Виктор Оксютчик - человек, который ценит в людях искренность и справедливость
Сёлета ўпершыню за шэсць гадоў існавання раённай Дошкі гонару тут змешчаны партрэт чыноўніка даволі высокага рангу – намесніка старшыні райвыканкама Віктара Мікалаевіча Аксютчыка. Чаму ўпершыню – сказаць цяжка. Чамусьці ў нас не прынята ўшаноўваць добрым словам ці прызнаннем людзей, што працуюць ва ўладных структурах. Вось публічнае “біццё” іх – справа звыклая. Мо і “пабіць” трэба, калі ёсць за што, – але і сказаць тое ж “дзякуй”, калі чалавек яго заслужыў, таксама не лішне. І тое, што праца Віктара Мікалаевіча была заўважана і адзначана такім вось чынам, – справядліва.
Сёння, напярэдадні Дня будаўніка – а Віктар Мікалаевіч Аксютчык, нагадаю, курыруе якраз пытанні будаўніцтва – мы паспрабуем бліжэй пазнаёміць нашых чытачоў з чалавекам, якога многія добра ведаюць – ці толькі лічаць, што добра? Тым больш што і нагод для гэтага – ажно некалькі.
Акрамя прафесійнага свята і змяшчэння на раённую Дошку гонару, можна ўзгадаць малавядомую шырокаму колу грамадскасці дату: сёлета споўнілася сорак гадоў, як Віктар Мікалаевіч прыехаў на астравецкую зямлю. І гэтыя чатыры дзесяцігоддзі падзяліліся роўна напалову: палавіна з іх прайшла ў БМУ меліярацыі, другая – на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама.
Вытокі
Віктар Мікалаевіч Аксютчык лічыць сваімі прафесійнымі два святы – Дзень меліяратара і Дзень будаўніка. І пры гэтым адзначае, што меліяратар ён – у першую чаргу. Таму што гэта – яго асноўная прафесія: гэтаму ён вучыўся, у гэтай сферы цікава і з задавальненнем працаваў большую і лепшую частку жыцця, пакуль яго не прызначылі на больш высокую і адказную пасаду – да якой, трэба сказаць, не імкнуўся і нават больш таго – “адбіваўся” ад заманлівай для многіх прапановы як мог.
Віктар Мікалаевіч не хавае, што ў душы да гэтага часу адчувае сябе меліяратарам. І пры гэтым даволі дзіўна было даведацца, што пра прафесію гэтую ён не марыў – проста так склаліся абставіны. Вясковы хлапчук з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, ён змалку зведаў пот і соль сялянскай працы: разам з двума старэйшымі братамі дапамагаў маці-даярцы на ферме; вазіў снапы ў калгасе; зімой вязаў венікі і плёў прыгожыя кошыкі – словам, рос і сталеў, як і ўсе сялянскія дзеці. І бацька, як і большасць вяскоўцаў, тады, у сярэдзіне галодных шасцідзясятых, марыў пра лепшую будучыню для сваіх дзяцей. Таму і раіў ім: вырывайцеся, сынкі, адсюль.
А бліжэйшай навучальнай установай, куды паступалі ўсе іх родзічы і сябры, хто крыху “шурупіў” у навуках – а Віктар “шурупіў”, закончыў восем класаў на адны “пяцёркі” – быў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Дык чаму б і не? Хай будзе меліярацыя!
Ад першай асобы
– Настаўнікамі па жыцці я лічу найперш, вядома ж, бацькоў – святыя былі людзі. Асабліва маці. А бацька ўражваў сваёй сялянскай мудрасцю. Многае з таго, аб чым ён гаварыў мне ў дзяцінстве, у той час намі, шчырымі камсамольцамі, не ўспрымалася, нам здавалася, што бацькі нічога не ведаюць, не разумеюць. Зараз я бачу, наколькі мудрымі і прарочымі былі бацькавы словы…
Затым былі школьныя настаўнікі – яны займалі ў фарміраванні асобы нашмат большую ролю, чым проста выкладчыкі таго ці іншага прадмета. Мне здаецца, зараз такіх ужо няма… Я пранёс іх урокі праз усё жыццё.
І затым – выкладчыкі ў тэхнікуме. У нас працаваў вельмі моцны выкладчыцкі корпус. І там была цудоўная сістэма адукацыі – нешта сярэдняе паміж школай і інстытутам. “Ад сесіі да сесіі” весяліцца не выпадала – выклікаць да дошкі маглі кожны дзень, а яшчэ – кантрольныя, семінары… Тая база, якую я атрымаў у тэхнікуме, нават інстытут – а я пазней завочна закончыў Украінскі інстытут інжынераў воднай гаспадаркі ў Роўна – не змог пераўзысці: вышэйшую адукацыю я, скажу шчыра, атрымліваў хутчэй дзеля дыплома, – даць мне больш, чым далі ў свой час у тэхнікуме, там ужо не змаглі…
Пасля тэхнікума была армія: першыя паўгода – каравульны ўзвод у Валгаградзе. І прысягу Віктар прымаў на знакамітым Мамаевым кургане. Затым – Далёкі Усход, Камсамольск-на-Амуры, пераправачна-дэсантная рота асобнага інжынерна-сапёрнага батальёна. Пасля дэмабілізацыі стаў працаваць у інстытуце Белгіправодгаса, займаўся пошукавай работай – з яе пачынаецца ўзвядзенне кожнага аб’екта і ў меліярацыі, і ў будаўніцтве.
Як аказалася – і ў асабістым жыцці Віктара Мікалаевіча. Падчас адной з пошукавых камандзіровак у Мінскай вобласці сустрэў ён не проста сваё каханне – свой лёс, другую палавінку: Галіна тады вучылася ў Гродзенскім культасветвучылішчы і ў той час была дома на канікулах. Спатканні, пісьмы падчас разлукі… І паступова прыйшло разуменне, што ўсё ў іх – усур’ёз і надоўга. А Галіна тым часам атрымала размеркаванне ў Астравецкі раён. Меліяратары ж усюды патрэбны – і потым, хто сказаў, што ў пары “нітка-іголка” роля ніткі павінна належаць выключна жанчыне? Тым больш што ў Астраўцы ў БМУ меліярацыі працаваў аднакурснік, які параіў: прыязджай, не прападзеш.
У лютым ужо немагчыма далёкага 1974 года Віктар Мікалаевіч Аксютчык прыехаў у Астравец. А першага мая таго ж года яны з Галінай – не проста рэжысёрам, а стваральнікам свайго дзецішча – астравецкага народнага тэатра, у які яна ўлажыла душу, сэрца, веды, талент – пажаніліся.
Глыбокая плынь
Пачынаў працаваць ён майстрам у БМУ меліярацыі. Затым быў інжынерам-геадэзістам, старшым інжынерам і начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела, галоўным інжынерам. Таму ці варта здзіўляцца, што Віктар Мікалаевіч лічыць сябе найперш меліяратарам? У гэтай галіне для яго практычна няма “белых плям”: сістэму ён вывучыў, што называецца, і ў тэорыі, і на практыцы.
Ад першай асобы
– Тыя гады я ўспамінаю з пэўнай настальгіяй. Гэта быў час, калі штодня з радасцю ішоў на работу і ў добрым настроі вяртаўся дамоў. Мы перайшлі на арэнду, уся сістэма была адпрацавана, сабраўся калектыў прафесіяналаў, усе, пачынаючы з майстроў, мелі вышэйшую адукацыю. Людзі атрымлівалі добрую зарплату, мы будавалі сваё жыллё. На работу ў Астравецкае БМУ меліярацыі было не так і лёгка ўладкавацца – бралі лепшых. Работы хапала – узводзілі аб’екты ў двух абласцях і ў чатырох раёнах. Памятаю, калі ў Пастаўскім раёне на нашых землях атрымалі збожжавых па 57 цэнтнераў з гектара пры сярэдняй ураджайнасці ў раёне 17 – нас ушаноўвалі амаль што як герояў, нашаму майстру тады нават машыну выдзелілі: па тым часе гэта значыла больш, чым ордэн. А колькі ў сваім раёне зямель “рэаніміравалі”, колькі дарог пабудавалі… Сённяшні астравецкі “БАМ” – наша работа: на месцы гэтай плаціны некалі ледзь ліпеў драўляны масток праз Лошу, па якім было страшна ісці: скрозь дзіркі вада віднелася. Тысяча гектараў урадлівых зямель у тагачасных калгасах “Радзіма”, “Чырвоны Кастрычнік” і імя Чапаева і сёння даюць добрыя ўраджаі. Каскад сажалак у Гервятах – любімае месца адпачынку вяскоўцаў. Ды ці ўспомніш усё?
І вось, калі ўсё было адладжана і працавала, як гадзіннік, Аксютчыку прапанавалі новую, большвысокую пасаду: начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, і па сумяшчальніцтву – намесніка старшыні райвыканкама. Прычым большы прэстыж новай пасады ніяк не кампенсаваўся зарплатай… Віктар Мікалаевіч адмовіўся – раз і другі.
У трэці яму зрабілі тую ж прапанову тонам, які не цярпеў пярэчанняў, – і пачаўся адлік новага этапу жыцця. Давялося з меліяратара перакваліфікоўвацца ў будаўнікі. Зрэшты, гэта было не вельмі складана: яшчэ ў інстытуце іх вучылі, што інжынер-гідратэхнік будаўніком працаваць зможа – гэтак жа, як з сувязіста электрык заўсёды атрымаецца, а вось наадварот – наўрад ці…
Першы год работы на новай пасадзе пайшоў на ўвядзенне “нэпа” – навядзенне элементарнага парадку ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва. А потым, калі ўсё наладзілася, закруцілася-завярцелася, ён, прызнаецца, часам нават сумаваў на рабоце…
Калі раён узначаліў Адам Дзмітрыевіч Кавалька, пра сум забыліся ўсе: каму падабалася працаваць па прынцыпу “не бі ляжачага”, давялося развітацца з пасадай, а хто марыў пра цікавую работу, забыліся пра выхадныя і адпачынак…
Віктара Мікалаевіча старшыня райвыканкама неўзабаве перасадзіў з “двух крэслаў”, на якіх ён да таго сядзеў – начальніка УКБ і намесніка старшыні райвыканкама, – у адно. “Навошта мне намеснік, які 80 працэнтаў свайго часу працуе на ўпраўленне капітальнага будаўніцтва?” – прывёў Адам Дзмітрыевіч пераканаўчы аргумент. І заадно “падваліў” мноства іншых сфер дзейнасці, за якія трэба было адказваць намесніку: жыллёва-камунальная гаспадарка, дарожнае будаўніцтва, транспарт, сувязь, энергетыка – словам, практычна ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека, якія з-за гэтага ж з’яўляюцца самымі праблемнымі…
Ад першай асобы
–Я заўсёды быў перакананы, што гэтыя дзве пасады сумяшчаць нельга: не можа, не павінен намеснік старшыні райвыканкама адначасова працаваць кіраўніком гаспадарча-разліковай арганізацыі. Але раней маё меркаванне па гэтым пытанні нікога асабліва не цікавіла… Калі мой службовы “воз” істотна “прыгрузілі”, працаваць стала непараўнальна цяжэй: давялося сёе-тое пачытаць, падвучыцца, каб разбірацца і ў тым жа дарожным будаўніцтве, і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Але разам з тым зараз – непараўнальна цікавей. І, калі можна так сказаць, больш відовішчна: што ні кажы, але кожнаму прыемна бачыць вынік сваёй працы. Вось тая ж аб’яздная вуліца Паркавая – мала хто ведае, што яе праект быў зроблены яшчэ ў 1995 годзе. Але ён усё ж ажыццявіўся – і цэнтр горада разгрузілі ад патоку транспарту. А мікрараён Валадарскага – вы памятаеце, якім ён быў, як ля сённяшняга магазіна “АнаСтасіЯ” ў лужынах жабы квакалі? А сёння ў нашым горадзе (хоць і ёсць яшчэ пэўныя праблемы, без іх не бывае) і самім жыць прыемна, і гасцей запрасіць сюды не сорамна.
На беразе маім...
У будаўнікоў цудоўная прафесія – ужо хаця б таму, што “не кожнаму так шчодра можна жыць – сябрам на памяць гарады дарыць”.
Вось і Віктар Мікалаевіч Аксютчык лічыць, што сякія-такія “падарункі” стаўшаму за гэтыя сорак гадоў родным Астраўцу ён паспеў зрабіць – ва ўсякім выпадку, яго ўклад у іх “кошт” даволі значны. І сёння, праязджаючы з дзецьмі ці ўнукамі па раёну, ён з пачуццём гонару можа сказаць: “Гэтую дарогу я будаваў, калі яшчэ ў меліярацыі працаваў… А гэты кааператыў – ужо ў якасці начальніка УКБ. Колькі нерваў ён нам тады спаліў – а зараз, глядзі, які дом-прыгажун! Калі я пачынаў працаваць, у Астраўцы быў толькі адзін кааператыўны дом, а зараз… Ужо з ліку збіўся – каля дваццаці. Гэта ж колькі сямей за гэты час атрымалі добраўпарадкаваныя кватэры – палічыце! А во кацельня дыміць: значыць, у кранах ёсць гарачая вада. А некалі пра гэта і не марылі. Ды што казаць пра гарачую – халоднай не хапала! І пра якасць яе лепш не ўспамінаць: утрыманне жалеза перавышала нарматывы ў 7-8 разоў. А ачысныя збудаванні – чаго нам каштавала пабудаваць іх…”
Асфальт на вуліцах, цяпло ў кватэрах, добраўпарадкаванне горада – ва ўсім гэтым і многім іншым ёсць часцінка працы Віктара Мікалаевіча Аксютчыка.
…А калі рабочы дзень, часта цяжкі, напружаны, нервовы, заканчваецца, ён спяшаецца дамоў. Паўгадзінкі знаёмства са свежай прэсай, з якой на першым плане – “Астравецкая праўда” і “СБ”, разгадванне чарговага красворда ці сканворда ад Вадзіма Булата (у неафіцыйным клубе астравецкіх красвардыстаў Віктар Аксютчык адзін з прызнаных “знатакоў”, да якога звяртаюцца ў безнадзейных выпадках усе астатнія) – і ўсё, стомы як не бывала.
У асабліва цяжкіх выпадках ратуе дача: пакасіць, нешта парамантаваць, у зямлі пакалупацца – словам, пераключыць думкі… І абсалютна бяспройгрышны варыянт на ўсе выпадкі жыцця – стасункі з сям’ёй: жонкай, дзецьмі і асабліва – унукамі.
Адпачынак, калі работа была больш спакойнай і жылі яшчэ бацькі, праводзілі звычайна на радзіме: Віктар Мікалаевіч з лёгкім сумам успамінае той час, калі бацька зранку “выпісваў” яму “нарад”: што сёння трэба зрабіць – і сын з асалодай акунаўся ў прывычныя з дзяцінства вясковыя клопаты. Але часу хапала і на тое, каб пакупаца, пазагараць, вечарам з братамі ля вогнішча пасядзець, прымусіць непаслухмяныя ўжо пальцы ўспомніць выслізганую прахалоду кнопачак на гармоніку, паспяваць… Але за апошнія 14 гадоў, па ўласным прызнанні, Віктар Мікалаевіч поўнасцю выкарыстаў адпачынак толькі сёлета – ды і то таму, што ўпершыню выбраліся з жонкай “на бераг турэцкі”. Праўда, і там ён не столькі адпачываў, колькі вывучаў, як у “далёкім замежжы” прыбіраецца смецце, як утрымліваецца горад і прыватныя падвор’і. Галіна Канстанцінаўна, якая перш імкнулася пераключыць мужа на адпачынак, потым махнула рукой: гэта ўжо невылечна…
Ад першай асобы
– Калі б была такая магчымасць – ці хацелі б вы нешта змяніць у сваім жыцці?
– Ведаеце, я заўсёды кіруюся жыццёвым прынцыпам: усё, што ні робіцца – да лепшага. І не хачу прасіць у Бога таго, што не варта. Лічу, што мне грэх скардзіцца на жыццё. У мяне добрая сям’я, паспяховыя дзеці. Дачка закончыла школу з сярэбраным медалём, затым – Гродзенскі ўніверсітэт, зараз яна тут, побач з намі. У сына быў залаты медаль у школе і чырвоны дыплом у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасля ён закончыў магістратуру і аспірантуру, у наступным годзе, магчыма, абароніць кандыдацкую дысертацыю. Сын жыве і працуе ў Мінску. У дзяцей – свае сем’і, я ўжо дзед у чацвёртай ступені: маю чацвёра ўнукаў.
Чаго б хацеў папрасіць – дык гэта здароўя: сабе, жонцы, дзецям, унукам.
Ну, і калі б была такая магчымасць… Хацелася б крыху сціснуць час – каб больш паспець зрабіць. І, магчыма, ажыццявіць сваё дзіцячае жаданне – палятаць. Лётчыкам, як марыў некалі, мне ўжо не стаць – а вось калі б час і гады адматаць назад – на дэльтаплане ўзняўся б у паветра з задавальненнем!
Бліц-апытанне
Скажы мне, што ты любiш...
– Што вы найбольш цэніце ў людзях?
– Шчырасць і праўдзівасць.
– Якія недахопы для вас недаравальныя?
– Паабяцаць – і не зрабіць.
– Лепшае месца на зямлі?
– Там, дзе жыве мая сям’я.
– Ваша любімая кніга?
– “Аповесць аб сапраўдным чалавеку” Барыса Палявога.
– Вы едзеце ў машыне… Якая музыка гучыць з дынамікаў?
– Розная. Але часцей за ўсё – Высоцкі і “Залатое кальцо”. А яшчэ – гумар: Карцаў, Петрасян… Без гумару ў нашым жыцці можа “дах сарваць”.
– Які фільм вы можаце пераглядваць бясконца?
– “Ціхі Дон”. Там, на мой погляд, найлепш паказана эпоха – людзі, іх характары, лёсы на зломе часу.
------------------
Ніна РЫБІК .
