было гэтае лета! Але, як заўсёды, яно прайшло, быццам адно імгненне. Засталіся толькі цёплыя, яркія, незабыўныя ўспаміны ды фатаграфіі! І цяпер, калі мы, студэнты, будзем сядзець на доўгіх парах, пісаць бясконцыя канспекты і перачытваць тоны літаратуры, хтосьці час ад часу ўспомніць шыкарны гатэль, іншы – сумесную малітву да Бога. Гэтыя ўспаміны, напэўна, будуць ключом да новых мар і жаданняў. Хутка ж – не паспееш і азірнуцца – зноў наступіць лета!


---------------------------------------------------------
Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка журфака БДУ.