Владимир Орловский - человек, который знает в лицо почти каждого жителя Островецкого района

2
Амаль трыццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў вытворчым упраўленні “Астравецрайгаз” слесар па рамонту і эксплуатацыі газавага абсталявання Уладзімір Вікенцьевіч Арлоўскі. За гэтыя гады ён ужо ў твар ведае амаль усіх жыхароў нашага раёна.

– Нарадзіўся я ў Астраўцы пяцьдзясят гадоў назад. Тут прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. Ды і ўвогуле з Астравеччынай звязана ўсё маё жыццё, – расказвае Уладзімір Вікенцьевіч Арлоўскі.
Басаногае дзяцінства і сёння часта ўсплывае ў памяці Уладзіміра Вікенцьевіча. Гэта цяпер, стаўшы бацькам і дзедам, ён марыць больш часу праводзіць дома, з сям’ёй. А тады галоўнай задачай падлетка было вырвацца з дому і ганяць на полі мяч ці катацца на каньках, лыжах, санках.
Дзяцінства скончылася хутка – пасля заканчэння СШ №1 юнак вырашыў звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай. Гэта і зразумела: бацька Уладзіміра Вікенцьевіча ўсё жыццё прысвяціў менавіта гэтай галіне. І Уладзімір вырашыў паступаць у тэхналагічны інстытут. Аднак удача ў той год была на не баку юнака – ён не прайшоў па конкурсу.
– У Астраўцы на той час у тых, хто нікуды не паступіў, дарога была адна – на сённяшні завод “Радыёдэталь”. Менавіта туды я і падаўся.
Ды толькі хутка прыйшоў час аддаць грамадзянскі абавязак Радзіме – два гады армейскай службы Уладзімір Вікенцьевіч правёў у Маскоўскай ваеннай акрузе. А пасля вяртання з арміі ўладкаваўся на працу ў “Астравецрайгаз”.
З лёгкай рукі дырэктара прадпрыемства Марыі Нікадзімаўны Ігнатовіч Уладзімір Вікенцьевіч застаўся ў горгазе надоўга. З часам атрымаў спецыяльную адукацыю – у 1985 годзе ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум на спецыяльнасць “газавая гаспадарка”.
– Вучыцца мне падабалася. Зрэшты, я і школу закончыў нядрэнна. Таму калі прапанавалі паступаць, доўга не раздумваў – згадзіўся адразу ж, – успамінае Уладзімір Вікенцьевіч.
І жыццё пацякло, пабегла, бы імклівая рака. Вучоба, работа, першае каханне, якое з часам перарасло ў сям’ю. Са сваёй будучай жонкай, Аленай, Уладзімір сустрэўся на танцах у РДК. На той час гэта было любімае месца сустрэч астраўчан і моладзі з суседніх вёсак. Прычым аказалася, што каханне з першага погляду сапраўды існуе – Уладзімір зразумеў гэта адразу ж. Праўда, яшчэ доўгі час маладыя сустракаліся толькі ў выхадныя дні – Алена вучылася ў Ашмянскім тэхнікуме. Яны разам хадзілі на дыскатэкі і ў кіно, а потым Уладзімір праводзіў Алену ў Малі, дзе яна жыла.
Далей было вяселле, нараджэнне дзяцей – сыноў Вадзіма і Яўгенія – і вучоба Алены Францаўны – яна вырашыла атрымаць яшчэ і вышэйшую адукацыю. Але маладая сям’я ўсё паспявала – і вучыцца, і працаваць, і дзяцей гадаваць.
Сёння дзеці ўжо дарослыя. Старэйшы Вадзім закончыў БАТУ і сёння працуе ў Ашмянскай мытні. Малодшы Яўгеній пасля заканчэння Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка застаўся ў Мінску і ўладкаваўся на працу ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Ды толькі з часам вырашыў вярнуцца на радзіму – сёння працуе ўчастковым у Міхалішках. Ён ужо падарыў бабулі і дзядулю ўнучку Яўгенію, з якой яны вельмі любяць бавіць свой вольны час. Словам, сямейнае жыццё Уладзіміра Вікенцьевіча склалася найлепшым чынам.
А што з прафесійным?
– У ВУ “Астравецрайгаз“ Уладзімір Вікенцьевіч прыйшоў у маладым узросце. Працаваў майстрам, але потым вырашыў змяніць сферу дзейнасці – хаця са сваімі абавязкамі ён спраўляўся, – успамінае дырэктар прадпрыемства Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч. – Сёння Уладзіміра Вікенцьевіча ведае амаль кожны жыхар Астраўца і раёна, а дыспетчары часта просяць у яго парады. Словам, у нашай  арганізацыі ён неафіцыйны брыгадзір па службе дастаўкі газа.
Спакойны, сціплы і незаўважны, ён заўсёды акуратна і адказна ставіцца да сваёй работы, за што атрымлівае толькі падзякі. Работа гэта не з лёгкіх, нягледзячы на тое, што з правядзеннем па раёне сеткі прыроднага газу, спажыўцоў газу ў балонах стала значна менш.
– Дастаўка газу насельніцтву – гэта вялікая адказнасць, – лічыць Уладзімір Вікенцьевіч. – Акрамя таго, што трэба акуратна і правільна ўстанавіць балон, неабходна яшчэ і знайсці падыход да чалавека, якому гэты газ патрэбен.
Кожны дзень сустракацца з людзьмі, часта не толькі ўстанавіць балон, але і выслухаць чалавека, даць параду, падтрымаць – гэта з лёгкасцю атрымліваецца ў заўсёды ветлівага і ўсмешлівага Уладзіміра Вікенцьевіча Арлоўскага.
За працоўную дзейнасць Уладзімір Вікенцьевіч Арлоўскі не раз быў узнагароджаны граматамі і прэміямі, яму прысуджана званне “Ветэран працы”. А сёлета партрэт Уладзіміра Вікенцьевіча занесены на раённую Дошку гонару.

----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.