Ванда Рудковская помогает облегчить людям страдание и делает их счастливыми

1
Спрэчкі аб існаванні экстрасэнсаў, знахараў, народных лекараў і г.д. і аб іх магчымасцях не заціхаюць на працягу стагоддзяў. Нехта ім абсалютна верыць, іншы разносіць у пух і прах і саміх лекараў, называючы іх шарлатанам, і тых, хто да іх звяртаецца. На працягу тысячагоддзяў вялі з імі барацьбу святары і ўлады – тым не менш і па сённяшні дзень яны існуюць, дапамагаюць, вяртаюць страчанае здароўе людзям, супакойваюць у складаных жыццёвых сітуацыях. Вядома, сярод іх таксама сустракаюцца розныя асобы, з рознымі магчымасцямі і рознымі падыходамі да выбранай справы. Асабліва не выклікаюць у мяне даверу тыя, хто, так бы мовіць, ужо “за ўваход” прызначае таксу ў цвёрдай валюце.

Я ж хачу расказаць пра патомную знахарку, добра вядомую ў нашай акрузе, у раёне і далёка за яго межамі – Ванду Рудкоўскую з вёскі Лакцяны. Калі ўдзячныя наведвальнікі, атрымаўшы лекі, кладуць на стол не Бог ведае якую суму, яна махае рукамі: “Нашто так многа, забярыце!”
А яшчэ здзіўляе людзей, калі некаторым гаворыць: “У цябе ў кашальку ёсць дробязь, яе і дай, а гэтыя схавай! Грошы мне навошта? Пенсію я атрымліваю, мне хапае. Вам яны больш патрэбныя!” У меркантыльнасці гэту жанчыну ніяк не папракнеш. Тады дзеля чаго яна траціць свой час (раней трымала немалую гаспадарку), выпальвае газ, гатуючы адвары? Адказ відавочны: каб аблегчыць людзям іх пакуты. І каб было больш на зямлі людзей шчаслівых.
Уважлівыя, колеру спелай вішні вочы гэтай жанчыны, здаецца, прасвятляюць цябе, як промні рэнтгена, а лагодная ўсмешка настрайвае на давер. Такое ўражанне, што яна з першага позірку ўсё пра цябе ведае і хоча дапамагчы любой тваёй бядзе. Яна лечыць і людзей, і жывёлу. Да яе звярталася з тымі ці іншымі патрэбамі, напэўна, кожная сям’я на Спондаўшчыне. А ля дома можна ўбачыць машыны з нумарамі розных абласцей нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа.
Маці Ванды і бабуля жылі на хутары Рудня і таксама былі знахаркамі. Але бабуля, Людвіка Розак, народжаная Лугоўская (нават прозвішча зёлкамі пахне!), як кажа сама Ванда, была з цёмнай сілай звязана. Яна шмат чаго ведала, магла і умела, людзі да яе ішлі бясконца: то дзіцятка спужаецца, крыкам заходзіцца, заснуць не можа, то жаночую прыгажосць псуе якаясь высыпка на твары, то з кароўкай-карміліцай што дрэннае зробіцца – усе беды магла адвесці ўмелая знахарка.
Ванда расказала выпадак, калі яе бабуля прымяніла цёмную сілу. Прыехаў да яе за нейкай патрэбай чалавек здалёку. Пакуль бабуля варыла зёлкі, ён прыгледзеў сабе прыгожую плётку ў выглядзе казінай ножкі, што вісела на сцяне. І так яна яму спадабалася, што вырашыў ўкрасці. Неўпрыкмет, як яму здавалася, зняў са сцяны і схаваў пад адзежу. Забраў лекі і паехаў. Першым заўважыў прапажу муж Людвікі і сказаў аб гэтым жонцы. Але яна супакоіла: “Не перажывай, далёка не ад’едзе, прапажа да нас вернецца!”. А ў дзядзькі таго, як толькі ён з хутара на дарогу выехаў, – тут жа конь распрогся. Знахарка падышла, забрала сваю любімую плётку, яшчэ па плячах сцёбнула няўдалага злодзея, каб больш на чужое не квапіўся.
У тыя часы служыў у Клюшчанскім касцёле кс. Юзаф Бародзіч, які вылучаўся праматой і безапеляцыйнасцю. Неаднойчы з амбоны ён кляйміў вядзьмарку, людзям забараняў карыстацца яе паслугамі, але яны ўсё роўна ішлі – яшчэ і таму, што афіцыйная медыцына каштавала дорага. Ксёндз не здаваўся – працягваў барацьбу. Аднойчы ён прыбег да Людвікі дахаты – расказвалі, што гэта было раніцай, у Разачыхі (так яе называлі у акрузе) якраз цеплілася печ. У той час у печы і сабе страву гатавалі, і для жывёлы корм варылі. Ксёндз Бародзіч схапіў і ўкінуў у агонь кнігу з рэцэптамі і замовамі, а затым схапіў качаргу і перавярнуў усе гаршкі і саганы ў печы, вырашыўшы, што ў тых гаршках варыцца “д’яблава зелле.” Потым хваліўся, як правучыў гэту “куглярку” (па-польску – фокуснік) і “вядзьмарку”. Але неўзабаве здарылася нечаканае: ксяндза ўкусіла змяя. Яд пачаў дзейнічаць хутка, стала пухнуць нага і дзеравянець язык. Шпіталь знаходзіўся ў Швенчонісе за 25 кіламетраў – на кані гэта гадзіны дзве, а то і больш ехаць, а знахарка Разачыха – за паўкіламетра. Пакуль хапала сілы, ксёндз супраціўляўся, не хацеў карыстацца яе паслугамі, хоць яго пераконвалі, як маглі. А потым махнуў рукой. Толькі дабег пасланы чалавек да лекаркі, як ксяндзу стала лягчэй: яна па ветру пусціла свае замовы. З таго часу перастаў ксёндз Бародзіч ваяваць са знахаркай. А пра гэтае здарэнне яшчэ доўга гаварылі ў наваколлі.
Дачку Людвікі і Клеманса Разакоў звалі Петрунэлія. Яна стала не менш знакамітай лекаркай, чым маці, толькі ў адрозненне ад яе, а можа, каб загладзіць матчыны грахі, займалася толькі добрымі справамі. Аб сіле яе таленту сведчыць такі вось выпадак.
У вёсцы Тумкі (Падольскі сельсавет) раптам захварэў мужчына. Моцны, дужы, яшчэ не стары, ён занямог раптоўна. Раніцай грунтоўна паснедаў і стаў збірацца да работы, якой для ду¬жых мужчынскіх рук у сялянскай гаспадарцы заўсёды хапае. Не паспеў апрануцца, як адчуў сябе нядобра, прылёг – і ўжо не толькі не мог падняцца з пасцелі, але і мову страціў. Жонка ў роспачы сабрала суседзяў, радню, заламавала рукі, галасіла – памірае муж, кармілец! Сусед Валянцін Памецька ўскочыў на ровар і, з усёй сілы націскаючы на педалі, панёсся за выратаваннем да Ланскоўскай у Рудню – гэта добрых кіламетраў 15-17! Ён расказаў знахарцы пра бяду, якая здарылася ў суседзяў. Ланкоўская ненадоўга адлучылася ў суседні пакой, вынесла пакет з лекамі і сказала: “Калі дапаможа, то павінна ўжо пачаць дзейнічаць”. Чалавек узяў пакет з яе рук – і ў той жа час у насценным гадзінніку два разы пракукавала “зязюлька” , г.зн. было дзве гадзіны дня. Зноў жа па гразі што было сілы паспяшаўся Памецька ў Тумкі, каб хутчэй даставіць лекі. Калі ж прыехаў дадому, сусед, як ні ў чым не бывала, сядзеў за сталом і з апетытам абедаў. Жанчыны расказалі, што яны ўжо свечку яму ў рукі хацелі ўціснуць, як насценны гадзіннік прабіў дзве гадзіны. Хворы падняў галаву, здзіўлена агледзеўся кругом, а згледзеўшы натоўп, замацюкаўся: “Чаго тут сабраліся? А ну, разыходзьцеся, работы вам няма, ці што?!”
Ванда Рудкоўская была першынцам у сям’і. Усяго дзяцей у Петрунэлі было трое, але толькі Ванда стала працягваць сямейную справу.
Тыя, хто не верыць у рознага роду экстрасэнсаў, любяць спрашчаць: маўляў, калі верыш, дык і збудзецца, і замова ці зёлкі дапамогуць. Хачу расказаць выпадак з майго жыцця, які пацвярджае, што не ўсё так проста і адназначна.
У мяне пачаў балець на правай руцэ безыменны палец, або, як яго яшчэ называюць – сардэчны, на які надзяюць заручальны пярсцёнак, дакладней, костачка на гэтым пальцы, ды так моцна, што я нават па начах прачыналася ад болю. Костачка пачала расці – я ўжо і пярсцёнак надзець не магла. Мяне гэта, канешне, устрывожыла, але да доктара не надта хацелася звяртацца – а мо пройдзе само? Але не праходзіла. І пярсцёнак я ўжо не насіла. Аднойчы раніцай заскочыла добразычлівая суседка і сказала, што едзе да Рудкоўскай за лекамі, – можа, што трэба? Я напаўжартам (бо ўсур’ёз лічыла, што ў такіх выпадках трэба асабіста ехаць), як бы зараз сказалі – па прыколу, папрасіла ўзяць штоколечы для мяне ад болю ў костачцы. Вечарам суседка прынесла мне загорнутую ў газету жменьку солі і расказала, што і як рабіць. Зноў жа, не асабліва верачы, але на ўсякі выпадак (а можа, і дапаможа?) я зрабіла ўсё так, як сказала знахарка. Праз некаторы час, збіраючыся ў госці, стала надзяваць упрыгожванні, ў тым ліку і пярсцёнак на безымянны палец. Надзела – і аслупянела: ні костачкі, ні болю! Вось табе і не верыла!
Чыста выпадкова, ужо збіраючыся адпраўляць напісанае ў рэдакцыю, пачула пра яшчэ адзін падобны выпадак.
У маладой прыгожай жанчыны села балячка ў носе. Жанчына выпадкова драпнула яе, пайшла кроў – і пачалося: нос распух, дыхаць стала цяжка, разбалелася галава… І чым далей, тым горш. Калегі па працы параілі з’ездзіць да Рудкоўскай, але Зоя (так звалі жанчыну) махнула рукой: “Што вы, тут толькі хірург можа нешта зрабіць! Толькі да Філатава!” Але дзе тыя Масцяны – і дзе Філатаў! Да таго ж – восень, работ не восем, а сто восем! Але паляпшэння не было, ад болю галавы ўжо заснуць не магла. Настаяў муж: “Давай усё ж з’ездзім да Ванды, гэта побач”. Лекарка адразу ж сказала, што дапаможа і хутка вынесла слоік з зялёнай маззю. Ужо ў машыне жонка з недаверам панюхала мазь – пахне сметанковым маслам. “Ну, ужо каровіна масла мне дакладна дапаможа!” – са скептычнай усмешкай сказала жанчына. Тым не менш, вечарам залажыла ў нос тампон з маззю і… спакойна праспала ўсю ноч! А раніцай у люстэрку ўбачыла, што пухліна стала спадаць. Яшчэ пару раз памяняла тампоны – і забыла ўсё, як страшны сон.
Ванда Рудкоўская і зараз жыве ў вёсцы Лакцяны Спондаўскага сельсавета. Жыве адна, таму што дочкі яе ў Літве. Мае пяць унучак. Адну з іх, прыгажуню, я бачыла. Такія ж, колеру спелай вішні, вочкі, як і ў бабулі – і мне падумалася, што, напэўна, яна працягне іх сямейную справу. Але Ванда сказала, што ўнучкі адмовіліся пераняць яе багаты вопыт. У іх свае жыццёвыя каштоўнасці і свае мэты.
І па сённяшні дзень людзі кожны са сваёй бядой прыходзяць і прыязджаюць да патомнай лекаркі. Кожнага яна выслухае ўважліва, а за каго і сама раскажа, што за бяда прывяла да яе чалавека. Кожнаму дасць параду, прыгатуе лекі-зёлкі, якія Бог стварыў на карысць людзям. Як паглядзіш летам на палі і лугі – такая прыгажосць, такое разнатраўе! І ўсё створана Богам не толькі, каб цешыць вока, але і лячыць розныя хворасці. Вось толькі ведаць, што і з якой расліны можна скарыстаць: карэньчык, лісцік або кветачку; калі збіраць: на ранняй зорцы ці вячэрняй, у поўдзень ці з расой, ведаць іх сілу – гэта не кожнаму дадзена, а толькі выбраным, такім, як Ванда Рудкоўская.


“Розныя людзі прыязджаюць: адны з бядой, другія ж невядома чаго хочуць! Але я такім адмаўляю. Толькі дабро мае сэнс у жыцці. Чым большы мех добрых спраў назбіраеш пры жыцці, тым лягчэй яго ў неба пранесці”, – з гэтымі словамі Ванда Рудкоўская ідзе па жыцці.

--------------------------
Іаланта Валуевіч.