Валерий Супранович: "С детства привык реально смотреть на вещи"

Прозвішча, імя, імя па бацьку: Валерый Аркадзьевіч Супрановіч.

Пасада: намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі.

Званне: падпалкоўнік міліцыі.

Стаж у органах унутраных спраў: 19 гадоў.

Жыццёвы прынцып: трэба адносіцца да чалавека так, як бы ты хацеў, каб адносіліся да цябе.


У Астравецкім РАУС Валерый Аркадзьевіч Супрановіч служыць амаль год. Менавіта тады ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС у райаддзеле была ўведзена пасада начальніка міліцыі грамадскай бяспекі, на якую яго і запрасілі. Аднак стаж міліцэйскага жыцця мужчыны пераступіў мяжу паўналецця: 19 гадоў службы ў органах, 13 з якіх Валерый Аркадзьевіч быў участковым інспектарам.

– А да гэтага я працаваў загадчыкам майстэрняў у сельгаскааператыве “Гальшанскі”, – усміхаецца Валерый Аркадзьевіч. – Я інжынер-механік па адукацыі. Родам з вёскі Валовікі, што ў Ашмянскім раёне. Заканчваў Гальшанскую сярэднюю школу. З дзяцінства прывык не хапаць зорак з неба, а рэальна глядзець на рэчы і ставіць задачы па магчымасцях, таму паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

Праўда, па спецыяльнасці мужчына працаваў нядоўга. На той час у яго ўжо была сям’я, падрастала дачка. А зарплата ў СВК – невысокая. Вось і задумаў Валерый Аркадзьевіч змяніць месца працы і ўспомніў дзіцячае і юначае захапленне. Гэта была не форма, якая маніла бліскучымі гузікамі і пагонамі, і не фанатызм прыгодніцкіх фільмаў, а і асоба, якая была і засталася прыкладам на ўсё жыццё, – участковы інспектар Аляксандр Іосіфавіч Лісоўскі, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам у мясцовых жыхароў.

– Аляксандра Іосіфавіча паважалі за справы. Канешне, не для ўсіх ён быў добрым, але для мяне заўсёды з’яўляўся прыкладам добрасумленнасці і адказнасці. Менавіта да яго я і звярнуўся за парадай, як паступіць на службу ў міліцыю. Ён усё растлумачыў – у выніку я стаў участковым інспектарам. Спачатку быў адзін сельсавет, затым дадаўся яшчэ адзін. Участак вялікі, людзі розныя, але спраўляўся. Магчыма, хтосьці скажа, што быць участковым – няўдзячная і складаная справа: следчы, опер, псіхолаг, эксперт – усё ў адной асобе. Але ж у гэтым смак, цікавасць і своеасаблівасць гэтай прафесіі. Я ўпэўнены, што ў кожным чалавеку трэба бачыць перш за ўсе чалавека. І перш чым рабіць нейкія высновы, варта пагутарыць з ім па душах, разгаварыць, высветліць, чаму ён так зрабіў. Аступіўся чалавек, памыліўся – заўсёды ёсць шанс выправіцца. Трэба параіць, накіраваць, дапамагчы, папярэдзіць. Ну а калі разумення няма, калі ён глухі да парад – тады ўжо з чыстым сумленнем прымяняць меры.

Нягледзячы на розныя выпадкі, падчас службы Валерый Аркадзьевіч ні разу не выкарыстаў зброю. “Порах трэба трымаць сухім,” – упэўнены мужчына і заўсёды раіць калегам прымяняць зброю толькі ў самых экстранных сітуацыях. Нават па тэлевізары, прызнаецца мужчына, глядзіць усё, акрамя насілля.

– Гэтага мне і на рабоце хапае, хоць Астравеччына – спакойны раён, калектыў добры, мясціны прыгожыя. Захапленні? Парыбачыць люблю, спортам займаюся. Кім мог стаць, акрамя міліцыянера? Не ведаю. Не важна, кім быць, галоўнае – заставацца чалавекам.


-----------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.