Вместе с почтой Людмила Данило приносит в каждый дом хорошее настроение и частичку тепла
Кожны дзень яна перакідвае тоўстую сумку праз плячо і спяшаецца прынесці ў дамы цікавыя навіны і добрыя весткі. І разам з адрасатамі радуецца доўгачаканаму пісьму ці неспадзяванай паштоўцы, бо ёй прыемна ўсведамляць, што ў шчаслівай усмешцы людзей ёсць і яе заслуга. Яе праца няпростая, адказная, часам непрыкметная, але ў той жа час вельмі патрэбная і ўдзячная – усё гэта не па чутках, а на ўласным вопыце ведае паштальён Гудагайскага аддзялення паштовай сувязі Людміла Рыгораўна Даніла.– Зараз я абслугоўваю 16 вёсак і два разы на тыдзень выязджаю ў Палушы, – расказвае пра сваю работу Людміла Рыгораўна. – Многа? Ды нічога страшнага, цяпер жа працую з камфортам: пошту развожу на аўтамабілі, не тое што раней на сваіх “дваіх” трэба было столькі вёсак абысці. Але і ў той час спраўлялася. Ды і як людзей падвядзеш – яны ж усе з нецярпеннем паштальёна чакаюць: адны газету, другія – пенсію, трэція – проста хоць парачкай слоў перакінуцца.
Праўда, як прызнаецца жанчына, ніколі яна нават падумаць не магла, што будзе працаваць паштальёнам. У дзяцінстве, як большасць дзяўчынак, хацела быць настаўніцай, а пасля заканчэння школы выбрала не зусім жаночую прафесію: пайшла вучыцца ў Маладзечанскае радыётэхнічнае вучылішча.
– Ды нічога дзіўнага тут няма, у той час многія дзяўчаты ішлі туды вучыцца – не разумее здзіўлення Людміла Рыгораўна. – А як зараз жанчыны інжынерамі, вадзіцелямі, будаўнікамі працуюць? Па-мойму, ужо даўно сцерлася мяжа паміж мужчынскімі і жаночымі прафесіямі. Ды і якая розніца? Галоўнае, каб душа да працы ляжала. Я вось пасля вучылішча пайшла працаваць на завод “Электрамодуль”, дзе падчас вучобы праходзіла практыку. Мы там запчасткі да аўтамабіля спайвалі – нармальная работа, усё мяне задавальняла.
Толькі лёс вырашыў выпрабаваць жанчыну: праз год яна вярнулася на Астравеччыну, з родных Палушаў пераехала ў Захарышкі і ўладкавалася на зноў-такі не зусім жаночую работу загадчыка гаспадаркі базавай школы ў Градаўшчызне. Толькі прызвычаілася да сваіх абавязкаў – як лёс зноў унёс свае карэктывы: школу закрылі, і трэба было шукаць новую работу.
– Вось так я перакваліфікавалася ў паштальёна, – усміхаецца жанчына. – Ужо дзевяць гадоў адпрацавала і нічога змяняць не збіраюся. Спачатку разносіла пошту ад Дрэвянік да Захарышкаў – а гэта чатырнаццаць кіламетраў. Хлусіць не буду – цяжкавата было. Летам лягчэй: сеў на веласіпед – і паехаў. Зімой пехатой прыходзілася. А праз шэсць гадоў – так склаліся абставіны – зноў пераехала ў Палушы.
Людміла Рыгораўна змяніла месца жыхарства, але не прафесію. Лёс звілістым шляхам прывёў яе да справы, да якой жанчына прырасла душой, пагэтаму хутка ў Гудагайскім аддзяленні паштовай сувязі з’явіўся новы паштальён.
– Калектыў тут дружны, прынялі мяне добра, тым больш, што ў сваёй справе я не навічок. Першы раз паехала па адведзеных мне вёсках, дык бабулі спачатку коса паглядвалі – вядома, новая ды незнаёмая. Але хутка прывыклі, і мы з імі пасябравалі. Зараз жа, наадварот, калі ў адпачынак пайду ці на бальнічны, дык дзяўчаты, што падмяняюць, расказваюць, што ўсе пытаюць, дзе гэта “наша” паштальёнка “падзявалася“.
Так Людміла Рыгораўна стала “сваёй” сярод сваіх і знайшла месца ў жыцці. За тры гады, што тут працуе, яна добра вывучыла людзей, ведае, што каму прапанаваць, з кім трэба пагаварыць, а каго – проста выслухаць.
– Для пажылых людзей галоўнае ўвага і добрае слова. Вось і стараюся з кожным хоць парай слоў перакінуцца, пажартаваць, навіны нейкія расказаць. А яны сваёй радасцю ці праблемай дзеляцца. Яшчэ цікава, што ў кожнай вёсцы мяне па-рознаму называюць. Напрыклад, у Лошы – “наша дзяўчынка”, у Кяждунах – “пані”. Я ім кажу – называйце проста Люда. А яны ўсё роўна па-свойму – бачна, так заведзена.
– А ведаеце, як людзі газеты чакаюць?! – працягвае Людміла Рыгораўна. – Бывае, па нейкіх прычынах пошта затрымліваецца, дык пасля бачу, што яны ўжо некалькі разоў скрынкі правяралі. Асабліва нашу “раёнку” любяць! І ўгаворваць нікога не трэба, каб аформілі падпіску. (Дарэчы, у мінулую падпісную кампанію менавіта Людміла Рыгораўна Даніла больш за ўсіх падпісала на “Астравецкую праўду” – Заўв.аўт.) Такім чынам, што б там пра ўсемагутны інтэрнэт ні гаварылі, газета будзе жыць доўга. А вось пісьмы, на жаль, зараз мала шлюць. І паштоўкі – таксама рэдкасць. Яны звычайна на Каляды і Вялікдзень з Польшчы і Літвы прыходзяць. Вельмі шкада, што такая прыгожая традыцыя абменьвацца паштоўкамі знікае. Атрымаеш яе – вось ужо і на доўгую памяць застанецца, не тое што гэтыя смс ці паведамленні ў інтэрнэце.
У вольны час Людміла Рыгораўна любіць збіраць ягады і грыбы. А яшчэ яна захапляецца кветкамі.
– Не скажу, каб іх у мяне было вельмі шмат, але кветкі люблю. Вось прыходзіш зімой дадому, на вуліцы – снег, вецер, завіруха, а глянеш на вазоны – і адразу вясну адчуваеш. Люблю, калі круглы год у доме вясна жыве. Тады разам з поштай хочацца ў кожны дом прынесці часцінку цеплыні і добры настрой.
------------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
