Виктор Тяжкий к работе подходит творчески
Калі рыхтавала рэпартаж аб тым, як працуецца астравецкім дворнікам зімой, адкрыла для сябе сапраўднае рэалістычнае мастацтва ў адным з пад’ездаў 49 дома па вуліцы Валадарскага. Спачатку было складана паверыць, што такое можа быць у звычайным шматпавярховым доме. А вы не бачылі тых роспісаў сцен? Тады раю зазірнуць туды – хоць бы дзеля цікавасці.З кожнай новай прыступкай адкрываецца новы краявід. Спачатку трапляеш у бярозавы гай, дзе тонкастанныя дрэўцы белымі камлямі цягнуцца да самых аблокаў. І не верыцца (тады на двары моцна “кусалася” і сыпала снегам зіма), што перад вачамі паўстае знаёмы кожнаму з дзяцінства краявід: поле, неабсяжнае неба і бусел з распраўленымі ў палёце крыламі. Здаецца, працягнеш руку – і дакранешся да белага пёрка. Адным словам – прыгажосць! На хвіліну я нават пазайздросціла жыхарам гэтага пад’езда. Але, як потым аказалася, ідэя мастацкага роспісу сцен і сродкі на яе ажыццяўленне – ініцыятыва саміх жыхароў. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы гэтую ідэю адразу падтрымалі, прычым не толькі на словах, але і на справе. І цяпер узорна-паказальны пад’езд кожны дзень цешыць вока людзей, якія тут жывуць.
Рукатворныя відарысы (язык не паварочваецца назваць іх распісанымі сценамі) належаць Віктару Яўгенавічу Цяжкаму, работніку па добраўпарадкаванні тэрыторыі, а па сумяшчальніцтву яшчэ і мастаку-афарміцелю. Нават складана паверыць, што гэты чалавек, які штодзень афармляе транспаранты і знакі, разгружае кантэйнеры і выязджае на смеццевыя звалкі, з’яўляецца носьбітам такога таленту.
У сваёй рабоце па афармленні пад’езда мужчына не бачыць нічога асаблівага. Сказалі, што трэба зрабіць, – зрабіў.
Спачатку Віктар Яўгенавіч вызначыўся з малюнкамі і толькі потым узяўся за работу – не на паперы, а адразу на “натуры”. І зробленыя простым алоўкам эскізы пакрысе пачалі “апранацца” ў фарбы. Задача была не з лёгкіх, таму што бакавая сцяна пад’езда асаблівая. Мастаку трэба было не проста прыгожа распісаць, а зрабіць так, каб малюнак “рухаўся” разам з чалавекам, які падымаецца па лесвіцы. Варта адзначыць, што ў мужчыны гэта атрымалася.
Як прызнаецца сам мастак-афарміцель, на адну кампазіцыю пайшло прыблізна чатыры дні, у рабоце ўсё залежала ад складнасці самой кампазіцыі і яе запоўненасці дробнымі дэталямі.
– Маляваць я пачаў дзесьці з чатырнаццацігадовага ўзросту, – расказвае пра сябе Віктар Яўгенавіч. – Пачынаў з алоўка і акварэлі. А падчас адной з паездак у Мінск, я даведаўся, што такое алейныя фарбы і як яны кладуцца на палатно. Я не займаўся з настаўнікамі, не ведаў, як і што робіцца па правілах, – вучыўся сам. Без штодзённай працы і ўпартасці нічога, напэўна, не атрымалася б. Калі нешта не выходзіла з першага разу, я спрабаваў яшчэ і яшчэ – і так дзясятак разоў. Да таго ж, я набываў спецыяльную літаратуру па выяўленчым мастацтве. У той час яна каштавала нятанна, таму вялікі дзякуй бацькам, якія заўсёды падтрымлівалі маё захапленне.
Быў перыяд у жыцці, калі я маляваў і днём, і ноччу – прыроду, людзей, архітэктурныя помнікі Астравечыны. Рабіў замалёўкі з натуры… Зараз практычна не малюю.
Спрабаваў паступаць у Гродзенскае мастацкае вучылішча, але не пашанцавала. І я пайшоў на работу ў РУП ЖКХ, дзе, дарэчы, працаваў і мой бацька.
--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
